Вучыцца рабіць, вучыцца зарабляць

Пазабюджэтная дзейнасць для любой установы адукацыі — абавязковы складнік работы, які дазваляе вырашаць пэўныя задачы па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, некаторыя іншыя. І чым больш разумнай ініцыятывы праяўляе пры гэтым кіраўніцтва ўстановы, тым больш паспяхова праходзіць такая работа.

Як яна вядзецца на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, мы папрасілі расказаць дырэктара Жлобінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання, што на Гомельшчыне, Леаніда Аляксандравіча МІХАЛЬЦОВА.

Ліцэй рыхтуе навучэнцаў па спецыяльнасцях “Гандлёвая справа”, “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”, “Цырульніцкае мастацтва, дэкаратыўная касметыка” і па адносна новай спецыяльнасці — “Хлебапякарная вытворчасць”. Усяго па гэтых спецыяльнасцях вучацца 408 дзяўчат і хлопцаў, і, дзякуючы гэтым напрамкам, установа развівае пазабюджэтную дзейнасць.

— Галоўны кірунак эканамічнай дзейнасці для нас — гэта гандаль і грамадскае харчаванне, — расказвае дырэктар установы. — Пры ліцэі працуе свой міні-магазін, дзе мы, акрамя іншых тавараў, якія атрымліваем з гандлёвых баз, буйных гандлёвых прадпрыемстваў, прадаём уласную выпечку. У нас ёсць невялікі кандытарскі цэх, дзе мы выпякаем вырабы, якія і прадаём па невысокіх цэнах. Іх мы можам рабіць такімі дзякуючы пэўным падатковым ільготам для навучальных устаноў. У нас, канечне, арганізавана гарачае харчаванне для навучэнцаў, але яны ў перапынках з задавальненнем набываюць прадукцыю. Да выпечкі мы прапаноўваем чай. Нашы пастаянныя пакупнікі — супрацоўнікі суседніх устаноў: басейна сярэдняй школы № 2, сумеснага швейнага прадпрыемства.

І хаця ліцэй размяшчаецца на ўскрайку райцэнтра, яго невялікі магазін з уласнай прадукцыяй карыстаецца ўстойлівай папулярнасцю, і за месяц абарот гандлёвай кропкі складае ў сярэднім 9 тысяч рублёў.

Другі напрамак пазабюджэтнай дзейнасці прафесійнай установы навучання — пашыў пасцельнай бялізны, на які ліцэй (ці не адзіны ў вобласці) атрымаў сертыфікат адпаведнасці. У асноўным тут вырабляюць прадукцыю па індывідуальных заказах, і з бягучага навучальнага года, дзякуючы актыўнай рэкламе і прымальным цэнам, іх колькасць павялічылася. Цяпер сярэдні штомесячны абарот вучэбных майстэрань складае 3 тысячы рублёў.

Ліцэй сферы абслугоўвання аказвае адукацыйныя паслугі дарослым па прадстаўленых ва ўстанове спецыяльнасцях. Часткова навучанне дарослых аплачвае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Жлобінскага райвыканкама, часткова — самі навучэнцы, якія жадаюць атрымаць новую спецыяльнасць.

— За мінулы месяц мы атрымалі такім чынам 9 тысяч 900 рублёў ад цэнтра занятасці і 2 тысячы 900 рублёў ад людзей, якія вучыліся на платнай аснове, — адзначае Л.А.Міхальцоў. — У цэлым у месяц зарабляем каля 25 тысяч рублёў — дзякуючы ўсім відам пазабюджэтнай дзейнасці. Гэта вал, як вы разумееце, не чысты прыбытак, але ён дае нам магчымасць закрыць многія расходныя часткі.

Так, летась ліцэй набыў упаковачную машыну, і цяпер камплекты пасцельнай бялізны выпускаюцца ў фірменнай упакоўцы з лагатыпам навучальнай установы. Таксама летась для кандытарскага цэха купілі жарачную шафу, каб павялічыць аб’ёмы вытворчасці, а значыць, і прыбытак. Усяго летась на новае абсталяванне ўстанова выдаткавала больш за 9 тысяч рублёў пазабюджэтных сродкаў.

Акрамя таго, дзякуючы заробленым грошам у ліцэі зрабілі танцавальную залу для заняткаў навучэнцаў. Яе адкрыццё абышлося ў 6 тысяч рублёў. Ды і з аплатай бягучых расходаў пазабюджэт выручае: аплата паслуг сувязі, інтэрнэту і г.д. часта вядзецца менавіта з гэтых грошай.

Дзякуючы пазабюджэтным сродкам, удаецца павысіць узровень аплаты працы выкладчыкаў ліцэя, якія атрымліваюць дадатковыя гадзіны, выкладаючы ў дарослых. У сярэднім выходзіць прыбаўка да зарплаты ў 35—40 рублёў, пры гэтым выкладчыкі і майстры вытворчага навучання чаргуюцца на такой рабоце, каб кожны мог атрымаць дадатковы заробак. Пэўныя, няхай і невялікія грошы, атрымліваюць і навучэнцы-швейнікі. За мінулы год такім чынам на зарплаты навучэнцам і выкладчыкам з пазабюджэтных сродкаў былі выдаткаваны 5723 рублі.

А 5 супрацоўнікаў ліцэя пастаянна атрымліваюць зарплату за кошт пазабюджэтных сродкаў — гэта загадчыцы майстэрань, аддзялення па прафесійнай падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы, прадавец, кандытар і бухгалтар. Фонд іх заработнай платы за 2017 год склаў 69 348 рублёў. Сэканоміць бюджэтныя сродкі дапамагае і частковая аплата камунальных паслуг за кошт пазабюджэту — 12 600 рублёў за мінулы год, а таксама 2895 рублёў на аплату працы тэхнічных работнікаў, напрыклад, электрыка, прыбіральшчыц.

Зразумела, справа не толькі ў прыбытку — дзякуючы пастаяннай занятасці, навучэнцы ліцэя ўдасканальваюць свае практычныя навыкі. Тут займаюцца дзве групы навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, і яны ў тым ліку паспяхова выконваюць заказы па пашыве пасцельнай бялізны. Работа не вельмі складаная, але выконваць яе неабходна бездакорна, каб не страціць заказчыкаў, і навучэнцы з гэтым паспяхова спраўляюцца пад кіраўніцтвам майстра. Свой кандытарскі цэх таксама да-зваляе ўдасканальваць практычнае навучанне па асобных тэмах, як і работа ў гандлёвай зале — навучэнцы па чарзе працуюць і там, і там разам з дарослымі спецыялістамі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Жлобінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання.