Паверыць у сябе і ведаць, што ты — супер

Год назад, напрыканцы мая, у Маскве прайшоў суперсезон музычнага праекта “Ты супер!”. Шоу талентаў, якое арганізоўвае адзін з расійскіх тэлеканалаў, дае музычна адораным дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, унікальны шанс заявіць пра сябе. Менавіта на гэтым шоу ўпершыню прагучала імя мінчанкі Дашы Чарновай. Дзяўчына стала адной з фіналістак праекта і ў якасці прыза атрымала кватэру ў Маскве. Магчыма, многія пазайздросцяць такому падарунку. Затое лёсу Дашы не пазайздросціш: дзяўчына расла без бацькоў, у замяшчальнай сям’і, і не на словах ведае, што такое адзінота і як цяжка застацца пакінутай.

Пра удзел у конкурсе, жыццёвыя прыярытэты, творчасць і ўдачу, а таксама пра тое, наколькі дзецям, якія выхоўваюцца ў замяшчальнай сям’і, неабходны падтрымка і вера ў іх сілы і талент, мы пагаварылі з Дашай Чарновай напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей.

Даша. Эканоміка. Джаз

З Дашай мы размаўлялі дыстанцыйна, з дапамогай месенджараў і сацыяльных сетак. Сёння дзяўчына — студэнтка кафедры эстрадна-джазавага вакалу Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. З-за шчыльнага вучэбнага графіка, а таксама па аб’ектыўных эпідэміялагічных прычынах у Мінск Даша прыязджае рэдка.

Яшчэ год назад яна, студэнтка 2 курса БДЭУ, атрымлівала спецыяльнасць на факультэце “Фінансы і банкаўская справа”. А восенню забрала дакументы і паступіла ў МДУКіМ.

“Пераезд атрымаўся вельмі спантанным. Я не рыхтавалася ні да паступлення, ні да жыцця ў іншай краіне. Якой бы блізкай яна для нас ні была, гэта ўсё роўна іншыя людзі, іншы лад жыцця. Вядома, такое рашэнне ў першую чаргу было абумоўлена ўдзелам у суперсезоне “Ты супер!”. Шмат чаго пасля ўдзелу ў ім стала мяняцца, як мінімум, для мяне ўсё адназначна вырашылася: мая будучыня — гэта музыка! Я паступіла на кафедру эстрадна-джазавага вакалу, але толькі ў тэорыі разумеючы, што такое джаз. Цяпер мяне вучаць яго практычна разумець і выконваць. Увогуле, цяжка вучыцца, улічваючы, што музычнай адукацыі ў мяне няма. Каб паступіць, я на працягу месяца цэлымі днямі займалася з рэпетытарам у Маскве. Словамі не перадаць, як цяжка гэта мне далося. Але, напэўна, гэта сапраўды мой лёс, таму ўсё і атрымалася. Цяпер я студэнтка, вучуся на эстрадна-джазавай кафедры, загадчыкам якой з’яўляецца Ларыса Аляксандраўна Доліна. Менавіта да яе на курс я паступіла, а значыць, на працягу ўсёй вучобы яна будзе маім педагогам”, — падзялілася эмоцыямі Даша.

Выйсці з зоны камфорту

За вясёлым, лёгкім і, як на першы по­гляд можа падацца, бесклапотным характарам Дашы хаваецца вельмі моцная і мэтанакіраваная асоба са сваімі амбіцыямі і мэтамі. Гэтай дзяўчыне нішто ў жыцці проста так не давалася.

Даша нарадзілася ў Смаргоні. Са сваім татам яна ніколі не бачылася: ён памёр да яе нараджэння, а мама пакутавала ад залежнасці і была пазбаўлена бацькоўскіх правоў, таму маленькую Дашу выхоўвала бабуля Марыя Георгіеўна. Калі Дашы споўнілася 9 гадоў, бабуля, яе самы блізкі чалавек, памерла. Дзяўчынку да сябе на выхаванне забрала яе цётка Юля ў Мінск.

“Я вельмі ўдзячная цёці за тое, што яна ўзяла мяне на выхаванне, — гаворыць Даша. — Ужо сёння разумею, што вельмі важна, калі ў дзіцяці сярод родных ёсць той, хто можа забраць да сябе, не дапусціць таго, каб яно трапіла ў дзіцячы дом. У той момант, калі памерла бабуля і вырашаўся мой лёс, цёця выхоўвала сваіх траіх дзяцей. Але яна не пабаялася цяжкасцей і забрала мяне. Дарэчы, потым у цёці нарадзіўся яшчэ адзін малыш. Сёння ў маёй сям’і 5 дзяцей, сярод якіх я самая старэйшая.

Дзяўчына не хавае, што, калі трапіла ў сям’ю Юліі і Яўгена Наталевіч, у яе быў перыяд адаптацыі, прывыкання, але ён прайшоў вельмі хутка. Безумоўна, звязана гэта з тым, што Даша прыйшла ў дом хоць і родных, але разам з тым чужых людзей.

Даша расказвае, што ўсе цёплыя ўспа­міны з дзяцінства звязаны менавіта са сваёй сям’ёй, сённяшняй і сапраўднай. Займацца музыкай дзяўчына стала таксама дзякуючы сваім замяшчальным бацькам.

“Свае дзіцячыя мары, якімі жывуць усе без выключэння дзеці, я ажыццявіла дзякуючы цёці Юлі і дзядзю Жэню, — шчыра расказвае Даша. — Упершыню з’ездзіла на мора, паглядзела на свет і музыкай стала займацца менавіта тады, калі цёця адвяла мяне ў музычную школу. Прычым музыкай я ішла займацца мэтанакіравана, таму што ведала, што хачу расці ў гэтым кірунку, развіваць навыкі, якімі авалодала яшчэ ў дзяцінстве. Усё, чаго я дабілася, што ў мяне ёсць сёння, — гэта заслуга цёці. І я кожны дзень удзячна лёсу, што яна і яе сям’я ёсць у маім жыцці, што яны з’явіліся тады, калі мне патрэбна была падтрымка і дапамога”.

У музычную школу маленькая Даша заўсёды ішла з задавальненнем. А музыка ў яе жыцці — гэта не выпадковасць, а заканамернасць: вакальныя здольнасці ў дзяўчынкі былі заўважныя яшчэ ў дзяцінстве. І гэта нядзіўна: абедзве яе бабулі выкладалі ў музычнай школе. Маленькая Даша прыходзіла туды разам з бабуляй Марыяй Георгіеўнай, і пакуль яна вяла ўрок (была выкладчыцай па цымбалах), дзяўчынка сядзела ў настаўніцкай сярод ужо спісаных музычных інструментаў і іграла на фартэпіяна.

Даведка

“Ты супер!” — тэлевізійны праект для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У суперсезоне праекта прыняў удзел 21 новы канкурсант з 5 краін, а таксама 36 хлопчыкаў і дзяўчынак з мінулых сезонаў. У фінал выйшлі 12 лепшых, сярод якіх — беларуска Даша Чарнова.

Пазней, пасля пераезду ў Мінск да цёці, Даша пайшла вучыцца ў школу з музычным ухілам, а ў вольны час хадзіла займацца яшчэ і ў музычную студыю “Эстрадна-тэатральная школа “Талент Груп”.

Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Такі выбар быў зроблены невыпадкова: дзяўчына прынцыпова хацела атрымаць дыплом са звычайнай прафесіяй, якая ў будучыні дазволіць атрымліваць добрую зарплату, жыць асобна.

“Я заўсёды хацела атрымаць звычайную, не творчую адукацыю, і не шкадую аб тым, што некалькі гадоў вучылася ў эканамічным універсітэце, — гаворыць Даша. — Але ў жыцці наступае такі момант, калі трэба рабіць выбар, выходзіць з зоны камфорту. Сёння мой выбар адназначны. Аб ім я не шкадую, як і не шкадую аб тым, што забрала дакументы з БДЭУ. Тым не менш лічу, што веды, атрыманыя за 2 гады вучобы, у будучыні мне не тое што не перашкодзяць, а нават спатрэбяцца”.

Немагчымае магчыма

Жаданне заявіць пра сябе, развівацца і самаўдасканальвацца прывялі Дашу ў першы сезон праекта “Ты супер!”, які адбыўся ў 2017 годзе. Тады дзяўчына дасягнула высокіх вынікаў. Пасля ўдзелу ў першым сезоне і выхаду ў фінал яна прайшла спачатку ў трэці, а потым і ў суперсезон і ў выніку стала адной з фіналістак шоу.

“Абавязковая ўмова трэцяга сезона — удзел усіх фіналістаў папярэдніх сезонаў і ўдзел новых канкурсантаў, — тлумачыць умовы конкурсу Дар’я. — Пасля правя­дзення суперфіналу многія гледачы пакідалі каментарыі накшталт таго, што журы ацэньвала нас няправільна. Але я ведаю дакладна, што журы конкурсу судзіць аб’ектыўна і, ацэньваючы канкурсантаў, падзяляе іх і па ўзроставых катэгорыях, і па наяўнасці вопыту работы на вялікай сцэне. Зразумела, калі ты прыйшоў на праект як удзельнік толькі трэцяга сезона, гэта адно. Але калі прымаў удзел у папярэдніх сезонах, да цябе прад’яўляюцца ўжо зусім іншыя патрабаванні. У журы праекта, калі я выступала, былі Аляксей Вараб’ёў, Ёлка, Дзіяна Сяргееўна Арбеніна, Ігар Якаўлевіч Крутой, Віктар Якаўлевіч Дробыш. Усе яны вельмі цікавыя як асобы і выдатныя артысты. Хтосьці кажа: і што тая Ёлка ў параўнанні з Арбенінай? Такія выказванні наогул не павінны прысутні­чаць. Кожны з гэтых артыстаў індывідуальны. Я рада, што пашчасціла папрацаваць з імі ўсімі. Праўда, спачатку мне вельмі грознай падавалася Дзіяна Арбеніна. Я баялася яе ацэнкі. Але ўсё прайшло выдатна, Арбеніна засталася задаволенай выступленнем, як і Ігар Якаўлевіч Крутой, і ўсе астатнія”.

Суперсезон “Ты супер!” адкрыў гледачам новую Дашу: да ўдзелу ў заключнай частцы праекта дзяўчына ніколі не выконвала песень Ёлкі, Evanescence.

“Рок для мяне быў невядомы, я спявала “Белавежскую пушчу” і іншыя лірычныя кампазіцыі. Але зноў жа, я рызыкнула, паверыла ў сябе — і ўсё атрымалася. У той момант я ў чарговы раз зразумела, што не трэба баяцца выходзіць з зоны камфорту. Для таго каб нечага дасягнуць, трэба ўмець пераступаць у першую чаргу праз свае страхі. Я збіралася паказаць людзям тое, чаго ад мяне ніхто не чакаў, чаго я сама ад сябе не чакала. Суперфінал даў мне многае. Я зразумела, што ўва мне жыве многа характараў, я магу намнога больш, чым калісьці. Можа, гэта будзе не вельмі сціпла, але я бачыла, што ў мяне ўсё класна атрымліваецца, прафесійна і з густам. Прынамсі, калі такія словы чуеш у свой адрас ад журы, значыць, так і ёсць. Цяпер мне трэба працаваць яшчэ больш, таму што сцэна проста так не пакараецца”.

Так, у марах Дашы — пакарыць вялікую сцэну. Дзяўчына бачыць сябе выключна ў музыцы.

“Безумоўна, гэта цяжка, шмат у чым трэба сябе пераламаць, пераступіць праз пэўныя ўстаноўкі. Прафесійна і якасна займацца музыкай — гэта вельмі складана. А прафесія артыста — гэта той кірунак, які патрабуе бясконцай і карпатлівай работы над сабой. Але я не баюся цяжкасцей і гатова іх пераадольваць. За час, які прайшоў з моманту ўдзелу ў шоу, я змянілася. Змяніліся погляды на жыццё, мэты. Увогуле, усім людзям уласціва мяняцца, а калі гэта яшчэ і падмацоўваецца такімі яркімі падзеямі, якія адбыліся ў маім жыцці, усё адбываецца значна хутчэй і больш маштабна. Так, іншым чалавекам я не стала, але многа чаго перагле­дзела ў адносінах да сябе. Дакладна магу сказаць, што я стала больш смелай, і гэтаму вельмі рада. Я сапраўды пераканалася ў тым, што нічога немагчымага няма. Жаданне і праца — сакрэт нашага поспеху! Я веру ў сябе і ведаю, што ў мяне ёсць усе шансы быць пачутай”.

З чыстага ліста

Разважаючы аб сённяшнім і будучыні, Даша ўпэўнена ў адным: яе перамогі — гэта не толькі яе заслуга, але і тых, хто ўклаў у яе ўсе сілы, хто паверыў у яе талент і даў магчымасці развівацца. Азіраючыся назад, Даша ўспамінае бабулю і дзякуе лёсу за ўсё, што здарылася ў яе жыцці. А мама… На маму, тую, якая яе нарадзіла, а не выхавала, Даша не крыўдзіцца, гаворыць, што не ўмее.

“Я не ўмею і не хачу крыўдзіцца на лю­дзей, маме я ўсё прабачыла, ні ў чым яе не вінавачу. У кожнага сваё жыццё, свой шлях. У выніку яна змагла справіцца са сваёй залежнасцю, хоць на гэта спатрэбілася шмат часу, — працягвае Даша. — Год назад мама зноў стала мамай, яна выхоўвае дачку Ульяну. Я веру, што ў мамы ўсё атрымаецца. Я заўсёды хацела таго, каб яна жыла са­праўдным жыццём, радавалася і ўсміхалася ад таго, што яна — мама. Так, да адчування і прыняцця сябе як мамы яна прыйшла не са мной, і, магчыма, гэта да лепшага. Са з’яўленнем Ульяны ў яе ўсё пачалося з чыстага ліста, і няхай у іх і далей усё будзе добра. Перыядычна, калі прыязджаю ў Мінск, мы з мамай бачымся, заўсёды на сувязі. Я рада, што ў мяне ёсць сястра, у многім дзякуючы менавіта ёй, нашы зносіны сталі больш блізкімі. Але кожны з нас жыве сваім жыццём”.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.