Нягледзячы ні на якія акалічнасці і надвор’е, купальны сезон набліжаецца, а значыць, пытанні бяспечных паводзін на вадзе набіраюць сілу. Хаця, трэба адзначыць, яны ніколі не страчваюць сваёй актуальнасці. Варта толькі ўзгадаць наступныя даныя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя: штогод у свеце тонуць больш за 372 тысячы чалавек, кожную гадзіну ў свеце тонуць у сярэднім 40 чалавек.
Cустрэча са спецыялістамі — прадстаўнікамі Асвода і іншымі — адбылася нядаўна ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь у Мінску. Анвар Адылжанавіч Ігамбердзіеў, старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах, назваў лічбы па ўтапленнях з пачатку 2020 года да сярэдзіны мая: ад усіх відаў утапленняў загінуў 71 чалавек (на жаль, пазней былі яшчэ выпадкі гібелі), 21 чалавек з гэтай колькасці загінуў у стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення. Выратаваны 31 чалавек (у Мінску за 2 першыя майскія тыдні — 6), у тым ліку дзеці. У мінулым годзе за аналагічны перыяд загінула 6 непаўналетніх, сёлета — ні аднаго.
— Купальны сезон не пачынаўся, а людзі гінуць. Чаму? Мы прааналізавалі гэтую сітуацыю, — адзначыў кіраўнік рэспубліканскага Асвода. — Дык вось, 8 чалавек загінулі пры падзенні ў ваду, у тым ліку ў меліярацыйныя каналы, копанкі і г.д. 22 чалавекі загінулі на рыбалцы, часта ракавую ролю адыгрывала адсутнасць выратавальных камізэлек. Вырасла колькасць людзей, якія тонуць у ваннах, — на Магілёўшчыне так загінулі 5 чалавек, па ўсёй краіне — 8. У 3 выпадках прычыны гібелі людзей на вадзе не ўстаноўлены.
У мінулым годзе, калі ў маі — чэрвені стаяла гарачае надвор’е, толькі за май у Беларусі загінулі 34 чалавекі, з іх 14 — у стане ап’янення, 3 дзяцей. У чэрвені 2019 года загінулі ўжо 11 чалавек, 8 непаўналетніх. Пры гэтым мінулы год па статыстыцы за апошнія 40 гадоў паказаў самую нізкую колькасць гібелі людзей — 364, з іх 24 непаўналетнія. Сёлета пакуль наўрад ці многія адважваліся купацца, але ліпень і жнівень могуць даць вялікі прырост загінуўшых, таму так важна займацца прафілактыкай, а тым, хто выходзіць на пляж, паводзіць сябе адказна, сачыць за дзецьмі.
Усяго ў краіне зараз 423 пляжы, больш за ўсё — у Мінскай вобласці (больш за 100). Ёсць і месцы, забароненыя для купання. За парушэнне гэтай забароны прадугледжаны штраф ад 1 да 3 базавых велічынь. Ратавальнікі лічаць, што і за выхад на тонкі лёд зімой варта было б увесці падобныя меры. Хаця ніхто не ставіць задачу штрафаваць людзей — важна папярэдзіць гібель і няшчасныя выпадкі (людзі часта траўміруюцца, калі скачуць у ваду ў незнаёмых месцах, там, дзе не абследавана дно), дастукацца да адказнасці кожнага.
Выратавальных станцый на пляжах Беларусі 66, выратавальных пастоў — 147, як сезонных, так і пастаянных. У забароненых жа месцах ратавальнікаў паблізу няма і дапамагчы купальшчыкам няма каму. Да таго ж абсталяваныя пляжы маюць умовы для добрага адпачынку, і яны з кожным годам паляпшаюцца. Дарэчы, у 19 раёнах Мінскай вобласці (усяго іх 22 плюс Жодзіна) сёлета купанне наогул дазволена толькі на абсталяваных пляжах.
— Просьба да ўсіх нашых грамадзян: сёлета, як мы разлічваем у сувязі з санітарна-эпідэмічнай сітуацыяй, адпачывальнікаў на беларускіх пляжах будзе больш, таму будзьце асабліва адказнымі, выбірайце тыя вадаёмы, дзе ёсць ратавальнікі, або тыя, што знаходзяцца максімальна блізка ад выратавальных службаў, — заўважыў выконваючы абавязкі начальніка аддзела рэспубліканскай вадалазна-выратавальнай службы АСВОДа Алег Генадзьевіч Баразна. — Не забывайцеся пра надзіманыя плаўсродкі, не заплывайце далёка. Максімальная колькасць няшчасных выпадкаў здараецца якраз з тымі, хто пераацэньвае свае магчымасці. І самае галоўнае, пра што мы ніколі не стамляемся паўтараць: неабходна максімальная ўвага да дзяцей.
Свой уклад у выратаванне людзей, прафілактыку ўтапленняў уносіць і супрацоўніцтва з БРСМ праз акцыі “Летні патруль” і “Зімовы патруль”. Пачатак акцыі “Летні патруль”, як правіла, прымяркоўваецца да летніх канікул, і накіравана яна на папярэджванне няшчасных выпадкаў перш за ўсё з непаўналетнімі. Таксама да патрулявання месцаў адпачынку далучаюцца супрацоўнікі органаў унутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прычым патрулі шмат увагі ўдзяляюць менавіта месцам, забароненым для купання.
— На працягу некалькіх дзясяткаў гадоў у краіне застаецца актуальным і пытанне бяспечнага суднаходства маламерных суднаў, — дадаў начальнік Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах МНС Рэспублікі Беларусь Міхаіл Міхайлавіч Чашун. — З пачатку 2000 года ў нас з-за парушэнняў правіл карыстання такімі суднамі загінулі больш за 1200 чалавек, у мінулым годзе 6, да сярэдзіны мая бягучага года — 7 чалавек. У халоднай вадзе чалавек гіне за 15—20 мінут, а пры невысокай наведвальнасці вадаёмаў у такое надвор’е няма каму дапамагчы. Асобныя грамадзяне не ўлічваюць і тое, што выратавальныя камізэлькі важна набываць правільныя, бо да ўступлення ў сілу Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза ў 2014 годзе ў Беларусі многія рабілі такія камізэлькі не заўсёды з выкананнем неабходных стандартаў. У выніку яны часта не толькі не дапамагаюць, а нават перашкаджаюць чалавеку выратавацца.
Пры гэтым добрая камізэлька ратуе жыццё. Так, на возеры Нарач быў выпадак, калі ў вадзе глыбінёй 12 метраў з-за моцнага ветру аказаліся 10 чалавек — выратаваліся ўсе, бо на кожным была камізэлька, у тым ліку на дзецях. Праўда, усе яны былі грамадзянамі Кітая, беларусы пакуль не настолькі адказныя. А, між тым, усё ў нашых сілах.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.