Калі вы па нейкай прычыне трапіце ў незнаёмы горад ці вёску нашай краіны і сярод мноства грамадскіх будынкаў заўважыце той, які можа пахваліцца найбольш прыбранай і прыгожа аформленай тэрыторыяй, можаце быць упэўненымі амаль на 100%: гэта школа ці дзіцячы садок. Так склалася, што літаральна ўсе ўстановы адукацыі на месцах удзяляюць вельмі значную ўвагу добраўпарадкаванню. Але колькі каштуе гэтая прыгажосць? І ці не з’яўляюцца траты на кветкі ды азеляненне недазвольнай раскошай для ўстаноў? Пра гэта наш карэспандэнт запытаў у прадстаўнікоў сярэдняй школы № 37 Мінска, якая сёлета стала пераможцай у адной з намінацый сталічнага агляду-конкурсу “Формула саду — 2014”.
Сярэдняя школа № 37, якая перамагла ў намінацыі “Фарбы саду”, ужо не першы год удзельнічае ў конкурсе і неаднаразова станавілася яго прызёрам.
— Гэта было ўласным рашэннем — прымаць удзел у конкурсе, — расказвае дырэктар установы Аксана Уладзіміраўна Андрэева. — Сёлетняя перамога — вынік шматгадовай працы, і атрымалі мы яе дзякуючы сумесным намаганням настаўнікаў, адміністрацыі, дзяцей і іх бацькоў.
Зрэшты, работа па добраўпарадкаванні, незалежна ад таго, удзельнічае ўстанова ў нейкім конкурсе ці не, ажыццяўляецца тут штогод. Прычым пачынаецца гэтая работа яшчэ ў лютым, а заканчваецца глыбокай восенню.
— На працягу апошняга дзесяцігоддзя наш горад змяніўся. На вуліцах — мноства кветак, школа не можа застацца ў баку ад усёй гэтай прыгажосці, — працягвае дырэктар установы. — Сёлета пачыналі гэтую дзейнасць яшчэ ў лютым — сакавіку. На той час нават і не думалі, што будзем удзельнічаць у конкурсе, але, калі летам ужо самі пераканаліся, што атрымалася ўсё вельмі прыгожа, з пункту гледжання ландшафтнага дызайну — па рассадцы, колеравым афармленні — правільна, тады і падалі заяўку на конкурс.
Для падачы заяўкі выбралі намінацыю “Фарбы саду”. У аснове конкурснай кветкавай кампазіцыі школы — “Кветкавая імпрэсія” з астраў, петуній, настурак, гваздзікоў і львінага зева. Асновай для стварэння праекта стала творчасць імпрэсіяністаў. І, падаецца, педагогам сапраўды ўдалося перадаць гэты настрой. На дарожцы, якая вядзе да школы, выкарыстаны ў афармленні прыглушаныя, спакойныя фарбы. І раптам гэтая спакойная зялёная сцяжынка выводзіць да сапраўднай кветкавай імпрэсіі — з мноствам розных фарбаў, адценняў, форм.
Ідэйным натхняльнікам і творчым кіраўніком усяго праекта стала выхавальнік групы прадоўжанага дня Наталля Сцяпанаўна Цывун.
— Менавіта з ідэй, жадання і натхнення гэтага спецыяліста ўсё і пачалося, — адзначае дырэктар. — Яна шмат гадоў займаецца рассадкай кветак. Гэта сапраўды апантаны чалавек, які сваім запалам заразіў і іншых. Наталля Сцяпанаўна вызначала асноўныя віды кветак, спалучэнне іх на клумбах, формы рассадкі, потым гэта абмяркоўвалі ўсе разам — спрачаліся, спрабавалі, мянялі…
Дарэчы, да клопату аб кветніках педагогі прыцягнулі і школьнікаў. А дапамога патрэбна была значная. Справа ў тым, што літаральна кожная кветачка на кветніках школы вырашчана з насення тут жа, у школе. У гатовым выглядзе не быў куплены ніводны расток. А калі дадаць да гэтага тое, што на клумбах выкарыстана больш за 1000 кветак, прычым самых розных, становяцца зразумелымі маштабы праведзенай работы.
— Прафесійны ландшафтны дызайн, расада патрабуе вельмі значных укладанняў. Таму, каб мінімізаваць расходы, мы куплялі толькі насенне, грунт і падкормку для расады, кантэйнеры для расады прыносілі школьнікі — для гэтага аб’явілі спецыяльную акцыю, — расказвае дырэктар школы. — Такім чынам, на ўсю гэтую прыгажосць выдаткавалі каля мільёна рублёў з пазабюджэтных сродкаў. Усё астатняе — наша агульная праца.
Вынікам жа гэтай працы стала тое, што школьны двор квітнее з самай ранняй вясны і да позняй восені. Увесну не пакідаюць нікога раўнадушным яркія сакавітыя цюльпаны і пышныя півоні, летам сапраўдным рознакаляровым дываном раскідваюцца петуніі, затым іх змяняюць ліліі, вяргіні, а восенню, ужо калі навокал усё шэрае і непрывабнае, тут усё гэтак жа зіхацяць яркімі плямамі разнастайныя хрызантэмы. І ўсё гэта пераплецена з зялёнымі насаджэннямі.
— Гэта ж не толькі прыгажосць сама па сабе, — упэўнена Аксана Уладзіміраўна. — Дзейнасць па добраўпарадкаванні — гэта і працоўнае выхаванне дзяцей, прывіццё ім эстэтычнага густу, гэта іх развіццё, практычныя веды і навыкі. Гэта аб’яднальная ідэя для калектыву — настаўнікаў, адміністрацыі, дзяцей, бацькоў. Гэта і выхаванне беражлівых адносін да прыроды. Зрэшты — гэта імідж школы. Да таго ж мы пэўным чынам уплываем і на ўвесь мікрараён — як прыклад да дзеяння гараджанам. Адным словам, нашы выдаткі, і матэрыяльныя, і часавыя, не праходзяць дарэмна.
Наталля ІЛЬІНА.
Фота аўтара і з архіва школы.