У ідэале выбар прафесіі кожным маладым чалавекам — гэта кампраміс паміж жаданнем — магчымасцю — неабходнасцю. Але ў рэальнасці здараюцца сітуацыі, калі з усіх гэтых складнікаў застаецца толькі адзін — і выбару як такога ў маладых людзей няма, бо варыянт адзін: пагаджацца на тое, што прапаноўваюць.
“Чаго вартыя ўсе нашы намаганні па медыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі дзіцяці-інваліда, калі пасля дасягнення 18 гадоў малады інвалід мае мінімум шансаў атрымаць прафесійную адукацыю?” — з гэтым набалелым пытаннем да нас у рэдакцыю прыйшла мама-выхавальніца аднаго з дзіцячых дамоў сталіцы. Прычым прыйшла прасіць не за сябе — сітуацыя з пошукам месца вучобы для яе выхаванца ўсё ж была вырашана (праўда, чаго гэта каштавала!), а для таго, каб звярнуць увагу спецыялістаў на гэтую праблему.
…Дзіма прыйшоў у сям’ю Наталлі ўжо ў падлеткавым узросце. Прычым з цэлым букетам дыягназаў, асноўным сярод якіх быў дзіцячы цэрэбральны параліч.
— Першы час мы нават думалі, што ён не можа хадзіць, насілі яго па кватэры на руках, — прыгадвае зараз Наталля. — А аказалася, што ён проста прывык да такога становішча і, між іншым, не асабліва і жадае штосьці мяняць. Стала зразумела: калі вось тут і зараз катэгарычна не спынім гэтае яго шкадаванне сябе і нават пэўнае ўтрыманства, усе нашы далейшыя намаганні будуць дарэмнымі — хлопчык так і не зможа стаць самастойным. А будучыня ў гэтым выпадку даволі вызначаная — інтэрнат. Але ж мы яго бралі ў сям’ю не проста для таго, каб “ператрымаць” пэўны час — да паўналецця, а каб сапраўды яму дапамагчы. Таму жорстка, як урачы пры лячэнні, паднялі яго на ногі — набылі кіёк і ўсялякімі спосабамі прывучалі да самастойнасці.
Урэшце гэта дало свае вынікі. Дзіма памацнеў, прайшоў пэўную медыцынскую рэабілітацыю. І пры набліжэнні яго васямнаццацігоддзя стала зразумела: ён зможа атрымаць прафесію, нягледзячы на пэўныя цяжкасці ў навучанні, і жыць самастойна. Справа, як падавалася, заставалася за малым — выбраць тую самую ўстанову, дзе хаця б мінімальным чынам могуць сысціся жаданні і памкненні падлетка і яго магчымасці.
— Шчыра кажучы, я не чакала ніякіх асаблівых, адрозных ад штодзённага жыцця з дзіцем-інвалідам, праблем, — адзначае Наталля. — Сёння шмат гаворыцца пра ўцягненне людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў соцыум, аб інклюзіўнай адукацыі. Але на справе цяжкасці пачаліся яшчэ на этапе прафарыентацыйнага тэсціравання.
Жанчына звярнулася да школьнага псіхолага з просьбай пасадзейнічаць у прафесійным вызначэнні Дзімы. Там, здаецца, адразу адгукнуліся і правялі тэсціраванне. Наталля паказвае атрыманыя вынікі: на аркушы паперы слупкі, што вызначаюць большую ці меншую схільнасць падлетка да розных спецыяльнасцей. І ўсё б нічога, калі б не асаблівасці развіцця Дзімы: у яго выпадку гэты лісток падаецца ледзьве не здзекам. Бо на першых пазіцыях (чытай — тое, што добра было б хлопцу выбраць сваёй прафесіяй) — журналістыка, хімія. І гэта пры тым, што большую частку школьнага жыцця хлопчык навучаўся па праграме для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні.
— Як гэта рэалізаваць? Што з імі — такімі вынікамі тэсціравання — рэальна можна зрабіць? Чым яны дапамаглі нам? — гэтыя пытанні Наталля задавала ў свой час школьнаму псіхолагу, зараз звяртаецца да ўсёй прафесійнай супольнасці спецыялістаў гэтай сферы. — Напэўна ж магчымы больш індывідуальны падыход, які б не даваў хлопцу неапраўданых надзей? Бо, прачытаўшы гэтыя рэкамендацыі, ён ужо бачыў сябе крутым журналістам, а потым, калі стала відавочна, што гэта ў яго выпадку недасягальна, упадаў у дэпрэсію і самапрыніжэнне: “Нікчэмны я чалавек! Нідзе мяне не бяруць…”
***
А магло быць інакш. І павінна быць інакш, упэўнена Наталля:
— Безумоўна, у Дзімы ёсць пэўныя схільнасці: ён любіць літаратуру (магчыма, гэта і паўплывала на першынство ў выніках тэсціравання журналістыкі) і марыў стаць бібліятэкарам. Чаму б не падтрымаць хлопца ў гэтым памкненні — падабраць падобныя спецыяльнасці, дапамагчы знайсці адпаведныя навучальныя ўстановы. Урэшце, пахадайнічаць аб гэтым перад МРЭК.
Дарэчы, наступным і, напэўна, самым сур’ёзным выпрабаваннем ва ўсёй гэтай гісторыі стала праходжанне МРЭК — без гэтай працэдуры наогул пра ніякую прафесійную адукацыю і тым больш працу і гаворкі не магло ісці.
— Члены МРЭК даюць рэкамендацыі на падставе пераліку прафесій, які быў складзены яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя: ён папаўняецца новымі прафесіямі і спецыяльнасцямі, але гэта не мяняе яго фармальнай сутнасці, што часам прыводзіць да абсурдных сітуацый. Так здарылася і ў нашым выпадку. Па сутнасці, там нам прапанавалі толькі дзве спецыяльнасці — “Аператар ЭВМ” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Прычым склалася ўражанне, што выбар гэты быў праведзены зыходзячы не з магчымасцей і патрэб хлопца, а зыходзячы з усталяванай практыкі пры наяўнасці пэўных дыягназаў (у нашым жа выпадку было спалучэнне розных дыягназаў) і таго, што могуць сёння прапанаваць навучальныя ўстановы горада. У выніку ніводная з гэтых прапаноў зноў-такі не была рэальная для ўвасаблення, — упэўнена Наталля. — Паступленне на дэкаратыўна-прыкладное мастацтва патрабуе хаця б мінімальнай мастацкай падрыхтоўкі — у нашым выпадку гэтага не было. Да таго ж відавочна, што маладому чалавеку з ліку дзяцей-сірот неабходна спецыяльнасць, якая дазволіць потым забяспечваць сябе. Іншымі словамі, яна павінна забяспечыць атрыманне запатрабаванай працы, якая добра аплачваецца: яму няма на каго разлічваць у плане матэрыяльнай падтрымкі. Што ж да першага варыянта — аператар ЭВМ, на жаль, гэтая спецыяльнасць нам таксама не пад сілу.
Урэшце, здаецца, і МРЭК, і замяшчальныя бацькі, і Дзіма прыйшлі да паразумення — выбралі “жыццёвую” спецыяльнасць, якая не толькі пад сілу хлопцу, але і павінна ў далейшым забяспечыць яму працу і заробак. Справа была зноў-такі за малым: медыкі патрабавалі прынесці даведку з адпаведнай навучальнай установы, што там створаны неабходныя ўмовы для навучання такіх дзяцей.
— І з навучальнай установы нам хуценька прыйшло пісьмо, што… такіх умоў няма. Кола замкнулася, — прыгадвае Наталля.
Зрэшты, замяшчальныя бацькі на гэтым не спыніліся. Знайшлі ўсё ж навучальную ўстанову, дзе пагадзіліся прыняць хлопца на выбраную спецыяльнасць. Праўда, знаходзіцца яна не ў сталіцы, а ў Віцебску. Ужо другое паўгоддзе хлопец вучыцца там на абутніка з дадатковай спецыяльнасцю “Аператар ЭВМ”. Але пры гэтым марыць, што калі-небудзь яму ўсё ж удасца заняцца сваёй любімай літаратурай.
***
Тэма працаўладкавання інвалідаў не першы год у цэнтры ўвагі і дзяржаўных органаў, і грамадскіх арганізацый. І, здаецца, зроблена ў гэтай сферы нямала. Канстытуцыя Беларусі ўсім грамадзянам краіны, у тым ліку і людзям з абмежаванымі магчымасцямі, гарантуе права на працу. У Законе аб сацыяльнай абароне інвалідаў прапісана пра інтэграцыю інвалідаў у грамадства якраз праз рэалізацыю права на працу. Пры гэтым дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці забаронена. Існуюць і заканадаўчыя нормы, якія павінны стымуляваць наймальнікаў да прыняцця на работу інвалідаў. Напрыклад, прадпрыемствам, на якіх 51% работнікаў — людзі з інваліднасцю, прадастаўляюцца падатковыя льготы. Акрамя таго, пры прыёме на працу людзей з інваліднасцю па працоўнай адаптацыі (у гэтым выпадку ў праграме рэабілітацыі паказана, што малады чалавек пасля набытай або прыроджанай траўмы мае патрэбу ў працоўнай рэабілітацыі) заработную плату работніку плаціць дзяржава, а наймальнік не траціць сваіх сродкаў.
Дзяржаўнымі органамі прымаюцца і канкрэтныя меры па працаўладкаванні інвалідаў: браніруюцца месцы на прадпрыемствах, вядзецца іх прафесійная падрыхтоўка пры рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных.
Грамадскія арганізацыі, у сваю чаргу, робяць спробы запусціць праекты па працаўладкаванні інвалідаў: роўны навучае роўнага, суправаджальнае працаўладкаванне і інш.
А “воз і зараз там” — на практыцы інвалідам і іх апекунам пры пошуку і ўладкаванні на працу прыходзіцца сутыкацца з многімі цяжкасцямі. Чаму так?
Магчыма, таму, што ўсе гэтыя меры ў адносінах да працаўладкавання інвалідаў прымаюцца занадта позна? Па сутнасці, яны накіраваны на вырашэнне ўжо існуючай праблемы — знайсці больш-менш прыстойны занятак для ўжо дарослага чалавека, які, па праўдзе кажучы, і рабіць мала што ўмее. Магчыма, трэба пачынаць раней? У школе праводзіць індывідуальную дакладную прафарыентацыю — не па шаблоне з іншымі навучэнцамі, а з улікам магчымасцей і патрэб дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У юнацтве садзейнічаць уладкаванню маладых інвалідаў на прафесійнае навучанне ў адпаведнасці з іх магчымасцямі. На карысць гэтай думкі і той факт, што дарослыя інваліды, якія не прайшлі ў свой час дзейсную прафарыентацыю, не навучыліся занятку, які б ім падабаўся і задавальняў іх, у дарослым жыцці далёка не заўсёды імкнуцца да працы — утрыманства ім больш даспадобы.
У сітуацыі многіх і многіх людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўсе гэтыя этапы былі калісьці незваротна ўпушчаны. Такое магло здарыцца і з Дзімам, падапечным Наталлі. Магчыма, ім проста не пашанцавала — спрацаваў чалавечы фактар. Бо сёння сапраўды ёсць і методыкі, якія дазваляюць працаваць па прафарыентацыі такіх маладых інвалідаў, і ўстановы, і спецыяльнасці, дзе яны могуць навучацца. Але ж агульная сістэма павінна працаваць такім чынам, каб лёс канкрэтнага чалавека не залежаў ад гэтага праславутага чалавечага фактару.
Наталля ІЛЬІНА.