“Прафесійная дзейнасць сацыяльнага педагога шырокая і шматзадачная” — так пачынаецца адно з вызначэнняў прафесіі сацыяльнага педагога, якое я адшукала ў інтэрнэце. Любы прафесіянал, думаю, будзе згодны з гэтымі словамі. Праўда, сацыяльных педагогаў у нас нярэдка не хапае, як сцвярджае, напрыклад, той жа інтэрнэт. На сайтах, прысвечаных пошуку работы, можна прачытаць: “20 вакансій для сацыяльных педагогаў”, “50 вакансій для сацыяльных педагогаў”. Карацей, прафесія гэтая запатрабаваная. Аб тым, як да работы па такім складаным кірунку рыхтуюць беларускіх студэнтаў, што найбольш важнае ў гэтай дзейнасці, якія перавагі і недахопы маладыя спецыялісты адчуваюць у першыя гады сваёй работы, а таксама чаму некаторыя ўчарашнія студэнты прымаюць рашэнне змяніць сферу прафесійнай дзейнасці, мы запрасілі паразважаць дэкана факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандра Валер’евіча Касовіча і нядаўніх выпускніц гэтага факультэта Вольгу Драздову і Вольгу Лукіну.
Вучоба і работа
Сёлета факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій выпусціць “у свет” 25 чалавек па спецыяльнасці “Сацыяльная педагогіка. Выхаваўчая работа ў адукацыйных установах” (студэнты бюджэтнай формы навучання) і 26 — па спецыяльнасці “Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія”. А паступілі ў 2013 годзе на сацыяльную педагогіку 49 чалавек, з якіх 10 — юнакі.
Па словах А.В.Касовіча, істотных праблем з размеркаваннем выпускнікоў няма. Больш за тое, па выніках 2012 года засталіся не задаволенымі прыкладна 30 заявак на маладых спецыялістаў ад упраўленняў адукацыі, у папярэднім перыядзе — звыш 30 заявак.
Нагадаю, што факультэт існуе з 1993 года, хаця навучанне студэнтаў пачалося крыху раней — у 1991 годзе. Спецыялістаў названага профілю ў рамках асноўнай або дадатковай спецыяльнасці рыхтуюць установы вышэйшай адукацыі ў Віцебску, Гомелі, Баранавічах, Брэсце і некаторых іншых гарадах, але ж, як бачым, выпускнікоў не хапае. “Калі я яшчэ працаваў у школе, то мы сутыкаліся з праблемай падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, — узгадвае Аляксандр Валер’евіч. — Як правіла, раней сацыяльнымі педагогамі працавалі настаўнікі-прадметнікі, якія праходзілі перападрыхтоўку”. Сёння таксама грамадскасць адчувае патрэбу ў такіх спецыялістах, і як вынік — дастатковая колькасць вакансій ва ўстановах адукацыі. Разам з тым у малакамплектных школах не хапае нагрузкі на стаўку сацыяльнага педагога, таму ў такіх установах чакаюць спецыялістаў, якія атрымлівалі вышэйшую адукацыю як па асноўнай, так і па дадатковай спецыяльнасці.
Адна з асаблівасцей вучэбнага працэсу факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ такая: тут шмат увагі ўдзяляюць практычнай падрыхтоўцы студэнтаў, даюць ім магчымасць працаваць падчас вучобы па спецыяльнасці. Ведаю, што не ў кожнай установе вышэйшай адукацыі ставяцца да гэтага менавіта так. Але ж А.В.Касовіч кажа: “Мы падтрымліваем жаданне студэнтаў працаваць па будучай прафесіі. У нас на факультэце любая заяўка, любая вакансія даводзіцца да ведама студэнтаў, і ў свабодны ад вучобы час яны самі зацікаўлены прайсці практычную падрыхтоўку, прымяніць тэарэтычныя веды, атрыманыя ў сценах універсітэта, у рэальным жыцці і прафесійнай дзейнасці. Нашы студэнты атрымліваюць значны аб’ём ведаў падчас вучэбна-азнаямляльнай, вучэбнай і вытворчай практыкі. Многія ўжо на 3-4 курсах ідуць працаваць па асноўнай спецыяльнасці ў якасці сацыяльнага педагога”.
Але ў той жа час дэкан адзначае, што пасля адпрацоўкі па размеркаванні многія маладыя спецыялісты сыходзяць з прафесіі. Напрыклад, юнакі, якія раней часта вучыліся па здвоенай спецыяльнасці “Сацыяльная педагогіка. Замежная мова” (да 2012 года была на факультэце і такая спецыяльнасць), калі і застаюцца ў школе, то звычайна ў якасці менавіта настаўнікаў замежнай мовы. “У полі зроку сацыяльнага педагога знаходзяцца дзеці, што стаяць на ўнутрышкольным уліку, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Педагогі займаюцца пакрокавай рэалізацыяй Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, выконваюць іншыя абавязкі. Значнае поле функцыянальных абавязкаў і разам з тым вялікая адказнасць. Сацыяльныя педагогі эмацыянальна выгараюць. І, вядома, перашкаджае замацаванню маладых спецыялістаў невысокая аплата працы, таму існуе вострая праблема з укамплектаванасцю сацыяльнымі педагогамі ў сталіцы і іншых рэгіёнах краіны”, — гаворыць дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ.
На яго думку, дапамагчы можа змяненне адносін кіраўнікоў устаноў адукацыі да маладых спецыялістаў і нават студэнтаў, якія гатовы працаваць падчас вучобы ва ўніверсітэце. Трэба не баяцца браць іх на работу, матэрыяльна заахвочваць, падтрымліваць іх імкненне працаваць. Ужо летась Міністэрства адукацыі перадало ўніверсітэту папярэдні план размеркавання выпускнікоў на 2015 год. Мяркуецца, што цяперашнія студэнты, дзякуючы вытворчай практыцы, пазнаёмяцца з арганізацыяй, у якую яны плануюць размеркавацца. “Ідэя, на мой погляд, патрабуе дапрацоўкі, — гаворыць А.В.Касовіч, — але задумка добрая”. Канечне, замацавацца на першым месцы работы, з якім малады спецыяліст пазнаёміўся загадзя, папрацаваў, будзе куды лягчэй, чым працаваць у цалкам незнаёмым калектыве.
Цяжка, але цікава
Пагутарылі мы на агучаныя тэмы і непасрэдна з маладымі спецыялістамі. Дзяўчаты закончылі факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Сацыяльная педагогіка. Выхаваўчая работа ў адукацыйных установах” у 2012 годзе. Вольга Драздова летась закончыла магістратуру, зараз вучыцца ў аспірантуры, тэму дысертацыі выбрала надзвычай актуальную: “Фарміраванне прафесійнай накіраванасці старшакласнікаў на педагагічныя прафесіі”. Прычым гэтую ж тэму дзяўчына распрацоўвала і ў магістратуры. Галоўнае ў павышэнні цікавасці да прафесіі педагога ў цэлым, і да прафесіі сацыяльнага педагога ў прыватнасці, лічыць яна, — гэта павышэнне прэстыжу прафесіі, у тым ліку павышэнне зарплаты. Важнае значэнне мае і работа з абітурыентамі, старшакласнікамі, прафарыентацыя ў школах, правядзенне прэзентацый прафесіі. Яна і для сябе не выключае ў далейшым работу не толькі ў якасці выкладчыка, але і сацыяльнага педагога. “Многія не ведаюць, якая работа іх чакае. Дзіця з добрай сям’і рэдка сутыкаецца з сацыяльным педагогам або не сутыкаецца зусім. Я апытвала школьнікаў наконт таго, хто такі сацыяльны педагог, і малодшыя гаварылі, што гэта “цётка, якая стаіць каля дзвярэй і сочыць, каб мы не спазніліся на ўрок”, а старэйшыя адказвалі, што гэта “настаўніца, якая не дае курыць у туалеце”, — гаворыць Вольга.
І тут я не магу не пагадзіцца з дзяўчатамі: ведаючы пра тое, што шмат выпускнікоў пасля адпрацоўкі па размеркаванні не жадаюць працаваць па асноўнай спецыяльнасці, разумееш, што некаторыя выбіралі яе па прынцыпе “абы паступіць, атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі, а потым пабачым”. А многія дзеці, сапраўды, або нічога не ведаюць пра сацыяльнага педагога, або ўспрымаюць яго адмоўна.
Вольга Драздова, дарэчы, праводзіла апытанне на сваім факультэце, каб высветліць, дзеля чаго маладыя людзі прыйшлі вучыцца менавіта сюды. Дык вось, 60% першакурснікаў не збіраюцца ў далейшым сыходзіць з прафесіі. Сярод старшакурснікаў так адказалі больш за 50% студэнтаў. Праўда, што будзе пасля атрымання дыплома і адпрацоўкі па размеркаванні, мы не ведаем. А прыкладна 20% апытаных адразу прызналіся, што прыйшлі ў педагагічны ўніверсітэт дзеля дыплома аб вышэйшай адукацыі, астатніх прывабіў нізкі прахадны бал.
Дзве Вольгі, з якімі я размаўляла, відавочна, не з ліку тых, хто прыйшоў у педагагічную ўстанову вышэйшай адукацыі, не ведаючы, для чаго ім гэта трэба. Яны прыйшлі на факультэт дастаткова матываванымі, арыентаванымі менавіта на выбраную спецыяльнасць, хаця кажуць, што з іх аднакурсніц мала хто збіраеццца працаваць і працуе сацыяльным педагогам, — усяго некалькі чалавек. Вольга Лукіна, якая зараз займае пасаду сацыяльнага педагога ў сярэдняй школе № 26 Мінска, расказвае: “Работа сацыяльнага педагога ў нейкай ступені няўдзячная, але цікавая. Для мяне самае захапляльнае — гэта прафілактычная работа, карэкцыйныя заняткі”. Між тым малады спецыяліст працуе ў новым раёне сталіцы, дзе шмат сацыяльнага жылля, а значыць, нямала мнагадзетных, сацыяльна неабароненых сем’яў. Работы сацыяльнаму педагогу хапае, тым больш, што ў школе, дзе патрэбны два такія спецыялісты, яна пакуль працуе адна. Другога сацыяльнага педагога тут чакаюць летам, у жніўні.
Абедзве дзяўчыны кажуць, што магчымасць шмат практыкавацца падчас вучобы дапамагла ім зацвердзіцца ў выбранай спецыяльнасці, зразумець, што сацыяльны педагог павінен быць энтузіястам сваёй справы, любіць дзяцей. Як сказала Вольга Драздова, за час практыкі чалавек можа зразумець, ці гатовы ён усё жыццё займацца гэтай справай: “Многія з нашай групы зрабілі для сябе выснову, што не будуць займацца сацыяльнай педагогікай у далейшым. Хаця я ведаю людзей, якія застаюцца на першым месцы работы, бо іх вельмі падтрымлівае калектыў”.
“Сустракалася нядаўна з аднакурсніцай, якая сказала, што адпрацуе па размеркаванні і пойдзе з прафесіі, бо не вытрымлівае эмацыянальнай нагрузкі. Работы, безумоўна, многа, яна няпростая. Вельмі вялікая адказнасць ляжыць на сацыяльных педагогах, пачынаючы ад афармлення дакументаў і заканчваючы адносінамі з бацькамі і навучэнцамі, — дадае Вольга Лукіна. — Але, з іншага боку, ёсць і станоўчыя моманты. Мы бачым, як у выніку, напрыклад, апамяталіся нядбайныя бацькі, перасталі злоўжываць алкагольнымі напіткамі. Дзеці рады, бацькі задаволены. Гэта самая вялікая ўзнагарода, якая дапамагае зразумець, наколькі важнай і патрэбнай справай мы займаемся. Гэта не толькі мая заслуга, а і іншых спецыялістаў, тут важна працаваць разам”.
Дапамагло, як кажа дзяўчына, ёй і тое, што шмат увагі маладому спецыялісту ўдзялялі калегі, у прыватнасці, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, сацыяльны педагог, якая раней працавала ў школе. Акрамя таго, перш чым прыйсці ў школу ў якасці маладога спецыяліста, Вольга паўгода працавала ў ёй, і гэта вельмі дапамагло. “Работа няпростая, але гэта не значыць, што пры пэўных цяжкасцях трэба здавацца, — падсумоўвае малады педагог. — Тым больш, што калектыў у нас добры, мне мая работа падабаецца, і я планую працаваць тут і далей”.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з архіва БДПУ.