Маладзёжны рэсурс. Эканамічны

Прыкладна паўтары сотні маладых людзей сабраліся нядаўна на Форум працуючай моладзі ў Мінску, арганізаваны гарадскім камітэтам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Усе дэлегаты прадстаўлялі розныя прадпрыемствы і арганізацыі рэальнага сектара эканомікі сталіцы. А давайце ўзгадаем, што такое рэальны сектар. Гэта сектар эканомікі, непасрэдна звязаны з матэрыяльнай вытворчасцю, атрыманнем прыбытку і напаўненнем бюджэту. Таму не будзе перабольшаннем сказаць, што хлопцы і дзяўчаты, якія сабраліся на форуме, прадстаўлялі найважнейшую галіну развіцця краіны, у якую яны прыйшлі з розных навучальных устаноў з пэўным багажом тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў.

У шэрагу праблем, пра якія гаварылі фарумчане, былі пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў і рабочых кадраў для беларускай эканомікі, павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі айчынных вытворцаў, будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў, павышэння кваліфікацыі. Ды і наогул, кола праблем, што ўзнялі прадстаўнікі працуючай моладзі сталіцы, аказалася даволі шырокім.
Так, на адной з секцый форуму абмяркоўвалася тэма “Развіццё прамысловага сектара краіны і роля моладзі ў ім”. Да абмеркавання ў якасці экспертаў далучыліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Паўлавіч Мажэйка і начальнік аддзела аналізу і рэгулявання рынку працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Святлана Міхайлаўна Лявончык. — Не сакрэт, што сёння мы назіраем даволі напружаную карціну на рынку працы, — сказала, звяртаючыся да аўдыторыі, С.М.Лявончык. — Беспрацоўе вырасла і ў краіне ў цэлым, і ў Мінску ў прыватнасці. Ёсць праблемы, якія будуць вырашаць і выканаўчая ўлада, і заканадаўчая. І, канечне, нас вельмі хвалюе стан спраў менавіта ў прамысловым комплексе, бо гэты комплекс — аснова нашай эканомікі. Мы пакуль знаходзімся на пераходным этапе ад вытворчай сферы да сферы паслуг, якая ў далейшым будзе развівацца больш інтэнсіўнымі тэмпамі. Але трэба ўдасканальваць і прамысловы комплекс, задаваць яму неабходны напрамак развіцця — гэта інавацыі і мадэрнізацыя.
Па словах спецыяліста, зараз у сталіцы назіраецца спад попыту на рабочыя спецыяльнасці. З 8600 вакансій на пачатак года крыху больш за палову складалі заяўкі на спецыялістаў рабочых прафесій, хаця раней такіх заявак было да 90%. Структура кадравага попыту наогул значна змянілася апошнім часам. Так, прыкладна 20% складаюць заяўкі сістэм аховы здароўя і сацыяльных паслуг, раней іх доля была ніжэйшай. Адна з думак, якая прагучала на пасяджэнні секцыі і з якой пагадзіліся ўсе ці амаль усе прысутныя, — гэта тое, што нельга стаць добрым тэхнічным спецыялістам, кіраўніком у сферы прамысловасці, не ведаючы азоў сваёй прафесіі, не валодаючы пэўнымі рабочымі спецыяльнасцямі. Ёсць добрыя (на думку ўдзельнікаў форуму) прыклады “Беларуськалія” і наваполацкага “Нафтана”, калі маладога спецыяліста, які толькі прыйшоў на вытворчасць, на пэўны час накіроўваюць працаваць па рабочых спецыяльнасцях, каб ён ведаў вытворчасць знутры, валодаў кампетэнцыямі рабочых, якімі ў далейшым будзе кіраваць, вучыўся зносінам у калектыве.

Удзельнік Форуму працуючай моладзі Мінска Павел Гафараў, майстар цэха цеплавой аўтаматыкі і вымярэнняў Мінскай ТЭЦ-3: “На ТЭЦ, якую я прадстаўляю і дзе з’яўляўся сакратаром пярвічнай ячэйкі БРСМ, працуе каля двухсот маладых людзей ва ўзросце да 31 года з прыкладна васьмісот работнікаў. Больш за ўсё маладых спецыялістаў трапляюць да нас пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа і з тэхнічных УВА. Усе яны яшчэ падчас вучобы ведаюць, што месцаў на розных прадпрыемствах РУП “Мінскэнерга” хапае і ўсе пасля заканчэння вучобы атрымаюць размеркаванне. Хаця пэўная частка моладзі потым работу кідае. Пры гэтым сярэдняя зарплата на нашым прадпрыемстве — “Мінскэнерга” — зараз больш за сем мільёнаў рублёў. РУП дае стабільнасць, нават у перыяд эканамічнага крызісу.
Мы таксама можам зацікавіць моладзь тым, што ў нас ёсць свой інтэрнат, даплата маладым спецыялістам па калектыўным дагаворы, калі яны жывуць на наёмнай кватэры. ТЭЦ мае свой спартыўны комплекс, “Мінскэнерга” — санаторый на Мінскім моры. Адпачынак наогул арганізаваны цікава”.

Як сказала С.М.Лявончык, у гэтым сэнсе важны паступовы рух ад набыцця рабочай спецыяльнасці да атрымання вышэйшай тэхнічнай адукацыі. І ў цэлым навучанне, павышэнне кваліфікацыі павінна быць справай усяго жыцця. Бо яно дыктуе: чым больш у чалавека прафесій, чым больш у яго вопыту ў розных сферах, тым больш ён канкурэнтаздольны, тым больш абаронены ў жыцці. Менавіта на такую пазіцыю разумней за ўсё арыентавацца моладзі.
У сваю чаргу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Л.П.Мажэйка заўважыў, што яго вельмі радуе тое, што маладыя людзі, якія сабраліся на форуме, працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах. Чаму? А таму што, на думку дэпутата, менавіта вопыт работы на такіх прадпрыемствах дае добрую базу для далейшага працоўнага жыцця, дзе б яно ні праходзіла. А ініцыятыўны, кампетэнтны чалавек знойдзе сябе і работу для сябе заўсёды.
— Па сваім вопыце магу сказаць: я, будучы кіраўніком (Л.П.Мажэйка быў дырэктарам аўтобуснага парка. — Заўвага аўтара), ставіў на адказныя пасты маладых. Трэба самога сябе стымуляваць да вучобы, да прафесійнага росту, каб многага дасягнуць, — лічыць Леанід Паўлавіч.

Удзельнік Форуму працуючай моладзі Мінска Аляксандр Дзям’янаў, слесар-рамонтнік ААТ “Элема”: “Моладзі на прадпрыемстве, дзе я з’ўляюся сакратаром пярвічкі БРСМ, нямала, праўда, шмат тых, хто адпрацоўвае свой час па размеркаванні і звальняецца, шукае месца работы з большай зарплатай.
Што можна зрабіць? На прадпрыемстве, напрыклад, распрацавана свая маладзёжная палітыка, створаны Савет моладзі, які я ўзначальваю. Працуем над тым, каб замацаваць моладзь на вытворчасці, і апошнім часам гэта атрымліваецца лепш. Так, ужо даволі даўно для маладых работнікаў “Элемы” ў першы год работы зніжаецца працэнт выпрацоўкі. Зроблена гэта для таго, каб маладыя рабочыя набывалі вопыт, але пры гэтым не гублялі ў зарплаце. Бо моладзь, канечне, не можа адразу паспець за работнікамі, якія працуюць на прадпрыемстве па 20 гадоў.
Акрамя таго, на прадпрыемстве прыглядаюцца, каму якія аперацыі даюцца лягчэй, і ў адпаведнасці з гэтым размяркоўваюць работу. Зноў жа, каб маладыя людзі паспявалі выконваць неабходную норму.
Важна і тое, што ў нас ёсць два інтэрнаты, у адным — каля двухсот месцаў, у другім — каля шасцідзесяці. Маем магчымасць засяляць іншагародніх супрацоўнікаў”.

Пра ўзровень як спецыялістаў, так і рабочых на пасяджэнні секцыі “Развіццё прамысловага сектара краіны і роля моладзі ў ім” гаварылі многа, як і пра тое, як можна заахвоціць моладзь заставацца на прадпрыемствах пасля заканчэння тэрміну дзяржразмеркавання. Шмат пытанняў па гэтай тэме ў моладзі было да экспертаў секцыі.
— Тут вельмі многае залежыць ад кіраўніка, — заўважыў, адказваючы на пытанні, Л.П.Мажэйка. — Асноўнае і самае злабадзённае для моладзі — гэта сацыяльны пакет, перш за ўсё жыллё. Думаю, што ў большасці прадпрыемстваў ёсць інтэрнаты, і нават у час, калі не будуецца арэнднае жыллё, гэтае пытанне можна вырашыць. Другое, найбольш важнае пытанне, канечне, зарплата. Тут можа дапамагчы сістэма прэміравання. Важна арганізаваць на прадпрыемстве і сістэму адпачынку. Механізмы стымулявання ёсць, галоўнае, каб кіраўнік быў гібкі, бо на яго ўсе глядзяць, гэта чалавек, які вядзе за сабой. А таму, хто стукае ў дзверы, заўсёды адчыняць.
Многае ў гэтым плане, на думку экспертаў, могуць зрабіць і прафсаюзныя арганізацыі, распрацоўваючы калектыўныя дагаворы, а таксама павышэнне ўзроўню прафарыентацыйнай работы, прычым яшчэ з пачатковай школы.
— Абмяркоўвайце, актыўна ўдзельнічайце ў стварэнні калектыўных дагавораў, у фарміраванні сацыяльнага пакета, — заклікалі яны моладзь. — Ад чагосьці можна падчас крызісу адмовіцца, а штосьці вынесці ў прыярытэт. У гэтым плане трэба актыўна працаваць з наймальнікам і даносіць да яго грамадскае меркаванне, сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Эксперты таксама абмеркавалі з маладзёжнай аўдыторыяй пытанні абмену вопытам паміж спецыялістамі сумежных вытворчасцей з розным тыпам абсталявання. Прынцып “роўны вучыць роўнага” можа быць вельмі дарэчы і ў гэтай сферы, заўважылі эксперты. Паспелі ўдзельнікі секцыі выказацца і па многіх іншых пытаннях.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.