Як ні парадаксальна гэта гучыць, але самымі цікавымі праектамі вельмі часта аказваюцца тыя, якія спецыяльна ніхто не рыхтуе. Іх падказвае само жыццё, яны натуральна вынікаюць з практыкі і пэўных назіранняў і, што самае важнае, могуць пастаянна трансфармавацца ў сваім развіцці, а значыць, мець вечны працяг.
Менавіта так здарылася ў сталічным дзіцячым садку № 368. Тры гады назад там адкрыўся тэатральны гурток для выхаванцаў, а яшчэ праз некаторы час музычны кіраўнік (кіраўнік гуртка) Наталля Мікалаеўна Гарбачова і педагог-псіхолаг названай установы Людміла Іванаўна Бачыла зрабілі выснову, што выдатным памочнікам у вырашэнні праблем, звязаных з цяжкасцямі сацыялізацыі дзяцей, можа стаць псіхадрама — адзін з метадаў псіхатэрапіі, які прадугледжвае тэатралізацыю, ролевую гульню, драматычнае самавыяўленне чалавека. Педагогі адаптавалі названы метад для ўстановы дашкольнай адукацыі і ў перспектыве плануюць выкарыстоўваць яго ў рамках дзіцяча-бацькоўскіх адносін.
У тэатры іграюць усе
А пачыналася ўсё з заняткаў у звычайным тэатральным гуртку. Яго кіраўнік адразу заўважыла, што малышам, якія маюць дэфекты маўлення, складана праявіць сябе ў тэатралізаваных пастаноўках: ім часам цяжка вымавіць нават некалькі слоў, што ўжо казаць пра выкананне цэлай ролі! Акрамя таго, агульнае недаразвіццё маўлення часта суправаджаецца іншымі дэфектамі — ДЦП, асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Такім дзецям складана сацыялізавацца ў калектыве: яны саромеюцца, адчуваюць страхі, цяжка ідуць на кантакт. Аднак для заняткаў у гуртках гэта не з’яўляецца проціпаказаннямі, і педагог павінен працаваць з усімі малымі, бацькі якіх выказваюць адпаведнае жаданне.
— Калі на заняткі ўпершыню прыйшлі выхаванцы лагапедычнай групы, я, шчыра кажучы, разгубілася, — прыгадвае Н.М.Гарбачова. — Малыя не вымаўлялі многія словы, а ў тэатры, як вядома, без публічных выступленняў не абысціся. Тады я замяняла словы ў вершах на тыя, дзе адсутнічаюць “цяжкія” гукі, а часам і ўвогуле складала новы верш, больш зручны для дзіцяці. І з цягам часу я стала заўважаць, што маленькія артысты, калі выступаюць перад сваімі равеснікамі — выхаванцамі сада, адчуваюць сябе больш разняволена, чым падчас выступленняў на ранішніках перад бацькамі. Дзеці забываюцца пра свае недахопы і не саромеюцца гаварыць.
Аднойчы Наталля Мікалаеўна мусіла звярнуцца па дапамогу да педагога-псіхолага, паколькі адна з дзяўчынак, якую прывялі ў тэатральны гурток бацькі, маўчала на працягу некалькіх заняткаў ды і ўвогуле была не надта кантактнай. Па гэтай прычыне ёй складана было знайсці сяброў у групе. Людміла Іванаўна дапамагла падабраць амаль што індывідуальны рэпертуар для малой: у невялікім тэатральным эцюдзе дзяўчынцы прапанавалі ролю пчолкі, а ў дапамогу далі “пчолку-апекуна” — выхаванку той жа групы. Апошняя пагадзілася не адразу, але ў выніку выдатна выканала ролю старэйшай сястрычкі, адчуўшы адначасова адказнасць за “малодшую” пчолку. Наша ж ціхоня, у сваю чаргу, асмялела і таксама пачала праяўляць цікавасць да гульні. З цягам часу яна стала пастаяннай удзельніцай тэатральных пастановак.
Ад казкатэрапіі педагогі паступова перайшлі да драматычнай імправізацыі — той самай псіхадрамы, што была згадана вышэй.
— Тэатральныя эцюды мы ставім пры ўзнікненні неабходнасці, калі выяўляецца нейкая праблема ў дзіцяці, — заўважае педагог-псіхолаг дзіцячага сада Л.І.Бачыла. — Шмат запытаў паступае ад выхавальнікаў лагапедычнай групы. Колькасць тэкстаў у эцюдах невялікая, таму запомніць іх можа кожнае дзіця. А паколькі малым гэта даецца даволі проста, яны перастаюць хвалявацца, разнявольваюцца і раскрываюцца. Такім чынам вырашаюцца псіхалагічныя праблемы. І мне, дарэчы, зручна назіраць за дзецьмі, паколькі ў музычнай зале яны не адчуваюць псіхалагічных бар’ераў.
На лужку перапалох, а ў душы гармонія
Між тым згаданых праблем у дашкалят, як аказалася, хапае. Самыя распаўсюджаныя сярод іх агрэсія, страхі рознага паходжання, няўменне на доўгі час засяроджваць увагу на якім-небудзь дзеянні, сарамлівасць і інш. Пазбаўляцца ад усяго пералічанага сапраўды дапамагаюць казкі.
Напрыклад, у якасці лякарства ад агрэсіі і гіперактыўнасці Наталля Мікалаеўна прапаноўвае малышам казку “Лугавы перапалох”. (Дарэчы, педагог і сама піша творы для тэатральных пастановак і эцюдаў, і “Лугавы перапалох” — менавіта той выпадак.) Агрэсіўныя дзеці атрымліваюць ролі кветак, якія, паводле сцэнарыя, міраць насякомых падчас іх “бітвы” за нектар.
— Мы прайграём эцюд як гульню, — расказвае Н.М.Гарбачова. — “Кветкі” ўсіх міраць, яны лідары і, адпаведна, надзелены станоўчымі якасцямі. У дзяцей, акрамя адказнасці, якой вымагае лідарства, выпрацоўваецца таксама цярпенне, паколькі ім даводзіцца даволі доўга чакаць патрэбнага моманту, каб выступіць. Ну а потым малыя мяняюцца ролямі. Псіхолаг напрыканцы заняткаў гутарыць з кожным “артыстам”, высвятляючы, якая роля яму спадабалася больш за іншыя і чаму. Тэатралізацыя арганізоўвае, выхоўвае цярпенне, адказнасць, адчуванне калектыву. Дзеці разумеюць, што павінны гуляць па пэўных правілах і лічыцца з тымі, хто знаходзіцца побач.
Дзіцячыя страхі ў дзіцячым садзе № 368 “лечаць” з дапамогай герояў “Страшнага Пыха”, “Зайкавай хаткі”, казкі-гульні “Як начны страх перамаглі” і інш. Вырашаць праблемы сіблінгаў (братоў і сёстраў) дазваляюць ролі ў адаптаваных пастаноўках “Гусі-лебедзі”, “Сястрыца Алёнушка і браток Іванка”, “Снежная каралева”; сарамлівасць пераадольваецца праз удзел у тэатральным эцюдзе “Гадкае качаня”.
Усім вядомы “Церамок” выхаванцы названага садка выкарыстоўваюць падчас тэатральных заняткаў у якасці размінкі. “Хто кім будзе?” — пытаецца кіраўнік гуртка, і малыя “разбіраюць” ролі, прычым усе яны — важныя. Невялікая колькасць слоў кампенсуецца яркім касцюмам, таму гарантыя быць заўважаным ёсць у кожнага маленькага артыста.
Безумоўна, станоўчыя вынікі не дасягаюцца хуткімі тэмпамі. Паводле слоў педагога-псіхолага, паводзіны дзяцей мяняюцца паступова.
— Некаторым малым для значных зрухаў у псіхалагічным стане патрабуецца 7—10 заняткаў, — зазначае Людміла Іванаўна. — Многія пасля ўдзелу ў эцюдах запісваюцца ў тэатральны гурток (заняткі праводзяцца 2 разы ў тыдзень). Дарэчы, нашы назіранні сведчаць аб тым, што заняткі тэатрам дазваляюць старшым дашкольнікам набліжаць самаацэнку да адэкватнай. У нас нават адпаведны індыкатар ужо ёсць — роля Бабы Ягі. (Смяецца.)
Сапраўды, выканаць ролю адмоўных герояў пагодзіцца далёка не кожнае дзіця дашкольнага ўзросту. Асабліва гэта тычыцца дзяўчынак, якія з маленства бачаць сябе выключна прынцэсамі ці каралевамі. Аднак у Наталлі Мікалаеўны Гарбачовай на ролю Бабы Ягі ці Пудзіла часам чарга выстройваецца. Сакрэт просты: педагог прапаноўвае “актрысам”… схавацца за шырмай і паказаць лялечны спектакль.
— Дзеці ж розныя: адным неабходна сябе паказаць, а іншыя баяцца, саромеюцца, — тлумачыць кіраўнік тэатральнага гуртка. — А вось з лялькай яны ўжо быццам бы і не яны: схаваліся і перасталі баяцца. І часам менавіта праз удзел у тэатральнай пастаноўцы дзеці даведваюцца пра свае жаданні. Напрыклад, адна дзяўчынка сыграла ў нас неяк галоўную ролю ў “Страшным Пыху”. Сыграла выдатна, усе ёй гучна апладзіравалі. Але потым малая адмовілася іграць, бо зразумела, што ёй не падабаецца выступаць на публіцы. А з лялькай яна іграла з радасцю.
Як гэта працуе
Мы папрасілі Наталлю Мікалаеўну і Людмілу Іванаўну расказаць некалькі гісторый з тэатральнага жыцця выхаванцаў іх установы, якія ў рамках згаданага вышэй праекта мелі значныя вынікі.
Любачка. Дзяўчынка, прыемная ва ўсіх адносінах. Гаворачы іншымі словамі, вельмі станоўчае дзіця. Між тым у пастаноўцы казкі “Ліса-сірата” малышка выбрала ролю адзінага адмоўнага героя — хітрай Лісы, якая ўсіх падманвае і з’ядае збан масла. “Хачу іграць толькі Лісу!”, — упарта стаяла на сваім дзяўчынка. І як яна яе сыграла! За Лісой-манюкай назіралі, затрымліваючы дыханне, усе прысутныя ў музычнай зале, а дзяўчынка, здавалася, наталялася сваёй роллю. Яна нават непадробна не адрэагавала на кпіны, што гучалі ёй у след у канцы казкі (паводле сцэнарыя).
— Дзіця, напэўна, стамілася быць станоўчым і дома, і ў садзе, — заўважае Л.І.Бачыла. — Такі стан таксама можа весці да стрэсу. У дзяўчынцы ўжо адчувалася ўнутранае напружанне, аднак яна сама нечакана знайшла выйсце для сваёй праблемы.
Арсеній. Хлопчык з высокім узроўнем інтэлекту. Усяляк стараўся прыцягнуць увагу да сябе. Калі не атрымліваў жаданага, “зрываў” заняткі. Было вырашана прапанаваць яму ролю Вожыка ў “Страшным Пыху” — таго, каго ўсе баяцца. Вожык, паводле сюжэта, з’яўляецца ў канцы казкі. Яму неабходна даволі доўга чакаць свайго выхаду. Сказаць, што Арсенію было вельмі цяжка — значыць нічога не сказаць. Між тым хлопчык дачакаўся і, калі з’явіўся перад гледачамі, насамрэч пыхкаў ад задавальнення і гордасці за сябе.
— Арсеній усвядоміў, што чаканне таксама можа быць узнагароджана, — гаворыць Н.М.Гарбачова. — У наступны раз ён ужо чакаў без праблем.
Томачка амаль год трымалася ўбаку ад дзяцей у групе, ні з кім не жадала ісці на кантакт. Калі маці запісала дзяўчынку ў гурток, педагог разгубілася: “Што ж мы будзем рабіць?!” Але карпатлівая праца прынесла плён: сёлета дзяўчынка іграла Герду ў казцы “Снежная каралева”. Назіраючы за яе ігрой, прыемны шок перажылі ўсе: і выхавальнікі, і бацькі, і сябры дзяўчынкі. Ніхто не чакаў такога выніку ад гэтага дзіцяці!
Бацькі, дарэчы, часта нанова адкрываюць сваіх дзяцей падчас удзелу апошніх у тэатралізаваных паказах. І па-ранейшаму работнікам дзіцячага сада даводзіцца тлумачыць некаторым дарослым, што выказваць незадавальненне тым, што іх дзіця на ранішніку вымавіла толькі некалькі радкоў, не трэба.
— Для многіх малышоў і два радкі часта з’яўляюцца вялізным крокам наперад, — кажа Наталля Мікалаеўна Гарбачова. — Мы прывыклі працаваць на вынік у адукацыі і выхаванні, а працаваць трэба на дзіця, на яго развіццё.