Наркапагроза: новыя тэндэнцыі і падыходы

У 2014 годзе ў краіне быў адзначаны ўсплёск ужывання псіхаактыўных рэчываў сярод непаўналетніх. Колькасць перадазіровак сінтэтычнымі наркотыкамі павялічвалася і многім каштавала жыцця. У адказ на такую сітуацыю з’явілася неадкладная рэакцыя не толькі з боку кампетэнтных органаў, але і грамадства ў цэлым. Шэраг прынятых на заканадаўчым узроўні мер зрабіў больш жорсткай сістэму пакарання за распаўсюджванне і ўжыванне наркатычных і псіхатропных рэчываў.

Мінула 5 гадоў, і сітуацыя з наркапагрозай больш-менш выраўнавалася. Пра тое, што сёння робяць у краіне для прафілактыкі ўжывання і распаўсюджання наркатычных сродкаў сярод непаўналетніх, расказалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

На працягу апошніх некалькіх гадоў у якасці ацэнкі сваёй дзейнасці МУС кіруецца не статыстычнымі лічбамі, а ўзроўнем наркапагрозы, што складаецца з многіх паказчыкаў, не толькі крыміналагічных, але і медыцынскіх.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю лю­дзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Генадзь Аркадзьевіч Казакевіч прывёў факты, якія ўражваюць: дзякуючы прынятым мерам, пачынаючы з 2014 года колькасць перадазіровак наркотыкамі скарацілася ў 4 разы, а ў выпадку з непаўналетнімі — у 20 разоў.

“Сёлета сярод падлеткаў былі толькі тры перадазіроўкі. Значна скарацілася колькасц­ь перадазіровак са смяротным канцом — у 1,7 разу. А апошні выпадак гібелі непаўналетняга па гэтай прычыне зафіксаваны ў 2014 го­дзе. Аналізуючы стан з перадазіроўкамі, мы звяртаем увагу на тое, што адбываецца ў нашых суседзяў. У 2018 годзе ў Беларусі зафіксавана 4,6 выпадку перадазіровак з лятальным канцом на 1 мільён насельніцтва. Згодна з данымі ААН, гэта ў 14 разоў менш, чым у Літве, у 17 разоў менш, чым у Расіі, у 21 раз менш, чым у Швецыі, і ў 72 разы менш, чым у ЗША. Закранаючы тэму колькасці нарказлачынстваў, мы канстатуем, што іх колькасц­ь з 2014 года зніжаецца. Сёлета такіх злачынстваў зафіксавана 3579. Разам з гэтым доля збыту ў злачынствах, што выяўляецца, расце. Увогуле, нашы намаганні накіраваны не на тое, каб знаходзіць наркаспажыўцоў. Мы імкнёмся да выяўлення і знішчэння арганізаванай структуры наркабізнесу, збытчыкаў”, — адзначыў Генадзь Аркадзьевіч.

Пачынаючы з 2014 года амаль у 5 разоў знізілася колькасць нарказлачынстваў, з­дзейсненых непаўналетнімі, і ў 6 разоў знізілася непасрэдна колькасць саміх непаўна­летніх, якія ўчынілі злачынства, звязанае з незаконным наркаабаротам.

За 9 месяцаў бягучага года адзначана павелічэнне колькасці нарказлачынстваў, з­дзейсненых непаўналетнімі. Асаблівую трывогу выклікае працягласць і шматэпізоднасць падобных злачынстваў. Чаму так адбываецца? Прычыны прааналізаваны. Як аказалася, не менш за чвэрць злачынстваў было здзейс­нена групамі. Дзейнасць трох — дзвюх у Віцебскай вобласці і адной ў Мінскай — удалося ліквідаваць. Такая арганізаваная групавая дзейнасць сведчыць пра тое, што маладыя людзі свядома ішлі на злачынствы. Заканамерным будзе пытанне, што ж кіравала непаўналетнімі? Усё проста: асабістая выгада. Фігурантаў спраў на пужала, што гэтыя дзеянні праследуюцца сур’ёзнай крымінальнай адказнасцю.

“Гаворачы пра такіх людзей, мы, на жаль, канстатуем, што любыя формы прафілактыкі і заўвагі ў адносінах да іх не з’яўляюцца дзейснымі, таму што яны свядома ідуць на здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў”, — выказаў упэўненасць прадстаўнік МУС.

Бескантактна і зашыфравана

Сёння асноўнай пляцоўкай для прыцягнення маладых людзей у якасці спажыўцоў ці для распаўсюджвання імі псіхаактыўных рэчываў з’яўляецца інтэрнэт. Прычым шматлікія аб’явы пра быццам бы работу, на якія натыкаюцца непаўналетнія, — гэта не што іншае, як спосаб іх уцягнення ў гандаль наркотыкамі. Маладыя людзі, якія ўключаліся ў незаконны абарот забароненых рэчываў, у 90% выпадкаў разумелі характар работы, што ім прапаноўвалі. “Наркадылеры, якія прыцягваюць моладзь у распаўсюджванне наркотыкаў, абяцаюць ім не толькі высокі заробак, але і поўную ананімнасць. Нават вучаць па некаторых інструкцыях савецкіх спецслужбаў яшчэ 30-х гадоў ХХ стагоддзя: як схавацца ад назірання, як навучыцца прымаць элементарныя меры канспірацыі. Пры гэтым самі дылеры паміж сабой такіх людзей называюць “мясам”, таму што яны больш чым паўгода, як правіла, не працуюць: мы іх выяў­ляем і спыняем іх дзейнасць”, — расказаў Г.А.Казакевіч.

Прадстаўнік МУС заўважыў, што сёння з’явіліся як унутраныя, так і знешнія наркапагрозы. На працягу 5 гадоў адзначаецца павелічэнне колькасці выяўленых наркотыкаў і псіхатропаў, прычым гэта не толькі тыя рэчывы, якія сілавікі знаходзяць у краіне, гэта і транзітныя наркотыкі. Толькі сёлета супрацоўнікі міліцыі выявілі 500 кг наркотыкаў і псіхатропаў. А калі да гэтага дадаць тыя 600 кг, што знайшлі пагранічнікі і мытнікі, атрымліваецца касмічная лічба. На знешніх граніцах краіны за гэты ж перыяд было выяўлена 1,8 тоны наркатычных сродкаў.

“Гаворачы аб унутраных негатыўных тэндэнцыях, унутранай наркапагрозе, маем на ўвазе, што 95% наркотыкаў і псіхатропаў у нашай краіне распаўсюджваюцца бескантакт­ным спосабам пры дапамозе інтэрнэту праз сістэму закладак. Выяўленне і папярэджанне такіх злачынстваў уяўляе асаблівую цяжкасц­ь. З тэхнічнага пункту гледжання складана, таму што прымяняюцца месенджары з элементамі крыпта­графіі і шыфравання. Але мы разумеем, што сам пранаркатычны кантэнт уяўляе сабой вялікую пагрозу, бо менавіта такім чынам фарміруецца наркатычная свядомасць маладых людзей. У сувязі з гэтым мы стварылі падраздзяленне інтэрнэт-разведкі, дзякуючы якой у адносінах да 400 сайтаў атрымалі абмежаванне доступу, таму што яны змяшчалі наркатычны кантэнт. Так мы спыняем магчымасць атрымання інфармацыі ці прыцягнення ў незаконны наркаабарот маладых людзей. Акрамя гэтага, былі выяўлены 8 магазінаў, што збывалі наркотыкі ў інтэрнэце. Трэба разумець: магазіны — гэта не заўсёды сайты. Гэта могуць быць групы ў сацыяльных сетках ці месенджарах”, — прааналізаваў Г.А.Казакевіч.

Барацьба з нарказлачынствамі вя­дзецца даўно і, безумоўна, прыносіць свае вынікі. Паказчыкі ў выкрыцці злачынстваў маглі б быць больш высокімі, калі б не латэнтнасц­ь наркаманіі. Праблема ў тым, што далёка не заўсёды кампетэнтным органам удаецца выявіць наркаспажыўцоў. Напрыклад, Міністэрству аховы здароўя вядомы 13 000 чалавек, якія стаяць на ўліку па лініі ўжывання наркатычных рэчываў. Але рэальная лічба намнога большая. Сёння ў краіне з рознай перыядычнасцю наркотыкі ўжываюць 88,5тысячы чалавек. Гэтыя людзі не маюць нізкага сацыяльнага статусу. У іх ёсць работа, добры заробак, і яны не лічац­ь свой стан, да якога прыво­дзіць ужыванне псіхатропаў, залежнасцю ці хваробай.

Каб дапамагчы кожнаму, хто мае залежнасць, але баіцца з гэтым ісці да спецыялістаў, МУС выступіла з шэрагам ініцыятыў. У мінулым годзе быў запушчаны інтэрнэт-рэсурс pomogut.by, а сёлета пачаў дзейнічаць яшчэ адзін — Kids.pomogut.by. Дзіцячы праект накіраваны не толькі на прафілактыку наркаспажывання, але і на вырашэнне пытанняў, звязаных з сексуальным гвалтам у дачыненні да непаўналетніх на прасторах інтэрнэту. Плануецца, што гэты праект стане часткай школьнай адукацыйнай праграмы.

На рэсурсе прадастаўлена інфармацыя не толькі для дзяцей, але і для бацькоў, а таксама настаўнікаў. Яшчэ адна інавацыя міністэрства — стварэнне пілотнага праекта цэнтра з прадоўжанай рэабілітацыяй для нарказалежных.

Дапамагчы за 28 дзён

Латэнтны характар наркаманіі патрабуе дзейснага і кампетэнтнага адказу на праблему. Не заўсёды гэта павінны быць жорсткія меры. Дзейнічаць неабходна паступова, адэкватна ацэньваючы сітуацыю. Таму эксперыментальны цэнтр прадоўжанай рэабілітацыі, які нядаўна быў адкрыты на базе РНПЦ псіхічнага здароўя, з’яўляецца правільным паступальным крокам у дапамозе нарказалежным. Першачарговая задача, якая ставіць перад сабой цэнтр наркалогіі, — дапамагчы чалавеку не адчуваць сябе адзінокім.

Аксана Віктараўна Калбасава, намеснік дырэктара па медыцынскай частцы (па наркалогіі) Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, расказала, што рэабілітацыйны цэнтр, які размешчаны на базе РНПЦ псіхічнага здароўя, працуе па доўгатэрміновай праграме, якая ўключае ў сябе некалькі перыядаў агульнай працягласцю 28 дзён.

Падчас рэабілітацыі пацыентаў да працэсу падключаюцца сацыяльныя работнікі, валанцёры, грамадскія арганізацыі. У гэты ж перыяд у РНПЦ запрашаюцца прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, каб у далейшым сацыялізаваць пацыентаў і даць ім магчымасць знайсці работу, атрымаць новую адукацыю, спецыяльнасц­ь. Калі пацыенты атрымаюць работу, гэта, па меркаванні А.В.Калбасавай, будзе асноўная ступень развіцця. Галоўная задача, якую ставяц­ь перад сабой спецыялісты, — дапамагчы пацыентам набыць новы сацыяльны статус, вярнуць іх да самастойнага жыцця без ужывання псіхаактыўных рэчываў.

Праблема распаўсюджвання і ўжывання наркотыкаў сярод непаўналетніх хвалюе не толькі сілавыя структуры і медыцыну. Усю сур’ёзнасць праблемы разумеюць і прадстаўнікі сістэмы адукацыі.

Эдуард Валянцінавіч Тамільчык, начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, паведаміў, што ўстановы адукацыі ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі праводзяц­ь пастаянную комплексную мэтанакіраваную работу па прафілактыцы наркаманіі сярод дзяцей і моладзі, а таксама працуюць на фарміраванне ўстойлівай матывацыі навучэнцаў да здаровага ладу жыцця.

Падыходы па прафілактыцы наркаманіі сярод дзяцей і моладзі накіраваны на навучанне дзяцей, падрыхтоўку і перападрыхтоўку педагагічных кадраў, а таксама інфармацыйную падтрымку бацькоў.

“Штогод ва ўстановах адукацыі право­дзяцца псіхасацыяльнае анкетаванне і медыцынскія агляды, накіраваныя на выяўленне сярод навучэнцаў і студэнтаў выпадкаў ужывання псіхаактыўных рэчываў, алкаголю, — адзначыў Э.В.Тамільчык. — Установы адукацыі рэалізоўваюць і распрацоўваюць планы і праграмы па арганізацыі прафілактычнай работы з навучэнцамі і з удзелам баць­коў. Штогод арганізоўваецца выкананне навукова-даследчых работ, накіраваных на ўдасканаленне дзейнасці педагагічных работнікаў па прафілактыцы наркаманіі. Акрамя гэтага, выдадзены метадычны дапаможнік па прафілактыцы залежных паводзін навучэнцаў”.

Сёння арганізавана навучанне для педагогаў, спецыялістаў сістэмы адукацыі сучасным тэхналогіям прафілактычнай работы. Ва ўстановах адукацыі, на канферэнцыях, вэбінарах, круглых сталах для кіраўнікоў і спецыялістаў выкладаецца тактыка выяўлення тых навучэнцаў, якія знаходзяцца ў стане наркатычнага ап’янення, а таксама дзяцей, якія ўжываюць наркатычныя ці псіхатропныя рэчывы і іх аналагі. Для навучання педагогаў на мерапрыемствы запрашаюцца прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, такіх як “Маці супрац­ь наркотыкаў”, “Пазітыўны рух”, беларуская арганізацыя клубаў ЮНЕСКА. Распрацаваны прафілактычныя відэаролікі, што дэманструюцца на факультатыўных занятках, а таксама на мерапрыемствах прафілактычнага кірунку.

Ажыццяўляецца пастаянная работа па забеспячэнні ўстаноў адукацыі неабходнай метадычнай літаратурай, відэапрэзентацыямі, электроннымі трэнінгамі, дакументальнымі фільмамі і іншымі дэманстрацыйнымі матэрыяламі. Ва ўстановах адукацыі, згодна з планамі работы, праводзяцца бацькоўскія сходы па пытаннях прафілактыкі супрацьпраўных паводзін. На інтэрнэт-сайтах і інфармацыйных стэндах устаноў адукацыі размешчана інфармацыя аб прафілактычных мерапрыемствах, дзе расказваецца аб адказнасці за незаконны абарот наркатычных сродкаў, аб распіцці алкагольных напіткаў і наступствах іх ужывання, а таксама аб знешніх прыкметах наркатычнага і алкагольнага ап’янення. Створаны і на пастаяннай аснове працуюць інфармацыйныя групы ўстаноў вышэйшай адукацыі ў сацыяльных сетках.

“Увогуле, ва ўстановах адукацыі вялікая ўвага ўдзяляецца занятасці дзяцей і мола­дзі ў вольны час, асабліва тых навучэнцаў, якія знаходзяцца на розных формах уліку. Дзеці прымаюць актыўны ўдзел у спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах, у тым ліку ў шосты школьны дзень. Дарэчы, спартыўныя залы працуюць і па вечарах”, — расказаў Эдуард Валянцінавіч.

Безумоўна, калі дзеці заняты, у іх менш шансаў звязацца не з той кампаніяй, пакаштаваць штосьці забароненае. Але хто бу­дзе сачыць за падлеткамі? Бацькі, нават калі ёсць падазрэнні, прывыклі давяраць сваім дзецям. Таму сітуацыі, калі за распаўсю­джваннем наркотыкаў стаяць непаўналетнія, заўсёды пужаюць. Чытаючы адпаведныя навіны, хтосьці спачувае бацькам дзяцей, а нехта ўпэўнены, што падлеткі не разуме­юць усёй адказнасці, да якой прыводзіць падобная “гульня”, таму лічаць пакаранне, да якога прыцягваюць за наркатычнае злачынства, несправядлівым. Як бы там ні было, ужыванне і распаўсюджванне наркотыкаў непаўналетнімі даўно стала агульнай бядой. Справіцца з ёй не змогуць ні справаздачы, ні планы барацьбы, прыгожа напісаныя на паперы. Дапамогуць, як бы гэта банальна ні гучала, толькі больш дзейсная прафілактыка і індывідуальны падыход да кожнага, хто па ўласным глупстве з надзеяй на лёгкую нажыву заграз у тым балоце, выбрацца з якога бывае цяжка, нават калі табе дапамагаюць. Толькі якімі яшчэ павінны быць прафілактычныя меры, каб спыніць гэта?

Наталля САХНО.