Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу сталі настолькі прывычнай з’явай нашага жыцця, што наўрад ці хто ўзгадае, калі ў Беларусі з’явіўся першы такі дом. Падказалі мне ў Беларускім дзіцячым фондзе: першы дзіцячы дом сямейнага тыпу быў створаны ў далёкім 1989 годзе, ініцыятыва належала яшчэ Cавецкаму дзіцячаму фонду імя У.І.Леніна. Потым у сувязі з няпростай эканамічнай сітуацыяй праграма прыпынілася, а ў 2000 годзе ў нашай краіне яе аднавіў Беларускі дзіцячы фонд (праграма “Цёплы дом”). Дапамагалі і замежныя дабрачынцы, і мясцовыя органы ўлады. Некалькі апошніх гадоў такія дзіцячыя дамы адкрывае дзяржава, фонд супрацоўнічае з усімі сем’ямі: і з тымі, якія ўзяліся за найскладанейшую справу выхавання дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, вельмі даўно, і з тымі, хто адважыўся на гэта параўнальна нядаўна.
Міншчына
Адна з тых смелых, чулых, спагадлівых жанчын, якія адважыліся на стварэнне вялікай сям’і ў цёплым доме, — Наталля Сяргееўна Максімчык з Капыля. Не менш рашучым ды чулым аказаўся муж Наталлі Сяргееўны, Мікалай Іванавіч, спрэчак у сям’і на гэты конт не было. Магчыма, таму, што і муж, і жонка ў ёй самі з мнагадзетных сем’яў, ды і сваіх дзяцей у Максімчыкаў пяцёра.
Муж і жонка і зараз заадно — 14 гадоў Максімчыкі жывуць і працуюць у дзіцячым доме сямейнага тыпу. За доўгі час сямейны дом пакінулі 15 выпускнікоў. Ну як пакінулі? Выйшлі ў самастойнае жыццё, але адносіны з бацькамі-выхавальнікамі падтрымліваюць. Зараз у доме 6 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка: Дзяніс, два Цімуры, Анатоль, Максім, Ілья і Хрысціна. Першага выхаванца сям’я сустрэла ў мясцовым СПЦ, хлопчыку тады было ўсяго 2,5 года. Станіслаў і зараз падтрымлівае зносіны з бацькамі-выхавальнікамі, якія, дарэчы, узялі ў сям’ю і яго роднага брата. Самаму старэйшаму выпускніку Наталлі Сяргееўны і Мікалая Іванавіча зараз ужо 30, Раман жыве ў Мінску, бацькі-выхавальнікі рыхтавалі яму вяселле, радаваліся разам з хлопцам. І ўжо, між іншым, маюць ад прыёмных дзяцей трох унукаў, яшчэ пяцярых — ад родных дзяцей.
— Канечне, нам не было лёгка, ды і цяпер праблем хапае, — гаворыць Н.С.Максімчык. — Але спраўляемся, на тое ж мы і бацькі, цяжкасцей не баімся.
Цяжкасці іх ніколі не палохалі. Наталля Сяргееўна ў свой час з Кіева паехала на вялікую будоўлю — БАМ, была і ў Камсамольску-на-Амуры, і Бірабіджан будавала. Далёка-далёка ад роднага горада і пазнаёмілася з будучым мужам. Аказалася — гэта лёс.
Сваіх выхаванцаў, якіх маці інакш, як дзеткамі, не называе, Максімчыкі імкнуцца выхаваць самастойнымі, каб умелі рабіць як мага больш, ні перад чым не бянтэжыліся. Вітаюць, калі біялагічныя бацькі хочуць сустрэцца з дзецьмі, некаторыя з іх нават гасцінцы прыносяць — цыбулю, часнок, напрыклад. А яшчэ маці і бацька накіроўваюць выхаванцаў на атрыманне такіх прафесій, якія дадуць магчымасць не толькі зарабіць, але і вырашыць жыллёвае пытанне.
Рабочая прафесія або работа ў сельскай гаспадарцы — гэта надзейны падмурак у жыцці для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, упэўнена маці-выхавальніца. Хаця, канечне, былыя выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу Максімчыкаў выбіраюць работу па схільнасцях, магчымасцях і жаданні: ёсць сярод іх дызайнер інтэр’ераў, аўтаслесар, супрацоўнік гандлёвай сеткі. Сёлета адна з дзяўчынак, Алеся, паступіла ў каледж, тут жа, у Капылі, каб стаць кухарам-кандытарам. І малодшыя наладзяць сваё жыццё не горш, перакананы бацькі.
Гомельшчына
Другая маці па прызванні знаходзіцца ў статусе маці-выхавальніцы некалькі гадоў. Ала Барысаўна Кудраўцава зараз выхоўвае дзяцей адна, жыве ў вёсцы Бярозкі Гомельскага раёна.
— Мне прыняць такое рашэнне было крыху лягчэй, чым каму іншаму, — расказвае Ала Барысаўна, — бо я з дзяцьмі-сіротамі сутыкалася шмат гадоў: з 1996 года працавала ў Лукаўскай школе-інтэрнаце, я педагог. І першыя мае выхаванцы менавіта адтуль. Свая дачка ўжо дарослая, у мяне ёсць унук. Калі дачка была падлеткам, ёй было складана дзяліць маму з кімсьці, але яна сказала: “Мама, гэта тваё жыццё”.
Аб праграме дзіцячых дамоў сямейнага тыпу жанчына ўпершыню пачула ў абласным упраўленні адукацыі. Узгадвае, што першай думкай было: “Няўжо хтосьці пойдзе на гэта? Гэта ж велізарная адказнасць, страшна”. Прыкладам для яе стала жанчына, якая была дырэктарам дзіцячага дома і якая, калі дзетдом расфарміравалі, узяла самых цяжкіх падлеткаў, пераканала іншых супрацоўнікаў стаць прыёмнымі бацькамі.
— А ў мяне здарылася так, што адна з дзяўчынак вельмі да мяне прывыкла, я брала яе дамоў на выхадныя, — працягвае мая суразмоўніца. — І паступова зразумела: нельга любіць дзіця напалову. Трэба браць да сябе назаўсёды, бо чаканне выхадных, думкі пра тое, возьмуць ці не возьмуць на гэты раз, — траўма для дзіцяці. Так я на палову стаўкі стала прыёмнай маці і працягвала працаваць у школе-інтэрнаце. Потым да Юлі далучылася Света, затым — Ала, Марына, Луіза.
Неяк зайшла Ала Барысаўна ў прытулак, і там быў хлопчык, якога яна спачатку збіралася ўзяць на месяц, а ў выніку вырашыла, што гэта яе дзіця і яна нікому яго не аддасць. Затым новаму выхаванцу спатрэбіўся брацік, а ў браціка была сястрычка, там яшчэ брацік… Так А.Б.Кудраўцава і адкрыла дзіцячы дом сямейнага тыпу, прычым на базе ўласнага жылля. “Нас такіх дзве ў раёне, хто са свайго дома зрабіў дзіцячы”, — смяецца жанчына. Пакуль Ала Барысаўна прытуліла і дзвюх выпускніц — дапамагае вырашыць пэўныя праблемы, дзяўчаты з асаблівасцямі, адна з іх з вялікай псіхалагічнай траўмай, інвалід.
Дзяўчаты дапамагаюць маці з малодшымі, а тыя вучацца кантактаваць з людзьмі з асаблівасцямі. Ала Барысаўна ўпэўнена, што гэта добра і для ўсіх: адны адчуваюць адказнасць, другія вучацца талерантнасці.
— І сілы, і патэнцыял у мяне ёсць, буду яшчэ, канечне, працаваць, — гаворыць жанчына. — Іншая справа, што нават я, нягледзячы на свой вопыт работы з дзецьмі, не ведала і сотай долі таго, што ведаю зараз, пасля пяці гадоў работы ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. Гэта каласальны вопыт, цяпер я магу прагназаваць сваю работу, ведаю, што рабіць, каб атрымаць пэўны вынік. Вельмі дапамагае раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Але яшчэ да таго як бацькі пачнуць працаваць, мне здаецца, рыхтаваць іх да такой работы варта больш дасканала, неабходна рабіць з іх прафесіяналаў.
Сярод выпускнікоў гэтага дзіцячага дома ёсць кухар, швачка, адна з дзяўчат зараз атрымлівае такую ж прафесію. Апошняй гісторыяй Ала Барысаўна асабліва ганарыцца, бо лічылася, што ў дзяўчынкі была разумовая адсталасць, але маці-выхавальніца засумнявалася ў гэтым — і, сапраўды, дыягназ аказаўся памылковым.
— Дзеці ў мяне цудоўныя, вельмі люблю назіраць, як яны мяняюцца, — гаворыць А.Б.Кудраўцава. — Ёсць хлопчык, па якім адразу бачна — скура на ім гарыць, ніхто, відаць, з-за гэтага яго і не браў, а я ўзяла. Памятаю, як сказала яму пра гэта, а ён, пяцігадовы, паглядзеў на мяне і кажа: “Я табе што, спадабаўся?”. Ён настолькі прывык быць нікому не патрэбным, што не верыў, лічыў, што потым прыйдзе іншая мама і забярэ яго. На што я сказала: “Я цябе нікому не аддам”.
Магілёўшчына
Адна з самых маладых маці-выхавальніц, з якімі мне давялося пазнаёміцца, — Юлія Аляксандраўна Кундзікава з Клічава. Яна сама выхаванка дзіцячага дома сямейнага тыпу, і прозвішча яе замяшчальнай маці таксама Кундзікава, бо Юлія выйшла замуж за яе роднага сына. Ужо некалькі гадоў у пары ёсць прыёмныя дзеці, а хутка 3 гады споўніцца іх роднаму сыну.
Юлія вучылася на другім курсе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, калі муж патэлефанаваў і сказаў: “Мы бяром дзяцей”. Ён заўсёды хацеў вялікую сям’ю. У раённай газеце Захар убачыў фатаграфіі дзяцей, якім патрэбны былі прыёмныя бацькі, параіўся з маці і патэлефанаваў жонцы. Так Юлія перавялася на завочнае аддзяленне і стала маці для Дашы і Арцёма. Даша адразу назвала сваю маладую маці мамай, і ў той адлягло ад сэрца, бо хвалявалася Юлія моцна. А хутка адчула, што гэтыя дзеці быццам бы заўсёды былі з ёй.
— Тая аддача, якую я атрымліваю ад дзяцей, дарагога варта, дае сілы, — сцвярджае Ю.А.Кундзікава. — Бывае, раюся з прыёмнай маці, але сама яна парад сваіх не навязвае, толькі па нашай просьбе.
Цяпер у дзіцячым доме сямейнага тыпу малодшых Кундзікавых пяцёра прыёмных дзяцей і родны сын. У лютым, калі Ягору споўніцца 3 гады, жанчына, магчыма, вернецца да работы па атрыманай спецыяльнасці і будзе маці-выхавальніцай на палову стаўкі. Да водпуску па доглядзе дзіцяці яна працавала і ў дзіцячым садку, і ў карэкцыйным цэнтры, ведае, што такое работа і выхавальніка, і дэфектолага.
— У нас Ксюша сёлета пайшла ў першы клас, паглядзіце, якая прыгажуня, — паказвае фатаграфіі Юлія Аляксандраўна. — Яна мне наогул гаворыць: “Гэта ты мяне нарадзіла”. Яна ўпэўнена ў гэтым. А вось яшчэ нашы дзеці. Яны не падлягаюць усынаўленню, але яны нашы.
Канечне, у кожнай вобласці і ў сталіцы ёсць дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. І ў кожнай сям’і свая, нетрывіяльная гісторыя, усе яны даюць дзецям дом, цяпло, дазваляюць пазбегнуць жыцця ў інтэрнаце, што, безумоўна, таксама, выйсце. Галоўнае, каб новы дом быў сапраўды цёплым, а ініцыятыва, пачатая многа гадоў назад, развівалася.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Ганны ТРАМБІЦКАЙ.