Лета на карысць — сабе і іншым

290 млрд рублёў — такая сума сёлета выдзелена са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі. Сума, пагадзіцеся, значная, што яшчэ раз пераконвае: на дзяржаўным узроўні пытанне аздараўлення дзяцей па-ранейшаму адно з прыярытэтных. Але ці заўсёды гэтыя сродкі максімальна эфектыўна працуюць менавіта на пастаўленую задачу — аздараўленне школьнікаў? Ці магчыма іх больш рацыянальнае выкарыстанне — праз аптымізацыю дзейнасці па арганізацыі аздараўленчай кампаніі? Як арганізваць летні занятак дзяцей такім чынам, каб малыя атрымалі максімальны эфект — і ў плане здароўя, і ў плане выхавання? Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся падчас традыцыйнага семінара па арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі, што прайшоў на базе Нацыянальнага дзіцячага цэнтра “Зубраня”.

Лагер для дзяцей ці дзеці для лагера?

Яшчэ некалькі гадоў назад адной з ключавых для абмеркавання лічбаў падчас правядзення падрыхтоўчых мерапрыемстваў па арганізацыі лета быў ахоп аздараўленнем школьнікаў. За гэтую лічбу, дакладней, яе павелічэнне, змагаліся ўсімі сіламі і спосабамі, часам не зусім і зразумелымі. Аднак у апошнія гады на рэспубліканскім узроўні падыходы да гэтага пытання змяніліся. Безумоўна, як і раней, планавыя аб’ёмы аздараўлення абмяркоўваюцца і зацвярджаюцца, але змянілася галоўнае — падыходы да фарміравання гэтай лічбы.
— Мы ўжо некалькі гадоў як адышлі ад нарошчвання планавых аб’ёмаў аздараўлення і павелічэння працэнта ахопу аздараўленнем дзяцей, — зазначыла начальнік аддзела па ўзаемадзеянні з органамі дзяржаўнага кіравання і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Людміла Георгіеўна Малочка. — Урадам даручана нашаму цэнтру штогод да 1 красавіка ўстанаўліваць планавыя аб’ёмы аздараўлення дзяцей і ўзгадняць іх з трыма міністэрствамі — адукацыі, аховы здароўя і па надзвычайных сітуацыях. Для гэтага задоўга да пачатку аздараўленчай кампаніі — у студзені — лютым — ва ўстановах адукацыі праводзіцца маніторынгавае даследаванне сярод навучэнцаў і іх бацькоў для вывучэння патрэбнасці дзяцей у розных формах аздараўлення, розных аздараўленчых лагерах. Гэтыя даныя суадносяцца з сіламі і сродкамі, што маюцца, — стацыянарнымі аздараўленчымі лагерамі, іх матэрыяльна-тэхнічнай базай, лагерамі, якія могуць быць арганізаваны на арандаванай базе, дзённымі лагерамі, а таксама тым аб’ёмам фінансавання, што выдзяляецца на правядзенне аздараўленчай кампаніі. Так і фарміруюцца планавыя аб’ёмы аздараўлення дзяцей. Такім чынам, галоўны прынцып фарміравання планаў на аздараўленне — запыты саміх дзяцей і іх бацькоў.
Але гэта, так бы мовіць, у ідэале. На справе ж і сёння, нягледзячы на тое, што маніторынгавае даследаванне праводзіцца не першы год, ёсць выпадкі, калі “не лагер для дзяцей, а дзеці для лагера”. Асабліва гэта тычыцца запаўняльнасці прышкольных лагераў. Іх колькасць з году ў год расце, і ў большасці выпадкаў гэта сапраўды запатрабаваны від адпачынку. Добрая арганізацыя работы лагера, прадуманая праграма змены, зацікаўленыя педагогі — усё гэта прыцягвае дзяцей. Разам з тым не адзінкавыя і сітуацыі, калі адміністрацыя ўстановы адукацыі прымушае дзяцей да наведвання такіх летнікаў. Наўрад ці ў такім выпадку прыходзіцца гаварыць аб эфектыўным выкарыстанні дзяржаўных сродкаў на аздараўленне ды і самім аздараўленні школьнікаў.

З рэальным планам на будучыню

У адрозненне ад прышкольных лагераў, колькасць загарадных аздараўленчых баз для дзяцей, на жаль, з кожным годам памяншаецца. А гэта значыць, што меншая колькасць дзяцей мае магчымасць прайсці аздараўленне ў максімальна спрыяльных умовах і, адпаведна, атрымаць максімальны аздараўленчы эфект. Так, у 2013 годзе працавалі 174 загарадныя лагеры, у 2014-м — 161, сёлета плануецца адкрыццё толькі 153 стацыянарных лагераў. Сярэдні тэрмін іх эксплуатацыі — 37 гадоў. Зразумела, што такая доўгая эксплуатацыя прыводзіць да значнага фізічнага зносу гэтых аб’ектаў.
— Своечасовая падрыхтоўка аздараўленчых лагераў — пытанне вельмі важнае і складанае. Справа ў тым, што сёння ўласніку аздараўленчага лагера цяжка самастойна ўтрымліваць аб’ект, які працуе толькі тры месяцы ў год і паслуга якога не прыносіць прыбытку. Бо прыбытак у кошт пуцёўкі ў аздараўленчы лагер не закладваецца, — адзначыла Людміла Георгіеўна. — Таму пачынаючы з 2009 года па даручэнні ўрада на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў накіроўваюцца кансалідаваныя рэсурсы з розных фінансавых крыніц. І гэтыя сродкі ўвесь час павялічваюцца. Сёлета, напрыклад, на падрыхтоўку стацыянарных аздараўленчых лагераў з дзяржаўнага фонду сацыяльнага страхавання насельніцтва выдзелена 4 млрд 650 млн рублёў. Акрамя таго, 3 красавіка 2015 года прынята пастанова Савета Міністраў № 270 “Аб правядзенні рэспубліканскага суботніка ў 2015 годзе”, якой прадугледжана, што 50% грашовых сродкаў, заробленых на рабочых месцах у дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама і могуць быць накіраваны ў тым ліку на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезона. Вельмі значныя сродкі ўкладваюцца і ўласнікамі лагераў.
Праўда, з-за немагчымасці ўтрымліваць летнікі ўсё часцей прадпрыемствы перадаюць іх у камунальную ўласнасць. Сёння каля 50% загарадных аздараўленчых лагераў знаходзяцца менавіта ў камунальнай уласнасці. Зрэшты, гэта таксама не панацэя — бюджэтныя арганізацыі не заўсёды маюць рэальную магчымасць падтрымліваць гэтыя лагеры ў належным стане. Бо ў цяперашні час 60 стацыянарных лагераў маюць патрэбу ў капітальным рамонце. Гэта 35% ад усіх атэставаных лагераў. На гэтыя мэты неабходна каля 160 млрд рублёў.
Дзіўна, але і ва ўмовах абмежаванай колькасці загарадных аздараўленчых баз і рэальнай іх запатрабаванасці сярод дзяцей і бацькоў далёка не ўсе з іх выкарыстоўваюцца на поўную моц. Летась назіралася такая тэндэнцыя, як змяншэнне сярэдняй напаўняльнасці лагераў, што прыводзіць да павелічэння эканамічных затрат на аздараўленне дзяцей. Так, у мінулым годзе амаль 28 тысяч дзяцей маглі аздаравіцца ў стацыянарных лагерах, але не аздаравіліся, таму што ў лагерах былі арганізаваны толькі 2—3 змены замест магчымых чатырох. Прычыны такога становішча — неналежная падрыхтоўчая работа, з-за чаго часта затрымліваецца адкрыццё лагера, і недахопы інфармацыйнай кампаніі па летнім аздараўленні — дзеці і бацькі проста не ведаюць аб магчымасці прайсці аздараўленне з дзяржаўнай падтрымкай.

Профіляў дзейнасці лагераў павінна быць больш

Не менш важнае, чым стварэнне належных умоў для аздараўлення, і пытанне зместавага напаўнення летняга адпачынку дзяцей. Сёлета Міністэрства адукацыі сумесна з НДЦ “Зубраня” ініцыіруе новую акцыю — “Лета на карысць”. Цэнтральным мерапрыемствам акцыі стане фестываль летніх аздараўленчых лагераў “У Год моладзі — летні запал, у кожнага іскрынка — разам касцёр”, які плануецца правесці ў НДЦ “Зубраня”. Сярод іншых значных мерапрыемстваў гэтай акцыі — конкурс педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі “Энергічнае лета: далучайся!”, конкурс мадэлей арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета больш яркім”, вынікі якога будуць падведзены восенню.
Увогуле ж, лета-2015 будзе праходзіць пад знакам важных для краіны падзей — 70- годдзя Вялікай Перамогі, Года моладзі.
— Пры арганізацыі летняга адпачынку, як і ў мінулыя гады, неабходна ўдзяліць увагу ўзроставай катэгорыі падлеткаў ад 15 да 18 гадоў, — падкрэсліла кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Ларыса Васільеўна Емяльянчык. — Сваё права на аздараўленне падлеткі могуць рэалізаваць у лагерах па профілях, напрамках дзейнасці. Гэта могуць быць лагеры ці атрады, змены ў любым лагеры.
Летась, дарэчы, назіралася павелічэнне колькасці дзяцей ва ўзросце 14—18 гадоў, якія аздараўляліся ў лагерах па профілях дзейнасці. Таксама павялічылася колькасць лагераў працы і адпачынку, у тым ліку і з кругласутачным знаходжаннем, і, адпаведна, колькасць падлеткаў, занятых у такіх летніках. Гэта адбылося дзякуючы праведзенай рабоце органаў кіравання адукацыяй на месцах.
Акрамя таго, у мінулым годзе Нацыянальным інстытутам адукацыі былі падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі работы ў лагерах розных профіляў.
— Работа лагера па профілях, кірунках дзейнасці арганізуецца толькі пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Пры арганізацыі работы лагераў па профілях, кірунках дзейнасці паспяховасць рэалізацыі праграмы ў многім вызначаецца прыцягненнем спецыялістаў адпаведнага профілю, — сказала прадстаўнік Міністэрства адукацыі. — Таму на этапе падрыхтоўкі дзейнасці профільных летнікаў гэтаму пытанню неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу. Калі казаць пра мінулагоднія профільныя лагеры, то больш за ўсё аздараўлялася дзяцей у спартыўна-аздараўленчых лагерах — каля 30% ад усіх профільных летнікаў, лагерах працы і адпачынку — 24%, турысцка-краязнаўчых — каля 15%, найменшая колькасць — у лагерах для высокаматываваных дзяцей — каля 5%. Адна з задач на летнюю аздараўленчую кампанію 2015 года — пашырэнне пераліку кірункаў дзейнасці для высокаматываваных дзяцей. Варта звярнуць увагу ў рэгіёнах на разнастайнасць кірункаў дзейнасці ў аздараўленчых лагерах з мэтай больш поўнага задавальнення інтарэсаў дзяцей.
Новым цікавым кірункам дзейнасці можа стаць стварэнне валанцёрскіх педагагічных атрадаў для навучэнцаў з педагагічных класаў. Разумнае спалучэнне аздараўленчага адпачынку і педагагічнай дзейнасці будзе толькі садзейнічаць папулярызацыі валанцёрскага руху.
Акрамя таго, эфектыўнай і даволі малазатратнай формай аздараўлення старшакласнікаў могуць стаць профільныя палатачныя лагеры, прычым не толькі абаронна-спартыўнага профілю, але і лінгвістычнага, лідарскага, валанцёрскага і іншых. І тут апраўдаў сябе такі механізм стварэння палатачных лагераў, як лагер у лагеры: калі палатачныя лагеры размяшчаюцца на тэрыторыі стацыянарных лагераў, што дазваляе знізіць затраты на стварэнне інфраструктуры такіх летнікаў.

Алена МАРКЕВІЧ.