Чаму бацькі адмаўляюцца ад усыноўленых дзяцей?
Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2017—2021 гады прадугледжвае развіццё ў краіне такой сістэмы па ахове дзяцінства, якая будзе забяспечваць рэалізацыю права дзіцяці на выхаванне ў сям’і. Відавочна, што прыярытэтнай задачай дзяржаўных органаў і ўстаноў адукацыі з’яўляецца ўладкаванне дзяцей-сірот у замяшчальныя сем’і, накіраванне іх у прыёмныя сем’і ці дзіцячы дом сямейнага тыпу.
Нягледзячы на імкненне дапамагчы дзецям, знайсці ім бацькоў, не заўсёды ўсё атрымліваецца гладка і бязвоблачна: выпадкі адмены ўсынаўлення здараюцца штогод, але чыя ў тым віна — дзіцяці ці бацькоў? Ці магчыма пераадолець крызіс, які разгараецца ў прыёмнай сям’і з-за несупадзення характараў, поглядаў на жыццё, інтарэсаў? І самае, напэўна, важнае: ці можна палюбіць малыша, які яшчэ нядаўна быў чужым, а сёння ён ужо твой?
Пра гэта і многае іншае нам расказала дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Вольга Мікалаеўна ГЛІНСКАЯ.
— Вольга Мікалаеўна, колькі дзяцей было ўсыноўлена за мінулы год? Якія формы сямейнага ўладкавання найбольш папулярныя, распаўсюджаныя ў краіне?
— У мінулым годзе грамадзянамі нашай краіны было ўсыноўлена 452 дзіцяці, а ў 2018 годзе — 439. Што тычыцца самых папулярных форм сямейнага ўладкавання, імі з’яўляюцца ўсынаўленне і апека (папячыцельства). Часцей за ўсё апекунамі для дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, становяцца сваякі. Так, па стане на 1 студзеня 2020 года ў апякунскіх сем’ях выхоўваюцца 8343 дзіцяці, у сем’ях усынавіцеляў — 7559 дзяцей, у прыёмных сем’ях — 3716 дзяцей, а ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу — 1840 дзяцей.
— Чаму з усіх форм уладкавання дзяцей-сірот менавіта ўсынаўленне з’яўляецца найбольш прыярытэтнай?
— Артыкул 118 Кодэкса аб шлюбе і сям’і сведчыць пра тое, што прыярытэтнай формай уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на выхаванне ў сям’і з’яўляецца ўсынаўленне (удачарэнне). Гэта звязана з тым, што ў выніку паміж усынавіцелем і ўсыноўленым дзіцем узнікаюць такія ж правы і абавязкі, як паміж бацькамі і дзецьмі. Пры немагчымасці ўсынаўлення (удачарэння) дзеці ў першую чаргу падлягаюць уладкаванню на выхаванне ў апякунскую ці прыёмную сям’ю або ў дзіцячы дом сямейнага тыпу.
Разам з тым падчас усынаўлення дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, уладкавання іх на выхаванне ў апякунскую ці прыёмную сям’ю, дзіцячы дом сямейнага тыпу ў абавязковым парадку ўлічваюцца сваяцкія сувязі, этнічнае паходжанне дзяцей, прыналежнасць да пэўнай рэлігіі і культуры, родная мова, магчымасць забеспячэння пераемнасці ў выхаванні і адукацыі.
Варта адзначыць, што, згодна з зацверджаным Нацыянальным планам дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2017—2021 гады, у краіне развіваецца сістэма аховы дзяцінства, якая забяспечвае рэалізацыю права дзіцяці на выхаванне ў сям’і. Прыярытэтнай задачай дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі з’яўляецца ўладкаванне дзяцей-сірот у замяшчальныя сем’і (усынаўленне ці ўдачарэнне), устанаўленне апекi (папячыцельства), накіраванне ў прыёмную сям’ю, у дзіцячы дом сямейнага тыпу. За папярэднія гады дасягнуты значныя вынікі ў вырашэнні праблемы дэінстытуцыялізацыі дзяцей-сірот, у тым ліку дзяцей-інвалідаў, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Больш за 80 працэнтаў дзяцей-сірот уладкаваны на выхаванне ў сем’і грамадзян нашай краіны, што дазволіла за апошнія 10 гадоў значна скараціць сетку інтэрнатных устаноў сістэмы адукацыі і сістэмы аховы здароўя. У дадатак да гэтага ўкараняюцца новыя падыходы ў падрыхтоўцы да самастойнага пражывання дзяцей, якія выхоўваюцца ў інтэрнатных установах, у тым ліку дзяцей-інвалідаў і дзяцей з АПФР.
— Колькі выпадкаў адмены ўсынаўлення здараецца за год? Па якіх прычынах дзеці, за якіх, умоўна кажучы, учора змагаліся, сёння становяцца непатрэбнымі?
— Усяго ў 2019 годзе судамі праведзена 12 пасяджэнняў па адмене ўсынаўлення (удачарэння) у дачыненні да 13 непаўналетніх (7 дзяўчынак і 6 хлопчыкаў), з іх у адносінах да адной дзяўчынкі таксама адбывалася пасяджэнне па адмене міжнароднага ўдачарэння. Калі закранаць статыстыку, то неабходна адзначыць, што найбольшая колькасць адмен усынаўлення прыпадае якраз на тыя гады, у якія быў адзначаны высокі паказчык колькасці ўсынаўленняў (у 2018 годзе — у дачыненні да 5 дзяцей з 585 усыноўленых у 2011 годзе, у дачыненні да 6 дзяцей — з 561 усыноўленага ў 2014 годзе). Такім чынам, 80% дзяцей жылі ў сем’ях ад 5 да 10 гадоў да моманту адмены ўсынаўлення.
Да агульнай для ўсіх сем’яў усынавіцеляў прычыны адмены ўсынаўлення можна аднесці нерэалістычныя і ідэалізаваныя чаканні ў дачыненні да ўсыноўленых дзяцей. Бацькі чакаюць і думаюць, што іх усыноўленыя дзеці павінны заўсёды паводзіць сябе прыкладна, быць паслухмянымі, ветлівымі, добра і без праблем вучыцца, не мець пытанняў па паводзінах у школе і дзіцячым калектыве, адным словам, быць зручнымі дзецьмі. Адным усынавіцелям цяжка ўзаемадзейнічаць са спецыялістамі суправаджальных службаў, выконваць іх рэкамендацыі. Другія ўсынавіцелі не ўлічваюць траўматычны вопыт, які маюць усыноўленыя дзеці і з якім яны ідуць у новую сям’ю. Каля 70% сем’яў на момант усынаўлення ўжо мелі родных дзяцей. Колькасць дзяцей, якія дасягнулі пераходнага ўзросту і ад якіх адмовіліся ўсынавiцелi, складае 69,2%, пры гэтым дзеці, якім на момант адмены ўсынаўлення было 14 і больш, пражылі ў сям’і больш за 8 гадоў.
Да прычын адмены ўсынаўлення можна аднесці і змены ў структуры сям’і, што неспрыяльна ўплываюць на ўнутрысямейныя адносіны (смерць усынавіцеля, смерць блізкіх сваякоў, развод усынавіцеляў, уступленне ў новы шлюб, з’яўленне новых членаў сям’і).
У двух выпадках іскі па адмене ўсынаўлення згодна з артыкулам 139 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, падалі самі ўсыноўленыя дзеці, якія дасягнулі 14 гадоў. Суд прысудзіў дзецям кампенсацыю маральнай шкоды ад усынавіцеляў. Прычына адмены ўсынаўлення (удачарэння) — невыкананне ўсынавіцелямі абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні дзяцей.
Быў яшчэ выпадак, калі родная цётка адмовілася ад пляменніцы, якую раней удачарыла. Нягледзячы на роднасныя сувязі з дзіцем, сям’я не змагла эмацыянальна прыняць і палюбіць дзяўчынку, клапаціцца пра яе ў поўнай меры.
Разам з тым бывае і так, што па прычынах, якія не залежаць ад усынавіцеляў, нягледзячы на намаганні, што прыкладаюцца імі, у іх не складваюцца адносіны з дзіцем.
— Калі гаварыць пра ўсынаўленне (удачарэнне), дзецям якога ўзросту часта аддаецца перавага з боку будучых бацькоў? Ці часта з жаданнем усынавіць (удачарыць) дзіця прыходзяць адзінокія жанчыны, якія не знаходзяцца ў шлюбе?
— У кожнай сям’і рашэнне ўсынавіць (удачарыць) дзiця прыходзіць па-рознаму. У асноўным на такі крок ідуць сямейныя пары ва ўзросце 35—45 гадоў, якія па розных прычынах не маюць сваіх дзяцей. Але ёсць і сем’і, якія маюць аднаго-двух біялагічных ці ўсыноўленых дзяцей, валодаюць рэсурсамі для прыняцця ў сям’ю дзіцяці-сіраты або дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў. Гэта тыя сем’і, якія не захоўваюць таямніцу ўсынаўлення (удачарэння) ні ад самога дзіцяці, ні ад грамадства.
Што тычыцца адзінокіх грамадзян, якiя не знаходзяцца ў шлюбе, то яны таксама, як і сямейныя пары, маюць права ўсынавіць (удачарыць) дзіця. І такіх людзей таксама нямала. Але часцей за ўсё ўсынаўляюць малых сямейныя пары, а таксама жанчыны, якія не знаходзяцца ў шлюбе. Мужчын сярод усынавіцеляў не многа, гэта адзінкавыя выпадкі.
Кожны ўзроставы перыяд, у якім знаходзіцца тое дзіця, якое хочуць усынавіць, нясе свае плюсы і мінусы. Многія хочуць стаць бацькамі для малыша ва ўзросце да года, і зразумела чаму. Такім кандыдатам здаецца, што ва ўсынаўленні маленькага дзіцяці ёсць толькі плюсы, аднак гэта не зусім так. Перавага ўсынаўлення (удачарэння) маленькага дзіцяці, якому яшчэ не споўнілася 1—2 гадоў, у тым, што мама можа пабыць у дэкрэтным водпуску, адчуць усе яго незабыўныя моманты — пялёнкі, падгузнікі, штодзённыя прагулкі з каляскай. У гэты перыяд паміж дзіцем і бацькамі фарміруецца моцная эмацыянальная сувязь. Але трывогі будучых бацькоў наконт усынаўлення (удачарэння) дзiцяцi ў малым узросце таксама абгрунтаваныя. Ужо праз год дзіця можа моцна змяніцца, і не толькі знешне. Пасля могуць выявіцца захворванні, да якіх усынавіцелі не будуць гатовымі, у малыша праявіцца характар.
У выпадку ўсынаўлення (удачарэння) дзiцяцi больш старэйшага ўзросту ўжо можна ацаніць яго характар: дзіця можа быць ціхім і сарамлівым, будзе аддаваць перавагу спакойным гульням ці, наадварот, малыш будзе расці актыўным, ні хвіліны не пасядзіць на месцы. Дзеці ў гэтым узросце ўжо размаўляюць і спрабуюць падтрымліваць зносіны, яны дапытлівыя і актыўныя, адкрытыя, капіруюць паводзіны старэйшых. І па стане здароўя ў адносінах да старэйшых дзяцей становіцца менш боязі. Разам з тым не трэба забываць, што дзіця за сваё маленькае жыццё паспела адчуць адзіноту, увагі з боку бацькоў было мала. У такіх дзетак могуць праяўляцца наступствы псіхалагічнай траўмы, і гэта можа быць прычынай затрымкі псіхічнага развіцця. А гэта значыць, што адаптацыя пасля ўсынаўлення (удачарэння) можа быць больш складанай з-за атрыманай траўмы і дадатковага ўплыву ўзроставага крызісу.
Аднак перавагі наконт узросту будучых дзяцей у працэсе ўсынаўлення (удачарэння) у кандыдатаў ва ўсынавіцелі (удачарыцелі) мяняюцца. Падчас праходжання псіхолага-педагагічнай падрыхтоўкі яны пагружаюцца ў тэму ўсынаўлення, наладжваюць зносіны з сем’ямі, якія ўжо ўсынавілі (удачарылі) дзяцей, атрымліваюць каштоўныя веды аб псіхалагічных асаблівасцях тых дзяцей, якія падлягаюць усынаўленню (удачарэнню) і інш. У працэсе зносін з’яўляецца разуменне сваіх моцных і слабых бакоў, першапачатковыя перавагі мяняюцца. Падыходзячы да этапу пошуку дзіцяці, многія кандыдаты ва ўсынавіцелі, улічваючы свае рэсурсы, разумеюць, дзіця якога ўзросту яны змогуць прыняць у сям’ю. Дзецям, якіх усынаўляюць, патрэбны эфектыўныя бацькі, якія адкрыты да зносін і ўзаемадзеяння са спецыялістамі, якія шмат чытаюць і гатовы адкрыта гаварыць пра ўсынаўленне з іншымі людзьмі і дзецьмі, не баяцца цяжкасцей і маюць велізарны запас любові, цяпла і цярпення.
— Ці ёсць адміністрацыйныя цяжкасці, якія зацягваюць працэдуру ўсынаўлення для сям’і? Да чаго будучыя бацькі ў гэтым плане аказваюцца не гатовымі?
— Варта адразу сказаць, што цяжкасці ў кожнага свае. І гэта залежыць ад канкрэтнага чалавека, сям’і і іх асабістай гісторыі, з якой яны прыйшлі ва ўсынаўленне (удачарэнне). Можна толькі адзначыць, што часцей за ўсё грамадзяне, якія хочуць усынавіць (удачарыць) дзiця, аказваюцца не гатовыя да самой працэдуры ўсынаўлення (удачарэння). А дакладней, да часавых тэрмінаў ад пачатку працэдуры і да таго моманту, калі яны па рашэнні суда афіцыйна стануць бацькамі. Будучым усынавіцелям (удачарыцелям) хочацца, каб гэты працэс прайшоў ужо сёння. Аднак на практыцы так атрымліваецца не заўсёды.
— Ці часта здараюцца выпадкі, калі падчас псіхолага-педагагічнай падрыхтоўкі спецыялісты вызначаюць, што будучыя бацькі не гатовы да з’яўлення малыша ў сям’і? Якія меры прымаюцца ў такой сітуацыі?
— Упраўленне па адукацыі па месцы жыхарства кандыдатаў ва ўсынавіцелі ці ўпаўнаважаныя ім арганізацыі на працягу аднаго месяца з дня звароту кандыдатаў ва ўсынавіцелі праводзяць абследаванне ўмоў жыцця будучых бацькоў. Яны вывучаюць асобасныя характарыстыкі кандыдатаў ва ўсынавіцелі, лад жыцця і традыцыі, міжасобасныя ўзаемаадносіны ў сям’і, ацэньваюць гатоўнасць усіх членаў сям’і задаволіць жыццёвыя патрэбы дзяцей. А таксама праводзяць або арганізуюць псіхалагічную дыягностыку і падрыхтоўку кандыдатаў ва ўсынавіцелі.
Пры адмоўным заключэнні органаў апекі і папячыцельства дарослым, якія хочуць усынавіць (удачарыць) дзiця, не варта адчайвацца. Магчыма, у іх ёсць нейкая не перажытая траўма ці іншыя нюансы, а значыць, неабходна наведаць псіхолага, псіхатэрапеўта. Неабходна прыкласці пэўныя намаганні, каб дасягнуць гатоўнасці выхоўваць дзіця з няпростай жыццёвай гісторыяй.
— Вольга Мікалаеўна, як у прыёмных сем’ях адбываецца сацыялізацыя дзіцяці? Па дапамогу ў вырашэнні якіх пытанняў бацькі звяртаюцца да спецыялістаў?
— Прыёмныя бацькі павінны быць сацыяльна гатовымі і мець кампетэнцыю ў выкананні новых для іх функцый. Пад сацыяльнай кампетэнцыяй прыёмных бацькоў маецца на ўвазе ўзровень сацыяльнай гатоўнасці дарослага, які дазваляе яму быць канструктыўным падчас арганізацыі дапамогі ў станаўленні асобы дзіцяці. Дзеці, якiя перадаюцца ў замяшчальныя сем’і, складаныя, яны ў асноўным з няшчасных сем’яў: у іх ёсць праблемы з фізічным і псіхалагічным здароўем, яны бачылі п’яныя застоллі бацькоў, бойкі, распушчанасць дарослых. У такіх дзяцей адсутнічае бытавы вопыт, навыкі самаабслугоўвання і нармальных зносін. Затое, як правіла, прысутнічае агрэсіўнасць, нізкі ўзровень самаацэнкі, фобіі і страхі, схільнасць да шкодных звычак і асацыяльных учынкаў. Падчас прыняцця рашэння кандыдаты на ролю замяшчальных бацькоў павінны цвяроза ацэньваць, ці змогуць прыняць малыша такім, які ён ёсць, з яго добрымі якасцямі, недахопамі, няпростым мінулым.
Рызыкі сацыялізацыі прыёмнага дзіцяці ў замяшчальнай сям’і абумоўлены наяўнасцю спецыфічных цяжкасцей рознага характару: эмацыянальных, псіхалагічных, педагагічных. Эмацыянальныя цяжкасці дзiцяцi праяўляюцца ў тым, што з’яўленне новай сям’і суправаджаецца перажываннем радасці і трывогі адначасова. Псіхалагічныя цяжкасці звязаны з несумяшчальнасцю тэмпераментаў, рыс характару, звычак. Акрамя гэтага, свой адбітак накладваюць праблемы з памяццю, неразвітым уяўленнем, вузкім кругаглядам і небагатымі ведамі пра навакольны свет, а таксама адставанне дзіцяці ў інтэлектуальнай сферы.
Прыёмныя бацькі павінны быць сацыяльна гатовымі, бо сацыялізацыя дзіцяці шмат у чым залежыць ад яго дарослага акружэння. Вельмі важныя самыя першыя дні, праведзеныя ў сям’і. Трапіць з аднаго акружэння, няхай самага дрэннага, але звыклага, у іншае, магчыма, лепшае, але пакуль незразумелае для дзіцяці, страшна. Сітуацыю неабходна зрабіць прадказальнай. Бацькі павінны ўсведамляць, што хуткіх вынікаў не будзе. Многія будучыя замяшчальныя бацькі, маючы вопыт выхавання ўласных дзяцей, спрабуюць яго перанесці на прыёмных, а гэта няправільна. Адаптацыя звычайна праходзіць на працягу 1—2 гадоў.
Па-асабліваму будуюцца адносіны прыёмных дзяцей і з аднакласнікамі. Часам дзецям, якія перададзены ў прыёмную сям’ю, хочацца купіць павагу аднакласнікаў. Як вынік, дзіця без дазволу бярэ грошы ў замяшчальных бацькоў і купляе, напрыклад, жвачкі і булачкі для новых сяброў.
З асцярогай і нават непрыязнасцю могуць ставіцца да прыёмных дзяцей (асабліва, калі яны сярэдняга школьнага ці падлеткавага ўзросту) суседзі, педагогі. Часта ад іх можна пачуць выказванні накшталт “яблык ад яблыні недалёка коціцца” або “ад свінкі не народзяцца апельсінкі”, прадракаючы тым самым дзіцяці негатыўныя паводзіны і паўтарэнне лёсу родных бацькоў.
На шчасце, нямала ў нашай краіне і такіх людзей, якія не толькі талерантна ставяцца да дзяцей-сірот, але і з сімпатыяй і спачуваннем. Аднак і тут могуць быць перагібы. Заўважаючы, што прыёмныя бацькі прад’яўляюць да прыёмнага дзіцяці пэўныя патрабаванні ці даюць яму працоўныя даручэнні, чуллівыя грамадзяне пачынаюць каменціраваць такія факты фразамі накшталт “ім жа за гэта грошы плацяць, вось яны і набіраюць дзяцей, каб на іх працавалі”. Менавіта гэта ўскосна настройвае дзяцей супраць замяшчальных бацькоў.
Прыёмныя бацькі адзначаюць цяжкасці пры фарміраванні асноўных сацыяльных навыкаў у дзіцяці, бо ў сям’і ў яго ёсць не толькі правы, але і абавязкі. Многія дзеці не валодаюць элементарнымі навыкамі самаабслугоўвання: не могуць заварыць гарбату, пасмажыць яечню або зварыць макарону, прышыць гузік. Гэтыя дзеці не ведаюць, як і што высаджваць на прысядзібных участках, як даглядаць жывёл. А пасля дасягнення паўналецця многія з іх вернуцца ў сельскую мясцовасць, дзе за імі замацавана жыллё, і ім давядзецца весці той лад жыцця, які характэрны для сельскага жыхара.
У цяперашні час ва ўсіх гарадах і раёнах нашай краіны створаны сацыяльна-педагагічныя цэнтры, на базе якіх для замяшчальных бацькоў спецыялістамі праводзяцца семінары, круглыя сталы, трэнінгавыя заняткі, кансультацыі, а таксама арганізоўваюцца клубы. Такія формы суправаджэння прыёмных сем’яў дазваляюць папоўніць недахоп псіхолага-педагагічных ведаў, дапамагаюць знайсці адказы на пытанні, якія цікавяць дарослых. Могуць спатрэбіцца гады карпатлівай і цяжкай працы з боку замяшчальных бацькоў, каб у дзіцяці адбыліся пазітыўныя змены.
Большасць дзяцей, якія перажылі ў той ці іншай меры псіхалагічную траўму, прывыклі да няўдач, страцілі давер да навакольных, неадэкватна рэагуюць на выхаваўчую сітуацыю. Акцэнт выхаваўчай дзейнасці ў прыёмных сем’ях перш за ўсё зроблены на падрыхтоўку дзяцей да самастойнага жыцця: развіццё ў іх самапазнання, пазітыўнага стаўлення да самога сябе, фарміравання эмацыянальна-валявой сферы асобы, маральна-прававой культуры і адказнасці, на стварэнне ўмоў для набыцця сацыяльнага вопыту, разуменне дзецьмі сацыяльных каштоўнасцей і жыццёвых сэнсаў.
— Ці шмат сярод замяшчальных бацькоў педагогаў?
— На пачатак 2020 года ў нашай краіне налічвалася 6874 апякунскія, 2209 прыёмных сем’яў і 281 дзіцячы дом сямейнага тыпу. Чалавек, які хоча мець шмат дзяцей, не заўсёды педагог, але імкнецца рэалізаваць сябе як бацька, даць дастойнае выхаванне і сэнсажыццёвыя арыенціры дзецям, якія сталеюць, растуць. Увогуле, выхаванне ў кантэксце жыцця з’яўляецца найбольш эфектыўным. Важна не дэклараваць дзеянні, а жыць у тым рэжыме, пра які мы гаворым. Неабходна памятаць, што асноўная мэта выхавання — стварыць сістэму асноватворных, маральных, жыццёвых каардынат для дзіцяці.
— 7 гадоў назад пачаў працаваць праект Dadomu.by. Столькі ж часу выходзіць газета “Домой!” Чым гэтыя два праекты дапамагаюць замяшчальным і прыёмным бацькам? Колькі дзяцей знайшлі сям’ю дзякуючы ім?
— За перыяд работы рэспубліканскага інфармацыйнага партала www.dadomu.by і газеты “Домой!” у сям’ю перададзена больш за 2816 дзяцей, звесткі пра якіх размяшчаліся на партале. У сем’і ўсынавіцеляў перададзена 1118 дзетак, у апякунскія і прыёмныя сем’і — 960, у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу — 314 дзяцей, а таксама былі вернуты бацькам 424 непаўналетнія.
Варта адзначыць, што актыўнасць наведванняў партала рэзка ўзрастае ў будныя дні, асабліва пасля размяшчэння ў рубрыцы “Навіны сямейнага ўладкавання” звестак аб канкрэтным дзіцяці, якое мае патрэбу ў сям’і. Дзякуючы парталу, дзясяткі дзяцей-інвалідаў і дзяцей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, знайшлі сям’ю, таму што звесткі пра іх сталі даступныя ўсім зацікаўленым у сямейным уладкаванні грамадзянам краіны. Колькасць асоб, якія зарэгістраваны на партале і праглядаюць інфармацыю пра дзяцей, на цяперашні момант складае больш за 25,1 тысячы чалавек. Цікавасць да партала няўхільна расце, штодня рэгіструюцца новыя карыстальнікі. За час работы Dadomu. by больш чым 199,7 тысячы чалавек мелі магчымасць атрымаць рознабаковую інфармацыю па тых пытаннях сямейнага жыццеўладкавання дзяцей, якія іх цікавяць. З пачатку бягучага года партал наведалі 18 679 чалавек. Сёння на партале Dadomu.by размешчаны звесткі аб 3,5 тысячы дзяцей, якія маюць патрэбу ў сям’і.
Штомесячная газета “Домой!”, заснавальнікам якой з’яўляецца Нацыянальны цэнтр усынаўлення, забяспечвае прафесійнае аб’яднанне спецыялістаў і замяшчальных бацькоў у пытаннях выхавання дзяцей-сірот і ўзаемадзеянне з намінантамі адукацыйнага асяроддзя. У 2018 годзе быў зменены фармат выдання. Тэматыка газеты за 2019 год разнастайная: “Калядная”, “Дзень абароны дзяцей”, “Дзень ведаў”, “Сусветны дзень дзіцяці”, “Навагодняя”. Акрамя гэтага, у 2019 годзе вопыт рэгіёнаў па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей падчас уладкавання іх у сем’і прадстаўлены ў асобных нумарах газеты.
Акрамя дзвюх згаданых інфармацыйна-адукацыйных пляцовак, на пастаяннай аснове працуе сайт Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення www.nacedu. by, які быў абноўлены ў мінулым годзе. На ім размешчаны нарматыўныя прававыя акты па пытаннях сямейнага ўладкавання дзяцей, метадычныя матэрыялы, алгарытмы дзеянняў па пытаннях абароны дзяцей за межамі краіны, дзяцей-іншаземцаў, што засталіся ў краіне без законных прадстаўнікоў; прыкладная праграма падрыхтоўкі кандыдатаў ва ўсынавіцелі і праграма падрыхтоўкі кандыдатаў у замяшчальныя бацькі; графік правядзення групавых заняткаў па падрыхтоўцы кандыдатаў ва ўсынавіцелі і інш.
— Па ініцыятыве ўсынавіцеляў Нацыянальны цэнтр усынаўлення стварыў інтэрактыўны клуб. У чым яго адметнасць? На якую дапамогу бацькам накіраваны яго рэсурсы?
— Інтэрактыўны клуб — гэта закрытая група ў сацыяльнай сетцы. Аказваецца, што на сённяшні дзень гэта самы прымальны, а для некаторых нават адзіны варыянт для падтрымання зносін са спецыялістамі. Клуб мае шмат пераваг: не прывязвае сям’ю да пэўнага месца і часу, дазваляе прыцягнуць больш удзельнікаў (ахоплівае розныя раёны вобласці), дае магчымасць удзельнікам атрымаць кансультацыі ад спецыялістаў як у рамках агульнага абмеркавання, так і ў форме індывідуальных кансультацый. На студзень бягучага года інтэрактыўны клуб налічваў ужо 278 удзельнікаў.
Два гады назад у сацыяльных сетках Facebook і Іnstаgrаm пачалі працаваць старонкі Цэнтра ўсынаўлення. Там на працягу 2018 і 2019 гадоў рэгулярна размяшчаліся матэрыялы і спасылкі на вэбінары для замяшчальных бацькоў.
Калі закранаць нашу праектную дзейнасць, то ў пачатку 2019 года пачала працаваць “Сямейная акадэмія” — сумесны праект Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення і дзіцячай вёскі “Вытокі”. Мэтавая аўдыторыя праекта — бацькі-выхавальнікі. Відавочна, для іх актуальныя не толькі веды ў галіне вырашэння складаных выпадкаў і сітуацый, але і магчымасці аднаўлення асобаснага рэсурсу як прафілактыкі эмацыянальнага і прафесійнага выгарання. У будучыні да работы ў праекце плануем далучыць усынавіцеляў, тым больш што пытанні аб развіцці гэтага напрамку нам паступалі.
Актыўную цікавасць у дарослых выклікаюць пасяджэнні клуба ўсынавіцеляў “Мы — шчаслівая сям’я”, які з’яўляецца сур’ёзным рэсурсным мерапрыемствам у рамках актуальнай неабходнасці падтрымкі нашых татаў і мам пасля ўсынаўлення (удачарэння) дзіцяці. З цяжкасцямі выхаваўчага характару сутыкаюцца ўсе бацькі, але дзеці, якія перажылі траўміруючую сітуацыю, нарматыўныя крызісы перажываюць складаней і цяжэй. Таму ў любы перыяд сталення дзіцяці сям’і можа спатрэбіцца дапамога і падтрымка спецыялістаў, якія працуюць у сферы ўсынаўлення, з улікам жыццёвай гісторыі кожнага дзіцяці. А заняткі з падлеткамі па праграме “Сакрэт поспеху”, якія праводзяць педагогі-псіхолагі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення, з’яўляюцца важным інструментам дапамогі дзецям у складаны перыяд на шляху ў юнацтва.
— Вольга Мікалаеўна, восенню мінулага года ў НЦУ пачаў працаваць яшчэ ад зін унікальны праект — “Сямейная гармонія”. Адказы на якія пытанні ў ім могуць знайсці будучыя бацькі-ўсынавіцелі, а таксама сем’і, якія ўжо выхоўваюць прыёмнае дзіця?
— “Сямейная гармонія” — гэта праект, які накіраваны на комплекснае суправаджэнне сям’і пасля ўсынаўлення (удачарэння) дзiцяцi, аказанне дапамогі ў стварэнні гарманічных узаемаадносін паміж дзіцем і бацькамі. Унікальнасць гэтага праекта заключаецца ў тым, што педагогі-псіхолагі Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення ва ўзгоднены з усынавіцелямі (удачарыцелямі) час працуюць з сям’ёй дома, на тэрыторыі, дзе дзіця адчувае сябе звыкла, спакойна, і дзе сям’я не адчувае дадатковых стрэсаў. Гэта вельмі важны і неабходны праект, які накіраваны на гарманізацыю адносін у сям’і. Акрамя гэтага, у нас з’явіўся асобны праект для мужчын — “Школа для татаў”. Мужчынам важна ведаць і разумець, як ста ць добрым бацькам. Наш праект дапамагае кожнаму тату адказаць на гэтае пытанне.
У 2020 годзе пачалася рэалізацыя новага праекта па аказанні дапамогі і падтрымкі жанчынам, якія не змаглі стаць мамамі. Гэта таксама важны кірунак, і ён павінен існаваць і развівацца.
Варта звярнуць увагу і на тое, што Нацыянальны цэнтр усынаўлення ўдзяляе вялікую ўвагу псіхалагічнай адукацыі бацькоў, таму што гэта вельмі важны аспект. Так, у кастрычніку мінулага года ў нас з’явілася брашура “Фарміраванне псіхалагічнай траўмы ў дзіцяці. Стратэгіі паводзін бацькоў у працэсе выхавання траўміраванага дзіцяці”. У дадатак да гэтага рыхтуецца да выпуску шэраг брашур і буклетаў не толькі для спецыялістаў і ўсынавіцеляў, але і для тых, хто хоча імі стаць.
Сучасныя інтэрнэт-тэхналогіі даюць выдатную магчымасць удасканалення дэмаграфічнай палітыкі, прасоўвання сямейных каштоўнасцей і рэалізацыі права дзіцяці на жыццё і выхаванне ў сям’і. Нацыянальны цэнтр усынаўлення сумесна з партнёрамі рэалізоўвае праект па стварэнні сацыяльнай рэкламы для апекуноў, папячыцеляў, усынавiцеляў, бацькоў-выхавальнікаў, прыёмных бацькоў і патранатных выхавальнікаў. У рамках праекта на рэсурсах Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення размяшчаюцца інтэрнэт-банеры. Спецыялісты сацыяльна-педагагічных цэнтраў i iншых устаноў адукацыi могуць выкарыстоўваць іх у сваёй прафесійнай дзейнасці.
Спецыялістамі цэнтра праводзіцца штодзённая сістэматычная работа па прадстаўленні і прыцягненні ўвагі людзей да дзейнасці Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення, па ўладкаванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у сацыяльных сетках Facebook, “УКантакце” і Instagram. Актыўнасць “Групы падтрымкі сем’яў” у месенджары Viber расце, і нас радуе гэты факт. Але больш за ўсё радуе, безумоўна, тое, што кожны дзень мы спрабуем і знаходзім новыя шляхі і спосабы, якія дапамагаюць зрабіць дзяцей шчаслівымі. Мы за тое, каб кожнае дзіця выхоўвалася ў сям’і, якая будзе яго шанаваць і любіць такім, якое яно ёсць.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.