Няма ўмоў — няма лагера, ці Чаму не варта “гуляць” у аздараўленне?

Традыцыйныя сустрэчы арганізатараў дзіцячага аздараўлення напярэдадні летняй кампаніі — гэта выдатная магчымасць для кожнага з іх не толькі даведацца пра найбольш актуальныя напрамкі работы, пазнаёміцца з новымі цікавымі распрацоўкамі, але і атрымаць адказы на найбольш актуальныя, а часам і вострыя, неадназначыя пытанні. Сёння мы прадстаўляем вашай увазе падборку такіх пытанняў з месцаў і адказы на іх спецыялістаў рэспубліканскага ўзроўню.

У якім памеры ўстаноўлены дзяржаўныя датацыі на пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры розных тыпаў?
Людміла Георгіеўна Малочка, начальнік аддзела Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні:
— Памеры сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на патанненне кошту адной пуцёўкі ў аздараўленчыя, спартыўна-аздараўленчыя лагеры ў летні перыяд устаноўлены загадам Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Згодна з дакументам, у аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей датацыя складае 1 млн 400 тысяч рублёў. Гэта тычыцца лагераў з тэрмінам знаходжання не менш за 18 дзён, у тым ліку лагераў па профілях, напрамках дзейнасці з такой працягласцю. Дарэчы, сярэдні кошт пуцёўкі ў такія лагеры складзе каля 3 млн 720 тысяч рублёў. Такім чынам, доля датацыі складае каля 40% кошту пуцёўкі.
У аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяржаўная датацыя складае 580 тысяч рублёў.
У профільны аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не менш за 9 дзён — 600 тысяч рублёў.
У лагер працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем дзяцей — 650 тысяч рублёў.
Удзельная вага датацыі ў кошце пуцёўкі ў дзённы, профільны лагер, лагер працы і адпачынку складзе каля 75%.

Ці будуць у гэтым годзе дадатковыя датацыі для дзяцей медыцынскіх і педагагічных работнікаў?
Людміла Георгіеўна Малочка:
— Са сродкаў фонду сацыяльнага страхавання прадугледжаны 4 віды датацый на пуцёўкі дзецям у лагеры. Датацыі педагогам ці ўрачам з гэтых сродкаў не прадугледжаны. Але ў мінулыя гады ў шэрагу летнікаў была практыка прадастаўлення льгот па аплаце аздараўлення для дзяцей педагогаў і медыкаў, якія працуюць у гэтым лагеры, у рамках заключанага дагавора паміж лагерам і работнікам. У кожным канкрэтным выпадку такое рашэнне — за ўласнікам лагера.

Як сёлета будуць праводзіцца праверкі аздараўленчых лагераў санітарнымі службамі?
Ала Антонаўна Малахава, загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя:
— Праверкі санітарнай службай аздараўленчых летнікаў будуць праводзіцца ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы № 510. Так, будуць праводзіцца планавыя праверкі ў адпаведнасці з каардынацыйным планам. Але такіх летнікаў нямнога. У асноўным будуць ажыццяўляцца пазапланавыя праверкі лагераў. Дарэчы, у гэтым годзе такія праверкі будуць праводзіцца і ў лагерах з дзённым знаходжаннем дзяцей. У мінулыя гады ў такіх летніках, як правіла, ажыццяўляўся маніторынг. Але такая форма, як маніторынг, не заўсёды дазваляла якасна праводзіць аналіз дзейнасці прышкольнага лагера, паколькі спецыялісты павінны былі за кароткі час наведаць і паглядзець работу некалькіх лагераў. Таму ў гэтым годзе ў першую змену ўсе лагеры будуць ахоплены праверкамі з афармленнем неабходнай дакументацыі.
Далей будзе праводзіцца маніторынг дзейнасці аздараўленчых лагераў: лагеры з кругласутачным знаходжаннем — раз у тыдзень, прышкольныя — раз у 10 дзён.
У мінулым годзе мы рэкамендавалі санітарным урачам на месцах у першыя тры дні змены выязджаць у загарадныя летнікі для кансультацыйнай дапамогі, правядзення гігіенічнага навучання. Такую практыку плануем прадоўжыць і сёлета. Але не варта расцэньваць такія візіты санітарных урачоў як праверку, гэта менавіта дапамога ў станаўленні работы часовага калектыву.

Ці магчыма адкрыццё 9-дзённага профільнага лагера з кругласутачным знаходжаннем на базе ўстановы дадатковай адукацыі, калі ў штаце ўстановы няма медыцынскага работніка?
Ала Антонаўна Малахава:
— Не, немагчыма. Медыцынская дапамога ў такіх летніках павінна быць забяспечана кругласутачна. Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні распрацаваны прыкладны штатны расклад у залежнасці ад колькасці дзяцей. У кошце пуцёўкі закладзена медыцынскае абслугоўванне. Такім чынам, у кожным канкрэтным выпадку ў штаце лагера з кругласутачным знаходжаннем павінен быць медыцынскі работнік. На мясцовым узроўні гэтую сітуацыю неабходна вырашаць праз замацаванне рашэннем выканкама за летнікам лячэбнай установы.

Згодна з Санітарнымі нормамі і правіламі, дзённы сон у лагерах з дзённым знаходжаннем павінен быць арганізаваны для школьнікаў 1—4 класаў. Ці можна адмовіцца ад сну дзяцей 3—4 класа, калі ва ўстанове няма магчымасці арганізаваць спальныя месцы (адсутнічаюць адпаведныя па ўзросце ложкі)?
Ала Антонаўна Малахава:
— Дзённы сон — абавязковы рэжымны момант дзейнасці лагера з дзённым знаходжаннем. Ён неабходны для таго, каб дзіця мела магчымасць аднавіць сілы і сапраўды атрымаць ад знаходжання ў лагеры, хоць і ва ўмовах населенага пункта, аздараўленчы эфект. Таму адмовіцца ад гэтага — па рашэнні адміністрацыі лагера, па заявах бацькоў — немагчыма.
Што да арганізацыі спальных месцаў, то без іх наяўнасці для кожнага выхаванца санітарная служба не дасць дазволу на адкрыццё лагера з дзённым знаходжаннем. Для адкрыцця лагера неабходна стварыць неабходныя ўмовы, у тым ліку і арганізаваць спальныя месцы. У іншым выпадку гэта будзе “гульня” ў аздараўленне, а не сапраўднае аздараўленне дзяцей. Для вырашэння пытання з арганізацыяй спальных месцаў можна звяртацца па дапамогу ў іншыя ўстановы адукацыі, напрыклад, школы-інтэрнаты, ці хадайнічаць перад мясцовымі органамі ўлады аб закупцы неабходнага абсталявання. Гэта апраўданыя траты, паколькі прышкольныя лагеры, як правіла, адкрываюцца штогод.
Дарэчы, найбольш недахопаў пры аналізе дзейнасці лагераў санітарнымі ўрачамі выяўляецца якраз у дзейнасці прышкольных летнікаў. Калі дзіця бярэ пуцёўку ў лагер з дзённым знаходжаннем, варта думаць, што гэта асэнсаваны выбар. Чаму ў такім выпадку ў многіх лагерах дзеці знаходзяцца ў прышкольным летніку толькі да 12 гадзін? Не захоўваецца рэжым дня: не арганізаваны сон, іншыя моманты. Былі прыклады, калі з абеду ў лагеры заставалася каля 30% дзяцей. Заява бацькоў — гэта не падстава для таго, каб дзіця ў прышкольным лагеры не прытрымлівалася рэжыму. Гэта могуць быць толькі адзінкавыя выпадкі ў выключных сітуацыях.

Апошнім часам склалася практыка, калі групы дзяцей, якія займаюцца тым ці іншым відам спорту, выкупляюць пуцёўкі ў аздараўленчы лагер, і на яго базе пад кіраўніцтвам трэнера для іх арганізоўваецца вучэбна-трэніровачны працэс у рамках дзейнасці звычайнага летніка. Пры гэтым харчаванне юных спартсменаў таксама ажыццяўляецца па нормах звычайнага летніка. Ці правільна гэта?
Ала Антонаўна Малахава:
— Такая практыка сапраўды мае месца. Але гэта няправільны падыход. Дзеці, якія займаюцца вучэбна-трэніровачным працэсам, павінны залічвацца ў спартыўна-аздараўленчы лагер з іншымі арганізацыйнымі ўмовамі і нормамі харчавання. Харчаванне павінна быць арганізавана згодна з устаноўленымі нормамі для харчавання дзяцей у спартыўна-аздараўленчых лагерах. Дарэчы, у мінулым годзе нормы харчавання для гэтай катэгорыі дзяцей былі зменены згодна з пастановай Міністэрства спорту і турызму ад 21 ліпеня 2014 года “Аб устанаўленні сутачных норм харчавання пры правядзенні спартыўных мерапрыемстваў для асоб, якія праходзяць спартыўную падрыхтоўку ў спартыўна-аздараўленчых лагерах”.
Калі сёлета санітарнымі службамі будуць выяўляцца падобныя факты, то вучэбна-трэніровачны працэс на базе звычайных летнікаў будзе забараняцца. Адказнасць за парушэнне будзе ўскладвацца на начальніка лагера.

Існуе праблема з адлічэннем дзяцей з прышкольнага лагера. Ці можна на трэці ці чацвёрты дзень работы лагера правесці замену ў выпадку адлічэння аднаго дзіцяці на іншае? Загадам аднаго адлічылі — ад’езд на адпачынак з бацькамі, хвароба, сямейныя прычыны — і тут жа залічылі іншага. Бывае, што на пяты дзень работы лагера адлічана ўжо 40—50% дзяцей па заявах бацькоў. І ў той жа час ёсць многа іншых дзяцей, якія выказваюць жаданне наведваць лагер, але позна даведаліся пра яго работу.
Ларыса Васільеўна Емяльянчык, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі:
— Такія праблемы могуць існаваць у тых установах адукацыі, дзе ствараюцца лагеры не пад рэальную патрэбнасць дзяцей, а штучна, дзе ёсць неабходнасць выканання нейкіх планаў, навязаных мясцовай уладай. Пры належнай арганізацыі дзейнасці лагера сітуацыі з адлічэннем паловы яго выхаванцаў проста не можа быць, як і не павінна быць сітуацыі, калі навучэнцы загадзя не ведаюць аб рабоце ў летні перыяд прышкольнага лагера. Інфармацыя пра гэта павінна была быць распаўсюджана ва ўстанове яшчэ падчас маніторынгу запатрабаванасці лагераў, які праводзіцца ў студзені — лютым. Пра тое, як, у якія тэрміны будзе працаваць лагер у школе, бацькі навучэнцаў павінны ведаць як мінімум за месяц да пачатку яго работы.
Адзінкавыя сітуацыі адлічэння дзяцей з лагера сапраўды могуць быць. У такім выпадку начальнік лагера ў выключных выпадках мае права выдаць загад аб адлічэнні з лагера. Калі хтосьці з дзяцей выказвае жаданне аб залічэнні ў лагер на другі-трэці дзень работы лагера, яго можна залічыць у лагер. Але ён купляе новую пуцёўку з пераразлікам на астатнюю колькасць дзён, а не прыходзіць на месца адлічанага.
Пры гэтым варта памятаць, што аздараўленчы перыяд па заканадаўстве не можа быць менш як 9 дзён, адпаведна, новы выхаванец не можа быць прыняты ў лагер на меншую колькасць дзён.

Ці магчыма прымусовае выключэнне выхаванца з лагера за парушэнне нейкіх правіл?
Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, дырэктар НДЦ “Зубраня”:
— У Кодэксе аб адукацыі ёсць пункт, які дазваляе выключаць дзіця з установы адукацыі. І часам мы гэтую магчымасць выкарыстоўваем. Напрыклад, усе нашы дзеці і падлеткі выдатна ведаюць, што за спробы распіцця спіртных напіткаў (праўда, такіх выпадкаў яшчэ не было), за курэнне яны будуць выключаны з лагера. І выпадкі адлічэння з-за курэння ў нас былі. Гэта вельмі дзейсная мера. Гэта не панацэя, але лепш праявіць цвёрдую пазіцыю ў адносінах да аднаго выхаванца, чым паставіць пад пагрозу некалькі соцень. Тут не павінна быць ніякага ўтойвання.
У гэтым пытанні — барацьба са шкоднымі звычкамі — важная наша агульная кансалідаваная пазіцыя, каб мы выказвалі агульныя строгія патрабаванні да выхаванцаў. Толькі адзінымі патрабаваннямі ўсіх членаў педагагічнага калектыву, прычым не адной установы, а ўсёй сістэмы выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, можна дабіцца вырашэння гэтага пытання.

На аснове якіх дакументаў у НДЦ “Зубраня” забараняецца выкарыстанне тэлефонаў, планшэтаў і іншых электронных устройстваў?
Надзея Генадзьеўна Ануфрыева:
— Такая норма дзейнічае на аснове Правіл унутранага распарадку, Правіл знаходжання дзяцей у лагеры і на аснове заключаных дагавораў з бацькамі. Гэтая норма прапісана ў названых дакументах. У дагаворы з бацькамі таксама прапісваюцца ўмовы знаходжання дзіцяці ў лагеры, за што яно можа быць выключана з лагера, і іншыя моманты.

Алёна МАРКЕВИЧ.