Выбар будучай прафесіі — гэта першы сур’ёзны крок, які рана ці позна трэба зрабіць навучэнцу. На жаль, не кожны школьнік робіць яго самастойна: часта адпаведны выбар належыць бацькам. Таму што ім “лепш бачна з вышыні пражытых гадоў”. У большасці выпадкаў бацькоўскія ілюзіі пасля разбіваюцца аб рэальнасць. Атрыманы дыплом аб вышэйшай адукацыі, пра якую для свайго дзіцяці марылі мама ці тата, застаецца незапатрабаваным. А ўжо дарослае дзіця ўсё яшчэ працягвае шукаць сябе. Чаму так адбываецца? Як навучыць дарослых прымаць выбар дзіцяці і тое, што яно не павінна быць падобным да іх, рэалізоўваць іх мары?
Адказы на гэтыя і іншыя пытанні нам дапамагала знайсці псіхолаг-прафарыентолаг Ганна Станіславаўна ІСАЕНКА.
— Ганна Станіславаўна, чым кіруюцца дзеці, выбіраючы будучую прафесію?
— Кожнае пакаленне дзяцей кіравалася і кіруецца сваімі матывамі, выбіраючы прафесію. Гэтай праблеме крыху больш, чым 100 гадоў. Лёс Ламаносава ці купца Елісеева — гэта выключэнне з правіл, збег акалічнасцей і ўдача. Сёння ў дзяцей ёсць свабода выбару і ёсць з чаго выбіраць. Раней выбару не было, таму і праблемы выбару прафесіі таксама не існавала. Яна з’явілася пасля, пад уздзеяннем сацыяльных акалічнасцей. Людзі выбіралі прафесію зыходзячы з таго, хто, якія спецыялісты ў цяперашні момант неабходны іх краіне. Калі панаваў крызіс, аднаўлялася гаспадарка, перад людзьмі стаяла задача пракарміць сям’ю. Фактар заработнай платы адыгрываў вялікую ролю (як і сёння).
На працягу апошніх 20 гадоў дзеці сур’ёзна пачалі задумвацца аб сваім прызначэнні, прызванні. Але запыты дагэтуль фармулююцца класічна: школьнікі хочуць, каб іх радавала зарплата, каб прафесія прыносіла задавальненне і была па душы. Але якая гэта прафесія, што будзе прыносіць такое задавальненне, — школьнік не ведае. Менавіта з такімі выпадкамі якраз даводзіцца працаваць. Неабходна вызначыць, што радуе навучэнца, што ён любіць рабіць, і пакласці гэта ў аснову выбару прафесіі.
Калі выступаю перад настаўнікамі, прыводжу даныя апытання, якое праводзіла сярод старшакласнікаў у адной з сацыяльных сетак. Адбылося так, што большасць дзяцей, якія прымалі ўдзел у апытанні, ужо займаліся з рэпетытарамі, мэтанакіравана рухаліся да таго, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Пытанне, якое задавала дзецям, было простае: ці вызначыліся яны з будучай прафесіяй. 61% навучэнцаў сказалі, што не. І гэта дзеці, якія рыхтуюцца да паступлення! Але насамрэч такіх навучэнцаў значна больш, і настаўнікі пра гэта таксама гавораць.
Сёння школьнае навучанне накіравана на тое, каб развіваць у дзіцяці ўсе бакі яго асобы. Але рэальныя мэты школьнай сістэмы можам бачыць па тых кантрольных інструментах, якія прымяняюцца. Сёння школа накіравана на тое, каб дапамагчы дзіцяці авалодаць ведамі. Тым не менш кожны з нас ведае, што валодаць нейкімі ведамі — гэта адно, а ўмець рэалізаваць кампетэнцыі на практыцы — гэта іншае.
— Як лічыце, пастаянная занятасць, шэраг гурткоў, на якія ходзяць дзеці, дапамагаюць ім знайсці сябе і вызначыцца з будучай прафесіяй?
— Вызначыцца з прафесіяй дзіця можа ў тым выпадку, калі ўсё паспрабуе. Дзяцінства даецца для таго, каб паспрабаваць свае сілы і ўменні ў розных кірунках. Калі спектр выбару будзе шырокім, дзіця можа знайсці тое, што яму будзе бліжэй за ўсё, што запаліць яго душу і вызначыць паказчык сапраўднай адоранасці, які калісьці.
Я заўсёды кажу бацькам, што чым шырэй дзіця ў вучэбна-гульнявой форме пазнаёміцца з гэтым светам, тым больш верагоднасці, што задоўга да заканчэння школы яно зможа вызначыцца з прафесіяй. Калі чалавек працуе на аснове сваёй адоранасці — гэта вялікае шчасце.
Але разам з гэтым трэба разумець, што адоранасць — гэта не перамогі ў алімпіядах ці адны “дзясяткі” ў дзённіку. Гэта паняцце значна шырэйшае, чым думае большасць людзей. Трэба даваць кожнаму дзіцяці, кожнаму маладому чалавеку ці таму, хто вырашыў кардынальна змяніць сваё поле дзейнасці, магчымасць знайсці сваю адоранасць, рэалізавацца ў ёй і зразумець, чаго хочацца ад жыцця.
Калі навучэнец проста ходзіць у школу, атрымлівае выдатныя адзнакі і займаецца з рэпетытарам, ён выдатнік, які не ведае, куды сябе дзець: у дзённіку толькі 9 і 10, а што рабіць з гэтым скарбам — не зразумела. Менавіта з такімі дзецьмі я працую. Дарэчы, яны ведаюць, чаго ад іх хочуць бацькі і настаўнікі, але зусім не ўмеюць чуць сябе, разумець, што ім патрэбна. Я дапамагаю ім усвядоміць тыя мары, з якімі яны засынаюць, дапамагаю знайсці сябе.
Зімой я была на прэзентацыі школы Стэмбрыдж, куды прыязджалі шведскія калегі. Яны расказвалі аб сваёй сістэме прафарыентацыі. У Швецыі на працягу ўсяго 12 класа дзеці вывучаюць толькі тыя прадметы, якія ім неабходны для паступлення па выбраным профілі. У нас жа праграма пабудавана такім чынам, што дзеці вымушаны вучыць усе прадметы, якія ёсць у праграме, каб атрымаць добрую адзнаку і, як вынік, добры бал атэстата.
— Ці часта бацькі прыводзяць да вас дзіця па той прычыне, што яго жаданні не супадаюць з тым, якую будучыню яму малююць дарослыя?
— Каб было больш-менш зразумела, патлумачу наступнае. У 30% выпадкаў дзеці самі прыходзяць да мяне, астатнія прафарыентацыйныя кансультацыі з непаўналетнімі адбываюцца па ініцыятыве бацькоў. Увогуле, выбар прафесіі — гэта першы дарослы выбар. Мая дачка, напрыклад, выбрала прафесію ўрача пад уплывам трагічных абставін: апынулася ў раёне метро “Кастрычніцкая” адразу пасля выбуху, убачыла ўвесь жах, паніку, у якой знаходзіліся людзі, і вырашыла, што стане ўрачом. У працэсе навучання ў медыцынскім універсітэце на занятках у рамках цыкла “Акушэрства і гінекалогія” яна была асістэнтам падчас аперацыі кесарава сячэння. Адчуўшы адказнасць за жыццё дзіцяці, дачка выбрала адпаведны кірунак медыцыны, важны і вельмі адказны.
Згадзіцеся, калі чалавек займаецца любімай справай і яна прыносіць радасць, то ён непазбежна становіцца Прафесіяналам з вялікай літары і дабіваецца поспеху. Ёсць настаўнікі, якія атрымліваюць не вялікую зарплату, але іх нумар тэлефона бацькі перадаюць, як талісман, з рук у рукі. Калі чалавек добры ўрач, яго ведаюць усе, у яго многа пацыентаў.
Безумоўна, выпадкі, калі бацькі просяць пераканаць дзіця ў выбары прафесіі, здараюцца. Бывае, мама дамаўляецца аб кансультацыі, прыводзіць дзіця і цікавіцца, колькі будзе цягнуцца наша сустрэча. Я адказваю, што да таго часу, пакуль дзіця не скажа, што яно ўсё зразумела, і не ўсміхнецца. Адэкватныя бацькі пасля такога адказу ўсміхаюцца. Але ёсць мамы, якія кажуць, што самае галоўнае — каб усміхнуліся яны.
Я ганаруся сваёй метафарай перадачы руля, з якой заўсёды пачынаю размову з дзецьмі і бацькамі: нейкі час дзіця едзе на заднім сядзенні аўтамабіля, якім кіруюць бацькі. Але надыходзіць момант, калі чалавек упершыню бярэ руль кіравання сваім жыццём на сябе. І першы дарослы выбар, які перад ім паўстае ў гэты момант, — кім быць?
Псіхолаг у гэтым размеркаванні роляў — інструктар па ваджэнні. Сам паварот руля робіць усё роўна падлетак, малады чалавек. Нават тады, калі цісне на тормаз.
Напрыклад, быў выпадак, калі мама прывяла дачку. Дзяўчынка сядзела насупіўшыся. Было бачна, што яна незадаволена тым, куды яе прывялі. Калі пачала з ёй размаўляць, пытацца, кім хоча ста ць, яна адказала, што бачыць сябе ўдзельніцай музычнай групы, хоча гастраляваць па свеце. Пры гэтым адпаведнай адукацыі ў дзяўчынкі не было. Яе мама пачала каменціраваць адказы дачкі: музыка — гэта несур’ёзна, няма ніякай стабільнасці, грошай не будзе. Жанчына хацела, каб дачка, як і яна сама, стала бухгалтарам (мама працуе ў добрай кампаніі, зарабляе таксама добра). Дзяўчынка пярэчыла, ёй не хочацца быць эканамістам.
Дзякуючы навадным пытанням, мы “выплылі” на прафесію гукарэжысёра. Прычым гэты варыянт прапанавала сама дзяўчынка. Яна расказала, што ведае шмат выпадкаў, калі звычайныя гукарэжысёры ездзілі разам з гуртамі, з якімі супрацоўнічалі, на канцэрты, і ў выніку пачалі іграць на інструментах, спяваць. Пачуўшы гэта, мама больш-менш супакоілася, і было вырашана, што дзяўчынка будзе паступаць у Акадэмію мастацтваў на гукарэжысёра.
— Як часта па дапамогу да вас прыходзіць мама, якая была ў школе выдатніцай і дагэтуль жыве з адпаведным сіндромам, і яе дачка, ад якой таксама патрабуюць быць выдатніцай?
— Ёсць такія мамы. Ім трэба дапамагчы зразумець, што іх дачка — гэта не яны самі. І яна не павінна быць такой, як мама. Дзяўчынка мае поўнае права быць іншай, сама сабой. Яна — асоба са сваім генатыпам. І ён не будзе поўнасцю дубліраваць маму. Трэба памятаць і пра тое, што ў дзяўчынкі ёсць і тата. Ад яго могуць перадавацца пэўныя асаблівасці характару. Да таго ж ёсць меркаванне, што ў дзіцяці пераплятаюцца гены аж 10 пакаленняў! Разумееце, што гэта значыць? Таму не трэба патрабаваць ад дзяцей быць выдатнікамі ва ўсім і заўсёды. Выдатнік — гэта не паказчык.
— Што тычыцца дарослых людзей, на што скардзяцца тыя, хто ўжо вырас як прафесіянал, але іх усё роўна не адпускае адчуванне, што ў жыцці трэба нешта мяняць?
— Так, сёння ёсць такія выпадкі. Прычым прыходзяць тыя, каму 30, 50… Не так даўно прыходзіў малады мужчына, яму 33 гады. Ён сказаў, што яму надакучыла жыць так, як спланавала яго мама. Дзякуючы бацькам, ён мае добрую работу, высокую зарплату. Чым больш кліент пералічваў усё тое, што мае, тым больш я здзіўлялася. А пасля запытала, чаго ж ён насамрэч хоча, калі і так усё ёсць? Аказваецца, мужчына хоча памяняць усё ў жыцці і пачаць жыць самастойна, без парад мамы. Ён хоча сам вырашаць, што для яго добра, а чаго лепш не рабіць. Да гэтага моманту ўсё гэта кантралявала яго мама.
Увогуле, 30 гадоў — гэта час крызісу: у мяне ўжо такі ўзрост, а я яшчэ не рэалізаваў сябе. Часта ў 30 гадоў вымярэннем дасягненняў становяцца дзіцячыя, падлеткавыя мары. Маладыя людзі азіраюцца назад і ўспамінаюць, чаго яны хацелі, але не змаглі ажыццявіць. І пакуль ёсць час, яго трэба выкарыстоўваць сабе на карысць. І гэта правільна. Няправільна, калі некаторыя дзяўчаты спачатку сядзяць на шыі ў мамы, дзе ім добра і камфортна, — нічога ж не трэба рабіць. А пасля выходзяць замуж і пачынаюць гэтак жа залежаць ад мужа. У такіх выпадках ні пра якую самарэалізацыю гаворка не ідзе.
Такім чынам, запыт у дарослых людзей, якія звяртаюцца па дапамогу да прафарыентацыйнай псіхалогіі, можа гучаць па-рознаму. Але сэнс зводзіцца да аднаго: няма задавальнення ад працы.
— Ганна Станіславаўна, ці згодны вы з тым, што жаданне змяніць прафесію выклікаецца прафесійным выгараннем?
— Я лічу, што прафесійнага выгарання не існуе. Чалавек — гэта жывая асоба, і ёй патрэбна развіццё, прагрэс. Як толькі мы падоўгу сядзім на адным месцы, то пачынаем упадаць у неўратычны стан, губляем матывацыю, менавіта гэта і ўспрымаем як выгаранне.
Чалавек павінен разумець, што, акрамя абавязкаў перад тымі, хто працуе з ім, сям’ёй, у яго ёсць абавязкі перад самім сабой. Кожны з нас павінен клапаціцца пра сваё псіхічнае здароўе. Калі вы перасталі ўсміхацца, не адчуваеце задавальнення, калі работа перастала даваць станоўчыя эмоцыі, то трэба падумаць, у якім кірунку хацелася б развівацца. Магчыма, трэба будзе атрымаць дадатковую адукацыю, але сёння гэта не праблема.
У першую чаргу трэба знайсці матывацыю, адказаць самому сабе на пытанні кшталту: што хачу рабіць далей, чаго хачу дасягнуць? На гэтым этапе будзе карысна на нейкі час адкласці сваю работу. Трэба змяніць асяроддзе, пазнаёміцца з новымі людзьмі, зрабіць тое, чаго ніколі не рабілі. Зона пошуку матывацыі павінна быць як мага больш шырокай, але каб яе знайсці, трэба выйсці з зоны камфорту. Менавіта гэтага многія і баяцца, таму ўсё жыццё сядзяць на адным месцы і шукаюць вінаватых у тым, што ў іх нічога не атрымалася. А ўсё куды прасцей. Наша жыццё залежыць ад нас саміх. Мы самі выбіраем, якія людзі будуць побач з намі і кім мы хочам быць.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.