Калядкі ў Купалавым доме

…Два хлопчыкі і дзяўчынка з яснымі вачыма наўзахваткі расказваюць пра тое, якіх падарункаў яны чакаюць пад Новы год. Па-першае, гэта, канечне, цукеркі. А па-другое і па-трэцяе — гэта цуды і шчаслівыя нечаканасці. Іх, трэба сказаць, мае маленькія суразмоўнікі ўжо дачакаліся, бо сталі ўдзельнікамі дабрачыннага свята Беларускага дзіцячага фонду і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.


Дванаццацігадовы Вадзім, дзесяцігадовая Вераніка і дзевяцігадовы Арцём з дзіцячага дома сямейнага тыпу Ганны Пятроўны і Яўгена Генадзьевіча Дворавых сталі аднымі з удзельнікаў гэтага свята. А прыехалі яны з Гарадка Віцебскай вобласці. У дзіцячым доме Дворавых выхоўваюцца 11 прыёмных малых і родная дачка сямейнай пары.

У Мінск прыехалі 7 хлопчыкаў і дзяўчынак з гэтага дома, які працуе ўжо 8-ы год. А раней Ганна Пятроўна працавала выхавальніцай у дзяржаўным дзіцячым доме ў пасёлку Езярышча. Установу расфарміравалі, але работа з дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, так захапіла жанчыну, што расстацца з ёй яна не змагла.

Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы сэрцы — дзецям”, якая праходзіць у рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, Беларускі дзіцячы фонд праводзіць сёлета 28-ы раз. Усяго ў Мінск прыехалі 50 дзяцей-сірот з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Магілёўскай і Віцебскай абласцей, на свята запрасілі юных мінчан з прыёмных, мнагадзетных сем’яў.


…Падыходжу яшчэ да адной сям’і, якая, як высвятляецца, прыехала з Горак, што на Магілёўшчыне. Маці-выхавальніца Таісія Віктараўна Алейнікава выхоўвае шасцярых малых. Яе дзіцячы дом сямейнага тыпу існуе 15 гадоў, 9 выхаванцаў за гэты час сталі выпускнікамі, вучацца, напрыклад, у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, працуюць.

На свята ў Мінск Таісія Віктараўна “захапіла” траіх выхаванцаў з яшчэ аднаго дзіцячага дома сямейнага тыпу з Горак — дома Любові Іванаўны Палявой, так што кампанія падабралася вялікая, але жанчына, якая раней працавала ў дзіцячым садзе, лёгка спраўляецца з суправаджэннем малых у захапляльным падарожжы.
Што хаваць — прыезд у сталіцу ўжо свята для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак, асабліва тых, хто раней не бываў у Мінску. А ў Купалавым доме для іх правялі экскурсію, расказалі і паказалі, як на працягу апошніх 100 гадоў беларусы сустракаюць Каляды, як водзяць карагоды з калядоўшчыкамі і Казой, гуляюць і весяляцца. Менавіта такую аўтарскую праграму падрыхтавалі супрацоўнікі музея Янкі Купалы. А яшчэ дзяцей і дарослых чакаў лялечны спектакль “У пошуках Снягурачкі”, выраб сувеніраў сваімі рукамі, падарункі ад Дзеда Мароза.

Для малых з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Віцебшчыны і Магілёўшчыны свята працягнулася двухдзённай экскурсіяй у Брэст і сядзібу Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. А гэта і знаёмства з галоўным навагоднім персанажам, і падарункі, і знаёмства з музеем прыроды, зносіны з жывёламі, якія жывуць у вальерах. Канечне, юныя экскурсанты наведалі Брэсцкую крэпасць, гістарычны цэнтр горада, Музей чыгуначнай тэхнікі.

А Беларускі дзіцячы фонд, між тым, працягвае дабрачынную акцыю ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Актывісты фонду наведалі і наведваюць Рэспубліканскі дзіцячы кардыялагічны цэнтр РНПЦ “Кардыялогія”, дзіцячае апёкавае аддзяленне Мінскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзіцячае аддзяленне РНПЦ псіхічнага здароўя, дзіцячае траўматалагічнае аддзяленне 6-й гарадской клінічнай бальніцы і іншыя ўстановы.

— Дабрачыннае свята для хворых дзяцей фонду дапамагаюць арганізоўваць валанцёрскі клуб “СЛОН” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, валанцёрскі клуб “Міласэрнасць” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, вакальна-тэатральнай студыі “Ле-Мары”. Дапамагаюць таксама і прадпрыемствы-спонсары — “Цэптар Інтарнацыянал” і “Кока-кола Беўрыджыз Беларусь”, — расказала намеснік дырэктара БДФ Ірына Аляксандраўна Чарнякова.

Марына ХІДДЖАЗ.
НА ЗДЫМКАХ: падчас экскурсіі па музеі; Т.В.Алейнікава з дзецьмі прыехала з Магілёўшчыны.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.