Школа як пачатковая прыступка фінансавай граматнасці. Ці магачыма такое? Канечне, упэўнены ў Пінску, таму і заняліся справай усур’ёз, узяўшыся за рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі стварэння крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя па павышэнні фінансавай граматнасці вучняў” у трох навучальных установах горада: сярэдняй школе № 3, гімназіі № 3 імя В.З.Каржа і Ліцэі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Што прадугледжвае праект, дзеля чаго задуманы, чаму вучаць пінскіх школьнікаў, павышаючы іх фінансавую граматнасць, мы папрасілі расказаць дырэктара сярэдняй школы № 3 Алену Мікалаеўну Лабачэўскую.
— Растлумачце, калі ласка, Алена Мікалаеўна, навошта школьнікам фінансавая гараматнасць і як яе прывіць дзяцям? Ды і што гэта наогул такое ў дачыненні да школьнікаў?
— Фінансавая граматнасць, гэтак жа, як і любая іншая, выхоўваецца доўга, на аснове прынцыпу “ад простага да складанага”, у працэсе шматразовага паўтарэння і замацавання, накіраванага на практычнае прымяненне ведаў і навыкаў. Фарміраванне карысных звычак у сферы фінансаў, пачынаючы з ранняга ўзросту, дапамагае пазбегнуць многіх памылак па меры сталення і набыцця фінансавай самастойнасці, а таксама закладвае аснову фінансавай бяспекі і дабрабыту на працягу жыцця. Сучасныя дзеці, падлеткі і моладзь з’яўляюцца актыўнымі спажыўцамі і ўсё больш прыцягваюць увагу рознічных гандлёвых сетак, вытворцаў рэкламы і банкаўскіх паслуг. У падобнай сітуацыі недахоп разумення і практычных навыкаў у сферы спажывання, зберажэння, планавання і крэдытавання можа прывесці да неабдуманых рашэнняў і ўчынкаў, за якія прыйдзецца расплачвацца на працягу многіх гадоў.
Такім чынам, фінансавая граматнасць — гэта веды аб фінансавых інстытутах і прадуктах, якія прапаноўваюцца на рынку, уменне імі карыстацца пры ўзнікненні патрэбы, разуменне наступстваў сваіх дзеянняў, здольнасць выкарыстоўваць гэтую інфармацыю для прыняцця разумных рашэнняў і г.д. Фінансавая граматнасць патрэбна сёння кожнаму.
А між тым у Беларусі, як і ў іншых краінах Усходняй Еўропы, узровень фінансавай граматнасці насельніцтва вельмі нізкі. Гэта спадчына сацыялізму, калі фінансавае планаванне сям’і стрымлівалася абмежаванымі магчымасцямі спажывання і адноснай стабільнасцю даходаў.
Укараненне ў нашай краіне праекта “Садзейнічанне пабудове нацыянальнай сістэмы павышэння фінансавай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” ва ўзаемадзеянні з Прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь вызначыла неабходнасць арганізацыі пераемнасці ў звязцы “ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі — установа вышэйшай адукацыі — фінансавыя інстытуты”, аб’яднання магчымасцей і рэсурсаў навучальных устаноў усіх узроўняў для павышэння якасці адукацыйнага працэсу, удасканалення яго змястоўнай напаўняльнасці і, у канчатковым выніку, для паспяховага самавызначэння выпускнікоў.
Вось і ў нашай школе з 2012/2013 навучальнага года да цяперашняга часу рэалізоўваецца інавацыйны праект Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі стварэння крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя па павышэнні фінансавай граматнасці навучэнцаў”.
Наогул, лічу, што фінансавая граматнасць маладых людзей, падлеткаў — важны сродак доўгатэрміновага аздараўлення сусветнай фінансавай сістэмы, эфектыўная мера павышэння стандартаў якасці жыцця і фінансавай бяспекі насельніцтва і будучых пакаленняў. Фінансава дасведчаныя людзі ў большай ступені абаронены ад рызык і непрадбачаных сітуацый. Яны больш адказна ставяцца да кіравання асабістымі фінансамі, здольныя павышаць узровень дабрабыту за кошт размеркавання наяўных грашовых рэсурсаў і планавання будучых выдаткаў. Не менш важна і тое, што яны могуць станоўча ўплываць на нацыянальную і сусветную эканоміку.
— Ці высвятлялі ў вашай школе ўзровень фінансавай граматнасці вучняў да пачатку рэалізацыі праекта?
— Пытанне заканамернае, бо агульная сярэдняя адукацыя ахоплівае большую частку дзяцей, і ў многіх краінах свету фінансавая граматнасць уводзіцца ў якасці самастойнага прадмета або ў рамках існуючых прадметаў. Аднак пакуль нельга казаць аб масавым укараненні фінансавай граматнасці ў адукацыйную практыку ўстаноў адукацыі Беларусі. Бацькі ў большасці выпадкаў таксама не могуць навучаць асновам фінансавай граматнасці сваіх дзяцей, бо самі не валодаюць дастатковым узроўнем ведаў і навыкаў у сферы кіравання фінансамі. Таму адміністрацыя школы сумесна з педагогам-псіхолагам падрыхтавала дыягнастычныя матэрыялы для правядзення даследавання па выяўленні ўстановак, якія ўплываюць на фінансавую актыўнасць, узровень ведаў, ступень сфарміраванасці фінансавых кампетэнцый, і з дапамогай класных кіраўнікоў мы правялі анкетаванне вучняў 8-9 класаў, іх бацькоў. Вынікі даследаванняў дазволілі выявіць аб’ектыўную карціну праблем, якія ляжаць у аснове абыходжання з грашыма і зберажэннямі, вызначыць прычыны гэтых праблем.
Так, вынікі апытання паказалі, што далёка не кожная сям’я пры ацэнцы свайго фінансавага стану ўлічвае такія фактары, як “выкрадальнікі грошай”: кава, напіткі, набыццё непатрэбных рэчаў, азартныя гульні, уздзеянне рэкламных аб’яў, спакусы супермаркетаў, зайздрасць і жаданне ўгнацца за суседам. 100% рэспандэнтаў на момант пачатку рэалізацыі праекта не змаглі назваць суму, якую яны хацелі б зарабляць, або суму, якую трацяць у месяц, што толькі пацвярджае той факт, што грошы ў цяперашні час застаюцца адным з самых вялікіх табу нашага грамадства.
На падставе атрыманых даных, якія сведчаць аб існаванні вялікіх праблем у фінансавай культуры і граматнасці, нам удалося дасканала спланаваць работу з дзецьмі па інавацыйным праекце, а таксама работу з бацькамі і прадстаўнікамі фінансавых інстытутаў.
— Думаю, не памылюся, калі скажу, што ў плане фінансавай асветы вучняў педагогам патрэбны і дапамога спецыялістаў у сферы фінансаў, і асаблівыя, магчыма, гульнявыя формы навучання…
— Безумоўна, недастаткова простага інфармавання аб магчымых інвестыцыях, аб вядзенні дамашняй бухгалтэрыі, страхаванні, крэдытах, укладах, недастаткова таксама навучання інтэрнэт-плацяжам, карыстанню аплатнымі пластыкавымі сродкамі, заклікаў да разумнага спажывання і зберажэння. Для таго каб навучыць людзей браць адказнасць за свае дзеянні, неабходна працаваць з іх матывацыяй і сістэмай каштоўнасцей, развіваць навыкі супрацоўніцтва, навучаць дзеяннем, а не на словах.
Такую стратэгію мы і развіваем на базе нашай школы. Педагогі, якія ўключаны ў інавацыйную дзейнасць (1-й і вышэйшай кваліфікацыйных катэгорый, кожны з якіх — сертыфікаваны карыстальнік інфармацыйных тэхналогій у адукацыі), вывучалі замежны вопыт работы з навучэнцамі адпаведнай узроставай катэгорыі (8-9 класы) па тэме праекта. Сістэмнае навукова-метадычнае забеспячэнне інавацыйнай дзейнасці ажыццяўляем дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з кансультантам — кандыдатам тэхнічных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры праграмнага забеспячення інфармацыйных тэхналогій БДУIP Н.У.Лапіцкай, праз удзел у семінарах, кансультацыі спецыялістаў. Для адлюстравання інавацыйнай дзейнасці на сайце школы стварылі раздзел “Фінансавы лікбез”, матэрыялы якога рэгулярна абнаўляюцца і папаўняюцца. На сайце ёсць спасылкі на інтэрнэт-парталы фінансавай накіраванасці. Тут можна адшукаць практычна любую інфармацыю па тэме.
Хачу звярнуць асаблівую ўвагу на работу нашых педагогаў з адукацыйнымі модулямі гульні “Фінансавы футбол”. Кампанія Visa — афіцыйны партнёр ФІФА, распрацавала і прадставіла ў 2010 годзе ў Беларусі новую адукацыйную камп’ютарную гульню “Фінансавы футбол”. Праект быў рэалізаваны пры садзейнічанні Асацыяцыі беларускіх банкаў, якая адаптавала гульню для беларускай аўдыторыі. Удзельнікі гульні адказваюць на пытанні, выбіраючы адказ з некалькіх варыянтаў, і могуць спаборнічаць з любымі сусветнымі футбольнымі камандамі на віртуальным полі чэмпіянату свету па футболе. У гульні прадугледжаны тры ўзроўні складанасці: для старшакласнікаў, студэнтаў і больш дарослай аўдыторыі. Сярод тэм пытанняў — кіраванне асабістым бюджэтам, правільнае карыстанне крэдытам і іншымі банкаўскімі паслугамі. Гульня таксама дае магчымасць для самастойнага навучання. З дапамогай чатырох навучальных модуляў удзельнік гульні можа даведацца пра тое, навошта патрэбны зберажэнні, як складаць бюджэт, што значыць быць крэдытаздольным і як выбраць патрэбную карту. Для школьнікаў такая фінансавая адукацыя ў гульнявой форме — адзін з найлепшых метадаў навучання.
А вось дзеля асветы бацькоў нашых вучняў у школе арганізаваны лекторыі па тэмах “Прадпрымальніцтва”, “Фінансавая граматнасць”. Прынамсі, апытанні бацькоў паказваюць высокую ступень задаволенасці якасцю адукацыйных паслуг, узроўнем патрабаванняў да навучэнцаў, стылем узаемаадносін, узроўнем ведаў і ўменняў.
— Пэўна, ужо можна падвесці нейкія прамежкавыя вынікі рэалізацыі праекта?
— Гаворачы аб інавацыйнай дзейнасці з верасня 2012 года па цяперашні момант, магу смела сказаць, што створаная ў школе фокус-група навучэнцаў валодае ў пэўным аб’ёме фінансавымі ведамі і кампетэнцыямі, здольная трансліраваць свой вопыт на больш шырокую аўдыторыю, у прыватнасці, перадаваць яго малодшым школьнікам. Спрыяе гэтаму і тое, што з мэтай пашырэння спектра форм адукацыйнай дзейнасці па павышэнні фінансавай граматнасці для навучэнцаў 8-9 класаў мы арганізавалі факультатыўныя заняткі. Класныя кіраўнікі праводзяць заняткі цыкла “Фінансавы лікбез”.
Дадам, што мы кантралюем веды, набытыя вучнямі на такіх занятках. Па выніках паўгоддзя ў гульнявой форме праводзім “Фінансавыя баі”, у рамках якіх навучэнцы распрацоўваюць праекты “Як я магу дапамагчы стаць сваёй сям’і багацейшай”, складаюць бізнес-планы. Знойдзена цікавая форма работы з навучэнцамі ў рамках аздараўленчага лагера на базе школы, а менавіта работа атрада фінансава-матэматычнай накіраванасці. Папулярнасцю сярод вучняў карыстаюцца гульні кампаніі “Игрика”, такія як “Грашовы паток” і FLIXA.
Ход рэалізацыі праекта і яго прамежкавыя вынікі пацвярджаюць актуальнасць такой мадэлі для сістэмы адукацыі нашай краіны. Гэта спрыяе падрыхтоўцы фінансава адукаваных навучэнцаў, здольных да вырашэння складаных эканамічных задач.
Гутарыла Марына ХІДДЖАЗ.