9 дзён іншага жыцця

У летні час педагогі імкнуцца максімальна заняць дзяцей з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы: прышкольны летнік, другасная занятасць, накіраванне ў загарадны лагер, кантроль за адпачынкам на дваровых пляцоўках… Але такі клопат часам дае нечаканы вынік: нетрывалыя дзіцяча-бацькоўскія адносіны ў сацыяльна небяспечнай сям’і разбураюцца канчаткова, і бацькі цалкам перакладаюць цяжар і адказнасць за выхаванне дзяцей на педагогаў, школу, грамадскасць. Як дасягнуць балансу: гарантаваць бяспеку і карысную занятасць дзяцей з сацыяльна небяспечных сем’яў і адначасова не аддаліць дзяцей і бацькоў адно ад аднаго? Пра гэта ведаюць арганізатары адукацыйнага лагера для дзяцей і мам, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, які быў арганізаваны ў Мінскім раёне.

Каб зразумець, як стала магчымым арганізаваць падобны лагер, варта пачаць з перадгісторыі. Вясной бягучага года грамадскае аб’яднанне “Здаровы выбар” сумесна са шведскай арганізацыяй Adoptionscentrum пачала рэалізацыю праекта “Праз адказнасць сям’і да зніжэння сацыяльнага сіроцтва”. Гэты дабрачынны праект быў узгоднены з упраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама: менавіта на тэрыторыі Мінскай вобласці мяркуецца правядзенне шэрагу запланаваных у рамках праекта акцый і мерапрыемстваў, у тым ліку і па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці. У прыватнасці — арганізацыя работы сямейных клубаў на базе сацыяльна-педагагічных цэнтраў пяці раёнаў Мінскай вобласці, супрацоўніцтва з дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу, правядзенне семінараў-практыкумаў для спецыялістаў краіны. Так, на сёння ўжо прайшлі двухдзённыя семінары ў Мінску і Мінскай вобласці для спецыялістаў, якія суправаджаюць замяшчальныя сем’і. Правядзенне ж адукацыйнага лагера для мам і дзяцей па задумцы аўтараў праекта павінна было стаць працягам работы па рэабілітацыі сем’яў, з якімі вялася работа ў сямейных клубах.
Лагер быў арганізаваны на базе аздараўленчага цэнтра “Світанак” Мінскага раёна. На працягу дзевяці дзён 15 дзяцей і 9 мам з Крупскага, Капыльскага, Слуцкага, Клецкага і Уздзенскага раёнаў тут адпачывалі і ….вучыліся быць адзіным цэлым — сям’ёй. Ідэя простая: вырваць праблемную маму са згубнага асяроддзя і паказаць ёй мноства цікавых спраў, якімі яна магла б займацца са сваімі дзецьмі.
— Асноўная задача гэтага лагера — праз сумесную творчасць, заняткі з псіхолагам паказаць мамам, што можна цікава праводзіць час з уласнымі дзецьмі, што вырашыць свае праблемы з дапамогай алкаголю немагчыма, а вось пры падтрымцы спецыялістаў, якія не збіраюцца вучыць жыццю, а могуць проста дапамагчы і падтрымаць у складаную хвіліну — зусім рэальна, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Вольга Мікалаеўна Глінская.
Арганізатары гэтага незвычайнага лагера шчыра прызнаюцца: прыцягнуць сем’і да ўдзелу ў праекце было не так проста. Бо кожная з іх — гэта свая складаная і неадназначная гісторыя і свой боль. У кагосьці сур’ёзна хварэюць дзеці, і бацькі шукаюць пазбаўлення ад жыццёвых цяжкасцей у чарцы. Кагосьці да злоўжывання алкаголем прыводзяць сямейныя праблемы. Вось Наталля прыехала ў лагер з дзвюма дочкамі. На пытанне, як так здарылася, што ў яе ў свой час забралі дзяцей, Наталля адказвае коратка: не справілася з сабой, з тымі праблемамі, што абрынуліся на сям’ю. Муж злоўжываў спіртнымі напоямі, як вынік — пастаянныя спрэчкі, канфлікты, з цягам часу муж стаў падымаць руку на жонку. І ў нейкі момант жанчына, відаць, для таго, каб неяк мінімізаваць гэтую агрэсію, пачала пакрыху выпіваць разам з мужам. Чарка за чаркай — і не заўважыла, як сама прывыкла да алкаголю. А далей — наркалагічны ўлік, сацыяльна небяспечнае становішча, адабранне дзяцей. Але яна ўсё ж знайшла ў сабе сілы вярнуцца да нармальнага жыцця. Натуральна, што для гэтага ёй спатрэбілася дапамога спецыялістаў.
— Галоўная ўмова для ўдзелу ў праекце — жаданне мам, сем’яў у цэлым змяніць жыццё да лепшага, — гаворыць каардынатар праектаў грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар” Таццяна Пімкова.
Дарэчы, Таццяна знаходзілася ў лагеры разам са сваёй дачкой і ўласным прыкладам паказвала, якімі могуць быць адносіны з дзецьмі. Цёплымі, клапатлівымі, без канфліктаў і сварак.
— Для мяне як псіхолага гэта таксама новы вопыт, а як мама я яшчэ раз пераконваюся ў правільна расстаўленых сямейных прыярытэтах, — дзеліцца думкамі Таццяна.
Як адзначаюць спецыялісты, што суправаджалі работу лагера, першапачаткова мамы, канечне ж, былі вельмі закрытымі: расказваць, чаму аказаліся ў такім становішчы, не жадалі. Вельмі яскрава прасочвалася, што ў сваіх праблемах яны вінавацілі каго заўгодна, але толькі не сябе. “Гэта не я злоўжываю, гэта муж” — стандартная адгаворка практычна ўсіх мам падчас першых дзён у лагеры. Але ў пэўны час адна мама набралася смеласці і выказалася: “Ну хоць перад сабой вы можаце быць шчырымі? Калі вашай віны няма, то чаму вас паставілі на ўлік?!” І гэта стала нібыта адпраўным пунктам для таго, каб жанчыны прызналі, што праблемы існуюць у кожнай з іх. А прызнаць — значыць, пачаць працаваць над іх выкараненнем.
Мамы самі пачалі казаць пра многія ўласныя праблемы: пытанні са свайго дзяцінства; адказнасці за тое, чаму так здарылася, што яны апынуліся на дне; што ім дапамагае ў жыцці адрадзіцца.
— У нас кожны дзень праходзілі мерапрыемствы, — расказвае Таццяна Пімкова. — Гэта і псіхалагічныя трэнінгі, і семінары, падчас якіх абмяркоўвалі самыя розныя пытанні (адказнасць за выхаванне дзяцей, павышэнне псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў, удасканаленне бацькоўскай кампетэнтнасці), і разнастайныя гурткі: мамы з дзецьмі займаліся кітайскім роспісам, дэкупажам. Усе мерапрыемствы былі накіраваны на гарманізацыю зносін мам і дзяцей. Праз усе гэтыя мерапрыемствы мамы бачылі іншы бок жыцця як для сябе асабіста, так і для сваіх дзяцей. Яны навучыліся праводзіць час разам з дзецьмі. Аказваецца, з дзецьмі можна маляваць, ляпіць з пластыліну, размалёўваць гіпсавыя фігуркі, шыць мяккія цацкі. Тое, што для многіх натуральна і звычайна, для іх — адкрыццё.
Дарэчы, тое, што звычайныя зносіны з ўласнымі дзецьмі — для многіх мам сапраўднае адкрыццё, было вельмі прыкметна падчас работы лагера. Спачатку дзеці па старых сямейных традыцыях былі пакінуты на саміх сябе — ёсць бацькі, ёсць дзеці. Потым жа, нават за такі кароткі прамежак часу, сітуацыя пачала змяняцца: у мам павышалася адказнасць за дзяцей, яны імкнуліся да таго, каб дзеці былі побач, каб разам заняцца нейкімі справамі.
— Гэтыя дзеці і мамы вельмі любяць адно аднаго, — адзначае Таццяна Пімкова. — Як вядома, дзеці з такіх алкагалізаваных сем’яў вельмі клапоцяцца аб сваіх бацьках. “Ці не холадна табе?”, “Можа, прынесці цёплае адзенне?”, “А куды пайшла мама?”, “А ці снедала яна?”— гучала з вуснаў дзяцей. Спачатку нават складвалася ўражанне, нібыта дарослыя і дзеці памяняліся ролямі. Мамы ж успрымалі такі клопат як штосьці натуральнае. Але з цягам часу паступова пачала з’яўляцца зваротная сувязь і мамы больш уважліва сталі ставіцца да дзяцей. А праз некалькі дзён пасля пачатку змены мамы самі арганізавалі штодзённую сумесную ранішнюю зарадку. Дробязь? Для гэтых сем’яў — зусім не, бо мамы не толькі ўзялі на сябе ініцыятыву па арганізацыі сумесных заняткаў, але і штодня прытрымліваліся запланаваных мерапрыемстваў. Сапраўдным адкрыццём стала для бацькоў, што можна жыць інакш. Адрыццём было і для дзяцей тое, што іх мамы могуць быць іншымі.
— Безумоўна, арганізацыя такога летніка мае сэнс толькі ў комплекснай рабоце, — працягвае Таццяна Пімкова. — Калі сабраць непадрыхтаваныя сем’і, вывезці іх на нейкі час на аздараўленне, а потым вярнуць у звычайнае асяроддзе без далейшай падтрымкі і дапамогі, наўрад ці можна чакаць трывалага выніку. Толькі комплексная работа, прычым на ўсіх узроўнях і напрамках па аднаўленні сям’і — ад наладжвання адносін паміж членамі сям’і да ўладкавання на работу — прынясе станоўчы вынік. І вось тады, калі сітуацыя ідзе на паляпшэнне, яшчэ адным сувязным звяном можа быць арганізацыя такога лагера. Гэта дазваляе сям’і знайсці свае станоўчыя рэсурсы. А яны ёсць амаль заўсёды.
Арганізатары летніка ўпэўнены: вынік ад гэтай дзейнасці будзе, бо, пакідаючы лагер, мамы добра разумелі, што ў іх ёсць выдатны шанс карэнным чынам змяніць сітуацыю, бо ёсць іншыя, пазітыўныя спосабы вырашэння жыццёвых праблем. Можна па-іншаму будаваць адносіны з дзецьмі, можна знайсці ўзаемапаразуменне і падтрымку ў сям’і.

Алена МАРКЕВІЧ.