Па сілах, па душы

Выбар прафесіі — справа, якая амаль нікому не даецца проста: усё ж такі гэта часта выбар на ўсё жыццё. А калі прафесію выбіраюць дзеці з асаблівасцямі здароўя, справа ўскладняецца не тое што ўдвая, а ў шмат разоў, пры тым што і выбар спецыяльнасцей у такім выпадку абмежаваны. Тым не менш хочацца, каб справа была, па магчымасці, па душы, і вельмі важна, каб пры гэтым яна была па сілах, да таго ж — запатрабаванай на рынку працы. Дапамога дарослых — педагогаў, бацькоў, медыкаў — тут як ніколі важная.

Мадэль супрацоўніцтва

У Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце прафарыентацыяй навучэнцаў з паталогіямі зроку займаюцца на працягу ўсяго іх навучання з улікам этапаў развіцця школьнікаў. Задачы прафесійнай арыентацыі вырашаюць на аснове распрацаванай мадэлі прафарыентацыйнай работы, якая вырасла з вопыту шматгадовага супрацоўніцтва спецыялістаў школы-інтэрната: педагогаў-дэфектолагаў, сацыяльных педагогаў, педагога-псіхолага, афтальмолага, педыятра, класных кіраўнікоў, выхавальнікаў і бібліятэкара. Мадэль заснавана на комплексным са­дзейнічанні працэсу прафесійнага і асобаснага самавызначэння выпускнікоў спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы.

— Мы з калегамі перш за ўсё вызначылі канкрэтныя задачы, якія важна вырашыць сумеснымі намаганнямі, — адзначае педагог-псіхолаг установы Алена Віталь­еўна Башаркевіч. — Гэта інфармаванне навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця аб свеце прафесій праз іх асобаснае развіццё на кожным узроставым этапе; арганізацыя работы па прафесійным вызначэнні выхаванцаў у адпаведнасці з іх інтарэсамі, схільнасцямі, медыцын­скімі паказчыкамі; фарміраванне ў дзяцей здольнасці суадносіць свае індывідуальныя псіхалагічныя магчымасці з патрабаваннямі прафесіі; фарміраванне здольнасці навучэнцаў з АПФР да сацыяльна-прафесійнай адаптацыі ў грамадстве.

Так, бібліятэкар школы-інтэрната збірае метадычную літаратуру па прафарыентацыі для педагогаў і навучэнцаў, ладзіць адпаведныя выставы; класныя кіраўнікі, выхавальнікі, педагогі арганізоўваюць экскурсіі на прадпрыемствы і ў навучальныя ўстановы, праводзяць класныя гадзіны і бацькоўскія сходы па тэмах прафарыентацыі; бацькі ў сваю чаргу таксама клапоцяцца аб развіцці дзяцей, дапамагаюць у выбары прафесіі. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, псіхолаг і сацыяльны педагог, мед­работнікі збіраюць інфармацыю аб патрэбах рынку працы, праводзяць індывідуальныя і групавыя кансультацыі, рыхту­юць даведачна-інфармацыйныя матэрыялы для выпускнікоў. А таксама арганізоўваюць іх прафкансультаванне з улікам узроставых асаблівасцей, вывучаюць прафесійныя інтарэсы, ажыццяўляюць псіхалагічную асвету бацькоў і педагогаў па прафвыбары навучэнцаў з АПФР, рыхтуюць даведкі па антрапаметрычных характарыстыках і стане здароўя школьнікаў.

Усё ідзе па плане

— Вопыт паказвае, што ўзаемадзеянне спецыялістаў і бацькоў мае найважнейшае значэнне для вырашэння задач прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, — заўважае А.В.Башаркевіч. — Дакладная і паслядоўная ўзаемасувязь паміж псіхалагічным і медыцынскім суправаджэннем прафарыентацыйнай работы, у сваю чаргу, з’яўляецца асновай паспяховасці прафесійнага выбару навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Такая ўзаемасувязь усталёўваецца ў школе-інтэрнаце праз рэалізацыю агульнашкольнага плана, які ўключае некалькі кірункаў.

Адзін з кірункаў — інфармацыйна-аналітычная дзейнасць, якая прадугледжвае аналіз працаўладкавання выпускнікоў 9 і 11 класаў, апытанне для выяўлення іх прафесійных намераў, прафарыентацыйную работу з навучэнцамі, якія не вызначыліся з выбарам прафесіі, з тымі, у каго з’явіліся змяненні пасля чарговага пася­джэння МРЭК, аналіз прафарыентацыйных карт, дыягнастычных матэрыялаў разам з навучэнцамі. Для выканання задач арганізацыйна-метадычнага кірунку створаны інфармацыйны даведнік, матэрыялы якога кожны год карэкціруюцца з улікам змяненняў у пераліку прафесій, запытаў рынку працы, абнаўляецца і куток прафарыентацыі, выстава кніг “Чалавек і прафесія”. 

Работа з педагагічнымі і медыцынскімі кадрамі заснавана на сістэме прафкансультацый спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы для класных кіраўнікоў, выхавальнікаў, медработнікаў, у выніку якіх атрыманая інфармацыя служыць асновай для класных кіраўнікоў пры планаванні мера­прыемстваў, запаўненні прафарыен­тацыйных карт. Групавыя і індывідуальныя кансультацыі право­дзяцца пасля пасяджэнняў МРЭК з улікам рэкамендацый, прапісаных у заключэннях. Арганізоўваюцца і экскурсіі на прадпрыемствы, на якіх працуюць бацькі навучэнцаў, а таксама ў іншыя арганізацыі.

І, канечне, вялікі аб’ём складае работа са школьнікамі, пачынаючы з інфармацыйна-даведачных кансультацый, у тым ліку з выкарыстаннем шрыфту Брайля (для невідушчых), маніторынгу іх прафесійных намераў у форме дзён рэгулявання і карэкцыі па тэме “Гатоўнасць выпускнікоў да выбару прафесіі і працягу адукацыі”, заканчваючы кансультацыямі, як групавымі, так і індывідуальнымі, па развіцці здольнасцей да мэтавызначэння, навыкаў сацыяльнай адаптацыі, па кіраванні сваімі эмоцыямі, адэкватнай самаацэнцы сваіх магчымасцей у свеце прафесій. Акрамя таго, медыкі пры неабходнасці праводзяць кансультацыі па выбары прафесіі пры розных паталогіях вачэй.

Калі гаварыць больш канкрэтна, то для навучэнцаў 1—4 класаў праводзяцца заняткі, накіраваныя на развіццё навыкаў зносін і цікавасці да вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, класныя гадзіны, школы майстэрства: “Сцяжынка да свайго Я”, “Падарожжа ў краіну цікавых захапленняў”, “Мая мара” і г.д. навучэнцы 5—7 класаў становяцца ўдзельнікамі трэнінгаў, класных гадзін, прафарыентацыйных гульняў, накіраваных на развіццё ўяўленняў кожнага пра сябе і свае магчымасці: “Як узняць самаацэнку”, “Ад супрацьстаяння да разумення”, “Прафесіі ў маёй сям’і” і інш.

Зяняткі рознага кшталту для навучэнцаў 8—9 класаў арыентуюць іх на фарміраванне адэкватнага выбару прафесіі: “Я і прафесія”, “Я ў будучыні” і г.д. Акрамя таго, старшыя школьнікі бываюць на экскурсіях, напрыклад, на Маладзечанскім заводзе лёгкіх металаканструкцый, унітарным прадпрыемстве “ЭВА” ў Маладзечне Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, БНТУ, БДУ.

Вучням 10—11 класаў важна скарэкціраваць прафесійныя планы і ацэнкі падрыхтаванасці да выбранай дзейнасці. Гэта ў школе-інтэрнаце робяць, напрыклад, з дапамогай гутарак “Памылкі ў выбары прафесіі”, інтэрактыўных заняткаў “Выбар прафесіі”, “Люстэрка прафесіі”, прэзентацый “Прафесіі папулярныя і запа­трабаваныя”, сустрэч з вядомымі выпускнікамі ўстановы і г.д. І, канечне, камусьці дапамагаюць з выбарам заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах (“Творчая палітра”), спартыўнай секцыі па міні-футболе, вакальна-эстраднай студыі і інш.

Практыка, вучоба, работа

Будучыя выпускнікі спецыяльнай школы-інтэрната, акрамя ўсяго іншага, маюць магчымасць практычнага навучання і засваення прафесійных навыкаў дзякуючы супрацоўніцтву школы з Маладзечанскім дзяржаўным ліцэем, дзе ў пазаўрочны час засвойваюць прафесію прадаўца-касіра. Канечне, многім гэта дапамагае спыніцца менавіта на гэтай прафесіі, бо такі выбар рэальны, заснаваны на поўным разуменні сваіх магчымасцей і жаданняў, патрэбнасцях рынку працы.

Акрамя таго, школа-інтэрнат супрацоўнічае з часопісам “Кім быць?”, дзе тутэйшыя педагогі друкуюць свае допісы, на сайце ўстановы размешчаны рэкамендацыі для навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў па выбары прафесіі, спасылкі на анлайн-тэсты па прафарыентацыі, распрацаваныя памяткі, дзейнічае бацькоўскі клуб “Разам”, праводзіцца нямала іншай работы. Што асабліва важна, на працягу 2 гадоў пасля заканчэння школы яе спецыя­лісты ажыццяўляюць патранатнае суправаджэнне выпуск­нікоў: аказваюць ім сацыяльна-педагагічную, псіхалагічную і сацыяльна-прававую дапамогу, са­дзейнічаюць у сацыяльнай адаптацыі і паспяховай інтэграцыі ў грамадстве.

Робяць тут і аналіз паступлення выпускнікоў пасля заканчэння школы. Ён паказвае, што ў апошнія 5 гадоў падлеткі, якія могуць вучыцца і працаваць па стане здароўя, пасля заканчэння 9 класаў паступалі ў музычны каледж, выбіралі прафесіі сацыяльнага работніка, бібліятэкара, тэхніка-праграміста, лагіста, тэхніка-тэхнолага (ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі), а таксама агародніка, афіцыянта-бармена, кухара, кухара-кандытара (прафесійна-тэхнічная адукацыя).

Выпускнікі 11 класа Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната набывалі і набываюць як прафесійна-тэхнічную, так і сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю. Іх выбар — гэта спецыяльнасці прадаўца-кансультанта, афіцыянта-бармена, тэхніка-тэхнолага, тэхніка-масажыста, медсястры, педагога-псіхолага, сацыяльнага работніка, тэхніка-праграміста, педагога-дашкольніка, настаўніка гісторыі, юрыста, а таксама спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”, “Бухгалтарскі ўлік”.

Частка выпускнікоў адразу пасля заканчэння школы пачынае працаваць, як правіла, на прадпрыемствах Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.

— Прафесійная арыентацыя для нас, як і для педагогаў любой іншай установы адукацыі, — гэта шмат­аспектная сістэма, якая ўключае ў сябе асвету, выхаванне, вывучэнне псіхафізіялагічных асаблівасцей, псіхадыягностыку навучэнцаў, — падсумоўвае Алена Вітальеўна Башаркевіч. — У школе-інтэрнаце нямала, канечне, сваіх асаблівасцей, таму мы пастаянна развіваем падыходы да прафарыентацыйнай работы. Галоўнае, у рэшце рэшт, каб нашы выпускнікі адаптаваліся да жыцця ў грамадстве, былі яго часткай. Важна, каб і грамадства прымала людзей з асаблівасцямі, тады ўсё атрымаецца.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната.