Колькасць вучняў не вырашальны фактар

Як правесці аптымізацыю на месцах найбольш эфектыўна? Якія мадэлі рэарганізаваных устаноў зарэкамендавалі сябе як найбольш паспяховыя? Як пазбегнуць вострых вуглоў — незадаволенасці мясцовага насельніцтва, педагагічных калектываў — у працэсе прыняцця рашэнняў пры аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі? Пра ўсё гэта мы сёння гутарым з Вацлавам Іванавічам Матусевічам, начальнікам аддзела адукацыі Дзяржынскага райвыканкама. Гэты адрас быў выбраны невыпадкова: аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі — з’ява не новая для раёна. Аптымізацыя актыўна ажыццяўлялася на Дзяржыншчыне на працягу, як мінімум, апошніх пяці гадоў. І на сёння ў раёне ўжо ёсць рэальнае бачанне таго, што неабходна зрабіць у рамках аптымізацыі, а ад чаго пакуль варта ўстрымацца.

— Вацлаў Іванавіч, вы кіруеце сістэмай адукацыі раёна ўжо больш за 10 гадоў. Скажыце, як за гэты час змяніўся “адукацыйны пашпарт” раёна?
— Як і ў цэлым па краіне, так і ў раёне ў апошнія гады зніжалася колькасць дзіцячага насельніцтва. І мы вымушаны былі адпаведным чынам рэагаваць на гэты факт: некаторыя ўстановы закрываліся, іншыя рэарганізоўваліся. У цэлым на сёння ў раёне і горадзе дзейнічаюць 24 установы агульнай сярэдняй адукацыі, дзе навучаецца 6070 чалавек, акрамя таго, ва ўстановах дашкольнай адукацыі выхоўваецца 2818 дашкольнікаў.
У апошнія год-два, дарэчы, дэмаграфічная сітуацыя ў раёне стабілізавалася. Больш за тое, у мінулым годзе быў нават адзначаны натуральны прырост насельніцтва: нарадзілася больш, чым памерла. Вось, зыходзячы з усіх гэтых лічбаў і фактаў, і плануем далейшае развіццё сістэмы адукацыі раёна.

— 24 установы агульнай сярэдняй адукацыі на 6070 дзяцей — атрымліваецца даволі істотная сярэдняя напаўняльнасць устаноў…
— Так, мы да такога паказчыка прыйшлі свядома. І менавіта на аснове гэтых лічбаў лічым, што працэс аптымізацыі ў раёне ўжо ў многім адбыўся. Многія працэсы, якія зараз ініцыіруюцца на рэспубліканскім узроўні, ужо на працягу дзесьці дзесяці гадоў вырашаліся ў нас на месцы. За апошніх дзесяць гадоў у нас закрылася адна сярэдняя школа, дзве базавыя і больш за дзясятак пачатковых школ. Зараз мы штодзень падвозім каля 600 дзяцей. І гэта пры тым, што раён у нас зусім невялікі. У выніку тая сетка ўстаноў, якая ёсць, дае магчымасць даваць якасную адукацыю на розных узроўнях.

— А дзіцячыя садкі на вёсцы… Які іх далейшы лёс у вашым раёне? Адна справа — арганізаваць падвоз школьнікаў, і зусім іншая — дашкольнікаў.
— Безумоўна, малым лепш знаходзіцца ва ўстанове па месцы пражывання. Падвоз дашкольнікаў мы арганізоўваем толькі ў тым выпадку, калі няма ніякай магчымасці захаваць дашкольную групу, калі не як самастойную адзінку, то як структурнае падраздзяленне вучэбна-педагагічнага комплексу.
Сёння мы ў вёсках, у 6 школах, размясцілі дашкольныя групы.
Увогуле, калі казаць пра найбольш устойлівую ўстанову адукацыі на вёсцы, то, на наш погляд, гэта базавая школа-сад. Вельмі цяжка на вёсцы функцыянаваць сярэдняй школе, даць якасную сярэднюю адукацыю дзецям. У нас базавыя школы-сады пачалі з’яўляцца даўно — зараз іх ужо 11. Працэс ідзе, і ў далейшым некаторыя навучальныя ўстановы раёна таксама набудуць статус базавых школ — дзіцячых садоў. Мы перакананы ў правільнасці такога шляху.

— Вацлаў Іванавіч, а што з’яўляецца галоўным крытэрыем пры прыняцці рашэння аб закрыцці ўстановы: колькасць выхаванцаў, якасць адукацыі, запыты бацькоў?
— Кожнае рашэнне аб закрыцці ўстановы адукацыі на вёсцы трэба прымаць асцярожна. Каб захаваць беларускасць, тых людзей, якія патэнцыяльна змогуць вярнуцца на сяло, школы на вёсках трэба імкнуцца захоўваць і развіваць. З горада ў вёску людзі не пойдуць. На вёсцы школа — гэта і адукацыйна-культурны, і спартыўны цэнтр. Зараз і бібліятэкі забіраем. Гэта мае сэнс: бюджэтныя выдаткі неабходна аптымізаваць і праз функцыянаванне камбінаваных устаноў.
Аналізуючы перспектывы развіцця ўстановы адукацыі, мы, безумоўна, ацэньваем якасць адукацыі. Улічваюцца і перспектывы развіцця раёна, і меркаванні бацькоў.
У гэтай сферы нельга падыходзіць да вырашэння пытанняў агулам. Колькасць дзяцей сапраўды паменшылася. Эканомія бюджэту — гэта задача любога кіраўніка сістэмы адукацыі. Але ж “зверху” не ўсё бачна. Толькі на месцах кіраўнікі могуць рэальна ацаніць неабходнасць захавання ці закрыцця той ці іншай установы. Самы прыкметны знешні паказчык — колькасць навучэнцаў — далёка не заўсёды павінен быць вырашальным. Закрыць усе маленькія школы, зыходзячы толькі з невялікай колькасці навучэнцаў, — гэта няправільна. Вось адзін з прыкладаў — Дзямідаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа: там невялікая колькасць вучняў — усяго толькі 35, але ў вёсцы будуецца жыллё, ёсць вытворчасць, у дзіцячым садку каля 20 выхаванцаў. Трэба ўлічваць гэтыя аспекты пры прыняцці рашэння аб рэарганізацыі ўстановы, бо перспектывы ў школы ёсць.
Значэнне павінна мець і меркаванне бацькоў наконт далейшага лёсу ўстановы адукацыі, дзе навучаюцца іх дзеці. Пры прыняцці рашэнняў у рамках аптымізацыі заўсёды планую асабісты прыём грамадзян, дзе кожны жадаючы — ці то педагогі, ці то бацькі — мае магчымасць задаць пытанне і выказаць сваё меркаванне па праблеме.
Бацькоў трэба выслухоўваць і прыслухоўвацца да іх. Іх меркаванне — індыкатар якасці адукацыі. Калі ўстанова запатрабавана, бацькі задаволены якасцю адукацыі, не варта разбураць напрацаванае. Часта гэта не ўлічваецца. З іншага боку, калі бацькі бачаць, што ўстанова не можа даць неабходны ўзровень ведаў, яны самі прыйдуць да разумення неабходнасці яе рэарганізацыі. У нас быў выпадак, калі базавая школа закрылася, бо ў суседнім пасёлку была больш моцная сярэдняя школа. Бацькі самі паступова пераводзілі ў суседнюю школу дзяцей, тым самым паспрыяўшы прыняццю рашэння аб закрыцці базавай школы.

— Але, наколькі я ведаю, часам цяжка пераканаць бацькоў у неабходнасці пераводу дзяцей у іншую навучальную ўстанову, нават пры наяўнасці рэальных доказаў неабходнасці такога рашэння…
— Трэба абмяркоўваць кожнае пытанне. Людзям трэба пры асабістай сустрэчы патлумачыць, што ды як, выслухаць просьбы, зразумець перажыванні, развеяць асцярогі, пераканаць у правільнасці і эфектыўнасці рашэння. Да таго ж многа праблем нараджае сама педагагічная супольнасць. Агульная незадаволенасць часта бывае з-за таго, што людзі не ўпэўнены ў тым, што яны атрымаюць абяцанае.

— А калі прымаецца рашэнне аб закрыцці ўстановы, як вырашаецца пытанне з працаўладкаваннем вызваленых у ходзе аптымізацыі работнікаў сістэмы, выкарыстаннем будынкаў?
— Знайсці работу ў такім кампактным раёне, як наш, прасцей. Нават пры прадастаўленні месца работы ва ўстанове адукацыі, што знаходзіцца ў іншым населеным пункце, у настаўнікаў не ўзнікае асаблівых праблем з-за адлегласці. У іншых раёнах могуць быць іншыя асаблівасці.
У цэлым жа прапаноўваем розныя шляхі: работу па спецыяльнасці ў іншых установах адукацыі, праходжанне перападрыхтоўкі і далейшае працаўладкаванне па найбольш запатрабаваных у раёне спецыяльнасцях. Губляць гэтыя кадры нельга, бо ў цэлым гэта падрыхтаваныя педагогі.
Што ж да матэрыяльнай базы, то, калі ёсць неабходнасць, спрабуем выкарыстоўваць яе ў рамках сістэмы адукацыі. Так, на базе адной закрытай сельскай школы стварылі філіял Цэнтра творчасці: выкарыстоўваем базу, бо там ёсць магчымасці для заняткаў у гуртках, добрая спартыўная зала, гульнявая пляцоўка для школьнікаў. На базе закрытага Станькаўскага дзіцячага дома размясцілі сацыяльна-педагагічны цэнтр, адкрылі майстэрню гаспадарчай групы і Цэнтр турызму і краязнаўства.

— Вацлаў Іванавіч, апошнім часам даволі актыўна абмяркоўваецца неабходнасць вячэрніх школ, вучэбна-вытворчых камбінатаў. Якая ваша пазіцыя адносна гэтага пытання?
— Наконт вучэбна-вытворчага камбіната рашэнне прынята: у бягучым годзе мы не будзем набіраць новыя групы. Але каля 100 навучэнцаў, якія зараз наведваюць ВВК, змогуць там давучыцца. У далейшым вучэбна-вытворчы камбінат будзе аб’яднаны з цэнтрам творчасці. База ёсць, яе нельга губляць: на яе аснове ў рамках цэнтра будзе развівацца тэхнічная творчасць, пазабюджэтная дзейнасць.
Што ж да вячэрняй школы, то яна ў нас пакуль што засталася. Але пэўную рэарганізацыю мы ўсё ж правялі: перавялі з асобнага будынка, скарацілі некалькі працоўных адзінак. Засталіся дырэктар і педагогі. Там зараз навучаецца 36 вучняў. Мы прааналізавалі, што гэта за навучэнцы, наколькі неабходна ім гэтая адукацыя, які вынік дае. Атрымалася, што 7 вучняў вячэрняй школы знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, усе астатнія працуюць. І мы ўжо гадоў 10 падтрымліваем такую тэндэнцыю: у вячэрняй школе займаюцца тыя, хто па аб’ектыўнай прычыне — работа, малое дзіця — не можа наведваць звычайную. На рашэнне захаваць вячэрнюю школу паўплывала і тое, што ў яе рамках маладыя людзі атрымліваюць якасную адукацыю, якая ў далейшым дазваляе ім атрымаць прафесію і быць карыснымі грамадству. Так, з 13 леташніх выпускнікоў вячэрняй школы 11 паступілі ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Мы далі краіне падрыхтаваных людзей.
Да таго ж гэта не проста веды, але і сувязь з маладымі людзьмі — праз кнігу, духоўнае выхаванне, заняткі. Адмовіўшыся ад гэтага кампанента, мы можам проста згубіць частку маладых людзей…

— Вацлаў Іванавіч, але ж аптымізацыя — гэта не толькі закрыццё і рэарганізацыя ўстаноў. Сёння ўсё часцей гучаць думкі, што пэўныя рэсурсы ёсць і ў межах існуючай сеткі…
— У сістэме ёсць і некаторыя ўнутраныя рэзервы эканоміі. Вось, напрыклад, фарміраванне штатнага раскладу. У маленькіх школах і штат павінен быць адпаведны. Напрыклад, у іх работу сацыяльнага педагога, псіхолага могуць узяць на сябе спецыялісты раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Гэта будзе больш эфектыўна і з пункта гледжання якасці работы, і з пункта гледжання выкарыстання бюджэтных сродкаў. Дырэктар, намеснік дырэктара, педагогі — гэтага дастаткова. І класны кіраўнік у такіх навучальных установах не патрэбен на кожны клас. Адзін класны кіраўнік можа весці некалькі класаў. Ці грамадска карысная праца: магчыма аб’ядноўваць гадзіны ў 5-6-7 класах.
Ці іншае пытанне: больш за дзесяць гадоў мы займаемся праблемай камплектавання класаў. У цэлым па горадзе ў нас напаўняльнасць класаў — больш 20 чалавек. Абгрунтаванне тут простае: лепш мець больш напоўненыя класы, чым большую другую змену.
Акрамя таго, на ўзроўні раёна прынята рашэнне аб тым, што на вёсцы ў старшых класах павінна быць не менш за пяць навучэнцаў. Хоць часам бываюць і выключэнні. Вось зараз, напрыклад, ёсць два старшыя класы ў вясковых школах, дзе навучаецца па адным вучні. Але яны навучаюцца ў межах той колькасці гадзін, якая ёсць па школе без гэтага класа. Такім чынам, выкарыстоўваем дзесьці эканамічныя рычагі, каб не прымаць іншае рашэнне.
У цэлым рашэнне аб камплектаванні ўстаноў адукацыі на наступны вучэбны год заўсёды прымаецца яшчэ ў чэрвені. Ужо ў гэты час мы бачым і можам дакладна паведаміць і педагогам, і бацькам, будзе ў школе дзясяты, адзінаццаты клас ці не.

— А калі ў населеным пункце ёсць вучні, што плануюць вучыцца на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а камплектаванне 10-11 класаў у іх школе не плануецца, што ім рабіць?
— Мы павінны з імі прапрацаваць шляхі атрымання далейшай адукацыі: ёсць раённы ліцэй, школы побач, сярэднія спецыяльныя ўстановы, наладжаны аўтамабільная сувязь.
У цэлым зараз фарміруецца прынцыпова новая мадэль, галоўная ідэя якой — пасля 9 класа дзеці павінны прафесійна вызначацца. Але тут, на мой погляд, ёсць некаторыя праблемы, над якімі неабходна працаваць.
Так, сёння ідзе абмеркаванне таго, што ў 10-я класы неабходны адбор, што вячэрнія школы не запатрабаваны, а вучэбна-вытворчыя камбінаты неэфектыўныя. Але пры такім падыходзе частка дзяцей можа аказацца нікому не патрэбнай. Праблема ў тым, што ў часткі нашых вучняў на этапе заканчэння базавай школы не хапае літаральна года для сталага выбару. Гэта вельмі прыкметна. Праз год пытанне размеркавання патокаў вырашылася б само сабой. Пасля 9 класаў не ўсе вучні гатовы да прафесійнага выбару і не ўсе бацькі гатовы адпусціць дзяцей.
У сістэме, якая была да гэтага часу, дзеці сябе знаходзілі — былі, так бы мовіць, нейкія “запасныя” варыянты. І ў новай мадэлі гэта магчыма. Але пры адной умове: дакладнае прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў пасля 9 класа і рэгуляванне патокаў выпускнікоў. Створаныя ўмовы павінны дапамагаць школьнікам рабіць гэты прафесійны выбар і тым самым забяспечыць рэгуляванне патокаў выпускнікоў.

Алена МАРКЕВІЧ.