На ростанях: калі жаданне супадае з магчымасцю

У Парэцкай сярэдняй школе Гродзенскага раёна больш чым 5 гадоў назад для навучэнцаў 9—11 класаў быў створаны прафарыентацыйны клуб “Ветразь”. Акрамя асноўнага кірунку — тэарэтычнай дапамогі ў выбары прафесіі — “Ветразь” дае дзецям магчымасць прымераць на сябе розныя прафесійныя ролі і вызначыцца, у якой з іх ім больш камфортна. Але і гэта яшчэ далёка не ўсё. У клубе можна атрымаць псіхалагічную кансультацыю, а таксама прывесці сюды бацькоў: ім кіраўнік праекта даступна патлумачыць, чаму выбар дзіцяці варта безапеляцыйна прыняць і не даказваць, што “гэта не прэстыжна” і “там мала плацяць”.  

Пра тое, як працуе клуб, расказала  педагог-псіхолаг Ганна Станіславаўна Ілючэк.

Асноўная задача, якую ставіць перад сабой кіраўнік клуба, — гэта дапамога падлеткам у выбары прафесіі. Як расказала Ганна Станіславаўна, работа “Ветразя” ажыццяўляецца ў адпаведнасці з планам, што распрацоўваецца на кожны навучальны год.

“Традыцыйна ў клубе праводзяцца пасяджэнні, яны адбываюцца адзін раз на два тыдні па суботах, — расказвае кіраўнік праекта. — Мэтавая аўдыторыя “Ветразя” — падлеткі 14—17 гадоў, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі ў прафесійным вызначэнні.

Пасяджэнні праходзяць у форме групавых кансультацый, практыкумаў, трэнінгаў, дзелавых, ролевых, псіхатэхнічных гульняў, экскурсаў у прафесіі. Усе заняткі плануюцца з улікам вынікаў дыягностыкі, узросту навучэнцаў і іх асобасных патрэб, што, несумненна, павышае эфектыўнасць работы.

“Удзельнікі клуба з задавальненнем уключаюцца ў праектна-даследчую дзейнасць па тэматыцы, якая іх цікавіць, вучацца распрацоўваць праграму праектавання сваёй будучыні, — працягвае Ганна Станіславаўна. — Члены клуба ро­бяць першыя крокі ў прафесію, дзякуючы дням дублёра, што  праводзяцца ў школе. Падчас іх старшакласнікі на практыцы знаёмяцца з прафесіяй настаўніка-прадметніка, педагога-псіхолага, сацыяльнага педагога, лабаранта, педагога-арганізатара. Таксама дзеці вучацца асновам кіраўніцкай і гаспадарчай дзейнасці: вясной удзельнікі клуба прымаюць удзел у пасадцы дрэў у Гродзенскім лясгасе, даглядаюць расліны ў школьным дэндрарыуме. У летні перыяд раённы Цэнтр занятасці насельніцтва прапануе навучэнцам паспрабаваць сябе ў ролі падсобных рабочых у складзе вытворчай брыгады, якая задзейнічана падчас правядзення касметычнага рамонту ў школе”.

У рамках клуба, дарэчы, рэалізуецца і карэкцыйна-развіццёвая праграма па псіхолага-педагагічнай падтрымцы выпускнікоў “Я гатовы да выпрабаванняў”. Сэнс праграмы не столькі ў развіцці і карэкцыі пэўных навыкаў: яна накіравана на дапамогу ў адаптацыі да псіхалагічнай нагрузкі.  Напрыклад, старшакласнікі даведваюцца, як лепш падрыхтавацца да экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, як змагацца са стрэсам, а таксама вывучаюць спосабы пазбаўлення ад нервова-псіхалагічнага напружання, вучацца кантраляваць свае эмоцыі і паводзіны.

“Бацькі з’яўляюцца паўнапраўнымі суб’ек­тамі адукацыйнага працэсу. Часта менавіта іх меркаванне ў прафесійным самавызначэнні выпускнікоў часцей за ўсё становіцца вызначальным. Таму неад’емнай часткай работы клуба з’яўляецца ўзаема­дзеянне з бацькамі выпускнікоў. Як правіла, работа будуецца ў форме індывідуальнага кансультавання. Так, мы прапануем мамам і татам шматлікія групавыя кансультацыі, сустракаемся з імі, каб пагаварыць па наступных тэмах: “Што сёння трэба вашаму дзіцяці?”, “Спраўляемся з няўдачай разам!”, “Як дапамагчы падрыхтавацца да іспыту і ЦТ?”, “Падлетак на ростанях: паміж жаданнямі і магчымасцямі”, “Чалавек і справа: меркаванне дарослага, які важны для падлетка”, “Генеалогія сямейных прафесій”, “Роля бацькоў у жыццёвым самавызначэнні падлетка”. Дарэчы, на працягу года ў нашым клубе праводзяцца індывідуальныя кансультацыі для настаўнікаў, класных кіраўнікоў, падчас якіх размаўляем на тэму “Стратэгія падтрымкі навучэнцаў з рознымі відамі эмацыянальнага напружання”. Як вядома, напружанне можа быць трывожным, няўпэўненым, перфекцыянісцкім і інш.”, — працягвае школьны псіхолаг.

Гульні ў пясочніцы

Поспех любога праекта ў першую чаргу залежыць ад правільнасці яго арганізацыі. Што тычыцца псіхолага-педагагічнай падтрымкі навучэнцаў у прафесійным самавызначэнні, то ў “Ветразі” яна арганізавана па некалькіх важных кірунках. Са слоў Ганны Ілючэк, не проста важнай, а неабходнай з’яўляецца аналітыка-дыягнастычная дзейнасць, якая ўключае псіхолага-педагагічнае даследаванне асобы вучняў, дыягностыку агульных і прыватных праблем, арганізацыю самапазнання падлетка, падрыхтоўку рэкамендацый.

“Абавязкова праводжу маніторынг прафесійнага самавызначэння навучэнцаў адносна выбару іх далейшай адукацыі. Так можна  ацаніць эфектыўнасць педагагічнага ўздзеяння, — упэўнена псіхолаг. — Таксама займаюся вывучэннем індывідуальных асаблівасцей асобы навучэнцаў, выяўленнем іх прафесійных інтарэсаў. Імкнуся да таго, каб пры дапамозе псіхалагічных тэхнік вызначыць матывы выбару прафесіі: такім чынам можна знайсці да навучэнца індывідуальны падыход, пабудаваць індывідуальную адукацыйную траекторыю. Падлетак без паўнавартаснай інфармацыі аб самім сабе, без дакладнага ўяўлення аб сваіх здольнасцях, уменнях, недахопах не можа суаднесці сябе з прафесіяй. Не маючы аб’ектыўнага ўяўлення аб сваіх псіхалагічных і асобасных якасцях, падлеткі, як правіла, не задаволены сабой, і гэта становіцца моцным стымулам для наступнай работы па самаразвіцці, самавыхаванні. Маючы інфармацыю аб псіхалагічных і асобасных асаблівасцях, навучэнец атрымлівае магчымасць развіць у сабе такія якасці асобы, якія спатрэбяцца ва ўпадабанай яму прафесійнай галіне”.

Для правядзення дыягнастычнай работы спецыяліст выкарыстоўвае шэраг распрацовак. Так, прымяняюцца тэсты-апытальнікі, накіраваныя на выяўленне камунікатыўных і арганізатарскіх здольнасцей, самаацэначныя методыкі,  актывізуючыя апытальнікі, гараскоп прафесій і інш. Напрыклад, для дыягностыкі прафесійнага самавызначэння эфектыўнай з’яўляецца тэорыя прафесійнага выбару, якую распрацаваў амерыканскі прафесар Джон Генры Холанд. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што поспех чалавека ў прафесійнай дзейнасці магчымы, але пры ўмове, калі яго асоба будзе адпавядаць тыпу яго прафесійнага асяроддзя.

Менавіта таму, як лічыць Ганна Станіславаўна, людзі імкнуцца знайсці тое прафесійнае асяроддзе, якое будзе адпавядаць яго тыпу і дазволіць больш поўна раскрыць свае здольнасці, выказаць каштоўнасныя арыентацыі. “Метад прафесійнага самавызначэння па Джону Генры Холанду дазваляе суаднесці схільнасці, здольнасці і інтэлект з рознымі прафесіямі, што ў сваю чаргу дапамагае зрабіць правільны выбар, — працягвае расказваць псіхолаг. — Для навучэнцаў вынікі дыягнастычнай дзейнасці носяць арыенціровачны характар, у той час як для псіхолага, педагога з’яўляюцца важным паказчыкам. Менавіта з улікам атрыманых вынікаў i плануецца дзейнасць клуба”.

У прафарыентацыйнай рабоце з падлеткамi псіхолаг выкарыстоўвае многа  методык. Адна з іх — пясочная тэрапія. Работа з гэтым матэрыялам прыносіць добрыя вынікі не толькі для вырашэння праблем псіхалагічнага характару. Так, дзякуючы кантакту з пяском навучэнцы праходзяць праз многія этапы  пазнання: самапазнанне, вывучэнне пазнавальных інтарэсаў, вызначэнне прафесійных схільнасцей і здольнасцей. Дзякуючы пясочнай тэрапіі ў падлеткаў адбываецца дыягностыка і фарміраванне самаацэнкі, што ў выніку паступова і лагічна пераводзіць іх да этапу саманазірання і самааналізу.

“Практыкаванні ў пясочніцы актывізу­юць працэс фарміравання псіхалагічнай гатоўнасці навучэнцаў да прафесійнага самавызначэння, дапамагаюць творчаму самараскрыццю і павышэнню кампетэнт­насці ў галіне сацыяльнай адаптацыі, — тлумачыць Ганна Станіславаўна. — Разам з гэтым, падлеткi пачынаюць усведам­ляць свае прафесійныя жаданні, праводзяць паралелі паміж жаданнямі і магчымымі месцамі работы і вучобы. Немалаважна, што падчас такога тактыльнага ўзаемадзеяння вучні атрымліваюць навыкі самадыягностыкі. Вынікі самапазнання навучэнцы пакідаюць на “Карце самаразвіцця асобы” ці ў “Дзённіку самавызначэння”, якія вядуць самастойна. У іх дзеці пазначаюць уласныя назіранні, што звязаны з прафесіямі, адчуваннямі. Такі падыход, безумоўна, выхоўвае дысцыпліну і таксама фарміруе здольнасць да самааналізу”.

Падлеткi, якія наведваюць “Ветразь”, пастаянныя госці на днях адкрытых дзвя­рэй ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Кірмашы прафесій, сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій у школе і на вытворчасці падчас экскурсій — усё гэта неад’емная частка ўдала арганізаванай работы прафарыентацыйнага клуба. Дарэчы, часта такія экскурсы ў прафесію становяцца вызначальнымі.

“Тыя вучні, якіх прываблівала прафесія журналіста, з задавальненнем схадзілі на экскурсію ў рэдакцыю газеты “Гродзен­ская праўда”. Там дзеці бліжэй пазнаёміліся з прафесіямі карэспандэнта, карэктара, вярстальшчыка, рэдактара. Важна, што падчас сустрэчы з творчымі людзьмі дзеці ўбачылі, якой напружанай з’яўляецца работа журналіста. Безумоўна, як і падчас любой экскурсіі на прад­прыемства, некаторыя навучэнцы мяняюць свае погляды на прафесію, адмаўляюцца ад той ці іншай мары, а іншыя, наадварот, упэўніваюцца ў правільнасці свайго выбару”, — прыводзіць прыклад Ганна Станіславаўна.

Пасля сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій дзеці паглыбляюцца ў творчасць: пішуць справаздачы, выказваюць уражанні, робяць вывады. Пасля ўсё ўбачанае і запісанае абмяркоўваюць на пася­джэннях клуба.

“Кім быць — адзін з самых першых, важных і сур’ёзных выбараў у жыцці кожнага чалавека, — заўважае кіраўнік клуба. — З гэтым выбарам важна не памыліцца. Але ў жыцці здараюцца розныя сітуацыі. Таму мы імкнёмся знаёміць дзяцей са светам прафесій больш шчыльна. Напрыклад, пастаянна раздаём памяткі, буклеты па выбары прафесіі. Вялікае значэнне адводзіцца рэкамендацыям па падрыхтоўцы да экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання. Так, некалькі гадоў назад для старшакласнікаў была распрацавана і выпушчана серыя памятак-даведнікаў па прафарыентацыі ў інтэрнэце. А на тэматычным стэндзе заўсёды размяшчаецца актуальная інфармацыя па тэмах “Свет прафесій”, “Прафесіі сёння і заўтра”, “Кім быць? Якім быць?”, “Псіхалагічныя характарыстыкі прафесій”, “Нашы выпускнікі — прафесіяналы сваёй справы”, “Табе, выпускнік” і інш.

У чужой ролі

Групавая работа ніколі не зможа замяніць індывідуальную. Здараецца, што менавіта падчас заняткаў тэт-а-тэт найбольш поўна раскрываюцца схільнасці дзіцяці. Для гэтага ў “Ветразі” праводзіцца індывідуальнае кансультаванне. Размаўляючы з псіхолагам, навучэнцы могуць паслядоўна вызначыць тыя крокі, якія ў выніку прывя­дуць іх да пастаўленай мэты.

 “Безумоўна, цеснае ўзаемадзеянне з падлеткамi нясе плюсы не толькі для апошніх: такая сістэма работы дазваляе ім больш дэталёва раскрыцца перад спецыялі­стам, а нам — вызначыць, да чаго схільны падлетак, якая сфера дзейнасці яму больш блізкая, чаго ён баіцца ці, наадварот, вельмі хоча дасягнуць. Індывідуальная работа над заданнямі, практыкаваннямі, тэстамі да­зваляе вучню разабрацца ў сабе, сваіх пачуццях, стаўленні да навакольных. Калі гаварыць аб групавой рабоце, пра якую мы ўжо ўзгадвалі, то яна дае магчымасць набыць навыкі і ўменні, звязаныя з вядзеннем дыялогу, навучыцца прыёмам збліжэння з партнёрам па зносінах, слухаць і чуць чалавека, які знаходзіцца побач. Работа ў групах дазваляе лепш спазнаць адзін аднаго”, — працягвае Ганна Ілючэк.

 Да адной з найбольш эфектыўных форм групавой работы кіраўнік “Ветразя” адносіць трэнінгі. У іх, як расказвае псіхолаг, можна спалучаць розныя формы навучання, пачынаючы ад дзелавых гульняў і заканчваючы вырашэннем канкрэтных праблем.

“Спалучэнне розных форм навучання спрыяе таму, што матэрыялы трэнінгу засвойваюцца больш эфектыўна, чым падчас традыцыйных заняткаў. Падчас трэнінгаў, групавых кансультацый, дзелавых гульняў падлеткі бачаць, наколькі па-рознаму можна вырашыць аднолькавыя сітуацыі. Зносіны ў працэсе заняткаў дапамагаюць атрымаць пазітыўны вопыт і падтрымку ад равеснікаў. Удзельнікі трэнінгаў мо­гуць ідэнтыфікаваць сябе з іншымі, пражываць ролі іншага чалавека і такім чынам навучыцца лепш разумець сябе, свае магчымасці. Такім чынам, арганізацыя псіхолага-педагагічнай падтрымкі праз дзейнасць прафарыентацыйнага клуба аказвае станоўчы ўплыў на развіццё прафесійнага самавызначэння навучэнцаў школы, што пацвярджаецца станоўчай дынамікай узроўню іх развіцця па паказчыках кагнітыўных, матывацыйна-каштоўнасных і дзейнасна-практычных крытэрыяў, а таксама стапрацэнтным вызначэннем у прафесіі”.

Падыход, на якім заснавана псіхолага-педагагічная падтрымка ў “Ветразі”, робіць працэс прафесійнага самавызначэння навучэнцаў больш абгрунтаваным.  Безумоў­на, у першую чаргу яна накіравана на самапазнанне, выяўленне талентаў і схільнасцей, а значыць, дапамагае адказаць на адно з важных пытанняў — кім быць.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.