Самастойным быць зусім няпроста

Учора ты дзіця — а сёння табе 18, і ты сам за сябе адказваеш. Канечне, падтрымаюць бацькі, іншыя дарослыя. Нават калі ты застаўся без апекі бацькоў ці наогул страціў іх, ты не будзеш зусім адзінокім, а зрабіць пераход да самастойнасці больш плаўным дапамогуць бацькі-выхавальнікі, сацыяльныя педагогі, іншыя дарослыя. І ўсё ж сталенне ў статусе сіраты асабліва складанае, бо пытанняў узнікае многа. Як разабрацца з жыллём? Як расходаваць грошы, каб іх хапала? Якія гарантыі маюць студэнты? Праблем перад маладымі людзьмі названай катэгорыі паўстае шмат…

Удзельнікі сустрэчы.

Бюджэт — справа тонкая

Беларускі дзіцячы фонд і кампанія Masterсard, якія пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь правялі сустрэчу з першакурснікамі беларускіх УВА — выпускнікамі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, пастараліся адказаць на многія хвалюючыя пытанні. Так, спецыялісты Masterсard у Рэспубліцы Беларусь Надзея Барэйка і Сяргей Шніп правялі для хлопцаў і дзяўчат майстар-клас “Асновы фінансавай дасведчанасці, фінансавая бяспека і правілы планавання асабістага бюджэту”.

— Планаваць свой бюджэт — вельмі карысная прывычка, — гэтае сцвярджэнне было першым, што наваспечаныя студэнты пачулі ад выступоўцаў.

Іншае пытанне, як рабіць гэта правільна. Што ж, адказ ёсць. Па-першае, варта скласці спіс абавязковых расходаў і плацяжоў: аплата за інтэрнат, тэлефон, інтэрнэт і г.д. Па-другое, важна вызначыць асноўныя катэгорыі выдаткаў: на харчаванне, на адзенне і інш. Тут варта на месяц устанавіць ліміты па кожнай катэгорыі і не перавышаць іх або, перавысіўшы ліміт у адной катэгорыі, знізіць яго ў другой. Для пачатку на працягу, скажам, трох месяцаў, лепей весці ўлік расходаў, каб дакладна ведаць, колькі грошай патрэбна на транспарт, колькі на харчаванне і г.д., тады і з лімітамі вызначыцца будзе лягчэй, тым больш што існуе нямала мабільных дадаткаў, якія дапамагаюць весці ўлік даходаў і расходаў.

Прагучала яшчэ адна слушная парада: важна кожны месяц адкладваць грошы, хаця б зусім невялікія, каб пазней зрабіць буйную пакупку або для таго, каб былі сродкі на экстранныя выпадкі. Многа інфармацыі хлопцы і дзяўчаты атрымалі пра карыстанне пластыкавымі картамі і перавагі, якія яны прапаноўва­юць, а таксама пра захаванне даных карты: нельга нікому перадаваць карту, персанальныя даныя, нават калі той, хто тэлефануе, вельмі пераканаўча запэўнівае, што ён работнік банка або міліцыі. Варта памятаць, што ні тыя, ні другія не звязваюцца з кліентамі па Viber або іншых месенджарах. Дарэчы, насіць з сабой карту пастаянна зусім неабавязкова: мабільны тэлефон, бранзалет, бірулькі, якія цяпер выпускаюць беларускія банкі, таксама мо­гуць падтрымліваць бескантактныя плацяжы.

Прагучала нямала і іншых парад, прычым выключна практыка-арыентаваных і вельмі канкрэтных: пра карысць СМС- і іншых апавяшчэнняў ад банкаў, інтэрнэт-банкінгу, магчымасці афармлення крэдытаў анлайн, праграмы для студэнтаў, што прапаноўваюць банкі, і г.д. Пры гэтым спецыялісты расказалі пра пакрокавы шлях падключэння да інтэрнэт-банкінгу, мабільных дадаткаў.

— Ад рацыянальнага расходавання даходаў будзе залежаць ваш поспех у фінансавай сферы, таму стаўцеся да гэтага ўважліва і асцярожна, — рэзюмавалі спецыялісты.  

А студэнты, у сваю чаргу, даказалі, што многае яны ўжо ра­зумеюць, разабраўшыся ў сітуацыі з дарагой пакупкай, якую ім прапанавалі прадстаўнікі Masterсard: трэба было пра­аналізаваць свае расходы, адшукаць дадатковы заработак і г.д. Прычым самы поўны адказ дала будучы сацыяльны педагог Мілена, якая, стаўшы педагогам, хутчэй за ўсё будзе працаваць з дзецьмі-сіротамі, дзецьмі з малазабяспечаных сем’яў і г.д., а таксама зможа дасведчана расказаць ім пра кіраванне асабістымі фінансамі.

Чым дзяржава дапаможа?

Галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэа­лагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Фёдараўна Сімакова звярнулася да выпускнікоў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з просьбай не маўчаць, задаваць пытанні, раіцца са спецыялістамі.

— На ўсе пытанні трэба знаходзіць адказы, — сказала яна, — бо толькі ў такім выпадку вы будзеце рухацца наперад. А я ад імя Міністэрства адукацыі хачу расказаць вам пра тыя гарантыі, якія ў нашай краіне дзейнічаюць для хлопцаў і дзяўчат, што ма­юць статус дзяцей-сірот або дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Зараз вам ужо амаль па 18 гадоў, і гэтыя катэгорыі вы хутка пераступіце, станеце асобамі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Але пэўныя гарантыі захаваюцца да таго часу, пакуль вам не споўніцца 23 гады. Хачу, каб вы гэта запомнілі.

Спецыяліст нагадала, што гарантыі па сацыяльнай абароне прадугледжаны ў законе, што тычыцца асоб са статусам сірот, які быў выдадзены ў 2005 го­дзе. Закон дзейнічае і сёння, час ад часу ў ім з’яўляюцца пэўныя змяненні, якіх патрабуе час.

Пасля таго як маладым людзям, што знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні не з 1 верасня, але застаюцца ў сем’ях, споўніцца 18, ім неабходна бу­дзе напісаць заяву ў сваёй установе аб залічэнні на дзяржаўнае забеспячэнне. Яно ў Беларусі прадастаўляецца ва ўсіх УВА, акрамя прыватных. Гарантыі прадастаўляюцца незалежна ад пенсій і дапамог, якія атрымлівае малады чалавек. Напрыклад, калі дзяўчына падчас навучання пойдзе ў адпачынак па доглядзе дзіцяці, яшчэ адзін год за ёй захаваецца дзяржаўнае забеспячэнне ў дадатак да ўсіх тых дапамог, што яна будзе атрымліваць.

Дзяржава, вядома, падтрымлівае і тых хлопцаў і дзяўчат са статусам сіраты, якія спачатку вучацца ва ўстанове прафесійна-тэхнічнай адукацыі, каледжы, а потым — ва ўстанове вышэйшай адукацыі, але ў любым выпадку да 23 гадоў. І нават, калі хтосьці ў далейшым вырашыць адлічыцца з УВА і паступіць на больш нізкі ўзровень адукацыі, да яго сітуацыі падыдуць індывідуальна і, верагодна, захаваюць за ім дзяржзабеспячэнне. Хаця, канечне, лепш за ўсё ставіцца да вучобы адказна. Ёсць і такі нюанс: калі хлопец падчас вучобы вырашыць адслужыць у арміі, то пасля яго вяртання са службы на вучобу дзярждапамога за ім захаваецца, як і пасля акадэмічнага адпачынку па іншых уважлівых прычынах.

Нормы дзяржзабеспячэння ўстанаўліваюцца штогадова, іх сумы не надта вялікія, таму так важна правільна іх расходаваць. Студэнты атрымліваюць сродкі на харчаванне, бо ў адрозненне ад навучэнцаў прафесійна-тэхнічных ліцэяў яны не атрымліваюць бясплатнага харчавання, і такія сродкі паступа­юць ім на карту круглы год, у тым ліку падчас канікул. На карту будуць налічвацца грошы для набыцця адзення, абутку і іншых неабходных тавараў. Некаторыя ўстановы адукацыі выдаюць такую дапамогу раз у месяц, іншыя — раз у квартал. А ў першы год навучання студэнты павінны атры­маць яе цалкам у пачатку кастрычніка. Незалежна ад паспяховасці студэнты са статусам сіраты або дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, ці адпаведнай асобы пасля 18 гадоў, атрымліваюць сацыяльную стыпендыю.

Пры гэтым раз у год такія студэнты маюць права папрасіць у кіраўніка ўстановы адукацыі дадатковую матэрыяльную дапамогу са спецыяльнага фонду. А вось права на бясплатны праезд студэнты страчваюць, праўда, могуць бясплатна наведваць пэўныя культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы.

Асобна спецыяліст спынілася на ўмовах навучання ва ўстановах адукацыі сілавога блока: міністэрстваў абароны, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях. Такія ўстановы прадастаўляюць усім сваім навучэнцам форменнае адзенне, але і дапамогу на звычайнае ­адзенне, прадметы асабістай гігіены навучэнцы-сіроты атрымліваюць. Акрамя таго, калі будзе розніца паміж пайком, які прадастаўляе ўстанова, і нормай, якую прадугледжвае дзяржзабеспячэнне, то дзеці-сіроты атрымаюць гэтую розніцу на карту. Хаця наўрад ці яна будзе ў мінус, хутчэй, у плюс. У такім выпадку навучэнцы будуць атрымліваць толькі грошы на харчаванне на выхадныя дні, калі яны паедуць да сям’і, напрыклад.

“Дзяржаўныя гарантыі для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, даволі важкія, а дапамога Беларускага дзіцячага фонду і розных арганізацый даюць ім магчымасць яшчэ больш упэўнена ўступаць у дарослае студэнцкае жыццё”, — лічаць у Міністэрстве адукацыі.

Правільны разлік

— Канечне, бацькі-выхавальнікі, якія вас выгадавалі, вас не пакінуць, — выказала ўпэўненасць Алена Фёдараўна. — Я ведаю многіх выхавальнікаў, якія дапамагаюць сваім выпускнікам на працягу ўсёй іх вучобы. Вы можаце да іх ездзіць, магчыма, браць пэўныя прадукты, напрыклад, агародніну, якую бацькі вырошчваюць. Але вы павінны памятаць пра тое, што і вы павінны ім дапамагаць, каб гэта не было рухам у адзін бок.

Зразумела, надзвычай важнае жыллёвае пытанне. Пакуль юнакі вучацца, яны забяспечаны месцамі ў інтэрнатах, а тыя з іх, хто застаецца ў горадзе, дзе знаходзіцца іх дзіцячы дом сямейнага тыпу, могуць жыць там. Калі ж ва ўстанове адукацыі няма інтэрната, то маладым людзям павінны кампенсаваць расходы на наём жылля, кампенсацыя невялікая — у Мінску гэта 3 базавыя велічыні.

Калі ж студэнты заканчва­юць установу, у якой вучыліся, або па нейкай прычыне адлічваюцца з яе, яны маюць права на выхадную дапамогу, якая выдаецца адзін раз. Калі навучэнец адразу пасля школы паступіў ва УВА, то атрымае яе пасля заканчэння ўніверсітэта. Гэтую дапамогу выпускнікам пералічваюць на працягу 12 месяцаў пасля заканчэння ўстановы, але для гэтага выпускнік павінен прадаставіць даведку аб тым, што працуе або стаіць на ўліку па беспрацоўі, або мае пэўныя супрацьпаказанні для работы і інш. Нават калі выпускнік закончыў установу адукацыі пасля таго, як яму споўнілася 23 гады, ён мае права на такую дапамогу.

Зразумела, пасля выпуску перад маладымі спецыялістамі зноў паўстае пытанне жылля. Сітуацыі тут могуць быць розныя. Хтосьці да 23-гадовага ўзросту ўжо стаў на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, іншым давя­дзецца рабіць гэта самім. Маладыя людзі, за якімі замацаваны жылыя памяшканні, дзе жы­вуць іх сваякі, маюць права карыстацца гэтымі памяшканнямі і, канечне, павінны плаціць камунальныя плацяжы з таго часу, як ім споўнілася 18 гадоў. Але пакуль малады чалавек не жыве ў кватэры або доме, ён павінен прадастаўляць даведкі аб тым, што ён жыве ў інтэрнаце, каб не плаціць за “камуналку”.

Калі ж у такой кватэры жывуць асацыяльныя асобы, хлопец або дзяўчына маюць права звярнуцца ў выканкам, які замацаваў за імі жыллё, з заявай аб тым, што лічыць немагчымым усяленне ў жылое памяшканне. Калі ўсяленне будзе прызнана немагчымым, заяўнік атрымае права стаць на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Магчыма, здарыцца так, што праз нейкі час студэнту прапануюць сацыяльнае жыллё, але, калі няма магчымасці яго аплаціць, верагодна, лепш жыць у інтэрнаце. Можна стаць на ўлік і там, куды выпускнік, які яшчэ не дасягнуў 23 гадоў, накіруецца пасля размеркавання, але варта, безумоўна, спачатку стаць на новы ўлік і толькі потым зняцца з таго, на якім быў раней.

Сацыяльнае жыллё выдзяляецца без аплаты за карыстанне ім, г.зн. без арэнднай платы, жыхары плацяць толькі за камунальныя паслугі. Праўда, толькі першыя 5 гадоў, потым дабаўляецца арэнда, калі асоба з ліку дзяцей-сірот або дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, не пабудуе за гэты час сваё жыллё з дапамогай крэдыту і дзяржаўнай субсідыі па-за чаргой. Калі гэтага не адбылося, можна заставацца ў сацыяльным жыллі, якое становіцца арэндным, пры гэтым плата для сірот меншая, чым для іншых арандатараў. Зразумела, што прыватызаваць такую кватэру нельга, таму пра ўласнае жыллё лепш усё ж паклапаціцца, калі не засталося жылля ад сваякоў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Наталлі САХНО.