Цэнтр разумных і ашчадных

Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй добра вядомы не толькі ў сваім рэгіёне, бо ўстанова заслужаная, паспяховая, з асаблівасцямі. Адна з гэтых асаблівасцей звязана з тым, што ліцэй з’яўляецца дэманстрацыйнай зонай высокай энергетычнай эфектыўнасці Рэспублікі Беларусь. Зразумела, што для атрымання і захавання такога статусу ліцэй зрабіў многае пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама і Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь.

— Наш ліцэй адкрыты ў 1996 го­дзе, — расказвае дырэктар установы Сяргей Анатольевіч Рыдны. — У нас два класы фізіка-матэматычнага кірунку, гісторыка-грамадазнаўчы эканамічны, тры хіміка-біялагічныя класы, класы з лінгвістычным кірункам. У ліцэі вучацца 430 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Гомельскай вобласці, маем інтэрнат на 200 месцаў, плата за месца складае 2 рублі 90 капеек у месяц. У мінулым навучальным годзе ў ліцэі было 208 выпускнікоў, з якіх 206 паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, 88% з іх — на бюджэтныя месцы. З 208-мі чалавек 39 былі медалістамі, сярэдні бал ЦТ склаў 78. 

Ва ўстанове палічылі, што для паспяховага навучання і выхавання ліцэістаў важна ўсё, таму выхаванне беражлівага стаўлення да энергарэсурсаў не будзе лішнім. Наадварот, гэта сучасна, важна, цікава. Разменьвацца на дробязі не сталі (дапамаглі партнёры): каб набыць статус дэманстрацыйнай зоны рэспубліканскага ўзроўню, правялі шэраг энергазберагальных мерапрыемстваў. Так, у ліцэі замянілі вокны, устанавілі энергазберагальныя свяцільні, ажыццявілі тэрмарэнавацыю сцен і нават пабудавалі ўласную фотаэлектрастанцыю, якая пакрывае 20% патрэбнасці ліцэя ў электраэнергіі. На даху ўстаноўлены 84 панэлі, з дапамогай якіх сонечная энергія ператвараецца ў электрычную. Ёсць тут і рэгулятар цяпла, і яго рэкуператар у сталовай.

— Мы задзейнічаем камп’ютарны інфармацыйна-праграмны комплекс “Энергадазор”, які ў рэжыме рэальнага часу адсочвае выпрацоўку і расходаванне электраэнергіі, а таксама расходаванне вады і цяпла. Самі кантралюем расход усяго гэтага і можам планаваць расходы на камунальныя паслугі, — тлумачыць Сяргей Анатольевіч. — Такі дакладны кантроль дазваляе эканоміць на камунальных плацяжах 39% сродкаў у параўнанні з тым перыядам, калі мы не засяроджваліся на энергазберажэнні.

Дакладны кантроль дазваляе эканоміць на камунальных плацяжах 39% сродкаў у параўнанні з тым перыядам, калі ў Гомельскім дзяржаўным абласным ліцэі не засяроджваліся на энергазберажэнні.

Таксама ў ліцэі створаны музей энергазберажэння, дзе і ліцэісты, і навучэнцы школ, іншых устаноў вобласці, пачына­ючы з дзіцячых садоў і заканчваючы ўніверсітэтамі, вучацца энергазберажэнню. Экспанаты музея — гэта, напрыклад, розныя прылады для асвятлення: ад лучыны да сучасных свяцільняў. Прадстаўлены тут і навуковыя распрацоўкі навучэнцаў. Ёсць мультыборд, з дапамогай якога экскурсантам дэманструюць слайды аб перапрацоўцы нафты, рабоце Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, выплаўцы сталі, здабычы мінеральных угнаенняў і г.д. Экспанатаў не адна сотня, як і ў экалагічным цэнтры ліцэя, які працуе з 1996 года і ў якім сабрана калекцыя водных раслін і рыб з розных кантынентаў.

У такім рэжыме Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй жыве шосты год — менавіта столькі налічвае яго знаходжанне ў статусе дэманстрацыйнай зоны. Тут у дзяцей і падлеткаў фарміруецца беражлівае стаўленне да расходавання электрычнасці, вады, цяпла, з’яўляецца цікавасць да прафесій, звязаных з энергетыкай, экалогіяй, медыцынай. А яшчэ кіраўнік установы адукацыі перакананы, што тут фарміруюць не толькі якасці розуму, навучаючы школьным прадметам, але і якасці душы, уключаючы паважлівае стаўленне да прыродных рэсурсаў.

— Калі ў дзяцей фарміруецца ціка­васць, у іх з’яўляецца мэта, а мы дапама­гаем ім знайсці шлях да гэтай мэты, — гаворыць С.А.Рыдны. — Калі чалавек паставіў мэту, ідзе да яе і атрымлівае вынік, ён прыходзіць да шчасця. А шчасце і развіццё і складаюць сэнс жыцця.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.