Маштабная рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” накіравана не толькі на тое, каб парадаваць дзяцей салодкімі падарункамі і чарговай сустрэчай з Дзедам Марозам. Сэнс шматлікіх пераднавагодніх сустрэч заключаецца яшчэ і ў тым, каб правільна скаардынаваць дзейнасць тых арганізацый, якія могуць даць навучэнцам шанс рэалізаваць свае здольнасці ў пэўных кірунках.
Прыкладам паспяховага супрацоўніцтва на карысць дзяцей з’яўляецца сяброўства Ашмянскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры. Напярэдадні навагодніх свят у Ашмянах паміж гэтымі дзвюма ўстановамі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве і падтрымцы.
Ці могуць дзеці быць спажывальнікамі?
Да гэтай падзеі рыхтаваліся даўно і старанна. На працягу трох гадоў дабрачынцы з універсітэта, у лік якіх уваходзяць не толькі студэнты, але і выкладчыкі, штомесяц прыязджаюць у Ашмяны да выхаванцаў дома-інтэрната ў госці. Але сэнс такіх паездак не толькі ў тым, каб дзяцей нечаму навучыць, але і каб пасябраваць, паказаць ім, што яны патрэбныя.
Тое, што Ашмянская школа-інтэрнат пасябравала з універсітэтам фізічнай культуры, заслуга шэф-кухара аднаго з мінскіх рэстаранаў, эксперта беларускай кухні, аўтара кніг па кулінарыі Алены Мікульчык. Але і сяброўства Алены Мікалаеўны з ашмянскімі дзецьмі пачалося вельмі цікава.
Алена Мікульчык прыгадвае, што амаль сем гадоў назад для выхаванцаў інтэрната былі сканструяваны невялічкія кухні. Гэта было зроблена для таго, каб дзеці самі вучыліся гатаваць. І менавіта ў гэты ж час кухар пазнаёмілася з дырэктарам Ашмянскай школы-інтэрната, які запрасіў Алену Мікалаеўну ў госці на майстар-клас па кулінарыі. Менавіта так у нашай краіне з’явіўся ўнікальны дабрачынны адукацыйны праект “Кулінарыя плюс”. Цяпер штомесяц на працягу навучальнага года Алена Мікульчык разам са сваёй сям’ёй і валанцёрамі арганізуе для дзяцей пазнавальна-кулінарныя праграмы.
“На працягу некалькіх гадоў я была членам клуба Ротары, які дапамагаў дзецям-сіротам. І з Ашмянскай школай-інтэрнатам пасябравала зусім выпадкова. На адным з дабрачынных мерапрыемстваў, якое арганізавала Ротары, пазнаёмілася з дырэктарам Ашмянскай школы-інтэрната Уладзімірам Аляксандравічам Бізюком. Тады Уладзімір Аляксандравіч папрасіў прыехаць і навучыць дзяцей гатаваць. Я згадзілася. І калі першая сустрэча выйшла камяком, то да наступных майстар-класаў рыхтавалая вельмі старанна.
У Ашмяны я прыязджаю ўжо 6 гадоў. Дзякуючы назіранням, вопыту, зразумела, што дзеці, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах, не такія простыя, як можа падацца на першы погляд. Усе яны — спажывальнікі і прывыклі карыстацца гэтым. З узростам даволі цяжка адабраць у дзіцяці ўпэўненасць у тым, што насамрэч яму ніхто нічога не павінен. Сёння актыўна развіваецца валанцёрскі рух, і да дзяцей у інтэрнатныя ўстановы прыязджае шмат людзей. Усе яны без выключэння прыходзяць з падарункамі, цукеркамі. І дзеці прывыклі, што незнаёмыя людзі прыехалі, абнялі і ўручылі салодкія падарункі. Але дзецям гэтыя цукеркі не патрэбны, паверце. Больш за ўсё ім патрэбны клопат і ўвага. Мы павінны навучыць іх жыць у грамадстве, сярод нас. Ад нас дзеці проста так нічога не атрымліваюць. Лічу, што гэта важна — паказаць ім, што любое заахвочванне трэба заслужыць, што ў жыцці галоўнае не браць, а аддаваць.
І вельмі прыемна, што за час рэалізацыі праекта ў дзяцей са школы-інтэрната з’явілася шмат нераўнадушных сяброў, якія гатовы дзяліцца вопытам і дапамагаць у сацыялізацыі. Дзеці, якія растуць у інтэрнаце, асаблівыя. Яны не ведаюць шмат з таго, у чым арыентуюцца тыя, хто вырас у сям’і. Інтэрнацкія выхаванцы лічаць, што булкі растуць на дрэве, а гарбата — гэта як вада, толькі каляровая, і працэс заварвання ім незразумелы. І гэта самыя простыя прыклады. Таму відавочна, што менавіта мы абавязаны падрыхтаваць дзіця да жыцця ў грамадстве”.
Пра каравай, самастойнасць і Ваню
Важны жыццёвы ўрок пра тое, што трэба не толькі браць, але і нешта даваць узамен, выхаванцы Ашмянскай школы-інтэрната засвоілі добра. Як толькі мы пад’ехалі да дзвярэй установы, на парозе ўжо чакалі дзеці. Яны ўсміхаліся і спрабавалі разгледзець сярод гасцей знаёмыя твары. Безумоўна, больш за ўсё яны чакалі сваю “шэфіню” Алену Мікалаеўну. І для яе нават прыгатавалі сюрпрыз: самастойна спяклі вялізны каравай. Як толькі госці пакаштавалі смачную выпечку, хлопчыкі і дзяўчынкі падбеглі да Алены Мікалаеўны, каб паабдымацца. Яно і нядзіўна: кухар прыязджае ў Ашмяны адзін раз у месяц, ды не з пустымі рукамі. Кожны раз Алена Мікалаеўна разам з камандай прадумвае новую кулінарную праграму, а пасля з дзецьмі праводзіць на кухні новыя міжнародныя кулінарныя эксперыменты. Вынік ва ўсіх іх, як правіла, адзін — новыя смачныя стравы.
“Дзеці вельмі радуюцца нашаму прыезду, — пацвярджае ўбачанае Алена Мікалаеўна. — Я ўжо казала пра тое, што мы прывучылі дзяцей да таго, што і нас трэба нечым здзіўляць, калі прыязджаем. І яшчэ ні адна сустрэча не абходзілася без сюрпрызаў. Увогуле, такія паездкі ўзбагачаюць эмацыянальна не толькі дзяцей, але і нас, гасцей. Гаварыць пра пазітыў, які атрымліваем ад кантакту з гэтымі цудоўнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, можна бясконца. Дзеці стараюцца арганізаваць канцэрт, тэатральную пастаноўку, спартландыю ці, напрыклад, выставу малюнкаў. Карацей кажучы, мы іх стымулюем на творчасць. І гэта з’яўляецца вялікім плюсам. Акрамя творчага развіцця, самарэалізацыі, дзеці атрымліваюць шанс больш узаемадзейнічаць паміж сабой. Не сакрэт, што ва ўстановах падобнага тыпу выхаванцы вельмі розныя, у кожнага свой характар, свой боль, з якім яны жывуць і пра які, магчыма, нікому не раскажуць. А работа ў камандзе дазваляе абстрагавацца ад унутраных праблем, перажыванняў. Прыемна бачыць, як твары дзетак літаральна свецяцца ад шчасця, калі ў іх усё атрымліваецца і яны чуюць пахвалу ў свой адрас. Як толькі пасля чарговай паездкі вяртаюся дадому і заходжу ў сацыяльныя сеткі, у мяне ўжо шмат непрачытаных паведамленняў. Выхаванцы дзеляцца эмоцыямі, пачуццямі, а ў канцы паведамлення абавязкова задаюць галоўнае пытанне — калі мы прыедзем у наступны раз”.
Дарэчы, звычайна на сустрэчу з дзецьмі прыязджаюць і ашмянскія “бабуля з дзядулем” — бацькі Алены. Як расказала Алена, дзядулю любяць усе без выключэння, таму што ён умее захоўваць сакрэты. І менавіта ён больш за ўсё кантактуе з падлеткамі ў сацыяльных сетках. На гэты раз яны не прыехалі, і больш за ўсё з-за гэтага засмуціўся 12-гадовы Ваня.
“Сёння Ваня паедзе з намі ў Мінск, — з пяшчотай паглядаючы на хлопчыка, пацвярджае Алена Мікульчык. — Там і сустрэнецца са сваімі роднымі. Хлопчыка мы заўсёды забіраем да сябе на канікулы. Перш чым узяць яго ў сям’ю, аформіць права апекі, доўга прыглядаліся. А пасля зразумелі, што Ваня — наш. Дома я таксама вучу дзяцей самастойнасці. Усё лета хлопчык дапамагаў маім супрацоўнікам у рэстаране, мыў вокны, вазіўся з некаторымі дробязямі па кухні. І за гэта атрымліваў грошы. Я лічу, што праца — гэта добры стымул. У выніку Ваня купіў сабе тэлефон. І мне падабалася, калі, заходзячы ў магазін, ён не цягнуўся за непатрэбнымі пакупкамі, а разумеў, што трэба купіць садавіну ці агародніну, і набываў прадукты за ўласныя сродкі”.
Шэф-кухар для школы
Пасля таго як дагавор аб супрацоўніцтве паміж універсітэтам і інтэрнатам быў падпісаны, гасцей свята запрасілі на кухню. Там усіх чакаў сюрпрыз. Ведаючы, што будзе мала часу для сумеснага гатавання, дзеці разам са сваімі інтэрнацкімі кухарамі самі згатавалі абед. Стравы, праўда, былі не заморскімі, але смак ад гэтага не сапсаваўся!
Для салата дзеці не толькі самі абіралі агародніну, але і дапамагалі шаткаваць. Для пюрэ і баршчу таксама ўсе інгрэдыенты рыхтавалі самі. За такую самастойнасць і актыўнасць выступае і дырэктар школы-інтэрната Уладзімір Аляксандравіч Бізюк. Яго, дарэчы, дзеці вельмі любяць, таму што ён заўсёды размаўляе з імі на роўных, на адной мове, але ў той жа час умее трымаць дыстанцыю. Але самае важнае тое, што Уладзімір Аляксандравіч клапоціцца пра будучыню сваіх дзяцей. Як заўважыў дырэктар, сёння большасць выхаванцаў установы — гэта хлопчыкі, якім трапіць у сям’ю ўжо амаль нерэальна. Самым галоўным фактарам з’яўляецца ўзрост — 13—15 гадоў. Дзяцей такога ўзросту рэдка бяруць пад апеку. Таму самае важнае, што неабходна зрабіць для падлеткаў, — гэта дапамагчы ім падрыхтавацца да самастойнага жыцця. Важна, каб такія дзеці, знаходзячыся тут, у інтэрнаце, зразумелі, кім хочуць стаць, і ведалі, што яны ў сілах змяніць свой лёс.
“Вялікую справу для дзяцей робіць “Кулінарыя плюс”, — адзначае дырэктар. — За амаль 7 гадоў, на працягу якіх існуе праект, да нас прыязджала больш чым 500 чалавек. Але гэта тыя, хто наведваў школу па адным разе. Затое наш касцяк, валанцёры былі тут больш чым па 20 разоў. За гэты час мы ўсе сталі адной сям’ёй. Дзякуючы Алене Мікульчык, да нас прыязджалі і журналісты, і байкеры, і альпіністы. А колькі цікавых мерапрыемстваў было арганізавана з выездам на прыроду! Дзецям гэта вельмі падабаецца. Дарэчы, тое, што сёння мы падпісалі дагавор з універсітэтам, — вялікі крок наперад. Цяпер наша сяброўства афіцыйна замацавана. І вельмі прыемна, што ёсць сярод нашых выпускнікоў дзеці, якія пайшлі вучыцца ў фізкультурны ўніверсітэт. Усё ж такі правільнае сяброўства — гэта вельмі важна. Дзеці бачаць, якімі з’яўляюцца іх жыццёвыя настаўнікі, і імкнуцца быць падобнымі на іх”.
Адметнасцю Ашмянскай школы-інтэрната з’яўляецца тое, што тут існуе свой хор, а таксама таленавітыя юныя спевакі, якія ўжо некалькі разоў выступалі на сцэне Белдзяржфілармоніі. Абавязковымі гасцямі на выступленнях з’яўляюцца арганізатары “Кулінарыі плюс”. Упэўніцца ў таленце дзяцей удалося і на гэты раз у школе, калі дзеці запрасілі ўсіх у актавую залу. Аказалася, навучэнцы, акрамя абеду, падрыхтавалі і навагодні канцэрт.
Пасля выступлення выхаванцаў інтэрната на сцэну выйшлі студэнты БДУФК і далі дзецям свой адказ на выступленне, уручылі салодкія падарункі, а таксама футбольныя мячы.
Пасля таго як святочная частка была завершана, дзеці пайшлі праважаць гасцей. Але развітвацца не хацелася. Усе выхаванцы круціліся вакол Алены Мікульчык з адвечным пытаннем “Калі будзе наступная сустрэча?”.
На развітанне я запытала ў дзяцей, што ім дае ўдзел у кулінарным праекце. Усе пачалі наперабой расказваць пра майстар-класы і пра тое, як ім падабаецца, што ў школе з’явіўся ўласны шэф-кухар.
“Для таго каб арганізаваць майстар-клас і запрасіць у Ашмяны важных прадстаўнікоў розных краін, чыю кухню гатуем, мы звязваемся з пасольствамі, — тлумачыць Алена Мікульчык. — Што тычыцца ежы, якую гатуем, то, безумоўна, апошняе слова менавіта за замежнымі гасцямі. Яны выбіраюць самую папулярную і не вельмі складаную ў гатаванні страву. Усё астатняе — справа тэхнікі. Гатуем, зразумела, з усімі дзецьмі, а пасля разам садзімся за стол, дэгустуем свае кулінарныя шэдэўры і размаўляем пра ўсё. Сакрэтаў у нас няма, мы ж адна сям’я! І самае галоўнае правіла: далучаючыся да такой сям’і, як у нас, дзяцей-сірот не трэба шкадаваць. Яны — моцныя. Ім проста неабходна зразумець тыя простыя правілы, якія дапамогуць стаць самастойнымі”.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.