Сёння школьныя сацыяльныя педагогі, псіхолагі і іншыя спецыялісты сацыяльна-педагагічнага і псіхалагічнага суправаджэння (СППС), магчыма, не пагодзяцца са сцвярджэннем Льва Талстога пра тое, што кожная нешчаслівая сям’я нешчаслівая па-свойму. Шлях, які вядзе на дно, часта адзін і той жа: п’янства, якое пераходзіць у алкагалізм, вольны лад жыцця з сакраментальным “жыву як хачу” ці “я нікому нічога не павінен”. Гэта спрыяе ўзнікненню абыякавасці да ўласных дзяцей, хатніх абавязкаў і да сябе асабіста. Вынік прадказальны: прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці, потым — прызнанне, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, затым — адабранне іх з сям’і і пазбаўленне дарослых бацькоўскіх правоў. Вярнуцца да нармальнага жыцця вельмі складана. Але знайсці ў сабе сілы і схапіцца за выратавальную саломінку, якую працягваюць родныя, суседзі, школа, магчыма.
Сям’я З. (прозвішча не называецца ў інтарэсах непаўналетніх) са Старадарожскага раёна — якраз той шчаслівы прыклад.
— Некалькі гадоў назад трое непаўналетніх дзяцей з адной сям’і знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, бо бацькі злоўжывалі алкаголем, — расказвае псіхолаг і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Горкаўскай сярэдняй школы Старадарожскага раёна Наталля Аляксандрава. — Старэйшы сын на той момант вучыўся ў 3 класе, а малодшаму дзіцяці не было яшчэ і 2 гадоў. У хуткім часе, пасля чарговага наведвання сям’і прадстаўнікамі сацыяльнай службы, дзеці аказаліся ў сацыяльным прытулку. Бацькі праходзілі лячэнне ў ЛПП. З мамай і бацькам мы шмат размаўлялі, я займалася з імі як псіхолаг, працавала над стымуляваннем сям’і і асобных яе членаў да ўдзелу ў сумеснай дзейнасці па карэкцыі ўнутрысямейных зносін і над пашырэннем бацькоўскай кампетэнтнасці ў галіне ўплыву бацькоўскіх дырэктыў на фарміраванне асобы непаўналетніх. Сацыяльны педагог, у сваю чаргу, сумесна з мамай і татам непаўналетніх шукалі станоўчыя бакі і рэсурсы з мэтай рэабілітацыі сям’і, прафілактыкі жорсткага абыходжання з дзецьмі, садзейнічання збліжэнню бацькоў і дзяцей.
У той час у нашай установе адукацыі распачынаўся педагагічны праект “Выкарыстанне інтэрактыўных форм і метадаў работы спецыялістаў СППС як залог эфектыўнай дзейнасці па раннім выяўленні і прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці”. У выніку мы дапамагалі такім сем’ям, выкарыстоўваючы не толькі традыцыйныя гутаркі і размовы, але і інтэрактыўныя формы работы.
Сёння ў сям’і З. усё інакш: у доме зроблены якасны рамонт, дзякуючы праграме падтрымкі мнагадзетных сем’яў, бацькі набылі яшчэ кватэру ў Старых Дарогах. І мама, і тата атрымалі вадзіцельскія пасведчанні, у сям’і з’явіўся аўтамабіль. І гэта не цуд, а хутчэй заканамерны вынік комплекснай псіхалагічнай і сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і дапамогі сям’і. Ён стаў дасягальным дзякуючы шчыраму жаданню бацькоў мяняцца. Змяніліся яны — іншым стала і жыццё сям’і, дзетак.
Псіхолагі раяць:
З дзіцем трэба размаўляць. Добра снедаць і вячэраць разам за адным сталом, абмяркоўваючы планы на дзень ці яго вынікі. Важна, адкладваючы хатнія і асабістыя справы, знаходзіць час для размоў на розныя тэмы, каб ведаць, чым жыве сын, дачка, з кім сябруе, падтрымлівае адносіны. Калі ўзнікаюць праблемы ці канфлікты, важна не папракаць і вінаваціць, а рабіць акцэнт на сваіх пачуццях і думках. Лепш гаварыць:
— Мне б хацелася больш адчуваць дапамогу не на словах, а на справах.
— Мне было б прыемна павячэраць разам.
— Мяне не задавальняе такое стаўленне да выканання хатніх абавязкаў.
Не трэба пастаянна ўжываць займеннікі “ты”, “табе”.
Не трэба гаварыць:
— Ты няправільна мыеш посуд.
— Твае адзнакі мяне не задавальняюць.
— Чаму табе трэба сто разоў паўтараць адно і тое ж?
Каб выйсці з канфліктаў лягчэй, прытрымлівайцеся пэўных правіл:
– часцей глядзіце на сябе збоку;
– пазбягайце паводзін, якія падліваюць масла ў агонь;
– будзьце адказныя за свае дзеянні і словы;
– слухайце і сапраўды спрабуйце пачуць іншага чалавека;
– умейце дараваць.
Без дыягностыкі нікуды
На пачатковым этапе рэалізацыі праекта была праведзена дыягнастычная работа: прапанаваны тэст для бацькоў “На якой аснове будуецца стаўленне бацькі і маці да дзіцяці”, каб вызначыць тып узаемаадносін у сям’і (асцярогу выклікае выяўленне ў сям’і аўтарытарных або патуральніцкіх узаемаадносін); методыка для бацькоў “Мера клопату” з мэтай выяўлення тыпу выхавання дзяцей у сям’і (у выніку інтэрпрэтацыі высвятляем, кім з’яўляюцца бацькі свайму дзіцяці: ворагамі, саюзнікамі ці сябрамі); тэсціраванне непаўналетніх “Тры дрэвы”, якое дапамагае, інтэрпрэтуючы намаляваныя дзіцем дрэвы, выявіць мікраклімат у сям’і (можна ўбачыць адчужэнне паміж дзецьмі і бацькамі, непрыманне дзецьмі аднаго з бацькоў); тэсціраванне непаўналетніх “Няскончаны сказ”, якое дае магчымасць па заканчэнні прапанаваных фраз зразумець, як дзіця ўспрымае стаўленне бацькоў да сябе (можна ўбачыць недахоп увагі, негатыўнае стаўленне, адсутнасць пахвалы, ласкі, прапанавання дапамогі).
Вынікі дыягностыкі прадэманстравалі, што прыкладна ў палове сем’яў дзіцяці не пагражае ста ць распушчаным і распешчаным, паколькі бацькі ўдзяляюць яму дастатковую, але не празмерную ўвагу. А вось каля 19 працэнтаў сем’яў былі аднесены да дзетацэнтрысцкіх. Гэта значыць, што інтарэсы і патрэбы дзіцяці — галоўны матыў паводзін бацькоў. Празмернасць такой пазіцыі небяспечна тым, што дарослыя ўсё выконваюць за малога, імкнуцца засцерагчы яго ад уяўных небяспек, прымушаюць прытрымлівацца сваіх патрабаванняў, меркаванняў, настрою. Пры гэтым мала давяраюць свайму дзіцяці, недастаткова прыслухоўваюцца да яго ўласных інтарэсаў. У выніку ў дзяцей фарміруецца пасіўная залежнасць ад бацькоў, якая па меры сталення ўсё больш перашкаджае іх асобаснаму росту.
Яшчэ 28 працэнтаў бацькоў недаацэньваюць сябе як выхавальніка, занадта залежаць ад выпадку і спрыяльнага збегу абставін, яны больш сканцэнтраваны на сваіх асабістых сямейных адносінах і часта недадаюць увагі малодшым членам сям’і. Дзеці, адчуваючы сябе непатрэбнымі, лішнімі, вырастаюць замкнёнымі, закамплексаванымі, варожа настроенымі да навакольнага свету. Часта ў партнёры яны выбіраюць такіх жа адчужаных, як і бацькі, людзей.
Цікавыя лічбы
14,6 працэнта апытаных бацькоў недаацэньваюць ролю мужчыны ў выхаванні, патрабавальнасць да дзіцяці бывае прадыктавана не яго паводзінамі, а настроем дарослага. 11,3 працэнта бацькоў недастаткова ўнікаюць у працэс выхавання дзяцей, 34,2 працэнта маці вельмі любяць сваіх дзяцей, але забываюць пра тое, што ў будучыні сыну ці дачцэ трэба будзе самастойна вырашаць свае праблемы. 27,6 працэнта дзяцей маюць патрэбу ў больш эмацыянальным удзеле маці ў іх жыцці, 12,4 працэнта не хапае мяккасці і заахвочвання ад старэйшых.
Быць бацькамі трэба вучыцца
Як бачна, каля паловы бацькоў сутыкаюцца з тымі ці іншымі праблемамі выхавання. Каб выхоўваць дзіця правільна, трэба ведаць, як гэта рабіць, але гэтаму ніхто не вучыць. Нарадзіўшы дзіця, дарослыя асвойваюць новыя ролі мамы і таты самастойна, абапіраючыся на ўласны жыццёвы вопыт і кругагляд, мудрасць і веды, а таксама капіруючы паводзіны сваіх бацькоў ці, наадварот, выракаючыся іх мадэлі паводзін. Але, на жаль, гэтага часта недастаткова: не хапае ведаў. Да таго ж у мінулым вопыце нярэдка крыецца шмат негатыўнага, дэструктыўнага.
Большасці бацькоў, як, зрэшты, і дзяцей, сёння не хапае ведаў па псіхалогіі і педагогіцы. Але, што радуе, вучыцца, прымаць прафесійную падтрымку і дапамогу большасць бацькоў гатовыя, пра што сведчыць вопыт настаўнікаў Горкаўскай сярэдняй школы. Як паказалі вынікі праекта, асабліва дзейсная гэтая дапамога тады, калі мерапрыемствы карэкцыйнаразвіццёвага характару праходзяць не ў выглядзе лекцый, сустрэч-размоў, а ў інтэрактыўнай форме, калі бацькі і дзеці разам выконваюць творчыя заданні, праходзяць квесты, удзельнічаюць у віктарынах. Таму і сёння ў школе, ужо пасля заканчэння праекта, эфектыўна выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя формы і метады работы падчас тэматычных тыдняў, у межах работы шостага школьнага дня і бацькоўскага ўніверсітэта “Гармонія”.
Інтэрактыў у дзеянні
Гульня-квест “Гуляем і вучымся разам”, у якой удзельнічаюць і дзеці, і бацькі, праходзіць па розных станцыях, размешчаных па ўсёй школе. Мэта — збліжэнне бацькоў і дзяцей з дапамогай уключэння ў сумесную творчую дзейнасць. Каманды павінны выканаць заданні. Напрыклад, у бібліятэцы ўдзельнікаў гульні чакае заданне “Лебедзь, рак і шчупак”, дзе трэба сумесна прыйсці да адзінага правільнага рашэння, для таго каб зразумець, як важна ў сям’і рухацца ў адным напрамку, а не цягнуць эгаістычна коўдру на сябе. У сталовай удзельнікі разгадваюць шарады пра здаровы лад жыцця, шкоду алкаголю і абмяркоўваюць карысць спартыўных заняткаў.
У спартыўнай зале бацькі і дзеці не толькі праяўляюць фізічную сілу, трэніруюць мышцы, але і актывізуюць разумовыя працэсы, шукаючы адказы на пытанні віктарыны: “Назавіце трох знакамітых беларускіх спартсменаў”; “Што было першай прадукцыяй сям’і Даслер, заснавальнікаў кампаніі Adidas, якая займаецца выпускам адзення і абутку?”
Асабліва падабаецца дзецям і бацькам музычны конкурс “Творчы”, дзе па рухах аднаго з бацькоў, які слухае музыку ў навушніках, гледачы павінны адгадаць назву песні. Актыўна сем’і ўдзельнічаюць у дабрачыннай акцыі-кірмашы “Рабі дабро”. Бацькі называюць вельмі карыснымі заняткі “Пытанні выхавання ў малюнках” (з мэтай гарманізацыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін у сям’і), круглыя сталы “Свет дзіцячых пытанняў і праблем” (з мэтай асветы бацькоў па пытаннях выхавання сучасных дзяцей).
Умацаванню ўзаемаразумення, гармоніі і даверлівых адносін паміж бацькамі і дзецьмі спрыяюць і сустрэчы ў бацькоўскай гасцёўні “Бацькоўскі дом — пачатак пачаткаў”. Шмат увагі ўдзяляецца карэкціроўцы стылю выхавання ў сям’і. На яскравым прыкладзе педагогі дэманструюць, што аўтарытарны стыль з яго забаронамі, абмежаваннямі і пакараннямі не дзейсны і для дзіцяці вельмі некамфортны. У бацькоў ёсць магчымасць адчуць на сабе нежыццяздольнасць такой манеры паводзін.
— Па жаданні хтосьці з бацькоў уладкоўваецца ў крэсле, — расказвае сацыяльны педагог Святлана Мельнік, — а другі пачынае гаварыць тое, што часта чуюць ад дарослых дзеці: “Не трэба глядзець гэтую лухту ў інтэрнэце” (чалавеку ў крэсле завязваюць вочы); “Не слухай усялякую бязглуздзіцу” (затыкаюць вушы бірушамі); “Не чапай, бо можаш што-небудзь пашкодзіць” (звязваюць рукі); “Не хадзі туды, невядома чым гэта скончыцца” (звязваюць ногі); “Памаўчы, я цябе не пыталася” (затыкаюць рот яблыкам). А потым я пытаюся, ці камфортна чалавеку ў крэсле. Адказ, зразумела, пачуць не магчыма, але ўсім бачна, што сядзець у крэсле вельмі некамфортна.
Падчас такой сустрэчы ў бацькоўскай гасцінай мы абмяркоўваем розныя стылі выхавання: дэмакратычны, ліберальна-патуральніцкі, аўтарытэтны, адчужаны, хаатычны.
Калі бацькі прытрымліваюцца ліберальнага стылю выхавання, яны даюць дзецям шмат свабоды ў надзеі выгадаваць іх шчаслівымі і незалежнымі, а на справе свабода прыводзіць да ўсёдазволенасці і патурання. У выніку ў дзіцяці наогул адсутнічаюць псіхалагічныя межы, што вядзе да развіцця няўпэўненасці ў сабе, неразумення сябе і сваіх інтарэсаў, парушэння эмацыянальнага інтэлекту, слабасці духу і адсутнасці прадукцыйнасці ва ўсіх пачынаннях.
Самы аптымальны, па меркаванні псіхолагаў, дэмакратычны стыль выхавання, ён жа аўтарытэтны, калі меркаванне кожнага ў сям’і паважаецца. Дзіця не баіцца выказваць свае думкі, ахвотна дзеліцца праблемамі і цяжкасцямі, каб разам знайсці рашэнне. Ініцыятыва малодшых членаў сям’і заахвочваецца, ім давяраюць і даюць пэўную свабоду, але ў той жа час кожнае парушэнне правіл абмяркоўваецца і караецца: не прыбраў пасля сябе — застаўся без планшэта ці тэлефона. У такіх сем’ях дзеці з малых гадоў прывучаюцца да дысцыпліны, самастойнасці, павагі да людзей і іх працы.
— Калі дарослыя пачынаюць бачыць і разумець свае памылкі, робяць крокі да іх выпраўлення, адносіны ў сем’ях значна мяняюцца ў лепшы бок, — гаворыць пра вынікі работы ў праекце Наталля Аляксандрава. — Падчас работы праекта палепшылася становішча ў трох з пяці сем’яў. З 16 дзяцей, якія знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, 11 дзетак былі зняты з гэтага ўліку. Павысіўся ўзровень інфармацыйнай культуры бацькоў, яны сталі больш актыўна ўдзельнічаць у школьных мерапрыемствах. Таксама павысіўся ўзровень сямейнай культуры, погляды бацькоў на выхаванне дзяцей сталі больш усвядомленымі. У сем’ях наладжаны псіхалагічна камфортныя адносіны, палепшыліся дзіцячабацькоўскія зносіны. З 32 бацькоў кантрольнай групы 22% (7 бацькоў) наогул адмовіліся ад ужывання алкаголю.
З заканчэннем праекта, зразумела, не скончылася работа настаўнікаў, псіхолага, сацыяльнага педагога па сацыяльна-педагагічнай падтрымцы сем’яў і навучэнцаў. Па выніках рэалізацыі праекта быў створаны метадычны прадукт, тэст для бацькоў “На якой аснове будуецца стаўленне бацькі і маці да дзіцяці”, методыка для бацькоў “Мера клопату”, гульня-квест “Гуляем і вучымся разам”, сустрэча ў бацькоўскай гасцінай “Бацькоўскі дом — пачатак пачаткаў”, круглы стол “Праблемы ў сям’і і іх вырашэнне”, сустрэча ў бацькоўскай гасцінай “Бацькоўскія пазіцыі і стылі ўзаемадзеяння з дзецьмі”, заняткі для бацькоў “Пытанні выхавання ў малюнках” і іншыя распрацоўкі.
Найлепшы вопыт штодзённа выкарыстоўваецца ў школьным жыцці. Цікавая прыдумка, якая дапамагае своечасова выяўляць пытанні і праблемы, што хвалююць навучэнцаў, — школьная пошта даверу. Калі школьнікі не адважваюцца ці саромеюцца падысці да настаўніка ці псіхолага з набалелым пытаннем, яны пакідаюць яго ў спецыяльнай скрыні, і вельмі хутка на асобным стэндзе дзеці знаходзяць і свае апрацаваныя пытанні, і адказы на іх. Здараецца і так, што, каб дакладна і грунтоўна адказаць на тое ці іншае пытанне, педагогі звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў (медыкаў, праваахоўнікаў) і арганізуюць сумесныя сустрэчы. А пытанні дзяцей хвалююць самыя разнастайныя: ад узаемаадносін паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі да выбару будучай прафесіі.
У перспектыве ва ўстанове адукацыі ў мэтах сацыяльнай адаптацыі навучэнцаў і аптымізацыі адукацыйнага працэсу плануецца наладзіць пераемнасць вопыту работы па сацыяльна-педагагічнай падтрымцы і па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці паміж установай дашкольнай адукацыі і школай.
Марыя РАМАНОЎСКАЯ.