Злёт студэнцкіх атрадаў “З восені — у лета!” па выніках трэцяга працоўнага семестра адбыўся ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. У артпрасторы BSPU HALL падведзены вынікі конкурсу на лепшыя студэнцкія атрады, прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне камандзіраў і лепшых байцоў атрадаў.
Мінулым летам больш за 570 студэнтаў педуніверсітэта імя Максіма Танка працавалі ў складзе 35 атрадаў у Мінскай і Віцебскай абласцях і Мінску. І, як заўсёды, для многіх такая работа, перш за ўсё ў складзе педагагічных атрадаў, стала магчымасцю не толькі зарабіць, але і набыць прафесійны вопыт, рэалізаваць свае аўтарскія педагагічныя праграмы, знайсці новых сяброў.
Працавалі ж студэнты не толькі ў педатрадах. Так, удзельнікі атрада “Сэрвіс+” рамантавалі інтэрнаты БДПУ і добраўпарадкоўвалі прылеглыя тэрыторыі. Ва ўніверсітэце працаваў штаб “Абітурыент”, удзельнікі якога сустракалі абітурыентаў, дапамагалі ім. Як ужо многа гадоў, летам дзейнічаў валанцёрскі атрад “Дзеці сталіцы”, што працуе ў школах Мінска, арганізоўваючы адпачынак дзяцей, якія летам засталіся ў горадзе.
— Мы ганарымся тым, што сёлета атрымалі шмат падзяк ад кіраўніцтва аздараўленчых лагераў, цэнтраў. У падзяках гаворыцца пра тое, што вы таленавітыя, што вы працавалі з душой, уклалі часцінку сябе ў падрастаючае пакаленне, — сказала першы прарэктар БДПУ Святлана Іванаўна Копцава. — Таму вы вялікія малайцы! Тое, што вы робіце, вельмі важна, вы сваёй работай прасоўваеце імідж Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, імідж педагога.
Больш за 570 студэнтаў педуніверсітэта імя Максіма Танка мінулым летам працавалі ў складзе 35 атрадаў.
А потым пачалося ўзнагароджанне. Першымі сталі сапраўдныя лідары — камандзіры студэнцкіх атрадаў, за імі — лепшыя байцы. Дыпломы і памятныя падарункі ад БРСМ атрымалі Ульяна Высоцкая — камандзір педагагічнага атрада “Інклюзіў” Інстытута інклюзіўнай адукацыі; Дзіяна Туміловіч — педагагічны атрад “Імпульс” Інстытута псіхалогіі; Вікторыя Назаранка — камандзір педатрада “Пралеска” факультэта дашкольнай адукацыі; Валянціна Загурская — баец педагагічнага атрада “Інтэграл” фізіка-матэматычнага факультэта; Марыя Камінская з педатрада “Ліра” факультэта эстэтычнай адукацыі і многія іншыя.
Пэўныя студэнцкія атрады атрымалі ўзнагароды ў спецыяльных намінацыях. Напрыклад, “За захаванне традыцый студатрадаўскага руху” — педатрад “Данка” факультэта пачатковай адукацыі, які працуе больш за 10 гадоў, быў лепшым атрадам БДПУ, перамагаў у конкурсе студэнцкіх атрадаў Маскоўскага раёна сталіцы. Адбылася таксама цырымонія ўзнагароджання ў намінацыі “Дэбют года”, у якой сярод іншых быў адзначаны атрад “Сэрвіс+”.
Пераможцамі конкурсаў “Адзін дзень з жыцця важатага” і “Лепшы важацкі праект” сталі Ірына Казакевіч, баец педагагічнага атрада “Беларусачка-start” Інстытута інклюзіўнай адукацыі, і Паліна Помазава, баец педатрада “Імпульс”, якая стварыла праект “Майстар-клас “Цестапластыка”.
Завяршальным акордам злёту было ўшанаванне лепшых студэнцкіх атрадаў БДПУ. Дыплом ІІІ ступені атрымаў педагагічны атрад “Імпульс” Інстытута псіхалогіі, ІІ ступені — педагагічны атрад “Ніка” факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій, І ступені — педатрад “Ястрабяняты” факультэта прыродазнаўства і педатрад “Беларусачка” Інстытута інклюзіўнай адукацыі.
Гран-пры прысуджана педагагічнаму атраду “Сузор’е”, які з 2015 года працуе на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. Дарэчы, па выніках 2020 года атрад быў прызнаны лепшым студэнцкім педагагічным атрадам на рэспубліканскім конкурсе.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Сяргея ЛЕЙБУКА.