Гарантыі і кампенсацыі

На што могуць разлічваць маладыя педагогі?

У любой сферы прафесійнай дзейнасці, і педагогіка не выключэнне, узнікаюць спрэчныя пытанні. Вырашыць іх самастойна не заўсёды атрымліваецца па прычыне не зусім дасканалых ведаў сваіх правоў. І калі вопытныя педагогі могуць параіцца з калегамі ці звярнуцца да дакументаў, то маладыя настаўнікі, якія толькі прыйшлі працаваць у галіну, губляюцца. Яны не ведаюць, што рабіць у выпадку, калі патрабуюць пераразмеркавання, як знайсці жыллё і ці мае права наймальнік працаўладкаваць іх на няпоўную стаўку. Што рабіць, калі інтарэсы работадаўцы ідуць у разрэз з інтарэсамі маладога спецыяліста? Да каго звярнуцца па падтрымку?

На самыя важныя пытанні адказалі начальнік галоўнага ўпраўлення юрыдычнай работы і прававога забеспячэння Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Марына Васільеўна ЛАЗАР і галоўны прававы інспектар Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Васільеўна МАНЮК.

Год назад уступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў ад 25 ліпеня 2018 года № 527, якой былі ўнесены змены ў Палажэнне аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу выпускнікоў. Што было дапоўнена і зменена?

Пастановай № 527 быў унесены шэраг змен у Палажэнне аб парадку размеркавання, пераразмеркавання і накіравання на работу выпуск­нікоў. Так, быў дэталізаваны тэрмін размеркавання выпускнікоў. Да ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў размеркаванне выпуск­нікоў ажыццяўлялася не пазней чым за 2 месяцы да заканчэння навучання ва ўстанове адукацыі. Пасля ўнясення змен гэты тэрмін цяпер мае рэкамендацыйны характар.

Такім чынам, сёння камісіі прадастаўлена права размеркаваць выпускніка пазней чым за 2 месяцы да заканчэння навучання ва ўстанове адукацыі пры наяўнасці пэўных праблем у пытаннях размеркавання.

Устаноўлены парадак пераразмеркавання маладых спецыялістаў, маладых рабочых (служачых), якія выказалі добраахвотнае жаданне паступіць на ваенную службу па кантракце.

Пераразмеркаванне выпускнікоў, маладых спецыялістаў, маладых рабочых (служачых) ажыццяўляецца ў выпадках і на ўмовах, устаноўленых артыкулам 85 Кодэкса аб адукацыі, а таксама калі выпускнік выказвае добраахвотнае жаданне паступіць на ваенную службу па кантракце. У такім выпадку пераразмеркаванне ажыццяўляецца ўстановай адукацыi на працягу тэрмінаў абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні.

Для таго каб пытанне аб пераразмеркаванні ў сувязі з паступленнем на ваенную службу па кантракце  было перагледжана, выпускнік, малады спецыяліст ці малады рабочы (служачы) звяртаецца ў тую ўстанову адукацыі, якая накіроўвала на работу.

Таму маладому спецыялісту, якому месца працы было прадастаўлена шляхам размеркавання і які выказаў жаданне добраахвотна паступіць на ваенную службу па кантракце, акрамя дакументаў, указаных у пункце 16 палажэння, неабходна прадаставіць ліст з Міністэрства абароны ці іншага дзяржаўнага органа, у якім прадугледжана ваенная служба, аб згодзе на заключэнне кантракта аб праходжанні ваеннай службы.

Акрамя гэтага, дапоўнены парадак далейшага накіравання на работу маладых спецыялістаў (выпуск­нікоў), накіраваных на работу  ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы.

Згодна з пастановай № 527, дапоўнены парадак далейшага накіравання на работу маладых спецыялістаў (выпускнікоў), першае рабочае месца якіх вызначана ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы.

Згодна з п. 21 палажэння, для разгляду пытання аб далейшым накіраванні на работу выпускнік, малады спецыяліст, малады рабочы (служачы) таксама павінны прадаставіць ва ўстанову адукацыі ліст аб тым, што наймальнік, які заключыў з ім дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы, згодны на звальненне гэтага маладога спецыяліста.

Разам з гэтым у лісце аб згодзе наймальніка на звальненне выпуск­ніка павінна ўтрымлівацца інфармацыя аб тым, што рашэнне ўзгод­нена з рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання (мясцовым выканаўчым і распарадчым органам), iншым дзяржаўным органам ці арганiзацыяй, у падпарадкаванні якіх знаходзіцца наймальнік.

У палажэнні таксама прапісана падстава, згодна з якой можна звольніць маладых спецыялістаў, рабочых (служачых) ці перавесці iх на работу, якая не звязана з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй. У пастанове растлумачана, у якім выпадку гэта можна зрабіць да заканчэння прапісанага ў пасведчанні аб накіраванні на работу тэрміну абавязковай адпрацоўкі.

Згодна з п.33 палажэння, такой падставай з’яўляецца наступнае накіраванне на работу маладога спецыяліста, маладога рабочага (служачага).

Унесены змяненні і дапаўненні ў Палажэнне аб парадку пакрыцця ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, якія затрачаны дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спецыяліста, рабочага, служачага і інш.

Ці часта здараюцца сітуа­цыі, калі малады спецыяліст хоча пераразмеркавацца? Ці можна атрымаць дазвол на пераразмер­каванне да іншага наймальніка?

Безумоўна, такія выпадкі не рэдкасц­ь. Маладога спецыяліста можна пераразмеркаваць у тым выпадку, калі згодны той наймальнік, да якога перша­пачаткова быў размеркаваны малады спецыяліст, і калі ёсць гарантыйны ліст ад іншага наймальніка, які згодны ўзяць на работу маладога спецыяліста.

Што тычыцца ўстаноў адукацыі, яны на працягу тэрмінаў абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні, вызначаных пунктам 3 артыкула 83 Кодэкса аб адукацыі, ажыццяўляюць размеркаванне (пераразмеркаванне) выпускнікоў у некалькіх выпадках. Такім чынам, пераразмеркаванне магчыма, калі наймальнік адмовіў у прыёме на работу выпускніку, які накіраваны на работу ў адпаведнасці з заяўкай гэтага наймальніка ці згодна з дагаворам аб узаемадзеянні, падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага).

Другім выпадкам пераразмеркавання з’яўляецца немагчымасць прадастаўлення месца адпрацоўкі ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй пасля заканчэння ваеннай службы па прызыве ва Узброеных Сілах, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях краіны, нават калі ў выпускніка ёсць жаданне працаваць па размеркаванні.

Акрамя гэтага, пераразмеркаванне магчыма, калі малады спецыяліст пераводзіцца ад аднаго наймальніка да іншага (пункт 4 артыкула 35 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) па ўзгадненні паміж імі.

Падставай для пераразмеркавання з’яўляецца адлічэнне з установы адукацыі (арганізацыі, якая рэалізуе адукацый­ныя праграмы пасляўніверсітэцкай адукацыі) маладога спецыяліста, які быў прыняты для атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню і разам з гэтым не адпрацаваў абавязковы тэрмін па размеркаванні пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спе­цыяльнай ці вышэйшай адукацыі.

Размеркаванне і пераразмеркаванне выпускнікоў таксама магчыма, калі з імі быў скасаваны працоўны дагавор у выпадках, прадугледжаных пунктам 3 артыкула 88 Кодэкса аб адукацыі. Да такіх выпадкаў адносяцца сітуацыі, калі ў маладога спецыяліста, маладога рабочага (служачага) узнікаюць прычыны, пры якіх месца працы выпускніку было прадастаўлена ў парадку, якi прадугледжаны пунктам 6 артыкула 83 Кодэкса аб адукацыі, а таксама ў іншых выпадках, вызначаных урадам.

Увогуле, тэрмін абавязковай адпрацоўкі па пераразмеркаванні вызначаецца адпаведным тэрмінам і памяншаецца на час, адпрацаваны выпускніком па размеркаванні.

У тэрмін абавязковай адпрацоўкі па пераразмеркаванні па жаданні выпускніка залічваюцца перыяд ваеннай службы па прызыве, службы ў рэзерве ва Узброеных Сілах, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях краіны, а таксама перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў і іншыя перыяды, якія вызначаюцца ўрадам.

Выпускнікі, якія працуюць па пераразмеркаванні, з’яўляюцца на працягу тэрміну абавязковай адпрацоўкі маладымі спецыялістамі, маладымi рабочымi (служачымi).

Выпускнiкам, якiя былі пераразмеркаваны, выдаецца пасведчанне аб накіраванні на работу. А парадак пераразмеркавання выпускнікоў у частцы, якая не ўрэгулявана гэтым Кодэксам аб адукацыі, вызначаецца ўрадам, калі іншае не ўстаноўлена прэзідэнтам.

Як, згодна з заканадаўствам, у краіне можа адбывацца прыём маладога спецыяліста на работу? У чым перавагі працоўнага найму на нявызначаны тэрмін перад кантрактам, які строга вызначае тэрмін работы? Як часцей за ўсё прымаюцца на работу маладыя педагогі і ці могуць маладыя спецыялісты самі выбіраць форму працоўнага пагаднення?

Прыём на работу маладых спе­цыялістаў адбываецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы. Згодна з артыкулам 26 Працоўнага кодэкса, малады спецыяліст прад’яўляе наймальніку дакумент аб адукацыі або дакумент аб навучанні, які пацвярджае наяўнасц­ь правоў на выкананне адпаведнай работы, працоўную кніжку, калі яна ёсць, пасведчанне аб накіраванні на работу, дакументы воінскага ўліку, пашпарт.

Згодна з артыкулам 28 Працоўнага кодэкса, папярэдняе выпрабаванне пры заключэнні працоўнага дагавора (кантракта) маладому спецыялісту, які атрымаў прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і пасляўнівер­сітэцкую адукацыю, не праводзіцца.

У адпаведнасці з працоўнымі дагаворамі, якія заключаны ў галіне адукацыі з маладымі спецыялістамі, кантракты падчас прыёму на работу могуць быць заключаны з іх пісьмовай згоды ў межах максімальнага тэрміну дзеяння, але на тэрмін не меншы, чым тэрмін абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні.

Кантракты заключаюцца пры ўмове павышэння тарыфнай стаўкі (акладу) не больш чым на 50% і прадастаўлення дадатковага заахвочвальнага адпачынку да пяці каляндарных дзён. У адрозненне ад кантрактаў, у працоўных дагаворах, якія заключаны на нявызначаны тэрмін, меры матэрыяльнага стымулявання працы не прадугледжаны.

Тое, якой форме працоўнага пагаднення спецыяліст аддасць перавагу — кантракту або працоўнаму дагавору, вызначаюць самі маладыя людзі.

Перш чым падпісваць якія-небудзь дакументы, уважліва іх перачытайце. Калі нешта незразумела, не саромейцеся ўдакладняць. У першы працоўны дзень вас пазнаёмяць са службовымі інструкцыямі, калектыўным дагаворам і правіламі ўнутранага распарадку. Калі наймальнік парушае ўмовы кантракта, смела звяртайцеся па дапамогу да спецыялістаў прафсаюзнай арганізацыі. Яшчэ адзін момант: калі да размеркавання выпускнік працаваў на прадпрыемстве, яму лепш звольніцца і заключыц­ь новы дагавор. У такім выпадку ён не страціць статус маладога спецыяліста.

Ці могуць выпускнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія атрымлівалі адукацыю за кошт дзяржаўнага бю­джэту і якім не было прадастаўлена месца адпрацоўкі, самастойна праца­ўладкавацца і не вяртаць грошы, затрачаныя на іх навучанне, у дзяржаўны бюджэт?

Пераразмеркаванне выпускнікоў, маладых спецыялістаў, маладых рабочых у выпадках і на ўмовах, устаноўленых у артыкуле 85 Кодэкса аб адукацыі, а таксама пры жаданні выпускніка добраахвотна паступіць на ваенную службу па кантракце, ажыццяўляецца ўстановай адукацыi на працягу тэрмінаў абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні, вызначаных пунктам 3 артыкула 83 Кодэкса аб адукацыі.

У выпадку немагчымасці прадастаўлення камісіяй падчас пераразмеркавання месца работы ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй выпускнік, малады спецыяліст, малады рабочы (служачы) пры наяўнасці устаноўленых у артыкуле 88 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі падстаў для вызвалення ад звароту сродкаў у рэспубліканскі ці мясцовы бюджэт, якія былі затрачаны на яго падрыхтоўку, мае права звярнуцца ва ўстанову адукацыi за атрыманнем даведкі, каб працаўладкавацца самастойна.

Хто з выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі мае права вярнуць накіраванне на работу ва ўстанову адукацыі? Што рабіць, калі выпускнік адпрацаваў 1 год, а пасля вырашыў паступіць на больш высокую ступень адукацыі? Ці абавязкова ў такой сітуацыі спыняць працоўныя адносіны?

Згодна з п.33 Палажэння аб парадку размеркавання, звальненне маладых спецыялістаў або перавод iх на работу, якая не звязана з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй, да заканчэння названага ў пасведчанні аб накіраванні на работу тэрміну абавязковай работы забараняецца, за выключэннем некаторых выпадкаў.

Адным з такіх выпадкаў з’яўляецца залiчэнне ва ўстанову адукацыі на навучанне ў дзённай форме для атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню.

У адпаведнасці з патрабаваннямі ч.1 арт 35 Працоўнага кодэкса, працоўны дагавор можа быць спынены толькі на падставах, прадугледжаных Працоўным кодэксам.

У такой сітуацыі ініцыятыва звальнення зыходзіць ад работніка. А падставы для звальнення могуць быць наступныя. Так, звольніць работніка можна па яго ўласным жаданні (згодна з артыкулм 40 ПК у дачыненні да працоўных дагавораў, якія заключаны на нявызначаны тэрмін). Акрамя гэтага, спыніць працоўныя адносіны можна па пагадненні бакоў (п.1 ч. 2 арт. 35 ПК у дачыненні да любых відаў працоўных дагавораў).

У дачыненні да тэрміновых працоўных дагавораў (у тым ліку кантрактаў) таксама магчыма звальненне па патрабаванні работніка на падставе арт. 41 ПК.

Работнік абавязаны прыкласці да заявы на звальненне дакумент, які пацвярджае яго залічэнне ва ўстанову адукацыі для атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню па дзённай форме навучання. Як правіла, такім дакументам з’яўляецца даведка.

У адпаведнасці з патрабаваннямі п. 34 Палажэння аб парадку размеркавання, наймальнік абавязаны ў месячны тэрмiн з дня звальнення пісьмова паведаміць ва ўстанову адукацыі аб звальненні маладога спецыяліста.

Пастановай Савета Міністраў ад 22.06.2011 № 821 таксама зацверджана Палажэнне аб парадку пакрыцця ў рэспубліканскі ці мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спецыяліста, рабочага, служачага.

Згодна з п.4 Палажэння аб парадку пакрыцця ў выпадку непрыбыцця выпуск­ніка на месца працы ці на месца праходжання інтэрнатуры (для асоб, якія маюць вышэйшую медыцынскую ці фармацэўтычную адукацыю), яго пераводу або звальнення да заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі ці праходжання інтэрнатуры, наймальнік і выпускнік у месячны тэрмін паведамляюць пра гэта ва ўстанову адукацыі, якая выдала выпуск­ніку накіраванне на работу, ці інтэрнатуру, з указаннем прычын і дадатковымі дакументамі, якія пацвярджаюць права выпускніка на вызваленне ад пакрыцця выдаткаваных сродкаў.

Ці часта маладыя спецыялісты прымаюцца на работу на няпоўную стаўку, калі ёсць магчымасць даць педагогу поўную нагрузку? Ці не з’яўляецца гэта парушэннем заканадаўства?

У адпаведнасці з заканадаўствам, малады спецыяліст мае права на першае працоўнае вакантнае месца на поўную стаўку па той спецыяльнасці ці прафесіі, якая пазначана ў пасведчанні аб накіраванні на работу. Выпадкі, калі наймальнік прапануе работу не па спецыяльнасці або не на поўную стаўку, а таксама на час водпуску асноўнага работніка, які знаходзіцца дома і даглядае дзіця да 3 гадоў, здараюцца.

Усё залежыць ад таго, задавальняе гэта маладога спецыяліста ці не. Калі такая сітуацыя не падабаецца, малады спецыяліст мае права адмовіцца. І ў такім выпадку ён можа атрымаць пераразмеркаванне ці даведку аб  самастойным працаўладкаваннi.

У любым выпадку маладым спецыялістам, якія трапляюць у падобныя сітуацыі, рэкамендую звяртацца ў галіновы прафсаюз па параду і падтрымку.

Якія дакументы малады спецыяліст павінен прадаставіць наймальніку падчас заключэння працоўнага дагавора? У якім дакуменце можна азнаёміцца з адпаведным пералікам дакументаў?

Дакументы, якія прад’яўляюцца пры заключэнні працоўнага дагавора, вызначаны ў артыкуле 26 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Малады спецыяліст абавязаны таксама прад’явіць пасведчанне аб накіраванні на работу.

Ці залічваюцца сацыяльныя адпачынкі, у тым ліку водпуск па доглядзе дзіцяці, а таксама служба ў арміі, у перыяд адпрацоўкі? Ці ўзнікаюць у такіх сітуацыях спрэчныя моманты паміж наймальнікам і маладым спецыялістам? Што трэба зрабіць, каб пазбегнуць непаразуменняў?

Выпускнік, які атрымаў пасведчанне аб накіраванні на работу і быў прызваны на службу ва Узброеныя Сілы, павінен пiсьмова паведаміць аб гэтым ва ўстанову адукацыі і наймальніку.

За два месяцы да заканчэння тэрміну службы па прызыве выпускнік пiсьмова паведамляе наймальніку аб прыбыцці або непрыбыцці для працаўладкавання пасля заканчэння тэрміну службы.

Калі выпускнік, які атрымаў пасведчанне аб накіраванні на работу, ці малады спецыяліст, які быў прызваны на службу ва Узброеныя Сілы, пасля заканчэння службы не працаўладкоўваецца па месцы размеркавання, якое пазначана ў пасведчанні аб накіраванні на работу, ён звяртаецца ва ўстанову адукацыi па пераразмеркаванне ці атрыманне даведкі аб самастойным працаўладкаванні.

Выпускнік, які атрымаў прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі і які быў прызваны на  службу ў армію да ці пасля свайго праца­ўладкавання, пасля заканчэння службы абавязаны дапрацаваць устаноўлены дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы тэрмін абавязковай адпрацоўкі.

Што да непаразуменняў, яны, безумоўна, здараюцца. Тое, якія могуць быць непаразуменні, а таксама іншыя спрэчныя выпадкі, вызначаны ў адпаведных заканадаўчых актах. У асноўным узнікаюць пытанні, якія тычацца прызыву на службу ў войска, лістоў непрацаздольнасці, заяў аб прадастаўленні водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў.

Самай сур’ёзнай праблемай для маладых спецыялістаў з’яўляецца жыллёвае пытанне. Як яно вырашаецца? Ці дапамагаюць аддзелы па адукацыі знайсці маладым педагогам месцы ў інтэрнатах?

Многія выпускнікі здзіўляюцца, калі даведаюцца, што наймальнік не забяспечыць іх дахам над галавой. Афіцыйна нідзе не замацавана, што ў дадатак да працоўнага месца павінны прадастаўляцца квадратныя метры. Але наймальнік зацікаўлены ў замацаванні маладых кадраў на месцах, таму мясцовыя органы ўлады, аддзелы адукацыi, арганізацыйныя структуры галіновага прафсаюза шукаюць магчымасць дапамагчы работніку камфортна ўладкавацца на новым месцы. Так, маладым спецыялістам прапануюцца пакоі ў інтэрнатах. Акрамя гэтага, маладых спецыялістаў ставяць на чаргу на арэнднае жыллё, шукаюць варыянты кватэр, якія можна наймаць. Калі спецыяліст размяр­коўваецца не па месцы пастаяннай рэгістрацыі, яму павінны прадаставіць кампенсацыю ў сувязі з пераездам. Арганізацыя павінна пакрыць кошт праезду выпускніка і яго членаў сям’і (мужа, жонкі, дзяцей, бацькоў мужа і жонкі, якія знаходзяцца на іх утрыманні і якія пражываюць разам з імі), аплаціць расходы па перавозцы багажу і выплаціць аднаразовую дапамогу ў памеры акладу для самога маладога спецыяліста і чвэрць ад сумы акладу — кожнаму члену сям’і.

Маладым спецыялістам, маладым рабочым (служачым), а таксама выпускнікам, якія пералічаны ў пункце 5 артыкула 84 Кодэкса аб адукацыі, абласныя, а таксама Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў і наймальнікі ў адпаведнасці з заканадаўствам могуць устанаўліваць грашовую дапамогу, выдзяляць сродкі з мэтай кампенсацыі расходаў на наём жылых памяшканняў.

Калі выплачваецца першая зарплата і ці аказваецца дадатковая фінансавая дапамога маладым спецыялістам і маладым сем’ям, якія выхоўваюць маленькіх дзяцей?

Заработная плата выплачваецца не радзей чым два разы ў месяц у тэрміны, якія вызначаны ў калектыўным дагаворы з указаннем дакладных дат. Фінансавая падтрымка маладым спецыялістам, якія маюць дзяцей, таксама аказваецца ў выпадках і памерах, вызначаных калектыўным дагаворам. Таму маладыя спецыялісты абавязкова павінны вывучыць гэты дакумент, каб ведаць свае правы і тое, на што могуць разлічваць.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.