Калі дапамагаць, то з разуменнем
Гвалт у дачыненні да дзяцей нагадвае бясконцую эпідэмію з няўстойлівай рэмісіяй. Пасля непрацяглага зацішша зноў пачалі з’яўляцца навіны аб тым, што непаўналетнія становяцца ахвярамі сексуальнага насілля. Злачынствы супраць палавой недатыкальнасці дзяцей з’яўляюцца непрабачальнымі. Гнеў, з якім у адрас таго ці іншага злачынцы выказваюцца ў каментарыях староннія назіральнікі, — гэта паказальная рэакцыя на такога кшталту здарэнне. Тым не менш, абмяркоўваючы праблему, мы нават не ўяўляем, што адбываецца з псіхікай дзіцяці, якое стала бездапаможнай цацкай у руках чалавека з хворай фантазіяй. Вобраз незнаёмага гвалтаўніка яшчэ можна з цягам часу выдаліць з памяці, а што рабіць, калі такі чалавек жыве з дзіцем пад адным дахам?
Сёння пра адаптацыю дзяцей, якія сталі ахвярамі насілля, у тым ліку сексуальнага, расказвае педагог-псіхолаг Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццяна Леанідаўна КАНАШОНАК.
Таццяна Леанідаўна як псіхолаг-інтэрв’юер праводзіць апытанні дзяцей-сведкаў і ахвяр насілля, у тым ліку і сексуальнага, з’яўляецца трэнерам па мадэлі “ПРАЙД” па падрыхтоўцы кандыдатаў на ролю прыёмных бацькоў, усынавіцеляў, працуе як крызісны псіхолаг, а таксама ўваходзіць у склад творчай групы “Укараненне эфектыўных метадаў аказання псіхалагічнай дапамогі ў практыку работы педагогаў-псіхолагаў устаноў адукцыі” Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Таццяна Леанідаўна, як часта да вас па дапамогу звяртаюцца з праблемамі, звязанымі з адаптацыяй і сацыялізацыяй дзяцей, якія сталі ахвярамі насілля? Якія формы гвалту часцей за ўсё прымяняюцца ў адносінах да дзяцей?
— Злачынства супраць дзіцяці — гэта вялікае гора і цяжкая траўма як для дзіцяці, так і для яго бацькоў. Каб выйсці з шокавага стану, неабходна мець зладжаны механізм узаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі і спецыялістамі — псіхолагамі-інтэрв’юерамі.
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Разуменне” з’яўляецца ключавым механізмам у стварэнні і выкарыстанні міжсектарнага і міжведамаснага ўзаемадзеяння ў рэалізацыі праграм і праектаў па адаптацыі і ўкараненні ў нашай краіне міжнароднага вопыту, які накіраваны на папярэджанне насілля ў дачыненні да дзяцей. Акрамя гэтага, “Разуменне” спрыяе ўкараненню сяброўскай мадэлі ўдзелу дзіцяці-ахвяры і сведкі ў расследаванні злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды дзяцей, аказанні сяброўскай дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад насілля.
Увогуле, у вырашэнні пытанняў абароны дзяцей ад гвалту павінен быць сістэмны падыход. Такі падыход павінен складацца з трох этапаў. Першы з іх уключае ў сябе інструменты інфармавання аб выпадку (перш за ўсё варта тэлефанаваць не толькі ў міліцыю, Следчы камітэт, але і на агульнанацыянальную дзіцячую лінію). Другі этап — гэта расследаванне з выкарыстаннем спецыяльна навучаных следчых, псіхолагаў і спецыяльным дзесяцікрокавым пратаколам апытання. Трэці этап — рэабілітацыя пацярпелых дзяцей.
Адным з найбольш значных для Беларусі праектаў на цяперашнім этапе з’яўляецца праект “Дом разумення”. Ён з’яўляецца беларускім аналагам скандынаўскай мадэлі “Барнахюс” (“Дом дзіцяці”), у якой пацярпеламу ад гвалту дзіцяці аказваецца поўны комплекс паслуг, пачынаючы падрыхтоўкай і правядзеннем следчага апытання і заканчваючы рэабілітацыяй.
Сёння ў партнёрстве з сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі, а таксама ўстановамі адукацыі ў нашай краіне функцыянуе сетка дружалюбных да дзяцей пакояў апытання. Ініцыіравала такую з’яву МГА “Разуменне”. Сваю дзейнасць арганізацыя накіроўвае на дапамогу дзецям, якія сталі ахвярамі і сведкамі сексуальных злачынстваў.
За перыяд з лютага 2015 года па кастрычнік 2018 года па просьбе Следчага камітэта псіхолагам-інтэрв’юерам “Дома разумення” праведзена 55 апытанняў дзяцей-сведак і ахвяр гвалту, у тым ліку і сексуальнага.
У 2015 годзе былі зафіксаваны 6 апытанняў, у 2016 годзе было 8 апытанняў, у 2017 былі праведзены 7 апытанняў сярод ахвяр рознага тыпу гвалту, а ў 2018 годзе колькасць тых, каму спатрэбілася дапамога псіхолага ў пакоі апытання, дасягнула 34. Варта адзначыць, што “Дом разумення” арганізаваў работу з 9 рэгіёнамі Мінскай вобласці. Так, згодна з запытамі Следчага камітэта, у Барысаве за ўвесь час былі праведзены 37 апытанняў, у Жодзіне — 5, у Смалявічах — 4 і інш.
Што тычыцца ўзросту дзяцей, якія сталі ахвярамі гвалту, сярод іх тыя, каму ад 3 да 17 гадоў, 45 дзяўчынак і 10 хлопчыкаў.
У 30% выпадкаў гаворка ідзе пра ўнутрысямейны гвалт, у 5% выпадкаў гвалт здзяйсняў родны бацька, 10% — айчым. 25% непаўналетніх пацярпелі ад найбліжэйшага сацыяльнага асяроддзя. У такую катэгорыю ўваходзяць сваякі (брат, дзядуля, дзядзька), айчым, знаёмыя бацькоў і саміх пацярпелых, педагогі і інш. 10% непаўналетніх сталі ахвярамі на вуліцы. З іх 7% пацярпелі ад незнаёмцаў (дзеці раней не ведалі злачынцу), 3% пацярпелі ад вулічных эксгібіцыяністаў.
Які партрэт дзіцяці, якое стала ахвярай насілля? І наколькі складана працаваць з бацькамі, чые дзеці пацярпелі ад гвалту?
— Дзіця можа стаць ахвярай сексуальнага насілля ў любым узросце, таму дзецям важна ўмець адрозніваць нармальную ўвагу ад непрыстойнай. Я ўжо ўзгадвала, што і ў хлопчыкаў, і ў дзяўчынак, якія сталі ахвярамі сексуальнага насілля, падарваны вельмі важны кампанент, які дапамагае расці здаровай асобай. Зараз маю на ўвазе пачуццё асноўнага даверу да дарослых. Дзіця чакае, што пра яго патрэбы будуць клапаціцца.
Калі дзіця становіцца ахвярай гвалту з боку аднаго з бацькоў ці іншага дарослага, давер адразу рушыцца. Эмацыянальны рэгрэс, які здараецца з траўміраваным дзіцем, часта адкідвае малога назад, да той прыступкі даверу, на якой яно знаходзілася ў маленстве. Акрамя гэтага, у дзіцяці, якое стала ахвярай гвалту, рэгрэсіруюць і паводзіны, яны становяцца дзіцячымі.
Вынікам адсутнасці даверу да дарослых могуць стаць і дрэнныя адносіны з бацькамі. Пасля перажытага прыніжэння і здрады дзіця наогул перастае давяраць дарослым, у тым ліку і бацькам.
Згодна з назіраннямі спецыялістаў, наступствы перанесенага сексуальнага гвалту ў падлеткаў-хлопчыкаў прадстаўлены сімптомамі посттраўматычнага стрэсу рознай цяжкасці. Часцей за ўсё адзначаліся парушэнні сну, нізкая самаацэнка, пачуццё адрознення ад аднагодкаў, паніжаны фон настрою і трывожнасць, парушэнні ў паводзінах, дрэнная паспяховасць.
У групе хлопчыкаў ва ўзросце ад 4 да 7 гадоў, якія перажылі інцэст, найбліжэйшыя наступствы больш разнастайныя. Першым сімптомам інцэсту з’яўляецца рэзкае змяненне паводзін хлопчыкаў. Дзеці становяцца больш раздражняльнымі, капрызнымі, плаксівымі, у іх узнікае страх цемры. Больш спецыфічнымі прыкметамі інцэсту з’яўляюцца элементы рэгрэсіўных паводзін (энурэз і энкапрэз), яны спрабуюць сексуалізаваць гульні (імітацыя палавых зносін з цацкай). Асаблівай увагі патрабуе такое аддаленае наступства сексуальнага гвалту над хлопчыкамі, як фарміраванне ў іх агрэсіўных сексуальных паводзін. Хлопчыкі, якія падвяргаюцца гвалту ў дзяцінстве, самі могуць быць гвалтаўнікамі. Яшчэ адным наступствам насілля з’яўляецца магчымая гомасексуальная арыентацыя.
Бацькі пацярпелых дзяцей таксама адчуваюць цяжкую траўму і ціск з боку грамадства. Іх абвінавачваюць у тым, што яны не змаглі зберагчы дзіця. А дзеці ў сваю чаргу баяцца расказваць пра гвалт, таму што нагнятанне і страх ідуць менавіта ад бацькоў.
Раскажыце, калі ласка, пра дружалюбныя пакоі апытанняў. У чым іх карысць, як праходзяць размовы з дзіцем? Як зрабіць так, каб дзіцяці не нашкодзіць яшчэ больш? З чаго пачынаецца апытанне і колькі яно доўжыцца?
— На базе Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў снежні 2014 года быў адкрыты першы ў Мінскай вобласці пакой дружалюбнага апытання для дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту. Пакой, дружалюбны да дзяцей, дазваляе пазбегнуць шматразовых апытанняў пацярпелага дзіцяці. Падчас адной такой працэдуры ў памяшканні разам з непаўналетнім знаходзіцца толькі псіхолаг-інтэрв’юер, а астатнія ўдзельнікі працэсу назіраюць за тым, што адбываецца, у сумежным пакоі на экране тэлевізара. Кіруюць апытаннем супрацоўнікі Следчага камітэта. Пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе размовы, работнікі міліцыі і пракуратуры задаюць ахвяры злачынства праз псіхолага. Размова запісваецца і можа ў далейшым выкарыстоўвацца следствам. Выкарыстанне відэаканферэнцыі дазваляе мінімізаваць стрэс ад працэдуры апытання і дапамагае работнікам следчых органаў атрымаць найбольш дакладную інфармацыю аб падрабязнасцях, умовах злачынства.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца этыцы, бяспецы і абароне правоў кожнага дзіцяці. Вядома, што дзеці, якія перажылі гвалт, маюць патрэбу ў асаблівай увазе, разуменні і падтрымцы з боку ўсіх удзельнікаў працэсу: следчага, міліцыянера, псіхолага, эксперта, урача. Наяўнасць у непаўналетніх моцнага пачуцця віны не дазваляе ім абмяркоўваць сваю праблему ўголас і адразу: яны лічаць, што нейкім чынам справакавалі атаку ў адносінах да сябе (асабліва ў выпадку сексуальнага гвалту). Сорам не дае дзецям раскрывацца. Таму ў рабоце з непаўналетнімі важна пазбягаць закрытых або накіроўваючых пытанняў.
Як падрыхтаваць дзіця да размовы і гарантаваць яму псіхалагічную бяспеку?
— Першапачатковая дыгностыка будуецца на мяккім узаемадзеянні з дзіцем і павінна дапамагчы псіхолагу-інтэрв’юеру адказаць на пэўныя пытанні. У выпадку сексуальнага гвалту дыяпазон неабходнай інфармацыі для прадукцыйнай работы з дзіцем-ахвярай павінен быць пашыраны.
Важна памятаць, што на ўсіх этапах следчых дзеянняў неабходна ўдзяляць увагу найлепшай забяспечанасці інтарэсаў дзіцяці. Што тычыцца апытання, яно праводзіцца па спецыяльным алгартыме — 10 крокаў, вызначаных правіл размовы. Ні ў якім разе нельга задаваць падштурхоўваючых пытанняў. Правільнымі называюцца пытанні наступнага кшталту: “Раскажы, як гэта было”; “Раскажы, што здарылася”; “А што яшчэ можаш расказаць?”. Гэта значыць выкарыстоўваюцца пытанні, якія стымулююць дзіця да свабоднага аповеду.
Дарэчы, у пакоі апытання аказваецца шэраг бясплатных паслуг для малалетніх ахвяр і сведак гвалтоўных злачынстваў. Сярод іх — псіхалагічная падрыхтоўка да правядзення апытання, гутарка са спецыяльна падрыхтаваным псіхолагам, праходжанне ўсіх працэдур крымінальнага працэсу без кантакту з яго ўдзельнікамі, а таксама псіхалагічная і псіхатэрапеўтычная рэабілітацыя. Пры неабходнасці прадастаўляюцца паслугі для бацькоў і іншых членаў сям’і.
Ці можна з дзіцяці, якое стала ахвярай насілля, выгадаваць упэўненага ў сабе чалавека? Ці існуе верагоднасць, што дзіця, якое стала ахвярай насілля, вырасце і будзе помсціць за дзіцячыя праблемы іншым?
— Так, вельмі часта ў анамнезе людзей, якія здзейснілі злачынствы супраць палавой недатыкальнасці дзяцей, назіраецца такая ж траўма. Яны самі былі ахвярамі злачынства ці ўвогуле пакутавалі ад жорсткіх адносін. Зыходзячы з назіранняў, вопыту работы, магу сказаць, што вельмі часта гэта дзеці аўтарытарных мам, дзеці, якія не мелі дастаткова ўвагі, ласкі, любові ў сям’і. Зразумела, сярод злачынцаў ёсць вялікі працэнт людзей, якія раслі не ў сем’ях, а ў інтэрнатных, выхаваўчых установах.
Ці існуюць ускосныя паводзіны, якія могуць падказаць бацькам, што з іх дзецьмі адбылася бяда?
— Безумоўна, змены ў паводзінах назіраюцца. У маленькіх дзяцей часта развіваюцца фобіі, начныя кашмары. Яны пачынаюць сексуалізаваць гульні, якія не адпавядаюць узросту. Бацькам, настаўнікам варта звяртаць увагу на змяненне звычайнага псіхалагічнага стану непаўналетняга. Напрыклад, калі дзіця стала агрэсіўным, трывожным, больш актыўным, чым звычайна, ці, наадварот, затарможаным, палахлівым. Увогуле, любыя змены, якія адбываюцца з дзецьмі, павінны насцярожваць дарослых. І калі ўсё тое, што пералічана, вы заўважаеце, ці ёсць іншыя змены ў паводзінах, якія выклікаюць трывогу, трэба знайсці спрыяльны час і пагаварыць з непаўналетнім. Варта пачаць са звычайных пытанняў, даведацца, як справы, ці не пакрыўдзіў малога хто-небудзь. Калі ў вас ёсць падазрэнне, што над дзіцем здзяйсняецца гвалт, важна даць яму зразумець, што вы на яго баку, вы не пакараеце яго за тое, што яно вам раскажа праўду. Дарэчы, часта дзеці маўчаць менавіта з-за таго, што адчуваюць сваю віну. Калі гаварыць пра іншыя праяўленні гвалту, варта адзначыць, што самапавага ў такіх дзяцей парушана. Ім вельмі складана ўсталёўваць адносіны з навакольнымі, адаптавацца сярод равеснікаў, дарослых людзей. У траўміраваных дзетак уся псіхічная энергія траціцца на спробы спраўляцца з балючымі і цяжкімі пачуццямі: віной, сорамам, гневам і бяссіллем.
Як лічыце, чаму дзіця становіцца ахвярай гвалту? Ці заўсёды ў гэтым вінаваты бацькі, якія недалюбілі сына-дачку?
— Дзіця становіцца ахвярай па той прычыне, што яно ў пэўных сітуацыях не ведае аб тым, як сябе паводзіць з дарослымі. Дарослыя ж, напэўна, ведаюць, як павінна быць, як правільна? Гэтым пытаннем і кіруюцца непаўналетнія, якія становяцца ахвярамі гвалту, а пасля маўчаць.
Такім чынам, найбольш часта сустракаюцца тры віды сексуальнага гвалту над дзецьмі. Ёсць унутрысямейны, засямейны (калі гвалт здзяйсняецца асобамі, якія маюць доступ да дзіцяці, напрыклад, педагогі, трэнеры) і вулічны гвалт (гвалт з боку асоб, якiя не знаёмы дзіцяці). Вулічны гвалт практычна заўсёды выяўляецца, таму што дзіця не адчувае сябе вінаватым, яно адразу бяжыць да дарослых і расказвае пра тое, што адбылося. Але ў першых дзвюх сітуацыях дзеці маўчаць. У выпадку ўнутрысямейнага гвалту дзіця давярае дарослым і думае, што іх паводзіны нармальныя і правільныя. Дарослы гвалтаўнік кантралюе сітуацыю, у якой жыве дзіця, сочыць за кантактамі непаўналетняга. У гвалтаўніка, які жыве разам з дзіцем, шмат часу, каб пабудаваць сваю стратэгію, прадумаць, як зрабіць так, каб непаўналетні нікому нічога не расказаў.
Даведка МУС
Па лініі процідзеяння злачынствам супраць палавой недатыкальнасці ці палавой свабоды непаўналетніх за 10 месяцаў бягучага года выяўлены 753 (+39,78% да ўзроўню 2017 года) грамадска небяспечныя дзеянні, у тым ліку 459 (+40,8%) цяжкіх і асабліва цяжкіх.
Асноўная доля названых злачынстваў (395 выпадкаў, або 52,5%) — гэта факты палавых зносін і іншых дзеянняў сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту (арт. 168 КК). Колькасць такіх злачынстваў у параўнанні з мінулым годам вырасла на 58%.
Колькасць згвалтаванняў (часткі 2 і 3 арт.166 КК) скарацілася на 26,3% і склала 56 злачынстваў, а колькасць гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару (ч. 2 і 3 арт.167 КК) павялічылася на 32,9% (230 фактаў). Астатнія злачынствы — гэта 69 (рост у 2 разы) выпадкаў распусных дзеянняў (арт. 169 КК) і 3 (у 2017 годзе іх не было выяўлена) факты прымусу да дзеянняў сексуальнага характару (ч. 2 арт. 170 КК).
Сёлета ўжо ўстаноўлены 554 (у 2017 годзе — 158) дзіцяці, якія пацярпелі ад сексуальных замахаў, у тым ліку 192 малалетнія.
Па крымінальных справах у падазрэнні на педафілію праходзяць 364 (118) дарослыя (138 асоб арыштаваны).
У выпадку засямейнага гвалту базай з’яўляецца незадаволеная патрэба дзіцяці ва ўвазе, разуменні, любові, даверы, цяпле. Калі ў сям’і гэтага не хапае, дзіця шукае дарослага, які яму гэта дасць. А дарослыя ўмеюць маніпуляваць дзецьмі, у іх ёсць свая стратэгія. Спачатку яны заваёўваюць давер, фарміруюць прыхільнасць і паступова пачынаюць пераходзіць да дзеянняў, пачынаючы з меншага і даходзячы да большага. Усё пачынаецца з бяскрыўдных, здавалася б, дакрананняў і пагладжванняў, а заканчваецца гвалтам. Спачатку дзіця не расказвае нікому, таму што не разумее, што адбываецца. А потым маўчыць, яму становіцца сорамна: злачынец робіць так, што дзіця адчувае сябе вінаватым ва ўсім, што адбылося. Як ужо ўзгадвала, дзеці вельмі часта маўчаць з-за страху, што родныя іх абвінавацяць, не стануць абараняць. Як толькі вы паказваеце дзіцяці, што падтрымаеце яго і дапаможаце, што б ні здарылася, што будзеце адстойваць яго правы, непаўналетняму становіцца лягчэй. І дзіця можа пачаць гаварыць.
Адзін падлетак сказаў: дзеля таго, каб мне паверыла мама, нават гатовы прайсці даследаванне на паліграфе. Справа ў тым, што сям’я, у якой рос хлопчык, была ў цяжкай эканамічнай сітуацыі. І тата быў адзіным кармільцам. Мама не працавала, таму што знаходзілася ў водпуску па доглядзе дзяцей і ў дадатак да гэтага мела асаблівасці ў псіхафізічным развіцці. Зараз эксперты ўстанаўліваюць, наколькі мама ведала і разумела, што яе муж здзяйсняе злачынствы ў дачыненні да ўласнага дзіцяці.
Яшчэ ў адносінах да аднаго бацькі крымінальны працэс завяршыўся вынясеннем справядлівага прысуду: Аляксею далі 12 гадоў пазбаўлення волі за тое, што ён на працягу доўгага перыяду здзяйсняў сексуальны гвалт у адносінах да свайго сына. Падчас вывучэння гісторыі сям’і было вызначана, што бацьку Аляксея таксама судзілі за супрацьпраўныя дзеянні сексуальнага характару. Як стала вядома, мужчына на працягу доўгага часу гвалтаваў родных сясцёр Аляксея.
Часта школьныя псіхолагі, калі сутыкаюцца з праблемай сексуальнага насілля ў адносінах да навучэнцаў, не ведаюць, што рабіць, з чаго пачаць дыягностыку і работу з непаўналетнім. Звязана гэта з тым, што сам навучэнец баіцца, не адчувае даверу да спецыяліста. Дзіця думае, што праблема, расказаная ў сценах аднаго кабінета, пасля будзе вядома ўсёй школе. Ці ёсць пэўны алгарытм, які дапаможа ўсталяваць давер паміж псіхолагам і вучнем? Якія ўмовы павінны быць выкананы, каб дзіця загаварыла?
— Ёсць некалькі ўмоў, якія можна прымяняць да любой тэрапіі. Але мне хочацца вылучыць тыя, якія маюць, на мой погляд, самае важнае, першачарговае значэнне падчас работы з траўмай сексуальнага гвалту.
Павінна адчувацца атмасфера бяспекі. Дзіця, якое падверглася гвалту, адчувае пакутлівыя перажыванні. Яму цяжка гэта абмяркоўваць. Часта дзеці адчуваюць сябе дрэннымі, вінаватымі, баяцца асуджэння і пакарання з боку дарослых. Таму ў зносінах з такім дзіцем важна пазбягаць любых ацэнак. Прывяду прыклад. Калі дзіця атрымлівае станоўчую адзнаку, яно разумее, што гэта добра, ведае, што яго пахваляць і настаўнік, і бацькі. А пасля, атрымаўшы нездавальняючую адзнаку, расказваць пра яе будзе няпроста менавіта з-за страху быць негатыўна ацэненым.
Важным з боку псіхолага з’яўляецца і ўменне быць цярплівым. На ўсталяванне даверу можа спатрэбіцца значны час. Спробы дастаць з дзіцяці інфармацыю, настойлівасць могуць спалохаць яго, яно можа замкнуцца ў сабе, тады кантакт будзе парушаны.
У дадатак да гэтага, школьны спецыяліст павінен быць гатовым мець справу з няпростымі пачуццямі. Выкліканыя сексуальным гвалтам перажыванні вельмі складаныя. Гэта страх, бяссілле, гнеў, сорам і віна. Стаўленне да гвалтаўніка можа быць амбівалентным, асабліва калі злачынца з’яўляецца блізкім для дзіцяці чалавекам, які клапоціцца пра яго. Важна, каб у кабінеце знайшлося месца для ўсіх гэтых няпростых перажыванняў.
Такім чынам, псіхолаг не павінен баяцца сутыкнуцца з моцнымі і балючымі афектамі дзіцяці. Непаўналетнія вельмі адчувальныя да невербальных пасланняў і добра разумеюць, калі ў дарослага існуе нейкая забароненая або складаная для абмеркавання тэма. Калі псіхолаг не гатовы з чымсьці сустрэцца, дзіця не дазволіць працаваць з адпаведнай праблемай. Важна адзначыць, што ў любым выпадку рэабілітацыяй дзіцяці, якое стала ахвярай гвалту, павінны займацца спецыяльна падрыхтаваныя псіхолагі, псіхатэрапеўты.
Як ужо было згадана вышэй, дзіця можа ідэнтыфікавацца з гвалтаўніком і праяўляць агрэсію да навакольных, у тым ліку да псіхолага. Практыка паказвае, што такія паводзіны ў той ці іншай ступені характэрны да ўсіх пацыентаў, якія маюць цяжкі псіхічны стан па прычыне траўміруючай сітуацыі. Зразумела, важна пазбягаць крытыкі і не ацэньваць паводзіны дзіцяці. Тым не менш спыняць непаўналетняга можна толькі спосабам звяртання да сваіх пачуццяў. Напрыклад, можна сказаць, што вам непрыемна штосьці чуць, а таксама паспрабаваць адлюстраваць пачуцці самога дзіцяці, сказаць, што вы бачыце, што яно вельмі злуецца.
У праблемы, з якой дзіця даверылася спецыялісту, павінны быць выразныя межы. Гэта тычыцца часу, месца і правіл унутры кабінета. Пачынаць і заканчваць размову неабходна своечасова, у адным і тым жа месцы. Важна зразумелым для дзіцяці словам тлумачыць усё, што адбываецца ў кабінеце і што будзе адбывацца, а таксама расказаць, што можна рабіць, а чаго нельга. Прасторавыя межы ствараюць бяспеку і дапамагаюць умацаванню ўнутраных меж дзіцяці. Яно паступова прызвычайваецца да іх, прысвойвае сабе.
У псіхалогіі, акрамя ўсяго пералічанага, існуе сімвалічны ўзровень. Сексуальны гвалт выклікае перажыванні такой інтэнсіўнасці, што яны вельмі цяжка вербалізуюцца. Гэта “залімітавы” вопыт, для апісання якога не хапае слоў. І ў гэтай сітуацыі лепшым сродкам выказвання пачуццяў з’яўляецца сімвал. Таму падчас работы з пацярпелым ад гвалту дзіцем абавязкова павінны прысутнічаць арт-тэрапеўтычныя тэхнікі. Гэта могуць быць пясочная тэрапія, драматэрапія, фотатэрапія, выраб масак, калажаў, гліняных скульптур і г.д.
Варта памятаць, што сексуальны гвалт ніколі не праходзіць бясследна для дзіцячай псіхікі. І чым хутчэй будзе аказана прафесійная дапамога, тым вышэйшыя шансы на вяртанне да нармальнага функцыянавання.
Сёння, як толькі здзяйсняецца гвалт над дзіцем, адразу знаходзяцца не толькі злачынцы, але і “вінаватыя”, хто не навучыў непаўналетняга правільным паводзінам. Як лічыце, наколькі справядліва тое, што вінаватым грамадства робіць яшчэ і школу?
— Спецыялісты праваахоўных органаў адзначаюць, што хлопчыкі часцей падвяргаюцца нападам гвалтаўнікоў, чым дзяўчынкі. У большасці выпадкаў гэта дзеці з нармальных сем’яў, а не беспрытульнікі. Таму зразумела, што з непаўналетнімі неабходна праводзіць прафілактычную работу, размаўляць, абмяркоўваць правілы паводзін.
Каментарый дырэктара па міжнародных сувязях і развіцці міжнароднага грамадскага аб’яднання “Разуменне” Андрэя МАХАНЬКО.
— Сёння ў краіне дзейнічае 21 пакой апытання. З пачатку работы першага пакоя апытана больш як 3000 дзяцей. За першае паўгоддзе толькі ў самым перадавым і рэсурсным пакоі апытання, які створаны ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, былі праведзены 152 апытанні.
У 2017 годзе выяўлены 606 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды дзяцей. 88% з іх былі расследаваны з дапамогай спецыяльна падрыхтаваных псіхолагаў у дружалюбных да дзяцей пакоях апытання “Дом разумення”. Сёння мы разам з МУС прагназуем, што ў бягучым годзе будуць раскрыты больш за 1000 злачынстваў. І прыблізна такі ж працэнт у выкрывальнасці злачынстваў будзе належаць пакоям апытання. Можа, крыху ніжэйшы з-за вялікіх тэмпаў росту раскрывальнасці.
Не заўсёды паспяваюць следчыя і аператыўнікі даехаць да пакояў апытання, асабліва калі ахвяра злачынства жыве ў сельскіх раёнах. Менавіта па гэтай прычыне мэтазгодна адкрываць такія пакоі ў кожным адміністрацыйным раёне. Акрамя гэтага, было б добра, калі б Следчы камітэт змог на аснове дагавораў грамадзянска-прававога характару пакрываць камандзіровачныя і транспартныя расходы для супрацоўнікаў устаноў адукацыі, а менавіта для псіхолагаў, якія дапамагаюць следчым у апытаннях дзіцяці. Як бы там ні было, а дзеці, іх бяспека — гэта наш агульны абавязак.
Большасць бацькоў вучыць дзяцей, што трэба быць выхаваным і ветлівым у адносінах да дарослых, не хлусіць, не хаміць, паважаць і г.д. З пазіцыі педагогікі гэта ўсё вельмі правільна. Але менавіта ціхія, выхаваныя дзеці часцей становяцца ахвярамі злачынцаў. Падмануць іх вельмі лёгка, паколькі яны прывучаны гаварыць толькі праўду і выконваць просьбы старэйшых. Заўсёды, размаўляючы з бацькамі, прапаную падумаць ці змог бы трапіць у рукі гвалтаўніка герой знакамітай камедыі “Правадыр чырванаскурых”, знятай паводле кнігі О’Генры? Дзікі і нахабны хлапчук псуе жыццё ўсяму пасёлку і ў выніку даводзіць сваіх выкрадальнікаў да таго, што яны самі плацяць бацьку дзіцяці за тое, каб ён забраў невыноснага хулігана. Знакаміты фільм “Адзін дома” таксама паказвае, няхай сабе і ў камедыйнай манеры, як маленькае дзіця можа супрацьстаяць двум бандытам. Падобныя прыклады зусім не азначаюць, што трэба гадаваць дзіця падманшчыкам і грубіянам. Такім чынам, неабходна растлумачыць дзіцяці, што сярод добрых людзей часам трапляюцца і дрэнныя дарослыя, здольныя на падман. Такіх людзей неабходна пазбягаць. Па-другое, трэба, як бы гэта банальна ні гучала, гуляць са сваім дзіцем у развіццёвыя гульні. Напрыклад, у шпіёнаў ці казакоў-разбойнікаў. У гэтых гульнях можна па ўскосных прыкметах выяўляць злодзея, прыдумваць патрэбныя адказы, калі трапіўся да ворага на допыт, навучыцца хавацца і хутка ўцякаць, калі пагражае небяспека. Такія гульні развіваюць асцярожнасць, увагу, назіральнасць. Вельмі важна не перашкаджаць дзіцяці фантазіраваць. У небяспечнай сітуацыі малы можа раптам прыдумаць, што выпадковы прахожы на вуліцы — яго родны дзядзька, і пад яго прыкрыццём пайсці дадому. Вучыце дзіця, не саромеючыся, выкарыстоўваць прыёмы Шцірліца або Робіна Гуда, каб у крытычны момант яны маглі вызваліць яго з бяды. Напрыклад, хутка збегчы і згубіцца ў натоўпе, калі падаецца, што за ім нехта сочыць, маскіравацца, як сапраўдны разведчык. Для зусім маленькіх дзяцей у якасці прафілактыкі залішняй даверлівасці падыдуць казкі “Чырвоная Шапачка”, “Калабок”, “Воўк і сямёра казлянят”. Гэтыя казкі ў даступнай форме тлумачаць дзецям, як зло любіць хавацца пад маскай дабра і што не варта давяраць незнаёмым людзям, таму што адмоўны персанаж ідзе на любыя хітрыкі, каб дасягнуць сваёй мэты.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.