Клуб для выхаванцаў з прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу — цікава, ці не так? Знайсці клуб для замяшчальных бацькоў можна ў многіх, калі не ў кожным СПЦ, што, безумоўна, зразумела, а вось для дзяцей… Жлобінскі сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам “зачапіў” мяне менавіта гэтым. Спачатку. Потым высветлілася, што цікавых форм работы з глыбокім сэнсам і насычаным зместам тут яшчэ шмат. Але пачалося ўсё менавіта з “Ветру перамен” — так называецца дзіцячы клуб гэтага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
У пошуках самавызначэння і развіцця
Няпроста быць добрай маці, чулым, адказным татам нават для родных дзяцей, тым больш для прыёмных. А наколькі складана маленькаму чалавеку ўвайсці ў замяшчальную сям’ю, стаць яе часткай, прыняць свае новыя пачуцці, новы статус? Наўрад ці гэта бывае проста. У Жлобінскім СПЦ гэта добра разумеюць, таму і стварылі новы клуб, паставіўшы яго мэтай садзейнічанне гарманічнаму развіццю асобы, паспяховай сацыялізацыі і жыццёваму самавызначэнню выхаванцаў прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.
— Нашы спецыялісты імкнуцца развіваць у дзяцей уменне разумець пачуцці і эмоцыі чалавека, фарміраваць эмацыянальную спагадлівасць і добразычлівасць, — расказвае дырэктар цэнтра Ала Уладзіміраўна Нікіціна. — Не менш важна развіваць камунікатыўныя навыкі хлопчыкаў і дзяўчынак, чаго ім часта не хапае, фарміраваць патрэбу разумець іншага і паважаць яго пазіцыю, пункт погляду. Ствараючы клуб, мы думалі і пра тое, што ў гэтых дзяцей неабходна фарміраваць патрэбу да самаразвіцця асобы і асобаснай самаактуалізацыі. Як і тое, што варта развіваць іх уменне аналізаваць свае паводзіны, учынкі, выхоўваць каштоўнасныя адносіны да свайго здароўя, духоўна-маральныя якасці асобы, развіваць мэтанакіраванасць, самастойнасць, творчы патэнцыял, эмацыянальную ўстойлівасць.
— Дзеці, якія выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях, патрабуюць асаблівага, асцярожнага стаўлення да сябе, — дадае загадчык аддзела падтрымкі сем’яў, якія ўзялі на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, Таццяна Віктараўна Кузняцова. — Канечне, кожнае з іх — індывідуальнасць, але ёсць і шмат агульнага ў дзяцей, якія не ведалі бацькоўскай увагі і клопату. Такія хлопчыкі і дзяўчынкі чакаюць самага дрэннага, часта крыўдзяцца і крыўдзяць самі, не разумеюць, што адчуваюць іншыя людзі, здараецца, бываюць жорсткімі да равеснікаў. Іх настрой можа рэзка мяняцца без бачных прычын, яны вельмі хваравіта рэагуюць на крытыку і заўвагі, часта не ўпэўнены ў сабе, трывожныя, запальчывыя, агрэсіўныя або наадварот — сарамлівыя і плаксівыя.
Спецыялісты вылучаюць яшчэ нямала не самых простых рыс характару і асаблівасцей паводзін дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў: дзіцяці з-за цяжкіх перажыванняў няпроста сканцэнтравацца на ўроках, у многіх не выпрацаваны элементарныя навыкі, напрыклад, гігіенічныя, бываюць затрымкі псіхічнага развіцця і г.д. Таму, упэўнены мае суразмоўніцы, асаблівае значэнне набывае практыка групавых заняткаў у якасці дадатковага інструмента гарманічнага, цэласнага развіцця асобы дзіцяці, яго я-канцэпцыі. Таму так важна дапамагчы дзецям-сіротам стварыць аб сабе ўяўленне як аб годнай асобе.
Безумоўна, вырашэнне такіх няпростых задач патрабуе намаганняў і з боку ўдзельнікаў клуба. Каб гэтага дасягнуць, тут прытрымліваюцца спецыфічных прынцыпаў работы. Напрыклад, прынцыпу актыўнасці ўдзельнікаў — пастаяннаму ўцягванню членаў групы ў дзеянні: гульні, дыскусіі, практыкаванні, назіранне і аналіз дзеянняў іншых удзельнікаў. Або прынцыпу партнёрскіх зносін: узаемадзеянне ў групе будуецца з улікам інтарэсаў усіх удзельнікаў, прызнання цэласнасці асобы кожнага з іх, роўнасці іх пазіцый, а таксама саўдзелу, суперажывання, прыняцця адно аднаго (нельга заганяць у кут, наносіць удары “ніжэй пояса” і г.д.). Дзейнічаюць яшчэ прынцыпы канфідэнцыяльнасці, што змяншае рызыку псіхічных траўм удзельнікаў, стварэння ў дзяцей станоўчых эмоцый, уліку індывідуальных асаблівасцей кожнага і іншыя.
Канцэпцыя поўная, прадуманая і, здаецца, эфектыўная, бо распрацавана (і вельмі дасведчана) з сапраўдным жаданнем дапамагчы малым і іх сем’ям дасягнуць рэальнага выніку пры максімальным псіхалагічным камфорце непаўналетніх удзельнікаў клуба.
Калі ж узяць канкрэтныя заняткі, то сёлета іх тэмы — і тых, што прайшлі, і тых, што яшчэ адбудуцца, — такія: “Вобраз майго “Я”, “У моры эмоцый”, “Шчасце — гэта так проста!”, “У пошуках добрага настрою”, “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра!”, “Гісторыя майго жыцця”, “Майстэрня зносін”, “Рэальная небяспека ў віртуальным свеце” і іншыя.
Спецыялісты ўзяліся як мага больш поўна дапамагчы замяшчальным бацькам выхаваць у сваіх прыёмных дочках і сынах адказных, самастойных, упэўненых у сабе людзей. І, канечне, дапамагчы самім дзецям набыць гэтую ўпэўненасць, заснаваную на разуменні сябе і іншых, а значыць, набыць паўнацэнную будучыню, звычайныя чалавечыя радасці, звычайнае жыццё, у рэшце рэшт.
Для бацькоў
Безумоўна, працуючы з замяшчальнымі сем’ямі, нельга пакінуць без увагі ўзаемадзеянне з бацькамі. Работа традыцыйная, але ад гэтага не менш значная. У СПЦ яе праводзяць у тым ліку праз клуб “Мая сям’я” для прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў Жлобіна і Жлобінскага раёна. І калі клуб “Вецер перамен” адносна новы, то “Мая сям’я” дзейнічае тут з 2009 года. Але мэты і ў аднаго, і ў другога клуба вельмі блізкія — гарманічнае развіццё асобы дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях.
Што можна і варта рабіць у рамках бацькоўскага клуба? Ды многае: павышаць псіхолага-педагагічны патэнцыял прыёмных бацькоў, дапамагаць ім у сацыялізацыі і адаптацыі дзяцей, стымуляваць абмен вопытам, развіваць партнёрскія ўзаемаадносіны бацькоў са спецыялістамі СПЦ і ў выніку ўсяго гэтага спрыяць прафілактыцы другасных адмоў ад дзяцей-сірот.
Замяшчальныя бацькі збіраюцца на пасяджэннях раз на месяц і, прынамсі, сустракаюцца тут не толькі адно з адным і з супрацоўнікамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра. У работу “Маёй сям’і” ўцягнуты спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённай бальніцы, РУУС, цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, інспекцыі па справах непаўналетніх і іншыя. Ужо з гэтага пераліку зразумела, што пры такім шырокім супрацоўніцтве бацькоўскі клуб мае магчымасць прапаноўваць сваім удзельнікам самае шырокае кола тэм — ад прафілактыкі асацыяльных паводзін прыёмных дзяцей да асаблівасцей іх прафарыентацыі.
— Як у клубе для дзяцей мы імкнёмся сфарміраваць іх актыўную сацыяльную пазіцыю, так у клубе для бацькоў стараемся тое ж самае зрабіць для дарослых: займаемся іх асветай, стымулюем самапазнанне, — тлумачыць Таццяна Віктараўна. — Сёлета, напрыклад, нашы спецыялісты паспелі правесці майстэрню зносін “Паслухмянасць без прымусу, або Як адшукаць шлях да бесканфліктнай дысцыпліны ў сям’і”, круглы стол “Скарбонка бацькоўскіх парад”, іншыя сустрэчы, запланавана яшчэ нямала карысных і цікавых заняткаў, скажам, круглы стол “Стратэгія паводзін прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў у сітуацыі ўзнікнення траўміруючых успамінаў з мінулага ў выхаванца”.
У СПЦ рэалізоўваюць яшчэ адну небанальную форму работы — выпускаюць інфармацыйны веснік “Сямейны ачаг” для прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў Жлобінскага раёна. Выпускаюць ужо трэці год, адзін раз у квартал. Рыхтуе выпускі псіхолаг аддзела падтрымкі сем’яў, якія ўзялі на выхаванне дзяцей-сірот, дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Матэрыялы выпуску можна ўбачыць на сайце СПЦ www.spc.zhlobinedu.by, таксама цэнтр рассылае іх па электроннай пошце ва ўстановы адукацыі раёна.
Сямейны фестываль
Фестываль “Мая прыёмная сям’я” традыцыйна праводзіцца на Жлобіншчыне для прыёмных сем’яў і ДДСТ да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Свята ладзіць СПЦ пры садзейнічанні аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама з прыцягненнем спонсарскай і валанцёрскай дапамогі. Упершыню фестываль прайшоў у 2014 годзе ў выглядзе спартакіяды: сем’ і спаборнічалі ў спартыўных эстафетах, потым атрымалі граматы і падарункі. Другі фестываль уключаў выставу “Фірменная выпечка маёй прыёмнай сям’і”, культурна-забаўляльнае мерапрыемства “Мама, тата, я — дружная сям’я!”, у якім перамагла сям’я з дзіцячага дома сямейнага тыпу Рымы Мікалаеўны і Васіля Дзмітрыевіча Міхальцовых. Былі таксама канцэрт, падарункі, дзіцячы фуршэт.
Яшчэ праз год фестываль зрабілі выязным — сем’і сабраліся ў музеі старажытных народных рамёстваў “Дудуткі” ў Мінскім раёне. У 2017 годзе арганізавалі яго ў выглядзе турыстычнага злёту на базе аграсядзібы “У Барысавіча”, а ў 2018 годзе ўдзельнікі фестывалю наведалі сквер імя А.А.Грамыкі ў Гомелі, правялі конкурс плакатаў “Свет захапленняў маёй сям’і”, паглядзелі шоу марскіх ільвоў і бурых мядзведзяў у Гомельскім дзяржаўным цырку. Летась VI раённы фестываль “Мая прыёмная сям’я” прайшоў у гарадскім парку “Прыдняпроўскі” ў выглядзе прыгодніцкай квест-гульні “Форт Баярд”. Таксама ў гонар Года малой радзімы сем’і прадставілі стравы беларускай нацыянальнай кухні, каталіся на атракцыёнах.
Сёлета сітуацыя, канечне, няпростая, але ад правядзення фестывалю ў раёне не адмовіліся. Вырашылі, што заданні сем’і выканаюць аддалена, па месцы жыхарства. А заданні такія: мультымедыйная прэзентацыя “Лепшая сям’я мая”, дэманстрацыя сямейных традыцый, фірменных страў сям’і, яе поспехаў, прадстаўленне відэаматэрыялаў або мультымедыйнай прэзентацыі з фота і інфармацыяй пра тое, як сям’я бавіць вольны час.
Канечне, калі б не пандэмія, фестываль прайшоў бы вочна — гэтым разам у Буйніцкім заапарку і этнавёсцы ў Буйнічах, але і завочная праграма, здаецца, насычана справамі, цікавымі як для малых, так і для дарослых. У любым выпадку фестываль сваёй галоўнай мэты дасягне — паспрыяе аб’яднанню, згуртаванню замяшчальных сем’яў, папулярызацыі замяшчальнага бацькоўства.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Жлобінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам.