На абласное дабрачыннае свята ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” прыехалі 600 школьнікаў з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці.
На традыцыйную ёлку з удзелам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка запрасілі пераможцаў алімпіяднага руху, шматлікіх творчых конкурсаў, дзяцей, якія заваявалі высокія вяршыні ў спорце, лепшых навучэнцаў кадэцкага вучылішча, выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзяцей з мнагадзетных сем’яў, дзяцей-інвалідаў.
У абласной філармоніі для іх было падрыхтавана выдатнае свята, кульмінацыя якога — пастаўлены творчым калектывам філармоніі сямейны мюзікл “Новыя прыгоды ў Ізумрудным горадзе”. Карагоды і гульні ля ёлкі разам з Дзедам Марозам, Снягуркай і казачнымі героямі захапілі дзяцей.
— Акцыя “Нашы дзеці” заклікана яшчэ раз падарыць дзецям часцінку нашага цяпла і ўвагі, — адзначыў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік. — Ніхто не застанецца без увагі: ні дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, ні дзеці-сіроты. У Гродзенскай вобласці 16 дамоў-інтэрнатаў, рашэннем аблвыканкама за імі замацаваны 80 арганізацый, якія забяспечваюць патранаж, шэфскую і спонсарскую дапамогу, у гэтыя святочныя дні ўручаюць дзецям падарункі і ствараюць святочную атмасферу. Не забыты і мнагадзетныя сем’і: мы выдатна разумеем, што гэта аснова дэмаграфічнай бяспекі нашай краіны. Але выхаванне дзяцей — гэта не толькі шмат радасці, але і вялікія клопаты, таму стараемся дапамагчы бацькам стварыць для хлопчыкаў і дзяўчынак атмасферу свята. Пераможцы алімпіяд, конкурсаў — яны нашы будучыя кіраўнікі, работнікі ўсіх сфер, і мы стараемся стымуляваць іх далейшае развіццё, патрыятызм і яшчэ раз паказаць, што яны патрэбны нашай краіне. Робіцца ўсё для таго, каб усе без выключэння дзеці атрымалі хоць невялікія падарункі і адчуванне свята, часцінку нашага цяпла, каб часцей гучаў дзіцячы смех. Краіна, дзе гучыць дзіцячы смех, мае будучыню, таму, калі я бачу нашых дзяцей, я разумею, што ў Беларусі ёсць будучыня і гэтая будучыня выдатная.
З цудоўным настроем пакідалі школьнікі арганізаванае для іх навагодняе свята. Прыемна было і тое, што кожны атрымаў падарунак ад абласнога выканаўчага камітэта.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.