Пайсці ў ІТ і там застацца

Штогод вясной адзін з беларускіх парталаў праводзіць даследаванне рынку працы ў беларускім сегменце IT. Аналіз робіцца для таго, каб сабраць аб’ектыўную інфармацыю аб тэндэнцыях у сектары высокіх тэхналогій. Мінулы год для камп’ютарнай індустрыі быў асаблівым: з-за пандэміі многія праграмісты працавалі аддалена. Калі спачатку такая форма работы была нязвыклай, то сёння аддаленка — ідэальны фармат не толькі для работы, але і для навучання, праграмаванню ў тым ліку. 

Думкамі пра тое, ці можна на аддаленцы вывучыць мовы праграмавання, а таксама пра тое, наколькі рэальна ІТ-спецыялісту сумяшчаць адразу некалькі кірункаў дзейнасці, звязаных з высокімі тэхналогіямі, падзяліўся праграміст і кіраўнік адной з кампаній Павел БУРДЫКА.

Хакер ці праграміст?

Сёння ён валодае многімі мовамі праграмавання, а ў дзяцінстве Паша Бурдыка захапляўся матэматыкай, дакладнымі навукамі і марыў стаць хакерам. Пра тое, каб пайсці ў ІТ, пачаў думаць у старшых класах.

“Цікавасць да праграмавання ў мяне была заўсёды, — расказвае Паша. — Потым, калі вырас, сказаў баць­кам, што памяняў планы, не хачу быць хакерам, а пайду вучыцца на праграміста. Яны мяне падтрымалі.

Сёння я бачу, наколькі папулярным з’яўляецца праграмаванне і што ўсё больш дзяцей задумваецца аб гэтай прафесіі. Сапраўды, гэты кірунак — вельмі папулярны і асабліва прывабны для маладых людзей. Але трэба разумець, што праграміст — гэта не той, хто ведае некалькі моў праграмавання і можа пісаць праграмы. Праграміст, а дакладней IT-спецыяліст, — гэта чалавек, які разбіраецца ў многіх навуках, які ведае і выкарыстоўвае перадавыя тэхналогіі, каб пасля распрацаваць новыя.

Што тычыцца самастойнага навучання, то тут усё неадназначна. У некаторых сферах, такіх як web-дызайн, усяму можна навучыцца самастойна: вывучыць некаторыя мовы для напісання сайтаў (HTML, PHP, C#), разабрацца ў фронтэнд- і бэкэнд-распрацоўках і асвоіць інструменты дызайну. Калі ёсць жаданне займацца больш складанымі задачамі, напрыклад, такімі як распрацоўка аперацыйнай сістэмы, машынны інтэлект, рашэнне прыкладных задач у медыцыне, ракетабудаванні, то самастойна навучыцца гэтаму вельмі складана, нават немагчыма.

Лепшае рашэнне — паступіць ва УВА і на працягу некалькіх гадоў вывучаць розныя дысцыпліны, неабходныя для распрацоўкі праграмнага забеспячэння.

Школьнікам, якія плануюць пайсці вучыцца на праграміста, трэба мець на ўвазе, што гэта, у дадатак да ўсіх плюсоў, складаная прафесія, якая патрабуе намаганняў. Але адваротны бок медаля — добрая ўзнагарода: запатрабаванасць, высокая зарплата, цікавая работа, зносіны з разумнымі і мэтанакіраванымі людзьмі. Дарэчы, праграміст, які валодае замежнымі мовамі, можа часта ез­дзіць у камандзіроўкі, што бу­дзе даваць новыя магчымасці і шансы для прафесійнага росту”.

На мове прафесіі

Каб стаць прафесіяналам у любой сферы, неабходна валодаць шматлікімі навыкамі. Для праграмістаў, напрыклад, вельмі важным з’яўляецца валоданне спецыяльнымі, прафесійнымі мовамі. Некаторымі авалодаць, дарэчы, могуць нават школьнікі.

“Сёння існуе вельмі шмат моў праграмавання, прычым усімі авалодаць нерэальна. Кожны праграміст выбірае тыя, з якімі яму працаваць найбольш камфортна. Безумоўна, астатнімі таксама не трэба грэбаваць: для работы можа спатрэбіцца ўсё. Што тычыцца мяне, то я пачаў праграмаваць з Java. Яна даволі старая і ў ан­дроід-распрацоўцы больш не выкарыстоўваецца. Kotlin — вось афіцыйная і галоўная мова для андроіда. Яна больш ёмістая, лаканічная для ўспрымання, сама па сабе больш зразумелая і прыгажэйшая, чым Java. Увогуле, мовы праграмавання вельмі падобныя адна да адной. Калі ведаеш адну, то астатнія будзе лёгка вывучыць. Галоўнае — зразумець прынцып іх работы. Пачаткоўцам, у прыватнасці, вучням старшых класаў, раю пачаць з Java script. Гэта фундаментальная мова. У асноўным, сёння менавіта на ёй пішуць сайты.  Яна ж самая распаўсюджаная ў свеце, а гэта значыць, што рана ці позна любы праграміст, пачатковец ці прафесіянал, з ёй абавязкова сутыкнецца. Дарэчы, ужо пяты год запар Java застаецца самай папулярнай асноўнай мовай праграмавання ў нашай краіне, ёй карыстаецца кожны чацвёрты айцішнік. Другое месца па папулярнасці займае NET/C #. А дзясятая частка рэспандэнтаў выкарыстоўвае ў якасці асноўнай мовы JavaScript. У цэлым, гэтыя тэхналогіі з’яўляюцца асноўнымі для паловы (51,9%) беларускіх праграмістаў.

ІТ-help: каб не толькі дапамагаць

Каб дасягнуць поспеху ў прафесіі, асабліва калі працуеш у камандзе, важна не толькі ісці за лідарам, але і прыўносіць у работу свае ідэі.

“Сёння ў мяне свая кампанія, свая каманда. Я рады, што змог сабраць вакол сябе аднадумцаў і стварыць “А­йціхэлп”. Мы займаемся не толькі праграмаваннем, але і абслугоўваннем, пастаўкай камп’ютараў і аргтэхнікі. Таксама працуем з сеткавымі і тэлекамунікацыйнымі праектамі і, безумоўна, праграмным забеспячэннем. Высокая кваліфікацыя спецыялістаў, шматгадовы вопыт работы — гэта тое, што дазваляе якасна і аператыўна вырашаць любыя праблемы, звязаныя з камп’ютарнай тэхнікай. Асабліва часта па дапамогу звяртаюцца школы і іншыя навучальныя ўстановы. Мы заўсёды, калі ёсць у гэтым неабходнасць, дапамагаем настаўнікам настроіць камп’ютары, абнавіць праграмнае забеспячэнне і г.д. Увогуле сябраваць з а­йцішнікамі трэба ўсім. Сёння, калі ўсё завязана на інтэрнэце і ў любы момант нейкая тэхніка можа выйсці са строю, важна, каб быў спецыяліст, да якога можна звярнуцца са сваімі праблемамі. Такім чынам, праграмаванне — гэта не толькі пра стварэнне гульняў і напісанне праграм. Праграміст павінен умець вырашаць шматлікія пытанні. Напрыклад, да мяне звяртаюцца школы, каб дапамог ім у выбары і куплі камп’ютараў, з усталяваннем у камп’ютарны клас. Педагогі не павінны ў гэтым разбірацца, у іх іншыя задачы. Але важна ім дапамагчы, бо пасля на гэтых камп’ютарах будуць займацца нашы дзеці. Таксама дапамагаю школам праводзіць лакальныя сеткі, устанаўліваць аперацыйныя сістэмы, лячыць камп’ютары ад вірусаў, дыягнаставаць іх і інш.”.

Працаваць на імідж і сваё імя

Для таго каб праграміст і яго кампанія сталі папулярнымі, работу трэба выконваць якасна: важна, каб людзі былі задаволены вынікам. Гэта, дарэчы, тычыцца любой сферы дзейнасці. Кожны, хто хоча стварыц­ь для сябе станоўчы імідж, павінен працаваць добрасумленна.

“Сёння многія кампаніі крычаць пра рызыкі, якіх можна пазбегнуць, калі пачаць з імі працаваць. Але я ўпэўнены, што для таго, каб кампанія набыла кліентаў, трэба ўсё рабіць якасна і своечасова. Тут усё ўпіраецца ў вопыт. Але ён заключаецца не толькі ў тэхнічным забеспячэнні. Важна, каб над праектамі ці любой іншай задачай працавала каманда кампетэнтных, дасведчаных, кваліфікаваных спецыялістаў. Толькі ў такім выпадку вынік будзе станоўчым. Як кажуць, адна галава — добра, а дзве — яшчэ лепш. Мне не сорамна сказаць, што мы адказна выконваем сваю работу і заўсёды гарантуем хуткасць і бяспеку прапанаваных рашэнняў”.

Для прыцягнення новых і ўтрымання старых кліентаў, упэўнены Павел, трэба ні многа ні мала прытрымлівацца аднаго правіла — пераўзыходзіць усе чаканні.

“Мы стараемся рабіць крыху больш, чым ад нас чакаюць, стараемся максімальна якасна выконваць свае абавязкі, максімальна хутка рэагаваць на заяўкі кліентаў. Ва ўмовах сучаснай канкурэнцыі ў бізнесе прыцягнуц­ь новых кліентаў складана, але яшчэ складаней іх утрымац­ь. Каб гэтага не дапусціць, стараемся не прапускаць магчымасц­ь развівацца. Я ўпэўнены, што кожны, хто хоча рэалізаваць сябе ў прафесіі, няхай гэта будзе педагогіка, праграмаванне ці медыцына, павінен развівацца. Стаяц­ь і таптацца на адным месцы — гэта не варыянт. Спецыяліст павінен расці, імкнуцца да большага, хацець стац­ь заўтра лепшым, чым ён ёсць сёння. Таму мы з камандай вывучаем найноўшыя тэхналогіі і лічбавыя каналы з мэтай прымянення іх у сваёй кампаніі. У пастаяннай ба­рацьбе з канкурэнтамі важна захоўваць індывідуальнасц­ь і станавіцца крыху лепшымі”.

Пост-прадакшн

У кожнай прафесіі здараюцца свае крызісы: спецыяліст выгарае, выконваць адны і тыя ж абавязкі становіцца невыносна складана, але праграмісты кажуць, што гэта не пра іх.

“Праграмаванне — гэта не манатонная аднастайная работа. У нас няма выразнай інструкцыі, па якой можна зрабіць што заўгодна. Чаму? Бо ў  кожнай кампаніі, у кожнага спецыяліста свой унікальны дызайн і свой падыход да фарміравання інтэрфейсу. Карыстальнік заўсёды бачыць толькі малую частку ўсяго таго, што зроблена праграмістамі. Кожны клік на старонцы, кожная карцінка, кожны пераход і анімацыя — усё прапісваецца некалькімі членамі каманды. Калі добра прыгледзецца, у кожнага сайта, у кожнай арганізацыі можна знайсці свае арыгінальныя фішкі, якіх няма ў іншых. А самае крутое, што падчас работы пастаянна з’яўляюцца нейкія новыя задачы, з якімі ты не сутыкаўся раней. Хочаш не хочаш, а даводзіцца шукаць інфармацыю ў інтэрнэце. У калег заўсёды ёсць свае, не менш важныя задачы, таму раіцца з імі кожныя 5 хвілін — гэта не правільна, але часам неабходна. Мы працуем, паўтаруся, на адзін вынік. Па гэтай жа прычыне часам трэба шукаць адказы ў інтэрнэце, гугліць. Дарэчы, гэта можа займаць нават больш часу, чым напісанне кода.

Яшчэ праграмісты могуць працаваць над стварэннем рэкламнага прадукту, і гэта таксама пра мяне. Як ён ствараецца? Дапусцім, у вас ёсць задача, якую вы хочаце вырашыць. Спачатку трэба сабраць патрабаванні, зразумець, што мы ў выніку хочам атрымаць. Гэтым, як правіла, займаюцца бізнес-аналітыкі, што працуюць з праграмістамі. Потым трэба прадумаць, як будзе працаваць наш прадукт, на што ён будзе накіраваны. І толькі пасля гэтага мы павінны распрацаваць план работы і пачаць рэалізацыю, у нашым выпадку праграмаванне. Праграмісты пішуць код, перыядычна яго паляпшаюць, спрашчаюць, мяняюць і ствараюц­ь аўтаматычныя тэсты.

Сёння, дарэчы, вельмі папулярная ідэя аўтаматычнага тэсціравання: акрамя напісання самога кода пішацца і іншы код, які яго правярае. Але гэта вельмі складаная схема.

Такім чынам, калі код напісаны, ён выводзіцца ў прадакшн. Потым пачынаецца стадыя пост-прадакшна, калі нейкія багі (памылкі) трэба заўважыць і выправіць. Ёсць многа спосабаў палепшыць канчатковы вынік гэтай аперацыі або ўсяго аперацыйнага цыкла. Усе гэтыя этапы важныя і патрэбныя. Часта некаторымі з іх грэбуюць, але гэта ўплывае на канчатковую якасць прадукту. Асабіста я прытрымліваюся таго, што лепш на работу патраціць крыху больш часу і выпусціць якасны прадукт, чым пасля шкадаваць аб прапушчанай магчымасці”.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота аўтара.