Апошнія гады ў краіне ўдзяляецца шмат увагі развіццю аграгарадкоў, што прадугледжана Дзяржаўнай праграмай устойлівага развіцця вёскі на 2011 — 2015 гады. Згодна з ёй, акрамя забеспячэння ўстойлівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця, вялікае значэнне павінна надавацца і павышэнню ўзроўню сацыяльна-бытавога ўладкавання. Багаты станоўчы вопыт у гэтым пытанні — у Гродзенскай вобласці.
Расказаць пра падрабязнасці ажыццяўлення праграмы ў рэгіёнах, а таксама пра тое, якое значэнне ў аграгарадках надаецца развіццю ўстаноў адукацыі, мы папрасілі намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алега Рыгоравіча РАХУНКА.
— Алег Рыгоравіч, якая колькасць грашовых сродкаў ужо была затрачана на рэалізацыю праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011—2015 гады? Колькі школ, дзіцячых садкоў было пабудавана і рэканструявана за гэты час?
— За час рэалізацыі праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011—2015 гады ўсяго па Гродзенскай вобласці пабудавана і рэканструявана 10 аб’ектаў, а таксама праведзены рамонт на 281 аб’екце адукацыі. Так, адбыліся рэканструкцыі Васілішкаўскай і Жалудоцкай сярэдніх школ Шчучынскага раёна, а таксама Раціцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна. Варта адзначыць, што за гэты час былі пабудаваны сярэдняя школа на 216 месцаў у вёсцы Доцішкі Воранаўскага раёна, дзіцячы сад — сярэдняя школа на 208 месцаў у вёсцы Лелюкі Іўеўскага раёна, а таксама дзіцячы сад у вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна, які разлічаны на 80 месцаў. Акрамя гэтага, былі закуплены 34 аўтобусы для падвозу дзяцей з сельскай мясцовасці. Дадаткова ад Банка развіцця Рэспублікі Беларусь мы ў якасці спонсарскай дапамогі атрымалі 23 аўтобусы. Што тычыцца грашовых укладанняў, то з пачатку дзеяння праграмы на будаўніцтва, рэканструкцыю і рамонт устаноў адукацыі ў сельскай мясцовасці накіравана больш за 146 мільярдаў рублёў.
— У апошнія гады ў краіне з-за малой укамплектаванасці закрываюцца школы. Магчыма, ёсць такія аб’екты адукацыі, укладанне грошай у якія аказалася дарэмным менавіта па гэтай прычыне?
— У аграгарадках такой праблемы не існуе. Наадварот, тыя навучальныя ўстановы, якія знаходзяцца ў аграгарадках, з’яўляюцца цэнтральнымі, галоўнымі школамі. І менавіта ў іх вучацца дзеці з вёсак, дзе закрываюцца школы па прычыне невялікай колькасці навучэнцаў. Так, у 2014 годзе ў аграгарадку Рацічы Гродзенскага раёна мы ўзвялі вялікую прыбудову, у якой знаходзяцца спартыўная зала, блок харчавання. Гэтая школа насамрэч была вельмі старая. І, гледзячы на яе раней, можна было падумаць, што тут ужо нічога не зробіш. У гэтай навучальнай установе нават санвузлы знаходзіліся на вуліцы. Затое пасля рамонту школу не пазнаць. Навучальная ўстанова поўнасцю аднавілася. І праблем, якія існавалі раней, больш няма. Санітарныя вузлы цяпер знаходзяцца ў памяшканні школы, а гэта значыць, навучальная ўстанова стала камфортнай як для настаўнікаў, так і для вучняў. Дарэчы, на вучобу ў школу прывозяць дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі трох сельгасвытворчых кааператываў. І тое, што мы ўкладваем у развіццё сістэмы адукацыі ў аграгарадках значныя сродкі, поўнасцю апраўдана. Сёння аграгарадок — гэта цэнтр гаспадаркі, цэнтральная сядзіба СВК. І менавіта тут назіраецца найбольшая канцэнтрацыя жыхароў, большасць якіх працуе ў сацыяльнай сферы. А яе, між іншым, патрэбна развіваць.
— У якім стане сёння знаходзяцца пабудаваныя і рэканструяваныя аб’екты? Ці патрабуюць яны дадатковых інвестыцый?
— Я ўпэўнены, што немагчыма ўсё і адразу зрабіць ідэальна. Любы пабудаваны аб’ект патрабуе дадатковай увагі, каб у ім падтрымліваўся парадак. Нельга зрабіць у школе рамонт і забыць аб гэтым на некалькі гадоў. У школу, дзіцячы сад ці ў іншыя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры штогод трэба ўкладваць грашовыя сродкі. Напрыклад, калі нейкі аб’ект мае актавую залу, то яна будзе працаваць для ўсяго СВК. Гэта значыць, што карыстацца актавай залай будзе вялікая колькасць людзей, бо менавіта ў ёй будуць праходзіць усе важныя для аграгарадка, мікрараёна мерапрыемствы. Відавочна, што частае карыстанне любым аб’ектам прыводзіць да таго, што ён становіцца непрывабным. Так і з сацыяльнымі аб’ектамі агульнага карыстання. Чым больш карыстаемся — тым большай увагі гэты аб’ект заслугоўвае. Тое самае можна сказаць і наконт спартыўных комплексаў, якія ў аграгарадках будуюць для ўсіх, а не толькі для школьнікаў. Працуе спартыўная зала і ў пасляўрочны час, вечарам. Але гэтыя аб’екты на сёння, дзякуючы праведзенай рэканструкцыі, не патрабуюць, каб у іх укладвалі значныя сродкі. Пакуль што можна абысціся невялікімі сумамі, каб нешта дарабіць, калі гэта неабходна. Паколькі дзяржаўная праграма па развіцці вёскі яшчэ дзейнічае, мы штогод размяркоўваем бюджэтныя фінансавыя сродкі па аграгарадках. Робіцца гэта з той мэтай, каб усе школы, а таксама іншыя аб’екты знаходзіліся ў належным стане.
Безумоўна, падчас рамонтаў ва ўсё ўкладваліся вялікія грошы. Мы планавалі ўсе навучальныя ўстановы абнавіць комплексна. Такім чынам, ва ўстановах аграгарадкоў быў праведзены поўны рамонт. Рамантаваўся, дзе трэба, дах, вялікая ўвага ўдзялялася правільнаму пакрыццю сцен, падлогі. Патрэбна было прывесці ў парадак не толькі асобныя вучэбныя памяшканні, але і харчаблокі.
— Гэта садзейнічала больш якаснаму харчаванню навучэнцаў?
— Безумоўна, на працэс прыгатавання ежы абсталяванне паўплывала. У некаторых харчаблоках з’явілася тое, чаго раней не было. Так, мы закупілі параканвектаматы, якія маюць шэраг пераваг перад звычайным цеплавым абсталяваннем. Параканвектамат значна эканоміць электраэнергію, што дасягаецца дзякуючы наяўнасці адчувальнага тэрмадатчыка і добрай цеплаізаляцыі рабочай камеры. Акрамя гэтага, такія ўстаноўкі значна аблягчаюць работу персаналу, таму што цяпер у кухараў ёсць магчымасць гатаваць адразу некалькі відаў ежы з рознага віду сыравіны на некалькіх узроўнях. Магу з упэўненасцю сказаць, што для ўстаноў адукацыі параканвектаматы проста неабходны.
— Алег Рыгоравіч, а ці дапамагла маштабная мадэрнізацыя прыцягнуць моладзь у вёску?
— Варта пачаць з таго, што мы часта праводзім злёты для выпускнікоў, якія вучацца на апошніх курсах вышэйшых, а таксама сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Гэта робіцца з мэтай арганізаваць для іх паездкі ў аграгарадкі і паказаць, што там таксама можна жыць і працаваць. Прычым для гэтага створаны ўсе ўмовы. Сустрэчы з кіраўнікамі гаспадарак даюць моладзі шанс гэта зразумець. Выпускнікам прапаноўваецца наведаць дамы культуры, школы, спартыўныя комплексы, а таксама ўстановы аховы здароўя, якія функцыянуюць на тэрыторыі аграгарадка. Гэта дазваляе маладым спецыялістам усё ўбачыць на ўласныя вочы. Хочацца спадзявацца, што з часам адносіны моладзі да вёскі зменяцца і яна пасля заканчэння навучальных устаноў будзе з ахвотай прыязджаць у аграгарадкі на работу.
— А што ў рамках праграмы па развіцці вёскі яшчэ плануецца зрабіць?
— Планаў у нас многа. Сёлета будзем здаваць два дамы сямейнага тыпу — у Воранаве і Дзятлаве. Акрамя гэтага, хутка завершыцца будаўніцтва дзіцячага сада ў аграгарадку Капцёўка. Садок разлічаны на 75 дзяцей. Да гэтага моманту ў аграгарадку пад дашкольную ўстанову было выдзелена прыстасаванае памяшканне, а цяпер там з’явіцца сапраўдны дзіцячы сад. Ён, дарэчы, атрымаўся даволі арыгінальным. Для яго была закуплена вялікая колькасць рознатыповага, яркага дваровага прыстасавання, якое цікава дзецям і якога ім так не хапала. Яшчэ, пакуль дзейнічае праграма па развіцці вёскі, плануем пабудаваць у Астраўцы дзіцячы садок і школу. Але матэрыяльная база ўстаноў адукацыі развіваецца не толькі за кошт названай праграмы. Развіваецца і абласны цэнтр. Адметна, што да нас прыйшоў пратакол даручэнняў прэм’ер-міністра пасля наведвання адной са школ горада, дзе было пазначана пра неабходнасць закладкі ў мікрараёне Вішнявец Гродна новай школы і дзіцячага сада. Ужо сёння на пляцоўцы новай навучальнай установы вядуцца работы. І, думаю, да новага навучальнага года гэтыя аб’екты будуць здадзены. Да школы, між іншым, будзе дабудаваны спартыўны корпус. У ім будуць размяшчацца два басейны — вялікі і малы, а таксама некалькі тэнісных кортаў. Там таксама закладзена хакейная каробка. Безумоўна, у цэнтры будуць размяшчацца і трэнажорныя залы, наведваць якія любяць школьнікі старшых класаў. Думаю, усе паслугі, якія прадаставіць спартыўны комплекс, будуць карыстацца попытам у гараджан. Справа ў тым, што ў новых мікрараёнах сацыяльная інфраструктура слаба развіта. Адпаведна, наш цэнтр будзе запатрабаваным і сярод дарослых. Улічваючы гэта, рашэнне аб асобным будынку спартыўнага комплексу правільнае. Апошнім часам ва ўстановах адукацыі шмат увагі ўдзяляецца сістэме бяспекі дзяцей. І, згадзіцеся, калі б спартыўны корпус быў часткай школы, там было б вельмі многа пабочных асоб, а гэта відавочнае парушэнне прынцыпаў бяспекі. Для таго каб не парушаць рэжым, у спартыўнага корпуса будзе асобны ўваход. Гэта значыць, што нават падчас аказання платных паслуг жыхарам мікрараёна школа застанецца закрытай прасторай і нікога лішняга на яе тэрыторыі не будзе.
— Алег Рыгоравіч, калі мы ўжо загаварылі пра гарадскія школы, то вось што цікава: на развіццё вясковых школ, дзякуючы дзяржаўнай праграме, апошнім часам былі накіраваны вялікія сумы грошай. У школы малых гарадоў інвесціруецца значна менш сродкаў. Наколькі гэта правільна?
— Калі пачала дзейнічаць праграма па развіцці вёскі, усе грашовыя сродкі былі накіраваны менавіта на гэта. Гарадскія школы сапраўды крыху засталіся ўбаку. І насамрэч, калі паглядзець на гарадскую школу, а таксама на школу, якая знаходзіцца ў аграгарадку, то розніцу паміж імі заўважыць вельмі лёгка. Многія вясковыя школы выглядаюць значна лепш, чым гарадскія. Прычым няважна, у раённым цэнтры знаходзіцца гэтая школа ці ў абласным. Зараз сітуацыю стараемся выпраўляць. На працягу двух гадоў спрабуем укладваць грошы і ў гарадскія сярэднія ўстановы адукацыі, таму што канцэнтрацыя дзяцей у гэтых школах большая, чым у вёсцы. Напрыклад, не так даўно была праведзена рэканструкцыя школы ў Смаргоні, а ў адной са школ Астраўца сёння праводзіцца рамонт. Што тычыцца лічбаў, то з абласнога бюджэту на адзначаныя школы было выдзелена 16 мільярдаў рублёў, па 8 на кожную. Дарэчы, у абнаўленне школ укладвалі грошы і мясцовыя, гарадскія ўлады. Усё-такі важна, каб усе навучальныя ўстановы былі прыведзены ў парадак не толькі знутры, але і звонку. Але для таго каб усюды навесці парадак, патрабуюцца вялікія фінансавыя затраты. Тое, што мы зрабілі, гэта толькі крупінка. На сённяшні дзень вельмі многа старых школ, дзе трэба ўсё мяняць. Узя ць, напрыклад, падлогу: у многіх школах яна яшчэ драўляная. Згодна з новымі патрабаваннямі наглядных органаў, яе трэба дэманціраваць, зрабіць незгаральнай. На падлозе можа ляжаць плітка. Але не ў кожнай школе яе можна класці, таму што, напрыклад, калі вымасціць пліткай падлогу на другім паверсе, на першым з-за цяжару можа абваліцца столь. Вось над такімі праблемамі і неабходна думаць. Акрамя гэтага, у гарадскія школы пачалі набываць абсталяванне. Напрыклад, у горадзе сёлета адрамантавана 39 харчаблокаў. І гэта толькі пачатак.
Увогуле на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага 2014/15 навучальнага года затрачана 395,1 млрд рублёў. З іх на выкананне рамонтных работ было аддадзена 111,1 мільярда. Што тычыцца сумы, якая была затрачана на рамонт харчаблокаў, то яна складае 19,7 мільярда, а гэта на 4,2 мільярда больш, чым у 2012 годзе (тады было затрачана 15,5 мільярда). Таксама сёлета былі набыты 453 адзінкі абсталявання, якое неабходна для ўстаноў адукацыі для розных мэт, закуплена 10 аўтобусаў і абсталяваны 61 камп’ютарны клас. На мерапрыемствы па лініі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях затрачана 8,9 мільярда. Усё гэта зроблена за сродкі абласнога бюджэту.
— Вялікі рэзананс выклікала здарэнне, якое не так даўно адбылося ў адной са школ Крычава, дзе абвалілася прыбудова. Магчыма, менавіта гэта з’яўляецца сігналам для таго, што гарадскія школы нельга пакідаць без увагі.
— Пасля здарэння ў Крычаве мы абследавалі ўсе нашы 359 школ, каб не дапусціць такіх здарэнняў на Гродзеншчыне. Камісіі па наглядзе абавязаны 2 разы ў год абследаваць будынак школы. У такія камісіі, як правіла, уваходзяць людзі, якія працуюць у аддзеле адукацыі. І яны, зразумела, ацэньваюць стан школы даволі павярхоўна. Толькі спецыялісты здольны глядзець на праблемы пад іншым вуглом, і менавіта яны ўмеюць заўважаць падобныя памылкі. І толькі спецыялісты бачаць усе расколіны, а таксама месцы, дзе можа быць парушана нясучая канструкцыя будынка. Што тычыцца ўстаноў адукацыі, то пакідаць без увагі ні гарадскія, ні вясковыя школы нельга, таму што і ў горадзе, і ў вёсцы вучацца дзеці, за бяспеку якіх мы нясём адказнасць.
Наталля ДУБІК.
Фота аўтара.