Спроба перавыхаваць

Для падлеткаў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і маюць праблемы з законам, неабходнымі з’яўляюцца сацыяльная падтрымка і дапамога дарослых. На жаль, гэтую праблему не заўсёды можна вырашыць на месцы сіламі тых ведамстваў і структур, якія непасрэдна звязаны з жыццём непаўналетняга. Часта ўзнікае неабходнасць засцерагчы дзіця ад таго асяроддзя, у якім яно знаходзіцца дома. І адзінае вырашэнне гэтай праблемы — накіраваць падлетка, які патрабуе больш увагі, у спецыяльную навучальную ўстанову. Крывіцкае спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае вучылішча закрытага тыпу з’яўляецца адной з іх.

Але ці з’яўляецца ў дачыненні да такіх дзяцей дзейснай прафілактыка? За што падлеткі трапляюць у спецыяльныя навучальныя ўстановы? Ці лёгка з імі працаваць? Пра гэта і іншае мы пагаварылі з сацыяльным педагогам Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу Аленай Міхайлаўнай ПЯЦЬКО.

У Крывіцкае спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае вучылішча закрытага тыпу трапляюць непаўналетнія, якія ма­юць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання, ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў па прыгаворы або рашэнні суда на тэрмін да 2 гадоў.

Са слоў Алены Пяцько, сёння ў вучылі­шчы знаходзіцца 51 падлетак ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Большасць трапіла сюды за распіцце алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах, ужыванне наркатычных ці таксічных рэчываў, крадзяжы і хуліганства. Падлеткі, якія апынуліся ва ўстанове закрытага тыпу, вельмі розныя па характары, па-рознаму ўспры­маюць жыццё. Яны часта ўпартыя і раздражняльныя, часам замкнёныя, асацыяльна актыўныя, імкнуцца да самастойнасці і часта пераацэньваюць свае магчымасці.

“У такіх дзяцей адзначаецца нізкая вучэбная матывацыя, парушэнне ўнутрысямейных сувязей або іх адсутнасць. Большасць з іх не ўмее вырашаць сацыяльна значныя задачы. Шмат у каго ёсць сур’ёзныя псіхалагічныя праблемы, адставанне ў фізічным і інтэлектуальным развіцці. Большасць дзяцей — гэта выхадцы з няпоўных ці цяжкіх сем’яў. Гэта дзеці, бацькі якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў, дзеці-сіроты, выхаванцы дамоў-інтэрнатаў. Таму галоўнай задачай спецыяльнай установы закрытага тыпу з’яўляецца забеспячэнне неабходных умоў навучання і выхавання дзяцей і падлеткаў, іх псіхалагічная, сацыяльная адаптацыя і рэабілітацыя ў грамадстве, карэкцыя паводзін, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця асобы, аказанне дзіцяці дапамогі ў самаразвіцці і самарэалізацыі, абарона ў яго жыццёвай прасторы”, — адзначае педагог.

Размаўляючы пра цяжкасці, якія ўзні­каюць падчас адаптацыі дзяцей у школе, Алена Міхайлаўна кажа, што дзеці, што ўпершыню трапляюць у спецыяльныя ўстановы, адчуваюць няўпэўненасць у сабе. Іх хвалюе, як іх будуць успрымаць супрацоўнікі ўстановы, ці змогуць яны наладзіць адносіны з такімі ж падлеткамі, як самі. Адпаведны рэжым дня, рэгламентаваная дзейнасць, правілы ўнутранага распарадку, адарва­насць ад дому — усё гэта па-рознаму ўспрымаецца падлеткамі.

“Безумоўна, лягчэй адаптавацца тым, хто ўжо жыў па вызначаным распарадку. Як правіла, гэта падлеткі з дзіцячых дамоў. Складаней прыходзіцца дзецям малодшага ўзросту і тым, якія жылі ў сям’і. У першыя дні падлеткі праходзяць перыяд адаптацыі да ўмоў жыцця ў спецыяльнай установе. З імі працуюць педагогі, спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. Выхаванцы знаёмяцца са статутам установы, правіламі ўнутранага распарадку, мерамі дысцыплінарнага ўздзеяння. Галоўная задача супрацоўнікаў установы — дапамагчы сфарміраваць матывацыю на выпраўленне паводзін і адаптаваць дзіця да ўмоў жыцця тут. Таксама падлеткам бывае вельмі складана наладзіць адносіны з групай. Педагогі імкнуцца скарэкціраваць міжасобасныя ўзаемадзеянні, навучыць дзяцей жыць у калектыве і падпарадкоўвацца яго законам”, — тлумачыць А.М.Пяцько.

У зоне канфлікту

Як ужываюцца дзеці з рознымі характарамі, паво­дзінамі? Сацыяльны педагог расказвае, што прычыны спрэчак сярод падлеткаў могуць быць рознымі: складанасць характараў, псіхалагічныя асаблівасці, нізкі ўзровень культуры міжасобасных зносін, матэрыяльны дастатак сям’і і інш.

І вось тут галоўная задача педагогаў заключаецца ў тым, каб дапамагчы падлетку разабрацца ў прычынах канфлікту, наладзіць адносіны з аднагодкамі, навучыць спакойна рэагаваць на крытыку. Хлопчыкі вучацца ўменню наладжваць зносіны, правільна паводзіць сябе ў канфліктнай сітуацыі, уменню слухаць і чуць, прымаць іншыя, адрозныя ад свайго пункту гледжання, погляды на пэўную сітуацыю. З непаўналетнімі праводзяцца трэнінгі па міжасобасным узаема­дзеянні, індывідуальныя гутаркі, накіраваныя на развіццё ўменняў вырашаць канфлікты. Фарміруюцца ўменні спалучаць асабістыя і грамадскія інтарэсы, жыць у адпаведнасці з маральнымі нормамі і каштоўнасцямі.

Важным і неабходным этапам выхавання падлеткаў ва ўстановах спецыяльнага тыпу з’яўляецца індывідуальная работа. Менавіта яна з’яўляецца неабходным кампанентам выхаваўчага працэсу ў такой установе.

“Індывідуальная работа прадугледжвае выяўленне як слабых, так і моцных бакоў асобы падлетка, — канстатуе сацыяльны педагог. — Слабыя бакі, якія выяўлены ў працэсе дыягностыкі на першым этапе, у далейшым падвяргаюцца карэкцыі, а моцныя становяцца тым патэнцыялам, на які можна будзе абаперціся ў далейшай рабоце. Улічваючы індывідуальныя асаблівасці, бывае складана падабраць эфектыўныя прыёмы ўзаемадзеяння. Вельмі часта падлеткі маюць цяжкасці ў вызначэнні жыццёвых мэт, прафесійным самавызначэнні. На індывідуальных занятках дапамагаем дзецям вызначыць свае інтарэсы, здольнасці, выяўляем прафесійныя перавагі. Індывідуальная работа асабліва важная з тымі дзецьмі, якія ма­юць цяжкасці ў зносінах, замкнёнымі, якія не ўмеюць наладжваць адносіны з аднагодкамі і дарослымі”.

Сям’я — галоўная каштоўнасць

У працэсе перавыхавання непаўналетніх, не толькі тых, якія знаходзяцца ва ўстанове закрытага тыпу, важным з’яўляецца ўзаемадзеянне з сям’ёй. Як толькі падлетак паступае ва ўстанову закрытага тыпу, сацыяльныя педагогі адразу наладжва­юць кантакты з бацькамі. Гэта, як расказала А.М.Пяцько, неабходна для таго, каб вызначыць, наколькі сям’ю хвалюе лёс падлетка і ці гатовы бацькі актыўна ўдзельнічаць у выхаванні дзіцяці.

“Бацькі маюць магчымасць падтрымліваць сувязь са сваімі дзецьмі і педагогамі па тэлефоне, выслаць дзіцяці пасылку, прые­хаць на спатканне, пагутарыць з су­працоўнікамі ўстановы, — тлумачыць Алена Міхайлаўна. — Размаўляючы з бацькамі, мы дапамагаем будаваць адносіны з падлеткам, даём параду наконт таго, як засцерагчы дзіця ад спакус, звязаных з ранейшым ладам жыцця. Акрамя гэтага, мы разам абмяркоўваем пытанні жыццеўладкавання пасля выхаду непаўналетняга з установы, арганізацыю вольнага часу, выбар прафесіі і многае іншае. Таму такое супрацоўніцтва вельмі важнае ў нашай агульнай справе. Сацыяльна-педагагічная дзейнасць ва ўстанове будуецца ў адпаведнасці з Праграмай выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання. Праграмай прадугледжаны тры этапы засваення яе зместу: адаптацыя выхаванцаў, якія паступілі да нас, рэсацыялізацыя і сацыяльна-бытавая падрыхтоўка да выпуску. На першым этапе праводзіцца работа, накіраваная на ўсведамленне падлеткамі негатывізму сваіх паводзін і фарміраванне матывацыі, накіраванай на выпраўленне. Вынікам работы на гэтым этапе з’яўляюцца засваенне правіл паводзін, гатоўнасць да далейшай работы над сабой. На другім этапе ажыццяўляецца рэсацыялізацыя выхаванцаў. І трэці этап — гэта падрыхтоўка дзіцяці да выхаду з установы закрытага тыпу”.

Дарэчы, у сістэме перавыхавання робіцца акцэнт менавіта на сямейным выхаванні. Вельмі часта падлеткі, якія атрымалі негатыўны вопыт жыцця ў сям’і, не ўспрыма­юць яе як найважнейшую каштоўнасць. Мэта работы ў гэтым кірунку — выхаванне паважлівых адносін да членаў сваёй сям’і, наладжванне дзіцяча-бацькоўскіх зносін, фарміраванне навыкаў узаемадзеяння з дарослымі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца і барацьбе з алкагольнай, наркатычнай, а таксама нікацінавай залежнасцю.

Сістэма перавыхавання і прафілактыкі, якая наладжана ва ўстановах закрытага тыпу, будуецца такім чынам, каб пасля выхаду з вучылішча ў дзяцей была магчымасць пачаць усё з чыстага ліста.

“Праз 6 месяцаў і праз год пасля таго, як дзіця пакінула нашу ўстанову, мы дасылаем запыты ў КСН і РАУС па месцы жыхар­ства падлетка з просьбай праінфармаваць нас аб яго жыццеўладкаванні, паводзінах, — працягвае А.М.Пяцько. — Акрамя гэтага, самі падлеткі падтрымліваюць сувязь з су­працоўнікамі ўстановы па тэлефоне. Часам звяртаюцца з просьбай дапамагчы ў нейкай жыццёвай сітуацыі, расказваюць пра свае поспехі і няўдачы”.

Часта выхаванцы, пакідаючы сцены вучылішча, упэўнены, што ніколі больш не вернуцца да ранейшага жыцця. Але нельга прадугледзець усе цяжкасці, з якімі ім давядзецца сутыкнуцца ўжо заўтра. Дрэннае становішча ў сям’і, абыякавасць блізкіх, памылкі ў выбары сяброў і многае іншае часам прыводзяць да таго, што падлеткі трапляюць ва ўстановы закрытага тыпу паўторна.

Наталля САХНО.