НЛА прызямліўся ў “Арляняці”

На працягу некалькіх гадоў студэнцкі педагагічны атрад НЛА, аснову якога складаюць студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, з’яўляецца лепшым сярод тых педагагічных атрадаў краіны, якія працуюць за мяжой. Будучым настаўнікам, што ўваходзяць у склад НЛА, пашанцавала: і педагагічныя навыкі, і вопыт важатых яны прымяняюць у адным з самых вядомых лагераў СНД — “Арляняці”.

Пра тое, як трапіць у спіс НЛА, якімі якасцямі павінен валодаць будучы педагог і як знайсці агульную мову з сучаснымі школьнікамі, расказаў камандзір студэнцкага педагагічнага атрада Аляксандр БАЗУК.

— Аляксандр, калі і як быў створаны педагагічны студэнцкі атрад НЛА? Як вы, прафесійны акцёр, далучыліся да яго і што прымушае паглыбляцца ў сферу студатрадаўскага руху? З чаго ўсё пачыналася?

— З  2003 года Віцебскі абласны камітэт БРСМ рэалізоўваў праект “Лідар-змена” — гэта абласная змена актыву пярвічных арганізацый БРСМ Віцебскай вобласці. А непасрэдна саму змену праводзіў студэнцкі педагагічны атрад “СЛОН”. У той час я быў адным з яго актыўных удзельнікаў.

На працягу 10 гадоў, да 2013 года, па розных прычынах атрад “СЛОН” не мог нармальна функцыянаваць. У выніку правядзенне 11 змены было пад пагрозай. Якраз у той момант мне прапанавалі ўзяць на сябе ролю куратара лідар-змены-2013.

Новы педагагічны калектыў складаўся ў асноўным з пачаткоўцаў, і ў чэрвені 2013 года на першым сходзе новага складу ўзнікла неабходнасць змен, з’явілася ідэя глыбокага рэбрэндынгу. Менавіта так быў створаны новы лідарскі атрад, які мы завём НЛА. Мы ўсведамлялі, што ў нейкай меры з’яўляемся прадаўжальнікамі традыцый “сланоў”, але хацелі ўнесці новую жывую ідэю ў развіццё педагагічнага студэнцкага руху вобласці. Менавіта таму НЛА расшыфроўваўся як Новы Лідарскі Атрад, а лідар-змена-2013 прайшла пад назвай “Пасляслонне”.

Нейкі час я сумяшчаў некалькі відаў дзейнасці. У тэатры працаваў з 2002 года. Пасля 4 гадоў работы ў БРСМ, Віцебскім гарвыканкаме і Усерасійскім дзіцячым цэнтры “Арляня” вырашыў пакінуць толькі тэатр і НЛА. Мне цяжка растлумачыць, чаму я адданы педагагічнаму студэнцкаму руху. Дакладна ведаю, што магу і люблю працаваць з дзецьмі. Акрамя работы ў летніх лагерах, з 2011 года кіраваў дзіцячым тэатральным калектывам у гімназіі № 3 Віцебска. Увесь мой педагагічны атрад на працягу пэўнага часу складаўся з выхаванцаў лідар-змены, і я бачыў, як развіваюцца гэтыя дзеці пачынаючы са школьнай парты, як яны растуць.

Я як камандзiр атрада ўпэўнены, што летні адпачынак у дзіцячых лагерах варта развіваць, рабіць яго больш асэнсаваным, змястоўным і адукацыйным. Для гэтага патрэбны не педагогі, якіх рыхтуюць у ВНУ, а важатыя — асобная прафесія, што вымагае асаблівай падрыхтоўкі, якая на сёння не прадугледжана ва УВА педагагічнага кірунку. Думаю, нядрэнна, калі студэнт, тэхнік ці айцішнік атрымае сертыфікат важатага і ў той жа час зможа навучыць дзіця чамусьці са сваёй сферы. Магчыма, такім чынам важаты дапаможа навучэнцу вызначыцца з будучай прафесіяй ці проста атрымаць карысны навык у той ці іншай галіне.

Акрамя “Зубраняці”, дзе важатыя пастаянна ўдасканальваюць свой вопыт, у іншых лагерах нашай краіны важацтва, на жаль, нагадвае аніматарства ці банальны нагляд за дзіцем, за бяспекай яго жыцця. Настаўнікі ў большасці сваёй выконваюць ролю вартаўніка непаўналетніх. Я ўпэўнены, што падыход да падрыхтоўкі важатых трэба мяняць.

— Як сёння ў ВДУ імя П.М.Машэрава вядзецца падрыхтоўка студэнтаў да летняй педагагічнай практыкі? За які час да пачатку канікул пачынае весціся падрыхтоўка да працы ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры “Арляня”?

— Безумоўна, такая падрыхтоўка вя­дзецца ва ўніверсітэце штогод. Як правіла, у пачатку сакавіка ва УВА праходзіць акцыя “Труд крут”, дзе мы расказваем пра дзейнасць НЛА і перспектыву працы летам ва УДЦ “Арляня”. Пасля таго як з’яўляюцца жадаючыя далучыцца да нас, мы праводзім з імі арганізацыйны збор. Пасля гэтага прыступаем да вучэбных заняткаў (мінімум 2 разы ў тыдзень) на працягу 1,5 месяца. Студэнты развучваюць шматлікія гульні, накіраваныя на знаёмства, камандаўтварэнне, узаема­дзеянне з дзецьмі і г.д. Мы вывучаем логіку развіцця змены, усе працэсы ў рабоце з часовым дзіцячым аб’яднаннем. Акрамя гэтага, праводзім заняткі на талерант­насць, па метадах сацыяметрыі і рэфлексіі, расказваем пра тое, што такое індывідуальнае суправаджэнне дзіцяці і як з ім працаваць, вучымся планаваць, аналізаваць, ствараць метадычныя распрацоўкі і г.д. Увогуле, перш чым адправіцца працаваць у “Арляня”, трэба добра падрыхтавацца не толькі тэарэтычна, але і псіхалагічна. Работа з дзецьмі — гэта вялікая адказнасць і заў­сёды новы вопыт.

— На ваш погляд, як лепш за ўсё зматываваць студэнтаў для працы ў пед­атрадах?

— Дзіцячы лагер — гэта, як мы кажам, няспынная работа ў рэжыме 24на 7. Работа з дзецьмі прымушае праяўляць увесь свой патэнцыял і дапамагае кожнаму з нас зразумець, чаго мы вартыя на самай справе. Той вопыт самаарганізацыі, пастаяннага аналізу і дыягностыкі, які набываецца падчас работы ў аздараўленчым лагеры, спатрэбіцца ў любой сферы прафесійнай дзейнасці і ў звычайным жыцці. Гэта бясцэнныя навыкі. На работу ў педатрад прыхо­дзяць у першую чаргу па вопыт, уменне наладж­ваць камунікацыю. А заробак — самае апошняе.

— На працягу некалькіх гадоў НЛА становіцца лепшым выязным педагагічным атрадам краіны. У чым сакрэт яго поспеху? Дзе працуюць вашы студэнты і хто з імі заключае на час канікул працоўныя дагаворы?

— Сакрэт поспеху нашай каманды — у людзях, студэнтах і навучэнцах, якія на маіх вачах раслі падчас лідар-змен. Тыя, хто ствараў імя новаму лідарскаму атраду, ужо выраслі, у іх сваё жыццё. Зараз мы знаходзімся ў стадыі адраджэння. Справа ў тым, што сёння студэнты да нас прыходзяць з УВА. Напачатку яны “халодныя”, не да канца прасякнуты духам студатрадаўскага руху, не зусім разумеюць, з чым сутыкнуцца, калі паедуць працаваць за межы краіны. Мы, безумоўна, падчас правядзення заняткаў актыўна дапамагаем ім адаптавацца. Але гэтага не заўсёды хапае. Для таго каб зразумець, як трэба дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, з ёй у першую чаргу трэба сутыкнуцца. І потым ужо, маючы педагагічны вопыт і прымяняючы веды, разумееш алгарытм, як неабходна дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, як працаваць з дзецьмі.

Сёлета, згодна са статутам НЛА, я заняў пасаду куратара атрада, а месцы камандзіра і камісара перадаў студэнткам Святлане Леўкінай з ВДУ імя П.М.Машэрава і Вікторыі Мінчанка з ГДУ імя  Францыска Скарыны. Веру, што ў іх усё атрымаецца, жадаю ім поспехаў і абяцаю: заўсёды буду падтрымліваць і дапамагаць.

— Ці памятаеце, якой была першая выязная змена НЛА? З якімі цяжкасцямі тады сутыкнуліся будучыя педагогі? Да чаго важатыя не былі  гатовы?

— Упершыню мы выехалі з атрадам ва УДЦ “Арляня” ў 2016 годзе, тады аснову атрада яшчэ складалі дасведчаныя “дзядкі” — так называем нашых вопытных важатых. Сярод важатых і атрадаў, што дзейнічаюць у нашай краіне, мы былі першапраходцамі ў рабоце за мяжой, у тым ліку мы першыя настаўнікі, якія паехалі працаваць у “Арляня”. Нягледзячы на тое, што ў вобласці пра нас ведалі як пра важатых з багатым вопытам, у “Арляняці” мы ўсё роўна сутыкнуліся з іншай арганізацыяй работы. Праблемныя моманты тады з’яўляліся ў першыя дні нашай дзейнасці, пакуль знаёміліся з мноствам новай, непрывычнай для нас інфармацыі. Але калі зразумелі, што і як трэба рабіць, калі трапілі на адну хвалю з дзецьмі і педагогамі з Расіі, то паказалі добры ўзровень гатоўнасці да вырашэння любых задач, і былі высока ацэнены адміністрацыяй лагера “Камсамольскі”, на базе якога працавалі, і ўсяго цэнтра “Арляня”. Такім чынам, першы выезд быў паспяховым і заклаў асновы супрацоўніцтва і моцнага сяброўства як паміж расійскімі і беларускімі важатымі, так і з кіраўніцтвам лагера.

— Аляксандр, чаго дзеці чакаюць і патрабуюць ад педагогаў, важатых? Ці адпавядае настаўнік, яго ўзровень ведаў запытам сучасных дзяцей? Якім павінен быць педагог, каб дзеці пайшлі за ім?

— На жаль ці на шчасце, мы жывём у час спажывання, і як бы нам ні хацелася, нашы дзеці з’яўляюцца яркімі прадстаўнікамі гэтай эпохі. Яны кідаюць вельмі сур’ёзныя выклікі сучаснай педагогіцы і выхаваўчаму працэсу ў цэлым. З кожным годам становіцца ўсё складаней іх матываваць высакароднымі мэтамі. Іх трэба зацікаўліваць той карысцю і выгадай, якую яны могуць атрымаць. Яны, як ніхто, сёння патрабуюць ацэнкі сваёй дзейнасці, і таму трэба вельмі разумна і наколькі гэта магчыма ствараць для іх сітуацыі поспеху. Менавіта той, хто з’яўляецца педагогам па прызванні, а не згодна з дыпломам, ведае, як гэта зрабіць. Важатаму трэба быць заўсёды ў трэндзе і ўмець прывіваць дзецям этычныя, культурныя, маральныя каштоўнасці, вучыць самаарганізацыі і рабоце ў камандзе. Сёння індывідуальнае развіццё і незалежнасць з’яўляюцца для дзяцей больш важнымі, чым узаемадзеянне з грамадствам, развіццё ў ім. Такім чынам, каб зацікавіць дзяцей і павесці іх за сабой, трэба быць цікавым для навучэнцаў. Педагог павінен увесь час развівацца і самаўдасканальвацца, не стаяць на месцы, імкнуцца быць прыкладам для сваіх выхаванцаў.

— У адрозненне ад іншых студэнцкіх педагагічных атрадаў, НЛА працуе на працягу ўсяго года. Чым займаюцца лідары атрада ў вучэбны час?

— Сёння наш атрад чакае адра­джэння. Раней у нас было мноства карпаратыўных сустрэч, мы ўдзельнічалі практычна ва ўсіх мерапрыемствах і фестывалях, якія арганізоўвалі грамадскія арганізацыі. Дарэчы, менавіта мы распрацавалі першыя выязныя злёты студатрадаў, фестываль творчасці студатрадаўскага руху ў вобласці, удзель­нічалі ў многіх грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах, а таксама праводзілі падчас канікул злёты лідараў для школьнікаў. Зараз мы абнаўляем наш склад, наша мэта — заваяванне “Артэка” і арганізацыя фестывалю творчасці студатрадаў ВДУ.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва Аляксандра Базука.