Цёплы лёд, гарачыя сэрцы

“Нашы сэрцы — дзецям” — так называецца дабрачынная акцыя, якую Беларускі дзіцячы фонд праводзіць амаль 30 гадоў свайго існавання. Спачатку акцыя называлася “Нашы сэрцы — хворым дзецям”, потым яе назву крыху змянілі, а з 1994 года, з пачатку правядзення рэспубліканскай дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці”, ініцыятыва фонду з’яўляецца яе складовай часткай.



— Калі мы пачыналі, час быў зусім іншы, — гаворыць дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Васільевіч Трухан. — Дзеці радаваліся любому падарунку. Памятаю, як малыя здзіўляліся амерыканскім механічным цацкам, якія ігралі калядныя мелодыі. Працуючы з дзецьмі-сіротамі, з малымі, якія знаходзяцца ў бальніцах, мы звярнулі ўвагу, што да сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў, у школы-інтэрнаты і дзіцячыя дамы прыязджаюць шэфы з прадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікі маладзёжных арганізацый. У бальніцах такіх гасцей не было. Пры гэтым не ўсе бацькі з-за фінансавых праблем, іншых абставін маглі наведаць сваіх захварэўшых малых, калі тыя лячыліся ў іншым горадзе ў адным з рэспубліканскіх цэнтраў.

На гэта і звярнулі ўвагу актывісты грамадскай арганізацыі. Так нарадзілася ідэя дабрачыннай акцыі “Нашы сэрцы — хворым дзецям”, скіраванай на тое, каб Новы год з Дзедам Марозам, Снягуркай, падарункамі і з усёй яго казачнай атмасферай прыйшоў да кожнага хлопчыка і дзяўчынкі, няхай сабе і ў бальніцу. Акцыю распачалі ў 1990 годзе. На дапамогу запрасілі студэнтаў-валанцёраў. Дзякуючы падтрымцы дабрачынцаў, набылі падарункі, арганізавалі забаўляльную праграму. Дзяцей збіралі ў актавай зале, а тых, хто вымушаны быў ляжаць, казачныя персанажы наведвалі ў палатах. Адбою не было ад заявак лячэбных устаноў, як згадвае Аляксандр Васільевіч, па ўсёй краіне за навагодні сезон удавалася павіншаваць не адзін дзясятак тысяч дзяцей. Толькі ў Мінску актывісты БДФ і валанцёры паспявалі наведаць да 30 бальніц і медыцынскіх цэнтраў.


Прыкладна ў такім фармаце праходзіць і сучасная акцыя Беларускага дзіцячага фонду “Нашы сэрцы — дзецям”, таксама нязменнымі застаюцца радасць і ўсмешкі хлопчыкаў і дзяўчынак, да якіх Дзед Мароз і Снягурка прыязджаюць у бальніцу. Сябры фонду, як і раней, наведваюць малых у школах-інтэрнатах, дзіцячых дамах і дзіцячых дамах сямейнага тыпу. За апошнія дзесяць гадоў, па прыкладных падліках, актывісты фонду наведалі больш за 150 тысяч маленькіх беларусаў, былі набыты падарункі амаль на 400 тысяч рублёў.

У гэтую лічбу, канечне, уваходзяць не толькі цацкі і цукеркі. Гэта і абсталяванне, апаратура, расходныя матэрыялы для медыцынскіх устаноў. Практычна штогод Беларускі дзіцячы фонд хаця б у адну з бальніц перадае тое ці іншае абсталяванне. Так, у свой час два апараты “Біяптрон”, якія выкарыстоўваюцца для лячэння апёкаў і ран, былі перададзены ў дзіцячае апёкавае аддзяленне сталічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і ў Мінскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу. Пры дапамозе адной вядомай фармацэўтычнай кампаніі фонд перадаў у дзве лячэбныя ўстановы — у Віцебску і Гродне — медыкаменты на суму, эквівалентную 40 тысячам долараў. Сёлета цэнтральны офіс БДФ збіраецца перадаць РНПЦ дзіцячай хірургіі абсталяванне для даследавання нізкіх узроўняў гемаглабіну з расходнымі матэрыяламі. Ёсць інфармацыя, што рэгіянальныя аддзяленні фонду набываюць для бальніц спецыяльныя ложкі, абсталяванне. А ў Магілёве, напрыклад, актывісты мясцовага аддзялення БДФ дапамагаюць ствараць і ўмацоўваць цэнтр паліятыўнай дапамогі дзецям.

— Мы заўсёды маем шмат зносін з прэсай, расказваючы пра свае акцыі і дзеянні, — заўважае дырэктар грамадскай арганізацыі, — але не дзеля таго, каб звярнуць увагу на сябе, а дзеля таго, каб засяродзіць яе на дзецях і іх патрэбах.

Магілёўскае абласное аддзяленне сумесна з тэлеканалам “Магілёў-4” два гады запар ладзіць тэлемарафон па зборы сродкаў для бальніц. Сёлета такі марафон ужо адбыўся, удалося сабраць каля 40 тысяч рублёў, якія вырашана накіраваць на абсталяванне сенсорных пакояў у Мсціслаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дапаможнай школе Магілёва, а таксама на адрасную дапамогу дзецям-сіротам і дзецям-інвалідам.

І, канечне, праўленне фонду праводзіць галоўнае мерапрыемства для дзяцей з розных куткоў Беларусі. Так, некалькі гадоў запар у Мінску арганізоўвалі Ёлку жаданняў для хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Дзеці загадзя загадвалі свае жаданні, а на свяце яны здзяйсняліся. Напрыклад, адна дзяўчынка вельмі хацела сустрэцца са сваім кумірам — спявачкай Алёнай Ланской — і Дзед Мароз пры дапамозе дзіцячага фонду ажыццявіў яе мару.

Ідэя такіх ёлак і нарадзілася з жадання рэалізаваць самыя запаветныя мары. Калісьці дзіцячы фонд дапамог набыць спецыяльную каляску для заняткаў бальнымі танцамі адной са сваіх былых стыпендыятак, таленавітай дзяўчыне з Ліды Наталлі Астанінай, потым праз Ёлку жаданняў уручаў падарункі іншым сваім падапечным. А Наталля, з якой пачалася гэтая ініцыятыва, стала педагогам дадатковай адукацыі, працуе з дзецьмі-калясачнікамі.

Або такая ўвасобленая ў жыццё ідэя: некалькі гадоў назад ля доміка Дзеда Мароза ў сталічным парку імя Максіма Горкага стаяў спецыяльны куфар фонду для збору падарункаў ад усіх жадаючых для выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. А ў 2013 годзе БДФ прывёз запрошаных дзяцей у Сілічы пакатацца на лыжах і санках, была таксама арганізавана паездка напярэдадні навагодніх свят у Белавежскую пушчу, Брэст. Часта ідэі такіх крэатыўных мерапрыемстваў прапаноўваюць бацькі-выхавальнікі, валанцёры. Так, у супрацоўніцтве, нараджаюцца святы. У Брэсце, напрыклад, мясцоваму аддзяленню дапамагаюць байкеры і члены клуба аўтамабілістаў.

Сёлета ж традыцыйную акцыю “Нашы сэрцы — дзецям” фонд распачаў у Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву па фігурным катанні на каньках, куды запрасілі 60 хлопчыкаў і дзяўчынак з 10 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, а таксама бацькоў-выхавальнікаў. Тут быў і тэатралізаваны паказ на лёдзе, і катанне на каньках падапечных дзіцячага фонду, выхаванцаў спецыялізаванай школы, трэнераў, бацькоў-выхавальнікаў. Госці адначасова і весяліліся, і пераадольвалі свой страх перад ільдом. Удзельнікі валанцёрскага клуба “Слон” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў дапамаглі фонду ў арганізацыі гэтага свята.

У дзень нашай сустрэчы з кіраўніцтвам Беларускага дзіцячага фонду намеснік яго дырэктара Ірына Аляксандраўна Чарнякова паспела ў рамках дабрачыннай акцыі пабываць у дзіцячым аддзяленні РНПЦ псіхічнага здароўя. Правесці сустрэчу ёй дапамаглі валанцёры з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка — члены клуба “Міласэрнасць”. Клуб, дарэчы, супрацоўнічае з Беларускім дзіцячым фондам усе 20 гадоў свайго існавання. А наведванне дзіцячых аддзяленняў бальніц для дарослых — даўняя традыцыя фонду, бо пра такія аддзяленні часта забываюць: знаходзяцца яны ва ўстановах для дарослых, таму застаюцца быццам бы схаванымі ад арганізатараў дабрачынных акцый. У РНПЦ псіхічнага здароўя, іншыя падобныя ўстановы з дзіцячымі аддзяленнямі ў абласцях наогул ніхто больш не прыязджае з навагоднімі віншаваннямі. БДФ бывае тут з 1990 года.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.