Аднаўляльная энергетыка развіваецца з акцэнтам на лічбавізацыю

Для таго каб прыцягнуць увагу да рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў і неабходнасці развіцця аднаўляльных крыніц энергіі, 11 лістапада 2008 года наша краіна далучылася да Міжнароднага дня энергазберажэння. Штогод у гэты дзень краіны, якія падтрымліваюць міжнародную ініцыятыву, далучаюцца да інфармацыйнай кампаніі і расказваюць аб тым, чаму пытанні эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў і аднаўляльных крыніц энергіі яшчэ доўга будуць заставацца актуальнымі. 

Знайсці адказы на аналагічныя пытанні нам дапамог намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Леанід Леанідавіч ПАЛІШЧУК.

— Леанід Леанідавіч, 11 лістапада — Міжнародны дзень энергазберажэння. Як у нашай краіне, у прыватнасці ва ўстановах адукацыі, прыцягваюць увагу навучэнцаў да актуальнасці праблем энергазберажэння?

— Курс па энергазберажэнні ў школах выкладаюць з другога класа. Акрамя гэтага, штогод праводзіцца Рэспубліканскі конкурс “Энергамарафон”, дзе дзеці ра­зам з настаўнікамі маюць унікальную магчымасць пазмагацца адно з адным у некалькіх намінацыях, праявіць свае творчыя здольнасці і атрымаць прыз. Гэта што тычыцца нацыянальнага ўзроўню.

Але ёсць у нас навучальныя ўстановы, якія ідуць у нагу з часам і дэманструюць свае магчымасці і ўнікальныя здольнасці на міжнародным узроўні. Так, 15 сту­дзеня гэтага года я прымаў удзел у цырымоніі ўручэння Міжнароднай прэміі Zayed Future Energy Prize, наведаў выставу “Энергаэфектыўнасць” (Energy Efficiency Expo) і пазнаёміўся з прадстаўленымі на ёй тэхналогіямі.

Для атрымання згаданай міжнароднай прэміі па лініі Міжнароднага агенцтва аднаўляльных крыніц энергіі на конкурс было прадстаўлена 2296 праектаў са 112 краін свету ў пяці намінацыях: “Буйная кампанія”, “Малыя і сярэднія прадпрыемствы”, “Некамерцыйныя арганізацыі”, “За дасягненні ўсяго жыцця”, “Глабальная навучальная ўстанова”. Узнагарода ў памеры 500 тысяч долараў ЗША, якая ідзе ў дадатак да міжнароднай прэміі заснавальніка агенцтва аднаўляльнай энергіі шэйха Заеда ў намінацыі “Глабальная навучальная ўстанова”, дзеліцца арганізатарамі паміж некалькімі рэгіёнамі: Паўночнай і Паўднёвай Амерыкай, Еўропай, Азіяй, Афрыкай, Акіяніяй — па 100 тысяч долараў ЗША на адну сярэднюю школу, якая перамагла.

У лік трох фіналістаў конкурсу ў гэтай намінацыі разам з удзельнікамі з Германіі і Харватыі прайшло ўпраўленне па адукацыі Гомельскага аблвыканкама з праектам “Энергарандэву ў Беларусі — 2”. Праект прадугледжваў замену шыфернага даху будынка ў Гомельскім дзяржаўным  абласным ліцэі на дахоўку з убудаванымі ў яе фотаэлектрычнымі панэлямі і прайшоў чатырохузроўневы працэс ацэнкі, адпавядаючы ўсім крытэрыям адбору: інавацыі, эфект, лідарства, доўгатэрміновая перспектыва. Аднак арганізатары прысудзілі прэмію сярэдняй школе з Харватыі. Тым не менш для нашай краіны гэта вялікае дасягненне, і ім трэба ганарыцца.

— На якім узроўні ў нашай краіне знаходзіцца развіццё аднаўляльнай, зялёнай энергетыкі? Якія ўмовы для яе развіцця першапачаткова былі створаны? І ці дапаможа нашай краіне выкарыстанне аднаўляльнай энергетыкі дасягнуць 7­й Мэты ўстойлівага развіцця “Забеспячэнне ўсеагульнага доступу да недарагіх, надзейных, устойлівых і сучасных крыніц энергіі для ўсіх”?

— Адразу варта сказаць, што мы ўжо прайшлі этап станаўлення ў сферы аднаўляльнай энергетыкі, калі ў 2010 годзе прынялі Закон аб аднаўляльных крыніцах энергіі, а таксама ўкаранілі стымулюючыя тарыфы для інвестараў на продаж электраэнергіі з аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ), гарантыі падключэння ўстановак па выкарыстанні АКЭ да дзяржаўных энергетычных сетак, а таксама набыццё дзяржаўнымі энергазабеспячальнымі арганізацыямі ўсёй прапанаванай электраэнергіі, атрыманай пры дапамозе АКЭ.

Сёння ў нашай краіне створаны спрыяльныя ўмовы для пашырэння вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі, а таксама сфарміравана доўгатэрміновая палітыка развіцця АКЭ, якая ўлічвае структуру і тэндэнцыі змены прагнознага паліўна­энергетычнага балансу. У адпаведнасці з індыкатарамі Канцэпцыі энергетычнай бяспекі, неабходна забяспечыць дасягненне долі вытворчасці першаснай энергіі з АКЭ да валавога спажывання паліўна­энергетычных рэсурсаў у памеры 6% да 2020 года, а ў памеры 7% — да 2025 года.

Дзякуючы створанаму спрыяльнаму інвестыцыйнаму клімату, са зніжэннем кошту тэхналагічнага абсталявання, якое выкарыстоўваецца ў АКЭ, наша краіна нарошчвае ўсталяваную электрычную магутнасць установак АКЭ. На 1 сту­дзеня 2019 года гэты паказчык дасягнуў 401 МВт (з 2010 па 2019 год адзначаны яе рост у 8 разоў, з 2017 па 2019 — рост у два разы).

Сёння мы непасрэдна падышлі да этапу энергетычнай трансфармацыі і гаворым аб інтэграцыі ўстановак АКЭ ў энергетычную сетку, інтэграцыі сектара электраэнергетыкі, цеплазабеспячэння і транспарту, неабходнасці ўстанаўлення зялёнага індыкатара АКЭ ў структуры выпрацоўкі электрычнай энергіі, як гэта робяць ва ўсім свеце.

З улікам Указа Прэзідэнта № 357 “Аб аднаўляльных крыніцах энергіі” Міністэрству энергетыкі мэтазгодна весці ўлік спажыўцоў, якія выпрацоўваюць аднаўляльную энергію для ўласных патрэб, а таксама для продажу энергасістэме з мэтай арганізацыі іх узаемадзеяння з энергетычнымі сеткамі і ў перспектыве ўдзелу ў электраэнергетычным рынку.

Пасля ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС у 2021—2025 гадах аднаўляльная энергетыка бу­дзе развівацца ва ўзаема­дзеянні з павышэннем энергаэфектыўнасці з акцэнтам на ўкараненне IT, лічбавізацыі ў галінах народнай гаспадаркі, пабудовы разумных энергетычных сетак (smart grid), а гэта дазволіць дасягнуць 7­й Мэты ўстойлівага развіцця “Забеспячэнне ўсеагульнага доступу да недарагіх, надзейных, устойлівых і сучасных крыніц энергіі для ўсіх”.

— Пытанні павышэння энергаэфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі набыва­юць асаблівы статус, у большай ступені для краін, якія не валодаюць у дастатковай колькасці ўласнымі запасамі вуглевадароднай сыравіны. У чым карысць аднаўляльных крыніц энергіі для нашай краіны?

— У адпаведнасці з Законам аб аднаўляльных крыніцах энергіі, да АКЭ адносяцца энергія сонца, ветру, цяпла зямлі, натуральнага руху водных патокаў, драўнянага паліва, іншых відаў біямасы, а таксама біягазу і тых крыніц энергіі, якія не адносяцца да неаднаўляльных (напрыклад, энергія, якая атрымліваецца ад спальвання адходаў).

Гэта экалагічна чыстыя крыніцы энергіі, якія дае нам прырода, трэба толькі валодаць тэхналогіямі і мець жаданне, каб карыстацца гэтай унікальнай магчымасцю. Пры выпрацоўцы электрычнай і цеплавой энергіі ад установак АКЭ не забруджваецца навакольнае асяроддзе, мы менш купляем дарагога газу, з якога вырабляем электрычную і цеплавую энергію. Інакш кажучы, дыверсіфікуем свой паліўна­энергетычны баланс.

Прыцягненне інвестыцый у павышэнне энергаэфектыўнасці і ўкараненне сучасных тэхналогій з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі спрыяе зніжэнню сабекошту і павышэнню канкурэнтаздольнасці прадукцыі і паслуг, павышэнню якасці жыцця і дабрабыту насельніцтва.

Задачы па зніжэнні энергаёмістасці ВУП, развіцці аднаўляльнай энергетыкі і павышэнні якасці жыцця насельніцтва замацаваны ў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна­эканамічнага развіцця краіны да 2030 года, а таксама ў Дзяржаўнай праграме “Энергазберажэнне” на 2016—2020 гады.

Па стане на кастрычнік у краіне дзейнiчала 55 фотаэлектрычных станцый (ФЭС) магутнасцю 156,6 МВт, найбуйнейшая з якіх — Рэчыцкая. Таксама ў нас працуе 51 гідраэлектрастанцыя (ГЭС) магутнасцю 95,3 МВт (найбуйнейшыя — Полацкая (21,6 МВт) і Віцебская (40 МВт)), 99 ветраэнергетычных установак (ВЭУ) магутнасцю 108,6 МВт (самы буйны  ветрапарк — а гэта 6 аб’яднаных ВЭУ — у Нава­грудскім раёне). Акрамя гэтага, у краіне 25 біягазавых комплексаў магутнасцю 32,9 МВт, 9 міні­ЦЭЦ на драўняным паліве электрычнай магутнасцю каля 15,5 МВт.

— У адпаведнасці з заканадаўствам, беларусы могуць ўсталёўваць аб’екты аднаўляльнай энергіі, напрыклад, сонечныя батарэі. Ці можна замяніць выкарыстанне электраэнергіі альтэрнатыўнымі крыніцамі? Наколькі ў фінансавым, эканамічным плане больш выгадна выкарыстоўваць электраэнергію, чым іншыя крыніцы энергіі?

— Выкарыстанне АКЭ сёння знаходзіцца на стыку інтарэсаў не толькі многіх арганізацый, ведамстваў, але і грамадзян. Згодна з дзеючым заканадаўствам, беларусы могуць усталёўваць аб’екты аднаўляльнай энергіі, але выключна для ўласных патрэб. Тым не менш гэта эканамічна нявыгадна, паколькі ў краіне дастаткова нізкія тарыфы на электрычную энергію для насельніцтва ў параўнанні з сабекоштам электраэнергіі па нейкіх асобных відах, напрыклад, калі гаварыць пра бытавыя ўстаноўкі. Такім чынам, насельніцтву больш выгадна будзе спажываць яе з дзяржаўнай сеткі.

Акрамя таго, міні­ўстаноўкі не могуць забяспечыць надзей­насць. Каб забяспечыць надзейнасць, якая ёсць у вас сёння, трэба ўсталяваць некалькі крыніц аднаўляльнай энергіі, умоўна кажучы, трэба пабудаваць гібрыдную электрастанцыю, якая складаецца з сонечнай панэлі з пэўным назапашвальным абсталяваннем. Разам з гэтым трэба пабудаваць невялікі вятрак і яшчэ што­небудзь, каб у вас заўсёды была электраэнергія патрэбных параметраў, патрэбнай якасці, каб электраўжывальнае абсталяванне працавала бесперабойна.

— З 1996 года ў краіне рэалізоўваюцца пяцігадовыя праграмы па энергазберажэнні, галоўная задача якіх — эканомія ўмоўнага паліва. Ці атрымліваецца дасягнуць пастаўленых мэт?

— Законам “Аб энергазберажэнні” ад 8 студзеня 2015 года вызначаны паўнамоцтвы рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў сферы энергазберажэння — Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. Разам з гэтым вызначаны кірункі дзяржаўнага рэгулявання ў сферы энергазберажэння, у тым ліку пры дапамозе распрацоўкі і зацвярджэння дзяржаўнай, галіновых і рэгіянальных праграм па энергазберажэнні.

У мэтах дасягнення выканання індыкатараў энергетычнай бяспекі рэалізоўваецца Дзяржаўная праграма “Энергазберажэнне” на 2016—2020 гады, якая змяшчае дзве падпраграмы: “Павышэнне энергаэфектыўнасці” і “Развіццё выкарыстання мясцовых паліўна­энергетычных рэсурсаў”, у тым ліку аднаўляльных крыніц энергіі.

У рамках работы, якая право­дзіцца ў краіне па энергазберажэнні, за студзень — чэрвень бягучага года ў цэлым па краіне эканомія ПЭР (паліўна­энергетычных рэсурсаў) за кошт рэалізацыі мерапрыемстваў па энергазберажэнні склала 442,2  тысячы тон умоўнага паліва.

Па асноўных напрамках энергазберажэння эканомія энергарэсурсаў размеркавалася наступным чынам. Укараненне ў вытворчасць сучасных энергаэфектыўных тэхналогій і павышэнне энергаэфектыўнасці дзеючых тэхналогій, працэсаў, абсталявання і матэрыялаў у вытворчасці — 126,7 тысячы тон умоўнага паліва. Аптымізацыя схем цеплазабеспячэння — 90,1 тысячы тон у.п. Павелічэнне тэрмасупраціўлення канструкцый, якія агароджваюць будынкі, а таксама жыллёвы фонд — 15,8 тысячы тон у.п. Павышэнне эфектыўнасці работы кацельняў і тэхналагічных печак — 18,7 тысячы тон у.п. і інш.

— Плануецца, што да 2021 года больш за 50% цеплаэнергіі ў сістэме жыллёва­камунальнай гаспадаркі будзе выпрацоўвацца за кошт мясцовых відаў паліва. Што сёння для гэтага робіцца і ці зможа краіна дасяг­нуць пастаўленай задачы?

— Адным з прыярытэтных напрамкаў скарачэння спажывання энергарэсурсаў, якія імпартуюцца ў краіну, з’яўляецца будаўніцтва энергакрыніц на мясцовых ПЭР — энергакрыніц, якія выкарыстоўваюць у якасці паліва драўнянае і тарфяное паліва. На пачатак гэтага года ў сістэме жыллёва­камунальнай гаспадаркі доля мясцовых ПЭР у кацельна­пячным паліве дасягнула 41%. Да 2021 года гэты паказчык плануецца давесці да ўзроўню 52%, а да 2026 года — да 62%.

Акрамя гэтага, у краіне арганізавана вытворчасць сучасных паравых і воданагравальных катлоў рознай магутнасці (ад 0,1 да 36 МВт) для спальвання мясцовых відаў паліва. Прадпрыемствы прапануюць увесь комплекс паслуг, пачынаючы ад стварэння праекта і заканчваючы здачай кацельні пад ключ. Кацельні могуць быць блочна­модульнымі, транспартабельнымі ці перасовачнымі.

У сваёй дзейнасці прадпрыемствы робяць стаўку на пабудову доўгачасовых узаемавыгадных адносін з заказчыкамі, прадастаўляючы ім шырокі асартымент абсталявання, якое выпускаецца, а таксама эфектыўныя комплексныя рашэнні і найноўшыя тэхналогіі. Актыўна праводзіцца палітыка ў галіне рэінжынірынгу вытворчых працэсаў, укаранення новых энергазберагальных тэхналогій, зніжэння сабекошту прадукцыі, змяншэння шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, павышэння прафесіяналізму персаналу і задаволенасці кліентаў.

Усё гэта дазваляе выпус­каць сучаснае, эфектыўнае абсталяванне, якое адпавядае еўрапейскім стандартам. Прадукцыя, якая паступае ў краіну, суправаджаецца сертыфікатамі адпаведнасці патрабаванням Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза і міжнародным стандартам сістэмы кіравання якасцю.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.