Папячыцельскі савет, або Як працаваць з шэфамі?

З часоў свайго савецкага дзяцінства памятаю слова “шэфы” ў дачыненні да прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых арганізацый, якія дапамагалі нашай школе. З цягам часу стала зразумела, што падобнае шэфства ніколькі не страціла актуальнасці. Але ж не ўсім і не заўсёды ўдаецца наладзіць такія партнёрскія адносіны з прадпрыемствамі-папячыцелямі, якія б давалі сапраўды добры і, што немалаважна, пастаянны плён. У сярэдняй школе № 20 Брэста падобныя адносіны стварыць змаглі — папячыцельскі савет працуе зладжана і эфектыўна. Як праходзіць супрацоўніцтва школы і арганізацый горада, мы папрасілі расказаць дырэктара азначанай навучальнай установы Ірыну Фёдараўну Нікіфаравец.

Прыйсці і расказаць

— Многія хочуць мець надзейных папячыцеляў, ды не ў многіх гэта атрымліваецца, — звяртаюся я да дырэктара школы. — Як атрымалася ў вас?
— Я заўсёды гавару: “Якая школа, такія папячыцелі”,— адказвае Ірына Фёдараўна. — Да таго ж трэба быць пастаянна на сувязі з папячыцелямі. Памятаю, як яшчэ ў 1998 годзе да нас прыйшоў Міхаіл Фадзеевіч Іофе, на той час генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Брэстгазаапарат”, і сказаў: “Даўно я не быў у школе, а, зрэшты, і не запрашалі”. Так што ў наладжванні работы з шэфамі галоўная роля належыць менавіта ўстановам адукацыі, і пачынаць трэба з самага простага — са знаёмства з патэнцыяльнымі папячыцелямі.
У гэтым выпадку школа і аб’яднанне варты адно аднаго. Не буду расказваць пра ўсе заслугі абедзвюх арганізацый, але адзначу, што поспехі сярэдняй школы № 20, якая праз год адсвяткуе сваё 50-годдзе, адзначаліся ўжо не аднойчы, а для таго, каб уладкавацца на работу ў “Брэстгазаапарат”, трэба ледзь ці не ў чаргу станавіцца — жыхары абласнога цэнтра цэняць работу на прадпрыемстве. Звязаны школа і завод яшчэ і тым, што нярэдка выпускнікі школы ідуць працаваць на прадпрыемства. Хаця… і гэта не поўны спіс нітачак, не, не нітачак — моцных сувязей, што звязваюць вытворцаў і навучальную ўстанову.
— З 2002 па 2013 год папячыцельскі савет школы ўзначальваў Сяргей Васільевіч Антановіч, намеснік дырэктара ААТ “Брэстгазаапарат”, — расказвае І.Ф.Нікіфаравец. — А зараз савет узначальвае начальнік аддзела маркетынгу адкрытага акцыянернага таварыства Віктар Уладзіміравіч Ключэўскі. Так што мы як супрацоўнічалі з прадпрыемствам шмат гадоў — і тады, калі ім кіраваў Міхаіл Фадзеевіч Іофе, і тады, калі яго ўзначальваў Анатоль Васільевіч Марозаў, — так працуем і зараз.
Такое плённае супрацоўніцтва пачалося яшчэ ў 1998 годзе. За гэты час на сродкі, выдаткаваныя папячыцелямі, у школе адрамантавалі кабінеты інфарматыкі, фізікі, матэматыкі, музыкі, рытмікі, абсталявалі музеі “Горад-герой Масква”, “Спадчына Беларусі”, далі новае жыццё спартыўнай зале і сталовай, абнавілі школьныя калідоры, выканалі іншыя работы. Зроблена нямала, як бачыце, і самае значнае сярод апошніх папячыцельскіх укладанняў — стварэнне двух інфармацыйных цэнтраў: у 2012 годзе — у кабінеце англійскай мовы, у 2013 годзе — у кабінеце матэматыкі.
Уклад ААТ “Брэстгазаапарат” у развіццё 20-й школы — гэта таксама прэміі выдатнікам, пераможцам абласных алімпіяд, арганізацыя турыстычных паездак аўтобусам “Гефест” у Мінск, Баранавічы, Жыровічы, Гродна, Мір, Нясвіж. А яшчэ — прадастаўленне месцаў у інтэрнаце прадпрыемства маладым настаўнікам. Не вельмі частая сітуацыя ў адносінах “шэфская арганізацыя — падшэфная ўстанова”, якая сведчыць, на мой погляд, пра вельмі высокі ўзровень падобных сувязей.
— За тры апошнія гады ААТ выдзеліла нашым настаўнікам пяць месцаў у сваім інтэрнаце, — расказвае Ірына Фёдараўна. — Вось і ў бягучым навучальным годзе было такое. У верасні малады педагог, якая трапіла да нас па размеркаванні, прыйшла ў аддзел адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама па дапамогу ў вырашэнні жыллёвага пытання. І яе накіравалі да дырэктара яе ж школы, гэта значыць, да мяне, бо, канечне, ведаюць пра нашы сувязі з “Брэстгазаапаратам”. Маладой настаўніцы, зразумела, дапамаглі, і вельмі хутка.
Па словах кіраўніка навучальнай установы, за ўвесь час супрацоўніцтва ААТ “Брэстгазаапарат” выдаткавала школе больш чым 500 мільёнаў рублёў.

Сябры і папячыцелі

— А наколькі значную суму зараз складае штогадовая дапамога прадпрыемства ў параўнанні з іншымі крыніцамі папаўнення пазабюджэтных сродкаў школы? — пытаюся ў Ірыны Фёдараўны.
— Скажам так: 50—60 мільёнаў рублёў складае дабрачынная бацькоўская дапамога, і прыкладна столькі ж выдаткоўвае “Брэстгазаапарат”, — адказвае мая суразмоўца.
Канечне, падобнае паспяховае супрацоўніцтва не можа быць заснавана выключна на меркантыльных адносінах кшталту “ты — мне, я — табе”. Без пэўнага маральнага, духоўнага складніка, мне здаецца, удалыя адносіны папячыцеляў і школы не атрымаліся б. Ва ўстанове адукацыі гэта добра разумеюць, як разумеюць і каштоўнасць выхаваўчага складніка для сваіх навучэнцаў у падтрыманні пастаянных сувязей з прадпрыемствам. Міхаіл Фадзеевіч Іофе з’яўляецца частым ганаровым госцем на сустрэчах з настаўнікамі і вучнямі. Так, гэты немалады (старэй 80 гадоў) чалавек умее зацікавіць аўдыторыю арыгінальным выкладаннем фактаў з гісторыі завода, пачынаючы з яго адкрыцця ў 1951 годзе, горада, рэспублікі ў цэлым. Прычым гучаць гэтыя аповеды на прыгожай літаратурнай мове. Школьнікі ў сваю чаргу збіралі матэрыял аб самім Міхаіле Фадзеевічы для ўдзелу ў конкурсе праектаў “Лепшыя людзі Брэстчыны”. У мінулым годзе навучэнцы 20-й школы актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе, прымеркаваным да 35-годдзя Ленінскага раёна горада. Сярод лепшых работ было і даследаванне, прысвечанае М.Ф.Іофе.
А на ўрок ведаў першага верасня да старшакласнікаў прыходзіў пераемнік Міхаіла Фадзеевіча Анатоль Васільевіч Марозаў, які цяпер таксама пайшоў на заслужаны адпачынак. Традыцыйнымі сумеснымі мерапрыемствамі сталі паездкі, святы, канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы. Так яно і атрымліваецца: адно пераплятаецца з другім, школа становіцца часткай жыцця прадпрыемства, завод — часткай жыцця навучальнай установы, і на пэўным этапе (а ён у сувязях “Брэстгаазаапарата” і 20-й школы, лічу, надышоў даўно) папячыцельскія адносіны пераходзяць у сяброўскія, набываюць трывалую ўстойлівасць і вельмі добрыя перспектывы.

Шэфаў многа не бывае

Дарэчы, адкрытае акцыянернае таварыства — не адзіная арганізацыя, з якой школе ўдалося наладзіць добрыя, сяброўска-папячыцельскія адносіны. Так, шэфскую дапамогу навучальнай установе аказвае цэнтральны ўнівермаг Брэста. Прычым ЦУМ дапамагае школе таксама даволі працяглы час. Спачатку супрацоўнічалі з яго дырэктарам Віктарам Іванавічам Валюшыцкім, цяпер — з новым дырэктарам магазіна Андрэем Віктаравічам Валюшыцкім, выпускніком сярэдняй школы № 20. Апошні факт, прынамсі, падказвае яшчэ адзін шлях арганізацыі работы з папячыцелямі: паспяховыя выпускнікі, як правіла, ахвотна адгукаюцца на звароты аб падтрымцы ўстаноў адукацыі, якія самі скончылі.
Былы ж дырэктар ЦУМа зараз з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і не так даўно запрашаў настаўнікаў і навучэнцаў 20-й брэсцкай школы на экскурсію ў парламент. Падобныя сустрэчы — яшчэ адно сведчанне добра наладжаных, моцных сувязей паміж школай і яе сябрамі-папячыцелямі.
Матэрыяльны складнік шэфскай дапамогі ЦУМа ўключае, напрыклад, набыццё білетаў для творчых камандзіровак педагогаў, паездак таленавітых дзяцей з малазабяспечаных сем’яў на конкурсы і іншыя мерапрыемствы, прадастаўленне бацькам некаторых вучняў магчымасці набыць адзенне для школьнікаў з растэрміноўкаў аплаты і г.д.
Сярод сяброў школы ёсць яшчэ і прадпрыемства “Прамбрыс” (дырэктар Анатоль Антонавіч Сліўко), на якім працуюць глуханямыя людзі. Так, прадпрыемства дапамагло школе замяніць дзверы ў кабінетах, “выручае” па меры магчымасці з транспартам для розных патрэб.
Ёсць у школы і такія шэфы, як Брэсцкая пагранічная група, сяброўства з якой доўжыцца ўжо даволі даўно. Пагранічнікі арганізоўваюць для дзяцей дні здароўя, экскурсіі ў музей пагрангрупы, паездкі на заставы, удзельнічаюць у класных гадзінах, дзеляцца ведамі па дапрызыўнай падрыхтоўцы з навучэнцамі 10-11 класаў.
Усё гэта, як бачна, мае больш выхаваўчую, чым матэрыяльную скіраванасць, і гэта зноў вяртае нас да думкі, што шэф — гэта не толькі, а ў пэўных выпадках і не столькі “грошадаўца”, колькі сябар. Хаця, безумоўна, сучасныя ўмовы патрабуюць ад кіраўнікоў навучальных устаноў усё больш актыўнай работы па арганізацыі пазабюджэтнай дзейнасці ў цэлым і такой яе часткі, як папячыцельскі савет. Вопыт брэсцкай школы № 20 у гэтым сэнсе, думаецца, — прыклад граматнага выбудоўвання такой работы.

 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 20 Брэста.