Няўменне планаваць бюджэт і ацэньваць рызыкі

З мінулага года ў школы як асноўнага адукацыйнага інстытута з’явілася яшчэ адна прынцыповая задача: навучанне фінансавай граматнасці. Гэта прадугледжана Планам сумесных дзеянняў органаў дзяржаўнага кіравання і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва Беларусі на 2013—2018 гады. Прычым гаворка ідзе не аб пачатковай прафесійнай падрыхтоўцы — курсы і факультатывы эканамічнай накіраванасці, а аб навучанні кожнага школьніка таму, што яму спатрэбіцца ў яго асабістым жыцці: уласны бюджэт, крэдыты і дэпазіты, расходы і даходы… Адно пытанне: хто і як будзе ажыццяўляць гэтае навучанне, калі і самі настаўнікі ў адзначаных пытаннях не заўсёды валодаюць неабходнымі ведамі? Дзе педагогам шукаць неабходную інфармацыю, апрабаваныя методыкі ў гэтым кірунку? Якія інструменты выкарыстоўваць у рабоце? Пра гэта наша сённяшняя размова з начальнікам аддзела фінансавай граматнасці насельніцтва Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Юліяй Вячаславаўнай САКОВІЧ.

— Юлія Вячаславаўна, чаму наогул узнікла неабходнасць павышэння фінансавай граматнасці насельніцтва?
— Справа ў тым, што за апошнія 10—15 гадоў у сферы фінансавых паслуг адбыліся радыкальныя змены. Фінансавыя інструменты значна ўскладніліся, з’явіліся новыя фінансавыя прадукты і паслугі, пашырыўся спектр арганізацый, якія аказваюць фінансавыя паслугі насельніцтву. Арыентавацца ва ўсёй разнастайнасці фінансавых прадуктаў і кіраваць сваімі фінансавымі рэсурсамі простаму чалавеку становіцца ўсё больш складана, таму развіццё фінансавых прадуктаў павінна суправаджацца пашырэннем ведаў насельніцтва аб гэтых прадуктах, уменнем іх правільна выкарыстоўваць — адным словам, развіццём фінансавай граматнасці.
Дарэчы, усё гэта актуальна не толькі для Беларусі: апошнім часам пытанням павышэння фінансавай граматнасці ўдзяляецца вялікая ўвага ў многіх краінах свету. І гэта заканамерна: належны ўзровень фінансавай граматнасці спрыяе як павышэнню ўзроўню жыцця саміх грамадзян, так і развіццю эканомікі ў цэлым. Напрыклад, няведанне грамадзянамі даступных, зразумелых і надзейных каналаў укладання грашовых сродкаў пазбаўляе іх магчымасці атрымліваць даходы ад сваёй маёмасці і грашовых сродкаў у поўным аб’ёме. Граматны спажывец фінансавых паслуг лепш абаронены ад махлярства ў галіне фінансаў. З іншага боку, добра праінфармаваныя і граматныя спажыўцы фінансавых паслуг будуць прад’яўляць высокія патрабаванні да якасці фінансавых прадуктаў і паслуг і тым самым стымуляваць развіццё эканомікі.

— Наколькі я ведаю, у мінулым годзе ў краіне было праведзена сацыялагічнае даследаванне ўзроўню валодання грамадзян ведамі ў галіне фінансаў. І яго вывады несуцяшальныя: большая частка беларусаў не вельмі добра арыентуецца ў гэтых пытаннях. А ў якіх выпадках найбольш ярка выяўляецца праблема недастатковай фінансавай граматнасці насельніцтва?
— Грунтуючыся на выніках даследаванняў у галіне фінансавых ведаў, сёння можна сфармуляваць найбольш вострыя праблемы. Да іх найперш можна аднесці адсутнасць умення (ды і жадання) планаваць сямейны бюджэт, хоць, здавалася б, што можа быць прасцей! Аднак людзі не плануюць асабістыя фінансы і не робяць зберажэнняў на выпадак неспадзяванага зніжэння ўзроўню даходу або ўзнікнення непрадбачаных выдаткаў. Яшчэ адна істотная праблема — гэта няздольнасць прымаць фінансавыя рашэнні, заснаваныя на аналізе наяўнай інфармацыі. У выніку найбольш часта рашэнні прымаюцца спантанна. І гэта ў сваю чаргу прыводзіць да наступнай праблемы — няўмення адэкватна ацэньваць рызыкі. І, нарэшце, відавочна, што ў большасці сваёй насельніцтва імкнецца перакласці адказнасць за свае фінансавыя рашэнні на дзяржаву.
Дарэчы, аб недастатковым узроўні фінансавай граматнасці насельніцтва сведчыць характар шматлікіх зваротаў грамадзян у Нацыянальны банк. Найбольш часта гэта запыты па пытаннях крэдытавання, прыцягнення грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты), па пытаннях крэдытных гісторый, функцыянавання банкаматаў, інфакіёскаў, выкарыстання плацежных карт.
Апошнім часам грамадзяне ўсё часцей сутыкаюцца са складанасцямі і праблемамі, звязанымі з выплатай крэдыту. Калі аналізуеш такія сітуацыі, то разумееш, што праблемы можна было пазбегнуць, калі б першапачаткова былі ўважліва ацэнены ўласныя магчымасці, правільна падабраны від крэдыту, старанна вывучаны крэдытны дагавор, добра прадумана рашэнне аб неабходнасці набыцця таго ці іншага тавару ў крэдыт, бо жаданых дабротаў можна дасягнуць і за кошт разумнага планавання асабістых фінансаў і ўмення рабіць зберажэнні.
Ці іншы прыклад: вельмі часта людзі, якія падпісваюць дагавор паручыцельства, не ўсведамляюць, што тым самым прымаюць на сябе фінансавыя абавязацельствы і будуць адказваць перад банкам сваімі грашовымі сродкамі або маёмасцю ў выпадку невыканання абавязацельстваў крэдытаатрымальнікам.

— Гэта праблемы ўсіх пакаленняў? Як ацэньваецца ўзровень фінансавай граматнасці менавіта маладых людзей?
— У той ці іншай ступені названыя праблемы датычацца прадстаўнікоў розных пакаленняў. У дачыненні да моладзі можна сказаць, што іх вялікая праблема ў тым, што яе прадстаўнікі, у большасці сваёй, не адкладваюць сродкі на будучыню. Яны схільныя траціць усе свае даходы “тут і цяпер” і часта ўскладаюць на сябе непасільныя крэдытныя нагрузкі. Дарэчы, гэтая праблема актуальная для ўсіх краін.

— Напэўна, таму асаблівая ўвага ў Плане сумесных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці ўдзелена прадстаўнікам падрастаючага пакалення?
— Сапраўды, павышэнню фінансавай граматнасці школьнікаў, моладзі ўдзелена вялікая ўвага ў Плане сумесных дзеянняў органаў дзяржаўнага кіравання і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва Беларусі на 2013—2018 гады.
Прадастаўленне фінансавых ведаў школьнікам і моладзі дапамагае падрыхтаваць будучае пакаленне да рацыянальнага кіравання фінансамі. Да таго ж, паколькі людзі ў маладым узросце валодаюць добрым патэнцыялам навучання і карысныя фінансавыя навыкі выхоўваюцца ў чалавека на працягу доўгага часу, навучанне фінансавай грамаце мэтазгодна пачынаць менавіта ў раннім узросце.
Малым дзецям веды аб фінансах даюць уяўленне пра каштоўнасць грошай, закладваюць падмурак для далейшага развіцця навыкаў планавання бюджэту і зберажэнняў. Для падлеткаў эфектыўнае кіраванне персанальнымі фінансамі — гэта, напрыклад, рэальны памочнік у вырашэнні пытанняў фінансавання адукацыі. Фінансавыя веды дапамогуць пазбегнуць памылак на працягу ўсяго жыцця чалавека.

— Аднак пытанне ў тым, хто будзе займацца павышэннем фінансавай граматнасці школьнікаў. Настаўнікі? Але наколькі яны самі валодаюць гэтай тэмай?
— У цяперашні час гэтыя абавязкі ўскладзены ў большасці сваёй на банкаўскіх супрацоўнікаў, а ў перспектыве — так, гэтым будуць займацца настаўнікі, бо гэта павінны быць не разавыя мерапрыемствы, а планамерная і паслядоўная штодзённая работа. Зразумела, для гэтага настаўнікі таксама павінны прайсці падрыхтоўку, каб атрымаць веды, навыкі і ўпэўненасць пры трансляцыі фінансавых ведаў. Сёння ж міжнародны вопыт паказвае, што ў шматлікіх краінах настаўнік (разам з многімі іншымі групамі насельніцтва) не ў стане добра кіраваць сваімі фінансамі.
У нас існуе папярэдняя дамоўленасць з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь аб стварэнні школы павышэння кваліфікацыі школьных настаўнікаў па пытаннях фінансавай граматнасці.

— А якія сёння існуюць навучальныя праграмы для дзяцей у гэтым кірунку?
— Напрыклад, у цяперашні час у некаторых установах адукацыі рэалізуецца праграма фінансавай і сацыяльнай адукацыі дзяцей “Афлатун”. Гэты міжнародны адукацыйны праект рэалізуецца пад эгідай Камітэта ААН па правах дзіцяці і ЮНІСЕФ. Навучальныя матэрыялы праграмы створаны з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. Курс цікавы і даступны для разумення, дзеці знаходзяцца ў цэнтры навучальнага працэсу — сёння гэта пацвярджае і беларускі вопыт рэалізацыі праграмы.
У сакавіку 2014 года пры падтрымцы Нацыянальнага банка і Прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь праходзіў трэнінг трэнераў па фінансавай граматнасці. У трэнінгу прынялі ўдзел 45 прадстаўнікоў устаноў адукацыі, якія стануць пілотнымі пляцоўкамі для рэалізацыі праграмы “Афлатун” па фінансавай адукацыі школьнікаў.
Стратэгічнымі ж задачамі з’яўляюцца распрацоўка і апрабацыя новых праграм па павышэнні фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі, укараненне перадавога міжнароднага вопыту.

— Якія яшчэ ёсць інструменты ў педагогаў для арганізацыі работы па павышэнні фінансавай граматнасці школьнікаў і моладзі?
— У рамках работы па павышэнні фінансавай граматнасці моладзі былі арганізаваны і праведзены мерапрыемствы, вынікамі якіх якраз і павінна стаць стварэнне такіх інструментаў. Напрыклад, была праведзена адаптацыя да беларускіх рэалій навучальнага дапаможніка “Фінансавая граматнасць”, накіраванага на фарміраванне ў моладзі ўстойлівых навыкаў прыняцця ўзважаных фінансавых рашэнняў і граматнага выкарыстання банкаўскіх прадуктаў. Работа ў гэтым кірунку ўжо завершана, і выпуск кнігі плануецца ажыццявіць за кошт кампаніі Visa ў бягучым
годзе.
Цікавым і паспяховым атрымаўся і адукацыйны праект Нацыянальнага банка і Асацыяцыі беларускіх банкаў “Грашовая азбука” на старонках адной з газет, таму па выніках яго рэалізацыі было прынята рашэнне аб выданні кнігі “Грашовая азбука”.
Акрамя таго, сёння ўжо заключаны ліцэнзійны дагавор з украінскай арганізацыяй аб атрыманні Нацыянальным банкам права на публічны паказ мультфільма “Азбука грошай, ці Як дапамагчы дзіцяці вырасці багатым”, у якім у простай і даступнай форме апавядаецца пра грошы, безнаяўныя разлікі, асновы эканомікі, спосабы зберажэння і іншае.
Непасрэдна ў Беларусі была выпушчаная серыя сацыяльных ролікаў, якія раскрываюць асноўныя элементы і паняцці фінансавай сістэмы і накіраваны на данясенне насельніцтву інфармацыі аб тым, як правільна расходаваць і берагчы свае сродкі, адказна падыходзіць да кіравання асабістым бюджэтам. У цяперашні час ролікі трансліруюцца на экранах Мінскага метрапалітэна, чыгуначнага вакзала і аўтавакзала сталіцы, у маршрутных таксі, а таксама на цэнтральным і мясцовым тэлебачанні.

— Юлія Вячаславаўна, аднак, напэўна ж, нельга казаць, што тэма фінансаў, эканомікі абсалютна новая для беларускай школы. І да гэтага ж часу ў шэрагу ўстаноў дзейнічалі клубы, праводзіліся факультатыўныя заняткі ( “Уводзіны ў эканоміку”, 1—4 класы; “Асновы эканамічных ведаў”, 5—11 класы; “Асновы прадпрымальніцтва”, “Макраэканоміка” для старшакласнікаў) эканамічнай накіраванасці. У чым прынцыповае адрозненне таго, што прапануецца да ўкаранення сёння?
— Адрозненні ў змесце і форме. Калі казаць пра змест, то сёння ў школе прапаноўваецца большую ўвагу ўдзяліць ведам, неабходным чалавеку ў яго паўсядзённым асабістым жыцці, а не пачатковай прафесійнай падрыхтоўцы. Калі ж казаць пра форму, то большасць навучальных праграм для дзяцей і моладзі, якія прапаноўваюцца да ўкаранення сёння, падаюцца ў займальнай і забаўляльнай форме. Па словах міжнародных экспертаў, такі спосаб падачы інфармацыі з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных. Гэта не столькі вучэбныя, колькі агульнаадукацыйныя мерапрыемствы, — далёка ж не ўсе гатовы наведваць дадатковыя заняткі.

— Напрыклад, такія як “Фінансавы футбол”?
— Так, у мінулым годзе пры ўдзеле Асацыяцыі беларускіх банкаў быў укаранёны пілот-праект Нацыянальнага банка на базе навучальнай камп’ютарнай гульні “Фінансавы футбол” па павышэнні фінансавай граматнасці моладзі. Гэты праект з’яўляецца часткай глабальнай ініцыятывы кампаніі Visa па павышэнні фінансавай граматнасці сярод моладзі па ўсім свеце. Навучальная камп’ютарная гульня “Фінансавы футбол” — гэта цікавы і пазнавальны інструмент, які дапамагае навучыцца правільна расходаваць і берагчы свае сродкі, а таксама адказна падыходзіць да кіравання асабістым бюджэтам. Навучальныя мерапрыемствы з дапамогай гэтай гульні прайшлі сярод студэнцкай моладзі ў шэрагу ўстаноў вышэйшай адукацыі (Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Міжнародным універсітэце “МІТСО”, Палескім дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце), а таксама ў сярэдніх школах. Трэба адзначыць, што незвычайныя заняткі прыйшліся па душы моладзі, станоўчыя эмоцыі перапаўнялі маладых людзей, стваралі радасны, святочны настрой. Эфектыўнасць гэтай новай жывой методыкі данясення ведаў да вучняў была адзначана і выкладчыцкім складам.
Але гэта не адзіны такі паспяховы праект. Увогуле эканамічныя гульні — выдатны навучальны інструмент. І сёння ёсць арганізацыі, гатовыя развіваць гэты напрамак. Так, з дапамогай ТАА “Игрика”, якое вызначана ўдзельнікам Плана сумесных дзеянняў па павышэнні фінансавай граматнасці, толькі ў бягучым годзе навучанне праз такія гульні прайшлі каля 1000 маладых людзей. Зараз прадпрыемства вядзе перамовы з шэрагам банкаў аб стварэнні брэндавых эканамічных навучальных гульняў для моладзі.

— Выдатна было б, калі б усе гэтыя інструменты для работы па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва, і моладзі ў прыватнасці, былі ў адкрытым доступе. Каб настаўнікі маглі без праблем атрымаць дакладную інфармацыю, так скажам, з першых вуснаў, знаходзячыся ў любой кропцы краіны. У канцы мінулага года было анансавана стварэнне адзінага партала па фінансавай граматнасці, які б мог стаць такой невычэрпнай крыніцай карыснай інфармацыі і методык. На якім этапе праект сёння?
— Інтэрнэт-партал па фінансавай граматнасці сапраўды павінен стаць важным каналам прадастаўлення фінансавых ведаў насельніцтву. Работа па яго стварэнні знахо-дзіцца ў завяршальнай стадыі. Спадзяёмся, што ён убачыць свет ужо ў бліжэйшы час. На інтэрнэт-партале будзе змешчана актуальная інфармацыя, неабходная для прыняцця насельніцтвам рашэнняў па фінансавых пытаннях: сродкі планавання бюджэту, дапамога па асабістых фінансах, падказкі, засцярогі і фінансавыя гульні. На ім у тым ліку будуць размяшчацца метадычныя дапаможнікі ў галіне фінансавага навучання.

 

Алена МАРКЕВІЧ.