Усе мы хочам, каб нашы дзеці былі шчаслівымі, паспяховымі і цалкам самастойнымі асобамі. Але аднаго жадання мала — ніколі нельга забываць, што канчатковы вынік у рэшце рэшт залежыць ад пастаяннай работы над фарміраваннем неабходных якасцей характару і навучання правільнаму выбудоўванню адносін з навакольнымі людзьмі. Як данесці да дзіцяці патрэбную інфармацыю з улікам адвечных цяжкасцей ва ўзаемаразуменні паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў, як вырашаць магчымыя канфліктныя сітуацыі, што дапамагае выхаванню пачуцця адказнасці і спрыяе ўмацаванню сям’і? Аб усім гэтым і іншым гутарка з вядомым у Беларусі і далёка за межамі нашай краіны псіхолагам і навукоўцам Якавам Львовічам КАЛАМІНСКІМ.
— У кожнага ёсць веды, погляды, каштоўнасці, якія, як нам падаецца, могуць быць карыснымі для прадстаўнікоў малодшага пакалення. Аднак калі-нікалі ўсе спробы расказаць штосьці дзіцяці аказваюцца безвыніковымі — яно адмаўляецца ісці на кантакт, нават ставіцца да размоў скептычна. Як дасягнуць узаемаразумення?
— Для ўстанаўлення кантакту вельмі важна, каб дзіця адчувала, што бацькі і настаўнікі яго любяць. Тады дзіця таксама будзе любіць дарослых. Так, узроставыя асаблівасці ёсць, і калі для самых маленькіх бацькі ці настаўнікі знаходзяцца на першым месцы, то тых жа падлеткаў ужо больш цікавяць зносіны з таварышамі і сябрамі. Можна сказаць, што адбываецца пэўная дэвальвацыя аўтарытэту дарослых, але гэта аб’ектыўная з’ява, палохацца яе не трэба. Галоўнае, каб бацькі і дзеці не перасталі цікавіцца жыццём адно аднаго, неабходна, каб дарослыя заставаліся для дзяцей старэйшымі сябрамі. А для гэтага трэба памятаць, што пабудаваць трывалыя адносіны можна толькі на аснове любові і даверу.
Прычына ўсіх цяжкасцей у тым, што бацькі і дзеці як асобы фарміраваліся ў розныя часы, а кожны час вызначае свае прыярытэты і патрабаванні да чалавека. Бацькі ці настаўнікі павінны гэта добра разумець і, адпаведна, імкнуцца не раздуваць, а, наадварот, згладжваць непазбежныя канфлікты пакаленняў, для чаго ў першую чаргу вельмі важна навучыцца правільна ацэньваць дзяцей. Прычым трэба памятаць, што ацэнка збоку звязана з самаацэнкай чалавека. Калі ацэнка навакольных супадае з самаацэнкай, узнікае ўзаемаразуменне. Калі ацэнка збоку ніжэйшая чым самаацэнка, чалавек застаецца незадаволеным і не ідзе на шчыры кантакт. Дарэчы, задавальнення няма і ў сітуацыі, калі ацэнка збоку вышэйшая чым самаацэнка, калі чалавек атрымлівае незаслужанае заахвочванне. У свой час быў праведзены невялікі псіхалагічны эксперымент з дашкольнікамі, якім прапаноўвалася рашыць пэўную задачу. Хто гэта рабіў, атрымліваў у якасці ўзнагароды цукерку. Справіліся амаль усе, за выключэннем аднаго хлопчыка. Псіхолагі параіліся і прыйшлі да высновы: салодкага падарунка не шкада, у тым ліку для гэтага дзіцяці. Аднак вынік аказаўся даволі паказальным. Хлопчык, які не справіўся з заданнем, разгарнуў цукерку, адкусіў кавалак, а потым са словамі “яна горкая!” адклаў яе ўбок.
акмеалагічных навук (Санкт-Пецярбург), Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы (Масква), Балтыйскай педагагічнай акадэміі (Санкт-Пецярбург), заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, старшыня праўлення Беларускага таварыства псіхолагаў. Палажыў пачатак новых галін псіхалагічнай навукі — узроставай і педагагічнай сацыяльнай псіхалогіі, псіхалагічнай культуралогіі. З’яўляецца аўтарам больш як 800 навуковых і публіцыстычных артыкулаў, а таксама 31 кнігі, якія перакладзены на 16 моў свету.
— Адразу ўзнікае пытанне: як даць аб’ектыўную ацэнку?
— Ёсць залатое правіла: трэба ацэньваць не асобу ў цэлым, а яе канкрэтныя ўчынкі. Любыя спробы абагульнення, фразы “ты ўвогуле нічога не разумееш”, “ты ўвогуле нічога не ўмееш” ці “ты заўсёды так робіш” выклікаюць пратэст. Адзін прыклад. Настаўніца на ўроку робіць заўвагу: “Ты заўсёды забываеш дома дзённік”. А вучань, які памятае, што на мінулым тыдні ён прыходзіў у школу з дзённікам, думае, што да яго адносяцца несправядліва. Ці выпадае ў такой сітуацыі разлічваць на шчырыя адносіны і ўзаемны давер? Вядома, не.
— З узростам з’яўляюцца ўсё новыя патрабаванні. Тыповы прыклад. Дзіця кажа, маўляў, майму аднакласніку бацькі купілі больш сучасны мабільны тэлефон, я хачу не горшы. Як рэагаваць на гэта?
— Своеасаблівыя спаборніцтвы ў галіне дабрабыту былі заўсёды, і з гэтым трэба лічыцца. Калі дзіця просіць новую рэч, пакідаць просьбу без увагі не варта. Тэлефон можна купіць, але адначасова трэба звярнуць увагу — гэта павінна быць узнагародай за якія-небудзь значныя дасягненні, скажам, за паспяховае заканчэнне навучальнага года. Пры гэтым падобныя заахвочванні не павінны ўваходзіць у звычку, імі нельга злоўжываць, бо прэміраванне за кожную адзнаку ў школе ў рэшце рэшт нівеліруе яго сэнс.
— Асаблівасцю нашага часу стаў масавы сыход моладзі ў інтэрнэт. У чым яго перавагі і недахопы?
— З аднаго боку, сучасныя сродкі камунікацыі аблягчаюць магчымасці зносін, але з іншага — зніжаюць іх эмацыянальны сэнс. У сацыяльных сетках у дзіцяці можа аказацца 500 сяброў, але сярод іх не будзе ніводнага блізкага чалавека. Трэба памятаць, што лепшыя зносіны — гэта зносіны тварам у твар. А яшчэ вельмі важна, каб перапіска і гульні ў інтэрнэце не замянялі чытанне. Інтэлігентным, адукаваным чалавекам можа зрабіць толькі кніга, якая навучыць адчуванню і разуменню навакольнага свету, аб’ектыўнаму ўспрыманню рэчаіснасці і прыняццю самастойных рашэнняў.
— На аснове чаго неабходна будаваць выхаванне дзяцей у сям’і?
— Прынцыпы выхавання залежаць ад многіх фактараў, у тым ліку ад таго, якую ролю дзіця займае ў сям’і. Яно можа быць кумірам, якому ўсё дазваляецца, або чалавекам, які мае як правы, так і абавязкі. Дзіця павінна разумець, што яму трэба паліць кветкі, пакарміць курэй ці кошку, выкінуць смецце, памыць посуд, а для гэтага неабходна, каб было адчуванне адказнасці.
— Што рабіць, калі ад хатніх спраў дзіця проста адмаўляецца?
— Сакрэт просты: трэба, каб абавязкі ператварыліся ў задавальненне. Для гэтага неабходна навучыцца заахвочваць дзіця. Час ад часу можна зноў жа выкарыстоўваць матэрыяльныя стымулы, аднак галоўны стымул — маральны. Нельга забываць, што за выкананне хатніх абавязкаў дзіця трэба абавязкова хваліць.
— Якімі могуць быць пакаранні?
— Яны могуць быць самымі рознымі: не адпусціць на вуліцу ці ў кіно, забараніць глядзець тэлевізар ці гуляць на планшэце. Выбар трэба рабіць у залежнасці ад таго, што з’яўляецца найбольш значным для дзіцяці. Толькі тады пакаранне будзе эфектыўным, а дзіця стане разумець, што дрэнныя ўчынкі будуць мець наступствы. Аднак паўтаруся: у любым выпадку і заахвочванні, і пакаранні павінны быць заслужанымі.
У псіхалогіі ёсць такое паняцце, як “каузальная атрыбуцыя”, ці “прыпісванне прычын”. Магчыма, дзіця не хацела зрабіць дрэнна, але раптам так атрымалася. Скажам, школьніка выклікаюць да дошкі, ён
устае з-за парты, чапляе крэсла, якое падае. У такім выпадку настаўнік, які пачне выказваць незадаволенасць, зробіць няправільна. Не трэба прыпісваць вучню наўмысных адмоўных матываў паводзін. Замест гэтага лепш папрасіць устаць з-за парты яшчэ раз і пахваліць, калі ўсё атрымалася як трэба.
— Што такое дзіцячыя капрызы, ведае, напэўна, кожны. Як з імі змагацца?
— У такой сітуацыі бацькам не варта спрабаваць штосьці даказваць і раздражняцца. На капрызах нельга акцэнтаваць увагу, іх лепш проста не заўважаць. Дзіця трэба пакінуць у спакоі, і праз нейкі час усё стане добра. Варта памятаць, што аптымальнае выйсце з канфліктнай сітуацыі заключаецца ў тым, каб не выклікаць новы канфлікт. Пры гэтым дарослым можна і часам нават трэба ісці на ўступкі, але не адразу.
— Лічыцца, што ёсць тры ўмовы для існавання моцнай сям’і: каханне, сяброўства, давер. Гэтага дастаткова?
— Падчас заняткаў са студэнтамі я часам цытую Шапенгаўэра, які параўноўваў паводзіны людзей з паводзінамі дзікабразаў у халодную зімовую ноч. Каб сагрэцца, дзікабразы шчыльна прыціскаюцца адно да аднаго, але ў той жа час пачынаюць калоць адно аднаго сваімі іголкамі і разыходзяцца. Аднак затым сыходзяцца зноў. Гэты прыклад дазваляе зразумець розніцу паміж адзінотай і часовым адасабленнем. Жыць у адзіноце вельмі цяжка. А вось адасабленне бывае проста неабходным. Муж, жонка і дзеці не абавязаны пастаянна знаходзіцца побач, у кожнага з членаў сям’і павінен быць час і асабістая прастора, што дазваляе пабыць сам-насам з сабой і падумаць. Часовае адасабленне — адна з перадумоў добрых адносін у сям’і, як і каханне, сяброўства і давер.
— Выхаванне — гэта пошук аптымальных рашэнняў. Але, як паказвае практыка, зрабіць правільны выбар удаецца не заўсёды. Як зменшыць верагоднасць памылак?
— Наша развіццё грунтуецца на прынцыпах трох “С”: самаправерка, самапазнанне і самавыхаванне. Вось чаму кожнаму неабходна пастаянна працаваць над сабой. Як вядома, цяперашні 2016 год у нашай краіне абвешчаны Годам культуры, але, на мой погляд, было б вельмі добра, каб падчас яго мы звярталі асаблівую ўвагу не толькі на літаратуру, жывапіс, кіно, тэатральнае мастацтва, але і на нашу псіхолага-педагагічную культуру. У якасці эпіграфа да сваёй новай,
32-й па ліку, кнігі “Псіхалогія і мы: уводзіны ў псіхалагічную культуралогію” я ўзяў наступныя словы вучонага і публіцыста Юрыя Рурыкава: “Многае сёння прадвызначаецца тым, што мы жывём у часы дапсіхалагічнай культуры і ўсё ўладкаванне нашага жыцця заключаецца ў няведанні чалавечай прыроды, у карэнным разладзе з законамі нашай псіхалогіі, фізіялогіі і маралі. Патрэбна навукова-псіхалагічная рэвалюцыя, перабудова ўсёй цывілізацыі ў адпаведнасці з прыродай чалавека”. Я цалкам згодны: нам не хапае псіхалагічных ведаў. Так, сёння ў школах працуюць псіхолагі, але асабіста ў мяне ёсць мара, каб у школе вывучалася псіхалогія, тым больш што не так даўно мною напісаны спецыяльны падручнік “Асновы псіхалогіі” для старшакласнікаў і студэнтаў першых курсаў устаноў вышэйшай адукацыі, а таксама распрацавана адпаведная праграма. Гэта сапраўды неабходна, бо толькі дзякуючы такім ведам дзіця зможа пазнаць сябе, вызначыць свае сілы і магчымасці, а значыць, правільна выбраць прафесію, падрыхтавацца да сямейнага жыцця і выхавання дзяцей.
Сяргей ГРЫБ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.