Да 300 рублёў за месяц

Дзе школьніку знайсці работу падчас канікул?

Акрамя лагераў працы і адпачынку, магчымасць зарабіць грошы на кішэнныя расходы школьнікам прадастаўляюць арганізатары часовай працоўнай занятасці моладзi. У сваю чаргу работу падлеткаў рэгулююць артыкулы 21, 114, 272-282 Працоўнага кодэкса.

Часовая занятасць моладзі рэгламентуецца Палажэннем аб парадку арганізацыі і фінансавання часовай працоўнай занятасці моладзі, якая вучыцца ва ўстановах адукацыі, у свабодны ад вучобы час, што зацверджана пастановай Савета Міністраў № 958.

Куды звярнуцца падлетку, каб працаўладкавацца летам? Ці трэба, згодна з заканадаўствам, выдаваць школьнікам працоўную кніжку і колькі можна зарабіць за лета? На гэтыя і іншыя пытанні адказала галоўны спецыяліст камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля Сцяпанаўна СІЛІСТРОЎСКАЯ.

— Наталля Сцяпанаўна, якімі дакументамі ў краіне рэгламентуецца магчымасць падпрацоўкі для школьнікаў і студэнтаў?

— Магчымасць падпрацоўкі студэнтаў і навучэнцаў вызначаецца Працоўным кодэксам. Менавіта гэты заканадаўчы акт рэгламентуе, з якога ўзросту дзеці могуць прымацца на працу, а таксама на працягу якога часу дазваляецца праца­ваць. Акрамя гэтага, рэгламентуе парадак арганізацыі і фінансавання часовай працоўнай занятасці моладзі, якая вучыцца ва ўстановах адукацыі, у свабодны ад вучобы час. У ім адзначана, што фінансавыя сродкі, выдзеленыя з паза­бюджэтнага фонду, могуць выкарыстоўвацца не толькі для заработнай платы, але і для набыцця арганізатарамі спецвопраткі, інвентару, а таксама неабходных інструментаў, матэрыялаў, працоўных кніжак.

— Як правіла, колькі паступае прапаноў ад арганізатараў часовай працоўнай занятасці? І хто ўваходзіць у іх лік?

— У асноўным да ліку арганізатараў адносяцца ўстановы сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска, а таксама каледжы, ліцэі, “Зелянбуд” і Мінскі заапарк. Увогуле, часовая занятасць школьнікаў і студэнтаў у гэтым годзе арганізавана з сакавiка па лістапад. На гэты перыяд камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама заключыў 214 дагавораў, згодна з якімі дзеці будуць выконваць пэўныя вiды работ: па азеляненні, прыбіранні тэрыторыі, па рамонце мэблі, а таксама вырабе сувенірнай прадукцыі. Зразумела, што, напрыклад, вырабам сувенірнай прадукцыі займаюцца ў цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Што тычыцца агульнаадукацыйных устаноў, якія выступаюць у якасці работадаўцаў, тут пералік работ іншы: прыбіранне тэрыторыі і рамонт мэблі.

— Колькі грошай выдаткоўваецца на фінансаванне часовай працоўнай занятасці і на што трацяцца сродкі, якія выдзяляе Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва?

— У 2019 годзе ў нас дзве крыніцы фінансавання: сродкі бюджэту горада і фінансавыя сродкі з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Мiнiстэрства працы і сацыяльнай абароны. На гэты год з гарадскога бюджэту выдзелена 161 тысяча рублёў, а Фондам сацыяльнай абароны — 1 мільён 121 тысяча рублёў.

Камітэтам фінансуецца аплата працы дзяцей за фактычна адпрацаваны час, не больш, чым памер мінімальнай заработнай платы. Памер заробку непаўналетніх складае каля 250—300 рублёў. Увогуле, зарплата выдаецца за фактычна адпрацаваны час.

— Ці расце колькасць непаўналетніх, якія жадаюць зарабіць падчас летніх канікул?

— У мінулым годзе за ўвесь перыяд арганізаванай часовай працоўнай занятасці былі працаўладкаваны 4,5 тысячы чалавек. Сёлета плануецца забяспечыць работай каля 5 тысяч маладых людзей. У перыяд летніх канікул жадаючых папрацаваць заўсёды больш, чым падчас вучобы.

Трэба адзначыць, што, пакуль доўжыцца навучальны год, падлеткі 14—15 гадоў, згодна з заканадаўствам, могуць працаваць па 2 гадзіны 18 хвілін. Тыя, каму 16—17 гадоў, маюць права праца­ваць 3 гадзіны 30 хвілін. Атрымліваецца, што нават у школьны перыяд навучэнцы таксама могуць знайсці падпрацоўку. Безумоўна, выкон­ваць дазваляецца тыя віды работ, якія адносяцца да лёгкіх відаў і ўнесены ў пералік, зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Сярод іх — рамонт мэблі, работа з камп’ютарам, у тым ліку набор і апрацоўка тэкстаў, а таксама прыбіранне тэрыторыі.

— Якія віды работ найбольш папулярныя ў навучэнцаў? Ці ёсць сярод іх тыя, набор на якія закрываецца да пачатку летняга перыяду?

— Наўрад ці ў дзяцей ёсць рэйтынг папулярных і непапулярных спецыяльнасцей. У першую чаргу школьнікаў цікавіць магчымасць самастойна зарабіць грошы, а не атрымаць іх ад дарослых. Трэба адзначыць, што адным з любімых месцаў працы ў дзяцей з’яўляецца заапарк. Там яны займаюцца прыбіраннем і азеляненнем тэрыторыі. Да жывёл, безумоўна, непаўналетніх не падпускаюць, таму што гэта забаронена. Такім чынам, штогод на летні перыяд заключаюцца дагаворы з заапаркам.

Каб працаўладкавацца на час канікул, непаўналетнія прыходзяць у аддзел абслугоўвання грамадзян па месцы жыхарства, дзе атрымліваюць накіраванне на працу, пасля чаго звяртаюцца непасрэдна ў арганізацыю.

— З якімі праблемамі часцей за ўсё сутыкаюцца непаўналетнія, спрабуючы знайсці падпрацоўку?

— Насамрэч няма сур’ёзных перашкод для таго, каб па накіраванні працаўладкавацца ў рамках часовай працоўнай занятасці моладзі, якая вучыцца ва ўстановах адукацыі, у свабодны ад вучобы час. Адзінай падставай, каб адмовіць дзіцяці ў прыёме на працу, можа быць стан яго здароўя, пры якім забараняецца выконваць тыя ці іншыя віды работ. Таму спачатку непаўналетні павінен прайсці медкамісію для вызначэння прыдатнасці для прыёму на работу па той ці іншай прафесіі. У медыцынскай даведцы, якая мае ўстаноўленую форму і выдаецца непаўналетняму пасля праходжання камісіі, пазначаецца, прыдатны ён ці не для выканання пэўнага віду работ.

— Згодна з заканадаўствам, падлеткі могуць працаваць пачынаючы з 14 гадоў ад 2 да 3,5 гадзіны. Ці можа гэты час быць павялічаны на падставе заявы ад законных прадстаўнікоў дзіцяці?

— Не, гэта немагчыма. Час работы непаўналетніх строга вызначаны згодна з працоўным заканадаўствам. На падставе дакумента можна ўбачыць, што менш, чым дазваляецца законам, дзіця можа працаваць, але перавышаць часавы ліміт нельга. Адзінае, хачу заўважыць: згодна з заканадаўст­вам, дзеці прымаюцца на работу з 16 гадоў. З пісьмовага дазволу аднаго з бацькоў непаўналетнія мо­гуць быць прыняты на працу з 14-гадовага ўзросту. У асноўным так і адбываецца. Дзеці хо­чуць мець кішэнныя грошы, і гэта нармальна, а бацькі непаўналетніх падтрымліваюць іх у жаданні працаваць. Працуючы падчас канікул, непаўналетнія разумеюць, як зарабляюцца грошы, пачынаюць ставіцца да ўласна заробленых сродкаў прадумана, беражліва, а гэта дапамагае выхоўваць фінансава дасведчаных маладых людзей.

— Як на месцах адбываецца кантроль за дзецьмі, а таксама за выкананнем тэхнікі бяспекі? Хто са спецыялістаў замацаваны за непаўналетнімі?

— Калі дзеці прыходзяць працаваць, за імі замацоўваецца адказны чалавек, які сочыць не толькі за парадкам, выкананнем працоўнай дысцыпліны, але і за агульным станам непаўналетніх. Можа здарыцца так, што дзіцяці раптам стала дрэнна. У такім выпадку яно павінна звярнуцца да куратара, які альбо сам акажа першую медыцынскую дапамогу (у навучальных установах і іншых арганізацыях, куды працаўладковаўваюцца непаўналетнія, заўсёды павінны быць укамплектаваныя аптэчкі), або выкліча хуткую дапамогу, калі ў гэтым будзе неабходнасць. Дарэчы, дзіця пасля хваробы, што выпадае на час працы, павінна прынесці медыцынскую даведку ў арганізацыю, дзе працуе.

— Наталля Сцяпанаўна, хто выступае ў якасці наймальнікаў для студэнтаў? Што робіцца для таго, каб павялічыць пералік арганізацый, якія змаглі б і не баяліся прыняць моладзь на працу?

— Хачу акцэнтаваць увагу на тым, што камітэтам па працы ў мэтах пашырэння працаўладкавання студэнтаў і навучэнцаў прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі, каледжаў сфарміраваны і штомесяц актуалізуецца спіс прадпрыемстваў, якія заяўляюць аб гатоўнасці прымаць моладзь на працу. Са спісам прадпрыемстваў можна азнаёміцца на сайце камітэта. Што тычыцца пераліку спецыяльнасцей, на якія часова можна працаўладкавацца, выбар таксама ёсць. Так, студэнтаў прыма­юць на работу ў якасці ўкладчыкаў-упакоўшчыкаў, членаў брыгады рэстарана хуткага абслугоўвання і інш. Узровень заработнай платы па вакансіях вагаецца ў межах ад 330 да 450 рублёў.

— Такім чынам, куды ў першую чаргу трэба звяртацца школьнікам і студэнтам па пытаннях працаўладкавання i якiя дакументы неабходна мець з сабой?

— Моладзі трэба звярнуцца ў адзін з мясцовых аддзелаў абслугоўвання грамадзян упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы па месцы жыхарства.

Пры звароце падлеткам неабходна прадаставіць пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу, а таксама даведку, што пацвярджае навучанне ва ўстанове адукацыі, працоўную кніжку (пры яе наяўнасці).

I яшчэ раз хачу звярнуць увагу: для прыёму на працу непаўналетніх ва ўзросце 14—15 гадоў патрабуецца пісьмовая згода аднаго з бацькоў (усынавіцеляў, папячыцеляў).

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.