З гэтым і некаторымі іншымі пытаннямі мы звярнуліся да другога сакратара Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Сяргея Клішэвіча. Да размовы далучыліся камандзір і камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ЦК БРСМ Надзея Шахоўская і Аляксандр Базук.
Дзесяць тысяч на вобласць
— У гэтым годзе прайшоў з’езд БРСМ, на якім былі вызначаны задачы аб’яднання, у тым ліку па развіцці студатрадаўскага руху, — расказвае С.М.Клішэвіч. — Сёлета ставім на мэце забяспечыць работай у студэнцкіх атрадах не менш чым 10 тысяч чалавек у кожнай вобласці. Гэтыя лічбы знаходзяцца на ўзроўні мінулагодніх, але імкнуцца будзем, канечне, да іх павелічэння. Асноўны ўпор робім на выязныя атрады з адпаведнымі ўмовамі пражывання, харчавання, выхаваўчай работы.
— На сярэдзіну красавіка мы атрымалі інфармацыю аб наяўнасці 37-мі тысяч працоўных месцаў для студатрадаўцаў, — дадае камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ЦК БРСМ Надзея Шахоўская, — але гэты пералік можа пастаянна папаўняцца. Плануецца, што нашы студэнты паедуць працаваць і ў далёкае замежжа. Пакуль прапрацоўваем пытанне аб рабоце 100 валанцёраў у Польшчы на добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў і ў Італіі.
Па словах другога сакратара ЦК БРСМ, для таго каб усё дастойна арганізаваць, неабходна актыўная работа камандзіраў і камісараў студатрадаў, таму для іх быў праведзены рэспубліканскі семінар, а ў красавіку падобныя семінары прайшлі ва ўсіх абласцях краіны. Тут вопытныя кіраўнікі, арганізатары студатрадаўскага руху вучаць маладзейшых камандзіраў, як арганізоўваць людзей, як паводзіць сябе з наймальнікамі, як вырашаць праблемы, якія могуць узнікнуць падчас работы. А камісары зоймуцца перш за ўсё выхаваўчай работай, бо, як кажа Сяргей Клішэвіч, атрад — гэта калектыў, аб’яднаны не толькі агульнай работай, але і агульнымі інтарэсамі, заняткамі. Для навучання камісараў распрацавана спецыяльная праграма.
Педагогі выходзяць наперад
— Аб’ектаў для работы студатрадаў, у першую чаргу будаўнічых, сёлета будзе менш, чым летась, — заўважае Сяргей Міхайлавіч. — У 2013 годзе было больш за 9 тысяч месцаў для работы ў такіх атрадах, у 2014 годзе — 5 тысяч, сёлета пакуль маем тысячу. Затое больш стане атрадаў сэрвісных, педагагічных. Асноўнай базай для апошніх вызначаны Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” ў Мядзельскім раёне, дзе будуць працаваць атрады, сфаміраваныя Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Імкнёмся да таго, каб педагагічныя атрады станавіліся зладжанымі калектывамі, якія існуюць шмат гадоў, маюць свае традыцыі, сімволіку. Тады і выхаваўчы складнік стане больш моцным.
Як я даведалася ў ЦК БРСМ, педагагічныя атрады паедуць і ў Краснадарскі край. Зараз ідзе дагаворная кампанія з расійскім бокам. Пакуль прапанавана 40 месцаў, у Цэнтральным камітэце спадзяюцца, што іх будзе значна больш, бо ў гэты рэгіён Расіі беларускія студэнты выязджаюць не першы год, склаліся пэўныя традыцыі. З’яўляюцца і новыя месцы работы для беларускіх студатрадаўцаў. Напрыклад, на БРСМ выйшлі прадстаўнікі вучэбна-аздараўленчага цэнтра “Полымя”, што ў Падмаскоўі. Растлумачылі, што чулі нямала водгукаў аб добрай рабоце беларусаў, таму і звярнуліся ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Ужо заўтра, 1 мая, у НДЦ “Зубраня” стартуе Рэспубліканскі злёт студэнцкіх педагагічных атрадаў. Яго асноўная мэта — навучыць, паказаць, расказаць камандзірам, камісарам і байцам педагагічных атрадаў, як працаваць з дзецьмі ў аздараўленчых лагерах. Плануецца, напрыклад, правядзенне школы важацкага майстэрства, школ камандзіраў і камісараў, круглы стол. Да таго ж зараз прапрацоўваецца механізм падрыхтоўкі студэнтаў няпрофільных УВА да работы ў педатрадах выхавальнікамі. Калі яны змогуць праходзіць спецыяльныя курсы, то, верагодна, будуць працаваць з дзецьмі. Адпаведны ліст ЦК БРСМ накіравала ў Міністэрства адукацыі.
— Магчыма, пазней правядзём семінар для сэрвісных атрадаў, — дадае камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ЦК БРСМ Аляксандр Базук. — А пакуль спадзяёмся падпісаць пагадненне аб супрацоўніцве паміж Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Нацыянальным дзіцячым цэнтрам “Зубраня”. Усё ідзе да таго, каб зрабіць там пастаянную апорную пляцоўку для навучання і абмену вопытам камандзіраў, камісараў, метадыстаў і важатах. На першы злёт збяруцца 150—160 чалавек, у далейшым разлічваем на ўдзел не менш чым 300 прадстаўнікоў студэнцкіх атрадаў. Спадзяёмся ў будучыні і на ўдзел расіян.
— Настройваем важатых на тое, каб у цэнтры іх работы знаходзілася патрыятычнае выхаванне моладзі, дзяцей, якія адпачываюць у лагеры, — заўважае С.М.Клішэвіч. — Разлічваем далучыць да гэтай работы і кафедры педагагічных устаноў вышэйшай адукацыі.
Акрамя таго, сёлета сярод студэнцкіх атрадаў ёсць медыцынскія. У Полацку такі атрад з 10-ці чалавек пачаў работу яшчэ 1 красавіка, 50 студэнтаў профільных устаноў адукацыі будуць працаваць у віцебскіх паліклініках і іншых медыцынскіх установах. Байцам гэтых студатрадаў такая работа залічваецца ў якасці практыкі, некаторыя нават такім чынам праходзяць інтэрнатуру.
Зараз, дарэчы, праводзіцца акцыя “Выбіраем студатрад!”. Яе задача — інфармаваць маладых людзей аб магчымасцях працаўладкавання, сфарміраваць студэнцкія атрады, папулярызаваць студатрадаўскі рух. Усе маладыя людзі, якія хочуць працаўладкавацца, падчас акцыі могуць запоўніць анкеты ў папяровым або электронным выглядзе. Мерапрыемствы ў рамках гэтай акцыі праводзяцца штогод з красавіка па чэрвень у штабах працоўных спраў пярвічных арганізацый БРСМ устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі; з красавіка па ліпень — у тэрытарыяльных штабах студэнцкіх атрадаў БРСМ. Падчас акцыі яе арганізатары выстаўляюць рэкламныя стэнды, праводзяць фотавыставы, конкурсы, дэманструюць прэзентацыі, ролікі, раздаюць рэкламную прадукцыю з запрашэннем зарэгістравацца ў якасці жадаючага працаўладкавацца.
Самыя важныя будоўлі
Яшчэ адной важнай вяхой надыходзячага працоўнага семестра, па словах Сяргея Клішэвіча, будзе павелічэнне колькасці беларускіх студатрадаўцаў на будаўніцтве АЭС у Астраўцы. Замест двухсот студэнтаў, якія летась працавалі на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, сёлета там будуць задзейнічаны больш за 400 маладых людзей. Да таго ж плануецца, што на гэты аб’ект прыедуць працаваць 55 студэнтаў з Расійскай Федэрацыі. У сваю чаргу па традыцыі нашы студэнты накіруюцца працаваць у Расію. Асноўным аб’ектам для іх працы сёлета стане будаўніцтва касмадрома “Усходні” ў Амурскай вобласці. А ў Астравецкім раёне ўжо адпрацавалі два беларускія атрады. Зараз там знаходзіцца адзін атрад, а ў хуткім часе пачнуць працаваць яшчэ тры.
У надыходзячым працоўным семестры, як і летась, будуць дзейнічаць абласныя маладзёжныя будоўлі. Так, у Брэсцкай вобласці гэта будзе ўзвядзенне маладзёжнага патрыятычнага цэнтра пры Брэсцкай крэпасці, у Гомелі — узвядзенне помніка камсамольцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама будаўніцтва новых аб’ектаў Беларускага металургічнага завода, у Гродне — рэканструкцыя Кургана Славы.
— Летась у Астраўцы даводзілася працаваць і па 8, і па 12 гадзін. Вытрымлівалі не ўсе, — расказвае Надзея Шахоўская. — Затое і зарабілі добра — ад 7,2 мільёна рублёў за месяц да 8,5 мільёна. Былі і такія, хто зарабіў да 16,5 мільёна за паўтара месяца. На абласных будоўлях байцы ў сярэднім атрымалі па 6,5 мільёна рублёў у месяц.
Безумоўна, на любы з названых важных аб’ектаў набіраюць людзей, якія ўжо маюць вопыт работы ў студэнцкіх атрадах. Так, на Беларускую АЭС едуць маладыя людзі, якія маюць разрад па рабочай спецыяльнасці, вопыт работы ў складзе студатрада. Хаця частка байцоў — студэнты, у якіх такога вопыту пакуль няма, але яны змогуць многаму навучыцца ў гэтых будаўнічых атрадах, каб потым прыйсці на змену старэйшым таварышам.
Сёлета на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі з’явяцца такія пасады, як камандзір і камісар будоўлі.
— Гэта студэнты з вялікім вопытам работы ў студатрадах, якія змогуць аб’яднаць вялікую колькасць людзей, — тлумачыць Сяргей Міхайлавіч, — наладзіць адпаведную ідэалагічную работу.
Карысна і крэатыўна
— Праца ў спалучэнні з якаснай выхаваўчай работай, я ўпэўнены, дае добры вынік, — сцвярджае С.М.Клішэвіч. — Таму мы лічым, што чым больш людзей ахопім работай у атрадах, тым больш выгадуем патрыётаў. Задача перад студатрадаўскім рухам стаіць такая: расці і якасна, і колькасна. Канечне, чым больш людзей, тым больш складана з імі працаваць, таму будзем пашыраць нашы штабы працоўных спраў. А пэўныя традыцыі ў нас ужо сфарміраваны, чым мы і ганарымся.
Так, у мінулым годзе праводзілася акцыя “Іх імёнамі названы студэнцкія атрады”. Сёлета яна пройдзе разам з расійскімі студатрадамі. Усім атрадам — і тым, што толькі створаны, і старым — будуць прысвоены імёны Герояў Савецкага Саюза або Поўных кавалераў ордэна Славы. Прычым не абавязкова ўраджэнцаў Беларусі, а і тых, хто змагаўся на нашай тэрыторыі.
— Байцы студатрадаў, канечне, вывучаць біяграфію герояў, чые імёны носяць іх атрады, наведаюць помнікі, калі такія існуюць, сходзяць да родных герояў, — гаворыць Н.А.Шахоўская. — Летась, напрыклад, зводны беларуска-расійскі атрад, які працаваў на ўзвядзенні Беларускай АЭС, быў названы імем Героя Савецкага Саюза Івана Данілавіча Лебедзева, які тады быў жывы, памёр, на жаль, у кастрычніку мінулага года. Зараз у Беларусі жывуць адзін Герой Савецкага Саюза і адзін Поўны кавалер ордэна Славы. Канечне, у іх гонар будуць названы студэнцкія атрады.
З 10 красавіка да 10 кастрычніка праходзіць і традыцыйная працоўная акцыя “Маладосць. Традыцыі. Будучыня”. Сродкі, сабраныя падчас акцыі, будуць накіраваны на рамонт, рэстаўрацыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, пахаванняў воінаў і партызан, пахаванняў у месцах масавай гібелі грамадзянскага насельніцтва. Падобныя месцы аб’яўлены аб’ектамі маладзёжнай увагі, а ўдзел у акцыі прымуць, зразумела, і байцы студэнцкіх атрадаў. Так, на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Прарыў” ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці плануецца накіраваць 30 мільёнаў рублёў, на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Камсамольцам і моладзі Любаншчыны” — 20 мільёнаў, рэканструкцыю мемарыяла “Героям Дняпроўскай бітвы” ў гарадскім пасёлку Лоеў — таксама 20 мільёнаў рублёў, на рэканструкцыю сквера імя Марата Казея ў Мінску — 40 мільёнаў.
А ў штогадовай акцыі “Моладзь за чысціню гарадоў і сёл”, якая праводзіцца разам з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прымуць удзел добраахвотніцкія атрады экалагічнай накіраванасці. Будуць праходзіць і іншыя конкурсы — ад глабальных “Працоўнага семестра” і конкурсу па зборы другасных рэсурсаў, у якім удзельнічаюць усе члены студатрадаўскага руху, да даволі кампактных “У аб’ектыве студатрад”, крэатыўнага конкурсу касак, лагатыпаў.
Марына ХІДДЖАЗ.