Добраахвотныя заложнікі

З Уладзімірам Уладзіміравічам Івановым, загадчыкам 21-га наркалагічнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, мне даводзілася размаўляць і раней. Гаварылі аб спайсах, бо асноўны кантынгент пацыентаў аддзялення — менавіта спайсавыя наркаманы, пераважна маладыя людзі, падлеткі. Тады Уладзімір Уладзіміравіч выказаў такую думку: “Практычна ўсе нашы пацыенты пачыналі са звычайнага курэння”. І дадаў: “Курэнне знішчае столькі жыццяў, што і наркотыкам, і СНІДу да гэтых лічбаў далёка”. У цяперашняй нашай гаворцы са спецыялістам мы больш падрабязна спыніліся на шкодзе такіх звычак, а дакладней, залежнасцей, як курэнне і алкагалізм, на іх прафілактыцы сярод падлеткаў і моладзі.

“Не” — алкаголю

— Мы жывём у алкагольнай культуры, дзе большасць дарослага насельніцтва ўжывае алкаголь хаця б рытуальна, — гаворыць У.У.Іваноў. — Гэтая лічба ацэньваецца ў 95-96%. І, на жаль, у сітуацыі, калі алкаголь знаходзіцца ў крокавай даступнасці, даступны па цане, частка насельніцтва проста асуджана на тое, каб мець з ім вялікія праблемы. З майго пункту погляду, 20—25% мужчын працаздольнага ўзросту пакутуюць ад алкагалізму ў той ці іншай ступені. Алкаголікі — гэта не толькі самыя цяжкія пацыенты, бамжы, гэта і звычайныя людзі. На спецыяльным уліку стаіць прыкладна 200 тысяч чалавек, але ж гэта тыя, чые праблемы ўжо відавочныя, чыю цяжкую залежнасць не схаваеш. А шмат і тых, хто застаецца па-за ўлікам, але з’яўляецца алкаголікам.
Па словах спецыяліста, апытанні пацыентаў паказваюць, што нярэдка смак алкаголю яны спазналі ўжо ў 13-14 гадоў. А чым раней чалавек пачынае ўжываць такія напіткі, тым хутчэй у яго фарміруецца залежнасць: сямейныя святы — з алкаголем, сустрэчы з сябрамі — з півам, дыскатэкі — таксама. І вось праз год-два-тры ў маладога чалавека фарміруецца залежнасць.
Падчас нашай гаворкі спецыяліст РНПЦ псіхічнага здароўя ўзгадаў аднаго свайго маладога пацыента — студэнта сталічнага ўніверсітэта, які ўпершыню паспрабаваў алкаголь у 14 ці 15 гадоў. Залежнасць у яго сфарміравалася хутка, прыкладна за паўгода. Некалькі гадоў запар хлопец выпіваў па бутэльцы віна ў дзень, нават на перапынках у школе, але ніхто нічога не заўважаў. Хаця бацькі, верагодна, ведалі, але палічылі за лепшае не выносіць смецце з хаты. Не заўважалі праблемы і ва ўніверсітэце, бо вучыўся малады чалавек добра, нават паступіў ва УВА без экзаменаў як пераможца прадметнай алімпіяды — відаць, прыродныя здольнасці і малады арганізм дапамагалі. У поле зроку загадчыка наркалагічнага аддзялення РНПЦ хлопец трапіў будучы першакурснікам, калі апынуўся ў рэанімацыі: у яго развілася белая гарачкая, іншыя цяжкія наступствы, пасля гэтага і аказаўся ў нарколага.
Некалькі дзесяцігоддзяў назад, лічыць Уладзімір Уладзіміравіч, карціна была ўсё ж іншай.
— Міхаіл Гарбачоў пачынаў антыалкагольную кампанію пры сярэднегадавым ужыванні чыстага спірту на душу насельніцтва ў восем з паловай літра, — разважае мой суразмоўца. — Зараз я чуў розныя ацэнкі гэтага паказчыка па Беларусі — ад 12 да 20 літраў. Усё гэта — алкагольная культура. Раней, на мой погляд (на мой, падкрэсліваю), сітуацыя з ужываннем алкаголю маладымі людзьмі адсочвалася больш жорстка. Сорамна было здзяйсняць пэўныя дзеянні, ды і алкаголь быў менш даступным хаця б па цане, значна даражэйшым у параўнанні з асноўнымі прадуктамі харчавання. А цяпер і хлопцаў убачыш на вуліцы з бутэлькай піва, і дзяўчат.
— Я жыву недалёка ад Аляксандраўскага сквера, дзе стаіць фантан “Хлопчык з лебедзем”. Яшчэ некалькі гадоў назад там збіраліся маладыя людзі, якія і пілі адкрыта, і курылі, нікога не саромеліся. Толькі некалькі гадоў, як каля скульптуры зрабілі зону, свабодную ад алкаголю і курэння, — дадае У.У.Іваноў. — Гэта я да таго, што калісьці нікому б і ў галаву не прыйшло піць піва ў скверы на вачах у прахожых, дарослых людзей. Пазней гэтага ўжо зусім не саромеліся, вось і давялося рабіць спецыяльную зону.
А трэба, перакананы мой суразмоўца, каб бутэльку алкаголю нельга было несці па вуліцы адкрытай, толькі ў пакеце, каб не бачыў ніхто. Як гэта, скажам, адбываецца ў Злучаных Штатах. Любая культура — гэта сістэма забарон, калі адсякаецца лішняе, і калі чалавеку дазволіць абсалютна ўсё, будзе хаос. Не сакрэт жа, што, разумна выкарыстоўваючы стрымальныя меры, можна скараціць ужыванне і тытуню, і алкаголю.
На ўжыванні піва Уладзімір Уладзіміравіч спыняецца асобна. Гэтая звычка навязана беларусам, як ён лічыць, тымі, хто робіць на піве грошы. “Гадоў пятнаццаць назад пачалася такая інтэнсіўная рэклама піва, — сцвярджае У.У.Іваноў, — а пра тое, што гэты напітак — алкаголь, пачалі гаварыць не так даўно. Пэўны час яго нават не ўключалі ў пералік алкагольных напіткаў”.
А піва між іншым мае такую асаблівасць уздзеяння на малады арганізм: яно выклікае залежнасць не толькі як ад алкагольнага напітку, але і проста як ад прадукту, таму існуе і безалкагольнае піва, якое захоўвае спецыфічны смакавы набор. Алкаголю няма, а залежнасць ад піва ёсць. Корань жа ўсіх задавальненняў у нашым мозгу адзін.
Вось так: п’еш “бяспечнае” піва — фарміруеш залежнасць, становішся добраахвотным заложнікам дрэннай, дакладней, згубнай звычкі. Залежнасці нанізваюцца адна на адну, як кольцы ў дзіцячай гульні. Гэта пацвярджае і даследаванне, якое Уладзімір Уладзіміравіч праводзіць, засноўваючыся на апытанні пацыентаў свайго аддзялення, а гэта ў большасці сваёй маладыя людзі. Дык вось, з 33-х чалавек палова ўжывае адначасова і спайсы, і алкаголь, гашыш або іншыя шкодныя рэчавы.

“Не” — курэнню

— Чытаў, што ў Швецыі зараз курыць толькі 15% насельніцтва, — працягвае Уладзімір Уладзіміравіч. — У нас — значна больш, хаця, калі не памыляюся, за дзесяць гадоў ужыванне тытуню ў Беларусі знізілася прыкладна на 10%. Магчыма, дзякуючы і тым самым забаронным мерам.
Разважаючы пра тое, што прыводзіць людзей да розных залежнасцей, мы з маім суразмоўцам выходзім на тэму патрэбнасцей і жаданняў. Калі малады чалавек здолее адрозніць адно ад другога і справіцца з простым жаданнем, ён зможа адмовіцца ад згубнай звычкі. Наяўнасць жадання не з’яўляецца падставай для дзеяння. Аскеза, па словах У.У.Іванова, дзеля маральнага росту непазбежная. І нават сярод алкаголікаў і наркаманаў, як сведчыць вопыт спецыяліста, вылечваюцца тыя, у каго захаваўся пэўны маральны пачатак. А курэнне, канечне, ніякая не патрэбнасць, да яго можа прывесці падлеткавая цікаўнасць, але першая рэакцыя будзе негатыўнай. Паспытаў — не спадабалася — не стаў працягваць. А вось калі падлетак паддаецца, скажам, уплыву дрэннай кампаніі, то справа заканчваецца дрэнна (і не толькі з курэннем простых цыгарэт).
— Я зараз узгадваю выпадак, з якім сутыкнуўся ў сваёй практыцы, — расказвае У.У.Іваноў. — Малады чалавек з добрай сям’і пачаў курыць спайсы гадоў з 14-ці. Праз некалькі гадоў трапіў на лячэнне. “У чым прычына, чаму пачаў курыць спайсы?” — спыталіся ў яго. Усё аказалася проста. “А ў нас двор такі, гэта нармальна, а бацькі вельмі занятыя”, — растлумачыў сітуацыю хлопец.
— Нядаўна прачытаў у інтэрнэце артыкул, прысвечаны інтэрнэт-залежнасці, — працягвае Уладзімір Уладзіміравіч. — Там было і пра тое, што, калі падлеткам бацькі не займаюцца ў 13-14-15 гадоў, то рызыка развіцця залежнасці да 18-гадоў вельмі вялікая. І гэтую выснову можна аднесці да залежнасці любога кшталту. Наогул жа, па сваім вопыце магу сказаць, што асабісты прыклад — лепшае выхаванне. Гаварыць адно, рабіць другое, думаць трэцяе і спадзявацца на станоўчы выхаваўчы вынік па меншай меры крывадушна. А таблеткі ні ад курэння, ні ад алкагалізму няма.
— Вы, пэўна, самі ніколі не курылі? — пытаюся ў свайго суразмоўцы і атрымліваю нечаканы адказ:
— Курыў, калі мае дзеці яшчэ былі маленькімі. Падлеткамі яны мяне з цыгарэтай не бачылі, а вось раней — было, пачаў у арміі. Мы тады дакладна і не ведалі, наколькі шкоднае курэнне, неяк мала пра гэта нам гаварылі, нават у медыцынскай школе.
Так нечакана я пачула гісторыю з жыцця самога Уладзіміра Уладзіміравіча, у якога, дарэчы, дзве дачкі і сын. Малодшая дачка і сын спрабавалі курыць, калі ўжо былі студэнтамі, гадоў у 18-19. Дачка кінула хутка пасля простай гаворкі з бацькамі, забароны ад іх на курэнне. “У нас былі нармальныя адносіны з дзецьмі, таму хапіла проста павышанага тону. Гэта пытанне асобы педагога, выхавальніка, бацькоў”, — заўважае Уладзімір Уладзіміравіч.
З сынам, праўда, так лёгка не атрымалася: характар у хлопца аказаўся не той. Змагаўся са звычкай не адзін месяц, кідаў, дагаворваўся кідаць разам з сябрам, зноў браўся, але перамог, і ўжо гадоў дзевяць-дзесяць не курыць. “Яго даводзілася ўгаворваць, “пілавалі” пастаянна, перасталі даваць кішэнныя грошы, бо навошта даваць іх на тое, каб сын сам сябе забіваў, — прызнаецца Уладзімір Уладзіміравіч. — З ім нават мае былыя пацыенты размаўлялі. Вакол мяне наогул шмат добрых цікавых людзей, якія лячыліся ў нас, кінулі піць, а многія — і курыць. Залежнасці ж звязаныя паміж сабой, як я ўжо гаварыў”.
Яшчэ мой суразмоўца нагадвае, што прыкладна трэцяя частка ўсіх выпадкаў раку ўзнікае менавіта з-за курэння, па раку лёгкіх — гэта наогул 90—95%, вельмі высокі працэнт таксама па раку гартані і страўніка. Ад раку лёгкіх пры гэтым у Беларусі памірае 16-17 тысяч чалавек у год.
Гэта не гаворачы ўжо пра непрыемныя знешнія змяненні, якія адбываюцца з чалавекам даволі хутка: жоўтыя пальцы, прапахлае цыгарэтным дымам адзенне, жоўтыя зубы і г.д. Нядзіўна, што менавіта з такіх простых, але эфектыўных карцін і пачынаюцца многія прафілактычныя размовы з падлеткамі аб шкодзе курэння. На некаторых дзяўчынак ва ўсякім выпадку гэта можа ўздзейнічаць. На хлопцаў, напэўна, больш уздзейнічаюць аргументы наконт таго, што курэц ніколі не дасягне поспехаў у спорце. Банальныя, канечне, ісціны, але для кожнага новага пакалення падлеткаў і яны могуць стаць сур’ёзным аргументам.
Уладзімір Уладзіміравіч прапаноўвае і такі прыём уздзеяння на падлеткаў: давядзіце да іх, што курэнне — гэта вельмі значнае абмежаванне свабоды. Ты залежыш ад тытуню, а значыць, вымушаны знаходзіць месца і час для таго, каб выкурыць чарговую цыгарэтку. Нервуешся на доўгіх занятках, падчас доўгіх паездак, кідаеш толькі што пачатую цыгарэту, калі да прыпынку падыходзіць твой аўтобус, а гэта літаральна выкінутыя грошы і г.д. І вось яны — несвабода і пакуты, створаныя ўласнымі рукамі, а дакладней, уласнай залежнасцю. Што рабіць з такімі курцамі? Як кажа У.У.Іваноў: “Я за курэнне ў аддзяленні адразу пацыента выпісваю”.
Пагаджацца ці не пагаджацца з высновамі і разважаннямі Уладзіміра Уладзіміравіча — вырашаць вам. Адно толькі не падлягае абмеркаванню: прафілактыка такіх з’яў, як алкагалізм і курэнне, патрабуе пастаянства і сістэмнага падыходу і з боку бацькоў, і з боку педагогаў, і з боку медыкаў. Ну і з боку нас, журналістаў, канечне.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.