Якія яшчэ асацыяцыі, акрамя зорнай ночы, палатак на беразе возера і песень пад гітару, у вас выклікае спартыўны турызм? І ці можна турыстычны паход перавесці ў іншую плоскасць, зрабіць яго не проста адным з кароткачасовых варыянтаў летняй арганізацыі вольнага часу дзяцей, а стылем школьнага жыцця?
Так, можна. Больш за тое, у арганізацыі такога віду спорту, як школьны спартыўны турызм, можна спалучаць некалькі тэхнік, якія накіраваны не толькі на фізічнае, але і інтэлектуальнае развіццё школьніка. Якія гэта кірункі і як ім навучыць дзяцей? Якой у школе павінна быць матэрыяльна-тэхнічная база, каб спартыўны турызм можна было развіваць як паўнавартасны від пазашкольнай дзейнасці?
Пра гэта і іншае ведае настаўніца фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Барысава Настасся ГРЭЦКАЯ.
Настаўніца фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Барысава Настасся Мікалаеўна Грэцкая пачала захапляцца турызмам яшчэ ў той час, калі сама была вучаніцай. Для маленькай Насці прыкладам у многім была яе настаўніца па фізкультуры, якая і прывяла навучэнку ў турызм.
“У спартыўны турызм я ўпершыню прыйшла, калі вучылася ў сярэдняй школе № 20 Барысава, — расказвае Настасся Мікалаеўна. — Тады настаўніца фізкультуры Вольга Львоўна Антонава ўпершыню прывяла мяня ў турыстычны гурток і дапамагла палюбіць гэты від спорту. За гэта я ёй бязмерна ўдзячная. Ужо тады зразумела, што не толькі хачу займацца гэтым, але і буду імкнуцца перадаць усе свае веды і любоў да гэтага віду спорту вучням”.
7 гадоў назад Настасся Мікалаеўна прыйшла працаваць у гімназію № 3 Барысава і адразу па-свойму правільна расставіла акцэнты. Акрамя звычайных урокаў па фізкультуры, якія ў асноўным накіраваны на агульнае фізічнае развіццё дзіцяці, маладая настаўніца прапанавала кіраўніцтву навучальнай установы стварыць гурток па турызме. Н.М.Грэцкая абгрунтавала гэта тым, што для кожнага настаўніка, і для бацькоў таксама, прыярытэтным з’яўляецца здароўе дзяцей. А турыстычная дзейнасць і паходнае жыццё — гэта не толькі цікава, але і карысна для здароўя.
“Вы толькі задумайцеся над тым, як імкліва развіваецца свет, у якім мы жывём! Сёння чалавек можа пахваліцца наяўнасцю разнастайных тэхналогій, аксесуарамі і гаджэтамі, але не звяртае ўвагі як усё, што аблегчыла нам жыццё, мае згубны ўплыў на арганізм, — упэўнена Настасся Грэцкая. — Сёння нават можна не здабываць ежу, яе заказваюць у інтэрнэце. Мы перасталі хадзіць пешшу нават на недалёкія адлегласці, а проста садзімся ў аўтамабіль і едзем. Менавіта па гэтай прычыне сістэма адукацыі надае асаблівую ўвагу такой з’яве, як гіпадынамія. І каб справіцца з ёй, прадугледжаны розныя формы фізічнага выхавання. Актыўны рух на свежым паветры спрыяе загартоўванню арганізма і паляпшае здароўе. А турызм у дадатак да гэтага спрыяе выхаванню дапытлівасці, валявых якасцей. Знаёмства з новымі раёнамі, прыродай, сустрэчы з людзьмі ўзбагачаюць чалавека. Паходнае жыццё развівае назіральнасць, кемлівасць, адвагу, рашучасць, самастойнасць. І цудоўна, што гэтаму мы можам навучыць нашых дзяцей”.
Актыўную жыццёвую пазіцыю і жаданне настаўніцы прывіць вучням любоў да спорту падтрымаў увесь калектыў гімназіі. Менавіта так у навучальнай установе з’явіўся “Арыенцір” — гурток па спартыўным турызме.
“Група дзяцей, якія займаюцца турызмам, была сфарміравана яшчэ да майго прыходу ў гімназію, яе сабрала мая сястра, якая таксама працуе настаўніцай. Што тычыцца адбору дзяцей у секцыю, яго ў нас няма. У “Арыенцір” прыходзяць навучэнцы пачынаючы з 5 класа. Самым распаўсюджаным кірункам нашай дзейнасці з’яўляецца пешаходны турызм, таму што гэта самы даступны варыянт. У горадзе мы знаходзім розныя пляцоўкі для практыкі. Увогуле, турызм у нашай гімназіі — гэта не толькі фізічнае і прыкладное выхаванне, але і выхаванне маральных якасцей асобы школьніка. Таксама турызм — гэта эфектыўны сродак прывіцця здаровага ладу жыцця. Здароўю турыста могуць пазайздросціць многія. Яму не страшна прамачыць ногі, ён не баіцца ні ветру, ні дажджу. Турызм загартоўвае так, як ні адзін іншы від спорту, і я гэта дакладна ведаю, — з упэўненасцю сцвярджае настаўніца. — Акрамя загартоўвання, у турызму ёсць вялікая колькасць іншых мэт і магчымасцей. Так, дзякуючы заняткам у “Арыенціры” нашы навучэнцы пачалі праяўляць больш цікавасці да масавых відаў спорту. Акрамя гэтага, турызм спрыяе таму, каб дзеці ўдзялялі больш увагі правільнаму харчаванню. Дарэчы, сумяшчэнне здаровага харчавання і спорту — самая прафільная формула для здароўя. Немалаважным з’яўляецца і тое, што турызм дапамагае ў патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Падчас паходаў па родным краі ў дзяцей прабуджаюцца пачуцці любові да сваёй краіны, а таксама беражлівыя адносіны да прыроды”.
Рамантыка дарогі
Нельга недаацэньваць і тое, што дзецям школьнага ўзросту ўласціва імкненне да ўсяго незвычайнага, да прыгод і рамантыкі. Турызм — выдатны сродак, які дапамагае навучэнцам не толькі адпачыць ад урокаў, але і атрымаць асалоду ад прамога кантакту з прыродай, назірання за ёй.
“У паходзе навучэнцы раскрываюцца зусім з іншага боку, яны не такія, якімі мы іх бачым у школе, — дзеліцца назіраннямі Настасся Мікалаеўна. — У гэтых адносінах паход асабліва каштоўны для настаўніка, таму што дазваляе больш глыбока зразумець натуру кожнага з дзяцей, знайсці да іх падыход. Турызм спрыяе сапраўднаму ўзаемаразуменню і ўсталяванню адносін супрацоўніцтва паміж настаўнікам і навучэнцам. Гэта пасля пераносіцца і ў школу і паказвае толькі плюсы ў арганізацыі вучэбнага працэсу”.
Настасся Мікалаеўна, працуючы над турыстычным маршрутам, спрабуе зрабіць яго максімальна расшыраным, уключае ў праграму наведванне культурных і гістарычных славутасцей раёна. Гэта ў сваю чаргу пашырае кругагляд дзяцей і таксама станоўча адбіваецца на вучобе.
“Дзякуючы паходам мы вывучаем гістарычныя і культурныя мясціны Барысаўшчыны. Карыстаючыся выгадным прыродным і геаграфічным становішчам горада, з лёгкасцю складаем розныя маршруты, — працягвае знаёміць з асаблівасцямі турыстычнай дзейнасці Н.Грэцкая. — У вясенне-асенні перыяд арганізоўваем турыстычныя зборы ў лесапаркавай зоне раёна, сплаўляемся па Бярэзіне і Плісе. У зімовы перыяд праводзім лыжныя забегі ў масіве “Лясная горка”, а летам традыцыйна выходзім у 9-дзённы палатачны паход па месцах баявой славы Барысаўшчыны “Пазнай Радзіму і выхавай сябе”. Штомесяц мы з камандай выязджаем на гарадскія, абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы, дзе паказваем добрыя вынікі”.
Каманда турыстаў гімназіі не толькі ходзіць у звычайныя паходы, закінуўшы рукзак за плечы, але і прымае ўдзел ва ўсемагчымых конкурсах, звязаных з фізкультурай і спортам. На працягу ўсяго навучальнага года настаўніца і яе падарожнікі ўдзельнічаюць у велапаходах, а таксама дэманструюць сваё майстэрства падчас конкурсаў па фігурным ваджэнні веласіпеда, у спартыўным арыентаванні.
“На рахунку нашай каманды вельмі шмат конкурсаў і столькі ж перамог, — з гордасцю кажа пра сваіх дзяцей настаўніца фізкультуры. — Навучэнцы заўсёды з задавальненнем спаборнічаюць і ў конкурсах па пешаходным турызме, і ў лыжным арыентаванні, а таксама адклікаюцца на прапановы прыняць удзел у турыстычных злётах. На працягу года мы ўдзельнічаем у спартыўнай турыядзе, дзе паказваем высокія вынікі і тым самым пацвярджаем статус сваёй гімназіі, якая, дарэчы, імкнецца не толькі да таго, каб нашы дзеці былі выдатнікамі ў вучобе, але і каб былі здаровымі і спартыўнымі. На кожным са спаборніцтваў нашы навучэнцы выкладваюцца на ўсе 100%”.
Эфектыўнасць і вынік спаборніцтваў, у якіх бяруць удзел гімназісты, можна ўбачыць на старонках газеты, што выдаецца ў гімназіі. Карыстальнікі сацыяльных сетак ацэньваюць спартыўна-турыстычную дзейнасць сваіх равеснікаў па фота і анлайн-відэарэпартажах, якія пастаянна трансліруюцца ў прамым эфіры.
Працаваць на эфект даверу і збліжэнне сям’і
Настасся Мікалаеўна ўпэўнена, што любая дзейнасць, якую арганізоўвае ўстанова адукацыі, будзе прыносіць яшчэ большы вынік, калі да яе далучыць бацькоў. Таму ў секцыю па турызме будзе прапанавана далучыцца мамам і татам. Сумесныя паходы, а таксама ўдзел у турыстычных злётах, будуць працаваць на эфект даверу паміж дзецьмі і бацькамі, збліжэнне школы і сям’і.
“Турыстычнае жыццё вучыць многаму: за гады сумесных трэніровак навучэнцы праявілі сябе як згуртаваны, дружны, зладжаны калектыў, дзе цэніцца асоба, улічваюцца здольнасці і магчымасці кожнага ўдзельніка каманды. У турыстычным паходзе сапраўды вучышся пераносіць цяжкасці, аказваць дапамогу пацярпеламу таварышу, пераадольваць
любыя перашкоды. Мае турысты ідуць
з дэвізам “У турыста няма дрэннага надвор’я, а ёсць непадыходзячае адзенне”. Такая ўстаноўка дысцыплінуе і рыхтуе дзяцей да жыцця. Мая каманда становіцца пераможцай ці прызёрам амаль ва ўсіх спаборніцтвах.
Выдатныя вынікі ва ўсіх тэхніках турызму паказваюць Варвара Сомава, Дзяніс Валасач, Яна Бяласіна, Давід Гневышаў, Максім Маслаў, Мікіта Сюткін, а таксама Вера Суднік”.
Расказваючы пра дасягненні дзяцей, Настасся Грэцкая сціпла замоўчвае свае, а іх у настаўніцы безліч. Настасся Мікалаеўна не толькі трэніруе дзяцей, але і сама актыўна займаецца спортам, выступае ў шматлікіх гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.
“У мяне ёсць свой дэвіз, з якім іду па жыцці. Лічу, што заўсёды трэба ісці наперад, ніколі не спыняцца на дасягнутым. Хто, калі не мы, будзе перадаваць свае веды і любоў да спорту, прыцягваць дзяцей і моладзь да турызму?” — задае настаўніца рытарычнае пытанне.
Летам, пакуль турыстычная зборная гімназіі на канікулах, Настасся Мікалаеўна працуе ў загарадным аздараўленчым лагеры, дзе таксама не забывае пра работу, якую лічыць самай лепшай. За тры тыдні, пакуль доўжыцца змена, настаўніца паспрабуе захапіць турызмам і дзетак з іншых школ раёна, тым больш што ўмовы для гэтага самыя спрыяльныя. Сумнявацца ў тым, што ў Настассі Грэцкай усё атрымаецца, няма ніводнай падставы. Той, у каго ад сваёй справы гараць вочы, вельмі лёгка “запальвае” і іншых.
Наталля
САХНО.
Фота з архіва Н.Грэцкай.