Усе, безумоўна, разумеюць, што дабрачыннасць — гэта матэрыяльная падтрымка, пералічэнне сродкаў на банкаўскі рахунак, закупка неабходнага абсталявання. Але дабрачыннасць — гэта яшчэ і жаданне падарыць тым, каму не вельмі пашанцавала ў жыцці, добры настрой, а значыць, і надзею, падарыць свята і цудоўныя ўспаміны. Даўно і пастаянна робіць гэта спявачка вакалістка Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Таццяна Трухан. А сёлета, калі Таццяна Аляксандраўна стала мастацкім кіраўніком заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра эстраднай песні “Хвілінка” Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода, яна пачала далучаць да ўдзелу ў дабрачынных канцэртах сваіх юных выхаванцаў.
Ад школы да “Хвілінкі”
Тэатр “Хвілінка”, які зусім нядаўна пацвердзіў званне заслужанага, — гэта 31 хлопчык і дзяўчынка ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, ёсць таксама падрыхтоўчыя групы для малых, якім толькі споўнілася 4 гады. Калектыў існуе даўно, некаторыя яго ўдзельнікі, нягледзячы на юны ўзрост, вядомы як сапраўдныя артысты. Напрыклад, 12-гадовы Саша Мінёнак, які сёлета прадстаўляў Беларусь на Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў “Новая хваля”.
Вось яго, а таксама яшчэ адну ўдзельніцу “Хвілінкі” васьмігадовую Ксюшу Леўчык і сваю вучаніцу, салістку, якая не ўваходзіць у калектыў, адзінаццацікласніцу Хрысціну Святлічную, пераможцу “Новай хвалі” 2008 года, танцорак “Хвілінкі” старшакласніц Насцю Косар і Таню Мацюшову малады мастацкі кіраўнік і далучыла да ўдзелу ў нядаўнім дабрачынным канцэрце. У выніку гэтых выступленняў задаволенымі засталіся ўсе: і гледачы, і артысты.
Выступіць на дабрачынным свяце ў адным са сталічных клубаў саму Таццяну запрасіла яе цёзка і даўняя знаёмая старшыня Міжнароднага грамадскага дабрачыннага аб’яднання “Незалежная дапамога дзецям” Таццяна Аляксандраўна Кот. Запрасіла не проста так, не знянацку. Іх сяброўства і супрацоўніцтва пачалося яшчэ тады, калі Таццяна Трухан (на той час Бруханчык) вучылася ў Мінскім педагагічным каледжы, які цяпер называецца Лінгвагуманітарным каледжам Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. На той момант дзяўчыне было гадоў 16—17. Яна з радасцю адгукнулася на прапанову дабрачыннай арганізацыі і з таго часу стала амаль пастаяннай удзельніцай яе мерапрыемстваў.
— Атрымаўшы новую прапанову ад Таццяны Аляксандраўны, я вырашыла: на гэты раз далучу да дабрачынных выступленняў сваіх вучняў, — расказвае Т.А.Трухан. — Я сама пачынала ў школьным узросце і ведаю, колькі станоўчых эмоцый дораць такія канцэрты. Першае сваё дабрачыннае выступленне не забуду ніколі. Мне тады і першы ў жыцці падзячны ліст уручылі, і дзяўчынка-глядачка падарыла свой выраб — букет у вазе, захоўваю яго і цяпер. Мяне ўразіла, наколькі велікадушныя людзі, якія ўсё гэта арганізоўваюць, і наколькі радуюцца дзеці святу. І мяне гэта натхніла. На гэты ж раз выступала толькі ў якасці педагога, вельмі хвалявалася, бо хацелася, каб усё прайшло бездакорна. Гэта быў, можна сказаць, педагагічны дэбют на новым полі дзейнасці. Думаю, ён атрымаўся.
Упэўнена, што працаваць з дзецьмі і падлеткамі, рыхтаваць іх да выступлення Таццяне Трухан дапамаглі педагагічная адукацыя і практыка. Бо акрамя таго, што Таццяна Аляксандраўна скончыла педкаледж і працавала ў роднай сталічнай школе № 119 з музычна-харавым ухілам, яна скончыла факультэт мастацтваў Інстытута сучасных ведаў, а таксама завочна — факультэт псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Спяваюць усе!
Дабрачыннае свята, у якім удзельнічалі юныя артысты, называлася “Шчырасць сэрца” і было арганізавана для дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў, выхаванцаў Ашмянскай школы-інтэрната і Дзіцячага гарадка Ленінскага раёна Мінска. Свята, дарэчы, праводзіцца з 2009 года, і за гэты час у ім прынялі ўдзел каля 2 тысяч малых. Цяпер гледачамі сталі каля 130 хлопчыкаў і дзяўчынак, перад якімі выступілі і сталыя артысты, напрыклад, Настасся Ціхановіч, Вікторыя Алешка, і ўзыходзячыя зоркі, такія як юныя вучні Таццяны Трухан або ўдзельнік сёлетняга дзіцячага “Еўрабачання” ад Беларусі Руслан Асланаў.Рэпертуар для дабрачыннага выступлення Саша Мінёнак, Ксюша Леўчык і Хрысціна Святлічная падбіралі вельмі ўважліва, з улікам інтарэсаў аўдыторыі, адаптавалі песні пад сябе, так, каб яны гучалі максімальна шчыра. Напрыклад, Ксюша выканала песню Селены Гомес I love you like a love song, адаптаваную для дзіцячага ўзросту. І зала дружна падпявала юнай спявачцы! Саша выканаў песню Уладзіміра Высоцкага “Ранішняя гімнастыка” ў сучаснай апрацоўцы, у стылі рэп. Дзеці і рукамі пад яе махалі, і нагамі па падлозе стукалі — гімнастыка ж! А Хрысціна спявала песню Леаніда Агуціна, перапрацаваную для жаночага выканання, “Па дарозе на поўдзень”, якую, як высветлілася, зала таксама добра ведала і ахвотна падпявала. Для Хрысціны, дарэчы, гэта не першае дабрачыннае выступленне.
— Рыхтуючы дзяцей да гэтага канцэрта, я расказала аб сваім вопыце, растлумачыла, што будзем выступаць перад малымі з не зусім звычайным лёсам, але, па сутнасці, такімі ж, як мы, — кажа Таццяна Аляксандраўна. — І я ведаю, што мае выхаванцы захавалі ў памяці светлую, душэўную атмасферу таго канцэрта. Ім, як калісьці і мне, уручылі падзячныя лісты і гадзіннікі ад спонсараў. І я бачу, што, напрыклад, Ксюша і Саша носяць гэтыя гадзіннікі кожны дзень. Яны, як і іншыя дзеці, упэўнена, ахвотна будуць удзельнічаць у дабрачынных канцэртах, а верагодна, і ў іншых дабрачынных акцыях. Мне Ксенія нават сказала: “Мне было так лёгка выступаць!” Ёй, між іншым, падзяку і гадзіннік уручалі асобна прадстаўнікі Пасольства Італіі, якія спецыяльна прыехалі ў ДК МАЗа, так што нашай маленькай спявачцы гэтая падзея асабліва запомнілася.А яшчэ ўдзельнікі “Хвілінкі” пастаянна выступаюць на канцэртах для ветэранаў аўтамабільнага завода і на канцэртах да Дня Перамогі, Дня маці, Дня пажылога чалавека. Так, вельмі кранае ветэранаў “Балада аб маці” ў выкананні юнай артысткі Міланы Кадзінец. Падабаецца ім і “Песня маленькіх Кацюш” — “Расцвіталі яблыні і грушы”, адаптаваная для дзяцей.
Снягурачка са стажам
Праект тэлеканала АНТ “Я спяваю” для малых з дзіцячых дамоў, мнагадзетных і няпоўных сем’яў стаў яшчэ адной важнай і вялікай прыступкай у сацыяльнай творчай дзейнасці Таццяны Трухан. На праект яна трапіла ў першым яго сезоне ў якасці бэк-вакалісткі. А ў пятым, мінулагоднім, сезоне стала педагогам адной з удзельніц конкурсу — мінчанкі Дашы Шабэка. Памятаеце маленькую дзяўчынку ў акулярах?
— Даша вельмі перажывала з-за сваіх праблем са зрокам і ростам, — расказвае Т.А.Трухан. — Я таксама хвалявалася, як у нас усё атрымаецца. Але калі бліжэй пазнаёмілася з дзяўчынкай, то зразумела, што гэтае дзіця вельмі добрай, чыстай душы, шчырае, з выключнай сілай волі і працавітасцю. У праекце я бачыла, як яна паступова раскрываецца. І ёй на конкурсе ўсе імкнуліся дапамагчы.
Так, Таццяна ўспамінае, што тэлеканал сабраў меркаванні вядомых людзей, якія носяць акуляры, — Ядвігі Паплаўскай, Кірыла Клішэвіча з гурта “Тяни-Толкай” — і яны падбадзёрылі Дашу ў спецыяльным відэасюжэце.
— Даша не стала пераможцай праекта, — працягвае мая суразмоўніца, — але я лічу, што конкурс закончыўся для яе вельмі паспяхова, бо яна набыла ўпэўненасць у сабе, выступае на вялікіх сцэнах, удзельнічае ў тэлеперадачах. Праект ёй, безумоўна, дапамог.
Малады педагог пераканана, што выхаванне дабрыні ў дзецях, настройванне іх на паважлівае стаўленне адно да аднаго спрыяе таму, што гэтыя дабрыня і павага пераходзяць на ўсё іншае, на адносіны да людзей наогул. “Таму я так часта гавару ўдзельнікам “Хвілінкі” пра тое, як важна сябраваць адно з адным і паважаць адно аднаго”, — заўважае яна.
— Дабрачыннасць праз творчасць наогул пастаянна ўваходзіць у маё жыццё, усюды мяне знаходзіць, — дадае Таццяна Аляксандраўна. — Я, напрыклад, Снягурачка са стажам. Раней выконвала гэтую ролю адна, цяпер працуем разам з мужам, які вучыўся ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. А пачыналася для мяне гэтая цяпер ужо прывычная роля менавіта з дабрачыннага выступлення, калі я яшчэ вучылася ў педкаледжы.
Тады, як расказала Таццяна, яна ўдзельнічала ў некалькіх дабрачынных спектаклях для выхаванцаў дзіцячых дамоў Мінска. Для яе гэта таксама стала добрым вопытам таго, як можна падарыць настрой малым з няпростым лёсам. Зараз яна перадае гэты вопыт сваім выхаванцам.
— Мне здаецца, што ўсім дзецям, якія займаюцца музыкай, творчасцю, вакалам, харэаграфіяй, уласцівы першапачатковая чуласць і душэўная тонкасць, — гаворыць мастацкі кіраўнік тэатра эстраднай песні. — У іх ёсць магчымасць бачыць свет у розных фарбах, бачыць яго больш аб’ёмным. Я ганаруся сваімі дзецьмі.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Т.А.ТРУХАН.