Аздараўленчы лагер “Зорка юбілейная” “гарыць на небасхіле” дзіцячага адпачынку Гродзеншчыны ўжо амаль 70 гадоў. За гэты час у летніку, які размяшчаецца на беразе Юбілейнага возера, паспелі адпачыць некалькі тысяч дзяцей, прайшло мноства змен. А яшчэ лагер здолеў неаднойчы стаць пераможцам і лаўрэатам многіх конкурсаў. Так, летась лагер “Зорка юбілейная” атрымаў Ганаровую грамату пераможцы Рэспубліканскага аглядуконкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Лепшы загарадны аздараўленчы лагер” сярод лагераў, якія знаходзяцца ў аператыўным кіраванні аддзелаў адукацыі выканаўчых камітэтаў.
— Наш лагер быў пабудаваны ў 1954 годзе на беразе ракі Ласасянка, дзе пазней стварылі Юбілейнае возера, — расказвае дырэктар летніка Ларыса Сяргееўна Янчук. — Звычайна ў лагеры праходзіць па 4 змены, адпачываюць па 240 чалавек у кожнай. Сама я працую тут ужо больш за 10 гадоў і шчыра магу сказаць, што кожны працоўны дзень — гэта чарговая прыступка да поспеху, на якую мы ўздымаемся пры вялікай падтрымцы аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама. Паспелі мы многае: у летніку адрамантаваны і абсталяваны новай мэбляй, бытавой тэхнікай усе дзіцячыя карпусы. У мінулым годзе прынялі сваіх першых насельнікаў новыя карпусы, у нас з’явіліся новыя гульнявыя пляцоўкі, месцы для заняткаў варкаўтам, спартыўныя куткі. Мы, безумоўна, рады ўзнагародзе, якую атрымалі на мінулагоднім рэспубліканскім конкурсе, але лічым, што галоўны наш поспех — задаволенасць дзяцей, якія адпачываюць у лагеры, і іх бацькоў.
Дарэчы, у Рэспубліканскім конкурсе на лепшы лагер “Зорка юбілейная” першы раз удзельнічала ў 2014 годзе, атрымлівала дыпломы І ступені ўжо шэсць разоў. Сёлета адміністрацыя лагера вырашыла, што летнік абавязкова стане ўдзельнікам чарговага конкурсу ў намінацыі “Рэцэпты нясумных канікул”. Тут кажуць так: “Не хочам парушаць добрую традыцыю, спадзяёмся перамагчы і сёлета”.
Час пакажа, ці ўдасца “Зорцы юбілейнай” вылучыцца і ў гэтым годзе, а пакуль тут, як і ва ўсіх летніках краіны, працягваецца чарговы сезон дзіцячага адпачынку. Ён, як і мінулы, арганізаваны з пэўнымі асаблівасцямі зза эпідэміі каранавіруса, і ў першую чаргу гэта тычыцца набору ў лагер — дзяцей сюды прыязджае амаль на палову менш, чым дазваляюць магутнасці летніка. Попыт, як і заўсёды, намнога перавышае прапанаванне — “Зорка юбілейная” карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод гродзенцаў. Але рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя абгрунтаваныя, і іх неабходна выконваць.
Сваіх пастаяльцаў лагер стараецца парадаваць усім: збалансаваным харчаваннем, забаўляльнай праграмай, карыснымі заняткамі, добрай матэрыяльнатэхнічнай базай. Акрамя ўсяго іншага, у мінулым годзе тут адкрылі новы сучасны ізалятар побач з медпунктам. Пры гэтым супрацоўнікі кажуць так: “Цудоўна, што ёсць добры ізалятар, будзе яшчэ лепш, калі ён нікому не спатрэбіцца”. Медыцынскае абслугоўванне ў летніку забяспечваюць спецыялісты гарадской дзіцячай паліклінікі № 2.
На тым, як хлопчыкі і дзяўчынкі бавяць час, варта спыніцца крыху больш падрабязна, бо гульні, конкурсы і іншыя мерапрыемствы тут праводзяцца самыя разнастайныя. Напрыклад, у “Зорцы юбілейнай” праходзіць лазертаг, у які гуляюць дзеці з усіх атрадаў пад кіраўніцтвам інструктара. Усім, безумоўна, цікава і весела катацца на катамаранах, бавіць час на атракцыёнах 7D, якія прыязджаюць у лагер. Усё гэта, канечне, пад наглядам важатых, сярод якіх — 24 байцы студэнцкага атрада, добра падрыхтаваныя і адказныя.
— Гарантаваны поспех дзiцячага летнiка кожны год забяспечваецца камандай аднадумцаў, педагогаў з вялікім стажам, — гаворыць кіраўнік лагера. — З году ў год прыязджае працаваць пастаянны касцяк — людзі, на якіх можна спадзявацца, як на самога сябе. Вялікі дзякуй ім за тое, што яны верныя нашаму лагеру ўжо доўгія гады.
Першынство лагера па шахматах, конкурсная праграма “Тэатр мод”, віктарына “Ці ведаеце вы Беларусь?”, ваеннапатрыятычная гульня “Зарніца”, токшоу “Кропля ў кроплю”, адкрыты чэмпіянат па бадмінтоне, спартыўнае свята “Беларусіяда”, квестгульня “Падарожжа па Беларусі” і шмат іншых мерапрыемстваў не даюць сумаваць нікому, да таго ж дапамагаюць дзецям станавіцца больш здаровымі, спартыўнымі, адукаванымі. А з тым, як дзецям адпачываецца ў “Зорцы юбілейнай”, з новай інфармацыяй бацькі і ўсе жадаючыя могуць азнаёміцца на афіцыйным сайце аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама obr.grodno.by, у Instagram і на сайце лагера.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва дзіцячага аздараўленчага лагера “Зорка юбілейная”.