Дом гарманічных адносін

Сацыяльна-педагагічная работа прадугледжвае шмат форм і метадаў яе ажыццяўлення. Напрыклад, клубная работа аб’ядноўвае людзей з аднолькавымі інтарэсамі на прынцыпах самадзейнасці і самакіравання. Стрыжнем такога аб’яднання можа стаць школа, яе сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба. Так адбываецца і ў Заямнаўскай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, дзе з 2017 года паспяхова працуе дзіцяча-бацькоўскі клуб.

Калі расказваць з самага пачатку, то варта вярнуцца яшчэ на 2 гады назад, калі ў школе адкрыўся бацькоўскі клуб “Мудрасці баць­коўскай любові” па ініцыятыве сацыяльнага педагога Таццяны Юр’еўны Кухарчык.  Галоўнай задачай клуба было павышэнне педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў у пытаннях выхавання і развіцця, захавання і ўмацавання здароўя дзяцей, далучэнне мам і татаў да супрацоўніцтва з калектывам установы адукацыі.

— Клубная работа дазволіла вырашыць яшчэ адну задачу — арганізаваць сумесны адпачынак дзяцей і дарослых, — расказвае Таццяна Юр’еўна. — Сумесны ўдзел бацькоў і дзяцей у рабоце клуба выклікае ў іх станоўчыя эмоцыі, фарміруе сямейнае адзінства, гордасць членаў сям’і адно за аднаго. У сувязі з гэтым у верасні 2017 года ў палажэнні і статут клуба былі ўнесены змяненні. Яго назва, а з ёй і асноўная мэта работы таксама змяніліся. З таго часу гэта аказанне практычнай псіхолага-педагагічнай падтрымкі і дапамогі бацькам і дзецям па развіцці іх адносін шляхам арганізацыі сумесных пасяджэнняў, атрымання псіхалагічных і педагагічных ведаў і ўменняў, прадастаўленне магчымасці зносін і абмену вопытам у вырашэнні праблемы бацькоўскай і дзіцячай адказнасці.

Пляцоўка для адкрытага абмеркавання праблем, якія існуюць паміж дарослымі і дзецьмі, у нефармальнай сяброўскай атмасферы, для навучання з дапамогай спецыялістаў, сапраўды, выглядае перспектыўнай формай работы. Асабліва калі ўлічваць, што планаванне дзейнасці клуба адбываецца на аснове аналізу запытаў школьнікаў, іх мам і татаў. Для гэтага сацыяльны педагог у канцы навучальнага года прапаноўвае ўдзель­нікам клуба запоўніць анкету “Дзіцяча-бацькоўскі клуб: уражанні, прапановы, пажаданні”.  

У савет клуба ўваходзяць 10 чалавек, але яго ўдзельнікі могуць мяняцца ў залежнасці ад іх патрэб і інтарэсаў. У пасяджэннях удзельнічаюць як бацькі, так і дзеці з сем’яў, якія патрабуюць асаблівай увагі. Часцей за ўсё людзі збіраюцца ў шосты школьны дзень, што зручна для дарослых.

— У рабоце клуба аддаю прыярытэт найбольш эфектыўным педагагічным сродкам, такім як адсутнасць рэгламентавання, даверлівыя пазітыўныя адносіны, свабодны выбар дзецьмі і бацькамі ролевага ўдзелу ў рабоце, гульнявыя і спаборніцкія элементы, апора на асабісты вопыт баць­коў, — гаворыць мая суразмоўніца. — Выкарыстоўваю пераважна калектыўныя формы работы. Гэта дазваляе дзяліцца вопытам, пашыраць сацыяльныя кантакты сем’яў. Часцей за ўсё прапаноўваю ўдзельнікам клуба сацыяльна-педагагічныя практыкумы, гадзіны зносін, літаратурна-музычныя і конкурсна-забаўляльныя праграмы, бо лічу, што менавіта гэтыя формы работы выклікаюць цікавасць як у дзяцей, так і ў дарослых.

У дзейнасці дзіцяча-бацькоўскага клуба педагог стараецца выкары­стоўваць сучасныя падыходы. Таму галоўная тэндэнцыя — прымяненне актыўных і інтэрактыўных прыёмаў і метадаў узаемадзеяння бацькоў і дзяцей, пры якіх удзельнікі  не пасіўныя назіральнікі, а актыўныя ўдзель­нікі працэсу. Часта выкарыстоўвае метад Case-study — аналіз канкрэтных сітуацый, што ўзнікаюць на практыцы. Метад дазваляе бацькам прымяняць атрыманыя тэарэтычныя веды для вырашэння пэўнай праблемы: яны аналізуюць сітуацыю і выбіраюць альтэрнатыўныя шляхі вырашэння праблемы.

— Вялікае значэнне мае тое, што інавацыйныя метады  ставяць баць­коў ў актыўную пазіцыю, і ў выніку яны пачынаюць паводзіць сябе прынцыпова інакш, чым раней, з пасіўных слухачоў ператвараюцца ў актыўных удзельнікаў, — тлумачыць сваю канцэпцыю спецыяліст. — Гэтаму спрыяюць, напрыклад, трэнінгі бацькоў­ска-дзіцячых адносін; інфармацыйныя дні; тэматычныя бацькоўскія лекторыі, на якіх прысутнічаюць прадстаўнікі мясцовых органаў улады; ролевае мадэляванне і інш.

Нават такую звыклую форму работы, як пасяджэнне клуба, Таццяна Юр’еўна лічыць за лепшае право­дзіць у форме дыскусій, круглых сталоў, дыягностыкі, рэфлексіі, абмену вопытам і г.д. Для замацавання ў бацькоў і дзяцей практычных уменняў і навыкаў, што спрыяе засваенню тэарэтычных ведаў, спецыяліст выкарыстоўвае практыкумы. Так, у клубе праходзілі практыкумы па пытаннях узаемадзеяння бацькоў з падлеткамі: “Насустрач адно аднаму”, “Праблема бацькоў і дзяцей, або Як навучыцца разумець сваё дзіця”, “Дом гарманічных адносін”, “Бацькоўскі ўніверсітэт, або Вучыцца ніколі не позна”. Аналіз бацькамі паводзін дзіцяці дапамагае ім зразумець матывы яго ўчынкаў, псіхалагічныя і ўзроставыя патрэбы, актывізуе іх імкненне да ўласных поспехаў і памылак, да абмену вопытам.

У мінулым навучальным го­дзе Т.Ю.Кухарчык  апрабавала такую інавацыйную форму арганізацыі пася­джэнняў клуба, як сямейнае шоу — “Гэта маё дзіця”, “Мой тата самы, самы, самы…”. Такая форма работы, лічыць сацыяльны педагог, згуртоўвае сям’ю, дае магчымасць убачыць адно аднаго ў новых абставінах.

Традыцыйнымі сталі літаратурна-музычныя і конкурсна-забаўляльныя праграмы. Кіраўнік клуба лічыць, што яны ствараюць умовы для раскрыцця творчых і артыстычных здольнасцей дзяцей. Напрыклад, былі праведзены літаратурна-музычная праграма “Вясенні настрой, або Мамам — нашы цяпло і любоў”, гульнявая забаўляльная праграма “Востраў сямейных скарбаў”, забаўляльная — “Калі ёсць сям’я, значыць, шчаслівы я”.

Асаблівую ўвагу спецыяліст удзя­ляе фарміраванню ва ўдзельнікаў клуба ўяўлення аб ролі бацькі ў выхаванні дзяцей, актыўнай мужчынскай пазіцыі ў выхаванні.

— На першае пасяджэнне клуба для татаў мужчыны ішлі з апаскай, — прыгадвае Таццяна Юр’еўна, — без асаблівага энтузіязму. Аднак з кожным годам колькасць татаў, якія прымаюць удзел у нашых мерапрыем­ствах разам з дзецьмі, павялічваецца, з’явіліся мужчыны, які сталі пастаяннымі і актыўнымі ўдзельнікамі клуба.

Не забываюць у клубе і пра такую форму работы, як правядзенне выстаў сумесных вырабаў бацькоў і дзяцей. На выставе “Разам з мамай удваіх утульным зробім наш дом” былі прадстаўлены работы ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Закрыццё выставы прайшло ў форме сямейнага вернісажу “Усім нам разам даспадобы”, на якім мамы і таты правялі майстар-класы па розных тэхніках.

Эфектыўным метадам работы Таццяна Юр’еўна лічыць і прэзентацыю, якая дазваляе пазнаёміць удзель­нікаў клуба з новым чалавекам. Гэты метад ляжыць у аснове практыкавання “Хвальба”. Метад мазгавога штурму педагог выкары­стоўвае для таго, каб сабраць як мага больш ідэй удзельнікаў па якім-небудзь пытанні (напрыклад, скласці партрэт ідэальнага падлетка або ідэальных баць­коў).

Школьнікам Т.Ю.Кухарчык прапаноўвае ствараць відэаролікі на пэўную тэму, якая будзе разглядацца на пасяджэнні клуба. Так, дзеці зрабілі слайд-шоу “Вось якія нашы мамы”, “Мой тата самы, самы, самы…”, відэаінтэрв’ю “Што значыць для мяне мая сям’я”, “Якія яны, нашы мамы”.

На менш важным Таццяна Юр’еў­на лічыць заахвочванне актыўных баць­коў.

— Пры любой магчымасці стараюся пахваліць бацькоў, — гаворыць яна, — бо, як пісаў Ларашфуко, пахвала карысная хаця б таму, што ўмацоўвае нас у нашых добразычлівых намерах. За актыўны ўдзел у жыцці клуба ўзнагароджваю яго ўдзельнікаў граматамі і падзячнымі лістамі ад школы і нават медалямі “Самая лепшая мама ў свеце”, “Мой тата — самы лепшы”.

Педагог пераканана, што клуб як форма арганізацыі сумеснай дзейнасці дзяцей і бацькоў — важная і больш перспектыўная, чым многія традыцыйныя, форма работы. Вопыт паказвае, што сістэматычнае і мэтанакіраванае правядзенне пасяджэнняў, іншых мерапрыемстваў фарміруе і ў дарослых, і ў дзяцей ключавыя кампетэнцыі, дае магчымасць вырашаць шэраг праблем: адсутнасць сумеснага баўлення часу, нізкі ўзровень псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў, абядненне ўнутрысямейных адносін, адсутнасць неабходнай бацькоўскай адказнасці ў выхаванні і ўтрыманні дзяцей.

Клубная работа, як паказвае вопыт Т.Ю.Кухарчык, цалкам прыдатны і эфектыўны від дзейнасці ў вясковай школе, у невялікіх населеных пунктах, дзе ўсе ведаюць адно аднаго. Гэта пацвярджае тое, што і баць­кі, і дзеці з цікавасцю і ахвотай наведваюць пасяджэнні клуба, праяўляюць ініцыятыву пры арганізацыі мера­прыемстваў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Заямнаўскай сярэдняй школы.