Пляцоўка для бізнес-пачаткоўцаў

У Беларусі дзейнічае больш за 20 бізнес-інкубатараў, адзін з іх — камунальнай формы ўласнасці. Гэта КУП “Маладзёжная сацыяльная служба”, што ў Партызанскім раёне сталіцы. Дзяржаўнае прадпрыемства працуе з 1992 года і за доўгі час вывела ў свет не адну сотню малых прадпрыемстваў, дапамагло многім бізнесменам-пачаткоўцам. Тут падтрымліваюць і школьнікаў, і студэнтаў, і сталых людзей, якія толькі пачынаюць сваю справу, прычым прапаноўваюць як практычную дапамогу ў арганізацыі і вядзенні бізнесу, так і адукацыйныя паслугі, часта — на бязвыплатнай аснове.

На вучэбным семінары.

Ільготы для работы

— Наша прадпрыемства працуе не толькі на свой раён, але і на ўвесь горад, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара КУП “Маладзёжная сацыяльная служба” Марына Станіславаўна Колас. — Статус бізнес-інкубатара прадпрыемства атрымала ў 2009 годзе, зараз, як і ў той час, прадастаўляем прэферэнцыі стартапам, напрыклад, па невысокіх у параўнанні з сярэднегарадскімі расцэнкамі тарыфах прадастаўляем прадпрымальнікам офісы. Прычым нашы офісы адразу ўкамплектаваны мэбляй, што, канечне, маладым бізнесменам вельмі дарэчы, бо ў іх кожная капейка падлічана, кожная ідзе на развіццё справы. Такім чынам, у першы год работы арэндная стаўка для маладых прадпрымальнікаў зніжана (а офісы, заўважце, знахо­дзяцца ў цэнтры горада).

Перш за ўсё адміністрацыя ўнітарнага прадпрыемства размяшчае бізнесы, якія супрацоўнічаюць з іншымі рэзідэнтамі КУП. А бізнесаў у інкубатары сёння аж 172. Згодна з заканадаўствам нашай краіны, кожны з іх можа знаходзіцца ў бізнес-інкубатары не больш за 5 гадоў, а прадпрыемству, якое апякае інкубатар, павінна быць не больш за 3 гады. Так што адны прыходзяць, іншыя сыходзяць — жыццё віруе.

Пры гэтым у Маладзёжную сацыяльную службу можна прыйсці проста з ідэяй сваёй справы і спачатку павучыцца таму, як весці бізнес.Тут працуюць 2 цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва. Адзін з іх — цэнтр “Бізнес-развіццё” — дапамагае пачаткоўцам атрымаць і развіць навыкі прадпрымальніцкай і кіраўніцкай дзейнасці, павысіць сваю юрыдычную і фінансавую дасведчанасць. Інтэнсіўныя вучэбныя курсы разлічаны на маладых прадпрымальнікаў і людзей ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў на бязвыплатнай аснове.

І гэта яшчэ не ўся падтрымка, якую можна атрымаць у маладзёжным бізнес-інкубатары. КУП прадастаўляе паслугі юрыста і бухгалтара, якія кансультуюць жадаючых адкрыць сваю справу. Канечне, суправаджаць бізнес ад пачатку і на працягу ўсяго яго існавання інкубатар не можа, але пачатковая падтрымка асабліва важная. Пазней прадпрымальнікі могуць звярнуцца да юрыстаў і бухгалтараў, якія, як і яны самі, з’яўляюцца рэзідэнтамі бізнес-інкубатара.

— Гэта і ёсць адна з нашых задач — акумуліраваць у інкубатары прадпрыемствы рознага профілю, звесці іх, дапамагчы наладзіць дзелавыя адносіны, — тлумачыць мая суразмоўніца. — Людзі знаёмяцца, іх кампаніі аказваюць адна адной паслугі па лаяльных цэнах.

У інкубатары ўсім прадпрымальнікам, дарэчы, прапаноўваюць прайсці камісію, у склад якой уваходзяць як прадстаўнікі КУП, так і супрацоўнікі яго заснавальніка — адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска. Мэта — не адфільтраваць кагосьці, а дакладна даведацца, што патрэбна прадпрымальнікам і для чаго яны прыйшлі ў інкубатар. Так, выбіраючы з дзвюх кампаній аднаго профілю, камісія аддасць перавагу той, дзе плануецца ці ўжо створана больш рабочых месцаў. КУП як дзяржаўная арганізацыя ў гэтым вельмі зацікаўлена. Таксама камісія, аналізуючы атрыманую інфармацыю, вырашае, да каго параіць звярнуцца прадпрымальніку або фірме, дае неабходныя кантакты.

І, канечне, бізнес-інкубатар стараецца не размяшчаць на сваёй тэрыторыі прамых канкурэнтаў. Кафэ тут зараз адно, барбер-шоп — адзін, ёсць тату-салон, кандытарская, майстэрня па пашыве вясельных сукенак, школа архітэктурнага мыслення для дзяцей, ІТ-кампаніі рознага профілю і шмат чаго яшчэ, але толькі ў адзіночным ліку. Канкурэнцыя для развіцця бізнесу — справа, зразумела, добрая і нават неабходная, але не на адной пляцоўцы, якая дае часовыя льготы прадпрымальнікам. Таму бізнес расце ў крыху цяплічных умовах, сталее і выходзіць у вялікі канкурэнтны свет, маючы за плячыма і веды, і пэўны вопыт.

Cлухачы бізнес-школы.

Інфармацыя і адукацыя

Ужо другі год запар у супрацоўніцтве з адміністрацыяй Партызанскага раёна КУП “Маладзёжная сацыяльная служба” рэалізоўвае практыка-арыентаваную праграму па стварэнні ўмоў для малога бізнесу. Пры падтрымцы розных дзяржаўных арганізацый (падатковай інспекцыі, Фонду сацыяльнай абароны і іншых) інкубатар арганізоўвае бясплатныя семінары для прадпрымальнікаў. І не толькі для таго, каб яны атрымалі неабходныя веды, а ў тым ліку для наладжвання кантактаў з уладай, дыялогу з той жа падатковай інспекцыяй, напрыклад.

Адзін з апошніх такіх семінараў у бізнес-інкубатары праводзілі прадстаўнікі Мініс­тэрства юстыцыі. Пытанняў у прадпрымальнікаў — як дзеючых, так і будучых — было шмат: арганізацыя бізнесу, яго рэгістрацыя, ліквідацыя ў рэшце рэшт. А на семінары па падатковым заканадаўстве спецыяліст расказваў пра змяненні падатковага адміністравання ў 2019 го­дзе, новыя правілы ў парадку падліку падатку на дабаўлены кошт, падатку на прыбытак, зямельнага падатку і г.д.

Бізнес-інкубатар — гэта арганізацыя, якая займаецца падтрымкай праектаў маладых прадпрымальнікаў на ўсіх этапах развіцця — ад распрацоўкі ідэі да яе камерцыялізацыі. Правобразы бізнес-інкубатараў узніклі ў Вялікабрытаніі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Першы бізнес-інкубатар у сучасным разуменні гэтага слова быў заснаваны ў 1959 годзе. Джозэф Манкуса купіў склад пры фабрыцы ў горадзе Батавія і заснаваў першы інкубатар у Амерыцы — Batavia Industrial Center. Яго мэтай было стварэнне новых рабочых месцаў у горадзе з эканамічнай дэпрэсіяй.

Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства праз цэнтр “Бізнес-развіццё” супрацоў­нічае з Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам і з БНТУ. Так, на заняткі бізнес-школы, прысвечаныя маркетынгавым даследаванням, прыходзілі старшакурснікі з розных устаноў вышэйшай адукацыі, навучэнцы каледжаў, некаторыя з якіх ужо працуюць па выбранай спецыяльнасці і мараць пачаць сваю справу.

Бываюць тут і самыя маладыя госці, пакуль яшчэ будучыя прадпрымальнікі — школьнікі. Так, у лютым на базе Маладзёжнай сацыяльнай службы прайшло мерапрыемства ў рамках змены “Бізнес-клуб, або Як стаць прадпрымальным”, якую арганізаваў Нацыя­нальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” для вучняў 8 і 10 класаў ­устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія прадстаўлялі дзеючыя школьныя бізнес-кампаніі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Падлеткі спачатку атрымалі інфармацыю пра тое, як працуе бізнес-інкубатар і што сабой уяўляе бізнес-школа, а потым для іх была арганізавана экскурсія. Школьнікі ўбачылі, як працуюць некаторыя кампаніі на плошчах інкубатара, змаглі пагутарыць з іх уладальнікамі і су­працоўнікамі, распыталі, з чаго прадпрымальнікі пачыналі сваю работу. Многія падлеткі, дарэчы, гаварылі, што і самі ў далейшым збіраюцца стаць прадпрымальнікамі, магчыма, хтосьці звернецца па дапамогу ў Маладзёжную сацыяльную службу ці іншы бізнес-інкубатар.

Cтаршакласнікі з профільнай змены НДЦ “Зубраня” ў гасцях у бізнес-інкубатары.

Не менш актыўна КУП су­працоўнічае і з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, у прыватнасці, удзельнічае ў арганізацыі Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Так, сёлета Мінская гарадская арганізацыя БРСМ праводзіла на базе службы этап гэтага конкурсу інавацыйных ідэй, выставу-прэзентацыю маладзёжных ініцыятыў. Усяго было прадстаўлена больш за 40 праектаў, а пазней для яе ўдзельнікаў у інкубатары была арганізавана бізнес-школа.

Але самы маштабны праект, які інкубатар рэалізоўвае ў супрацоўніцтве з сістэмай адукацыі, — гэта праект, што ажыццяўляецца ў рамках дагавора з упраўленнем па адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска, — праект па працаўладкаванні і прафесійнай падрыхтоўцы дзесяцікласнікаў. Рэалізацыя праграмы пачалася ў 2018 годзе: бізнес-інкубатар правёў субяседаванне са старшакласнікамі, каб высветліць, дзе б яны хацелі працаваць падчас летніх канікул, і працаўладкаваў 12 чалавек. Падлеткі працавалі і ў самім бізнес-інкубатары, напрыклад, замяняючы на час адпачынку справавода. Хтосьці стаў часовым супрацоўнікам аднаго з прадпрыемстваў, што размешчаны на тутэйшых плошчах, хтосьці набываў практычны вопыт у рэкламе або тэлефанаваў кліентам фірмы, дапамагаў арганізоў­ваць семінары і іншыя мерапрыемствы.

Сёлета фармат гэтага пілотнага праекта зменены. Прааналізаваўшы першы вопыт, спецыялісты бізнес-інкубатара вырашылі, што перад практычнай работай школьні­кам неабходна прайсці навучальны курс. І ў бягучым навучальным годзе тут штомесяц праводзяць тэматычныя семінары для 15—20 дзесяцікласнікаў з сярэдніх школ Партызанскага раёна Мінска: па кадравай палітыцы на прадпрыемстве, па фінансавай дасведчанасці, іншых пытаннях, таксама падлеткі ўдзельнічаюць у бізнес-гульнях.

Мэта курсаў — не толькі даць вучням пэўныя карысныя веды, але і дапамагчы вызначыцца з тым, дзе б яны хацелі працаваць летам, бо інкубатар імкнецца не проста арганізаваць занятасць старшакласнікаў, але і даць ім цікавую для кожнага работу. У маі для слухачоў будзе арганізаваны выніковы тэматычны семінар, на якім будуць вызначаны месцы працаўладкавання. Усім 20 старшакласнікам, праўда, КУП дапамагчы не зможа, але прыкладна 10 найбольш матываваных чалавек атрымаюць карысную і цікавую работу, прычым ужо з 1 чэрвеня.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва і сайта КУП “Маладзёжная сацыяльная служба”.