Эканамічная стабільнасць і бяспека залежаць ад шматлікіх фактараў. Правільная ацэнка таго, што адбываецца на рынку прадпрымальніцкіх паслуг, таксама адыгрывае немалаважную ролю. І важна, каб за ўсім гэтым сачылі кампетэнтныя спецыялісты. Тым не менш эканамічнае выхаванне пачынаецца яшчэ са школы. Самым ідэальным варыянтам развіцця фінансавых кампетэнцый навучэнцаў з’яўляецца стварэнне школьных бізнес-кампаній, для якіх самі дзеці павінны вучыцца распрацоўваць план развіцця.
Вопытам таго, з чаго пачынаць і як развіваць падобныя ініцыятывы, сёння дзеліцца Кемелішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа Астравецкага раёна, банк бізнес-праектаў якой штогод папаўняецца новымі фінансава-творчымі ідэямі.
Бізнес у вёсцы? Чаму б і не
Ідэя развіваць маладзёжнае прадпрымальніцтва ў Аляксандра Леанідавіча Іванцэвіча, дырэктара Кемелішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы, з’явілася вельмі даўно. Пасля падрабязнага аналізу магчымасцей, абмеркавання задумак быў створаны банк бізнес-праектаў. Безумоўна, іх асноўная ідэя была накіравана на паляпшэнне эканамічнага стану не толькі школы, але і аграгарадка ў цэлым.
“Зразумела, што любой краіне для ўстойлівага развіцця і сацыяльнага прагрэсу неабходны кампетэнтныя кадры і такія маладыя людзі, якія могуць актыўна і эфектыўна працаваць, весці краіну да паляпшэння дабрабыту і эканамічна здаровай будучыні, — расказвае дырэктар Аляксандр Леанідавіч Іванцэвіч. — Таму фарміраванне прадпрымальніцкіх кампетэнцый у маладога пакалення — гэта вельмі актуальнае пытанне. Сёння наша школа пазіцыянуе сябе як навучальная ўстанова, якая зацікаўлена ў актывізацыі жыцця ў вёсцы. Мая задача як настаўніка і дырэктара заключаецца ў тым, каб ствараць умовы і садзейнічаць павышэнню якасці адукацыйнага працэсу. Для гэтага трэба знаходзіць новыя метады работы, прыцягваць навучэнцаў да пазашкольнай дзейнасці. Не сакрэт, што сёння многія выпускнікі сельскай школы не зусім умеюць быць самастойнымі, часам нават доўга не могуць вызначыцца з прафесіяй. Сюды ж можна дадаць і тое, што дзеці не зусім выразна ставяць мэты на шляху да стварэння паспяховай кар’еры. Акрамя гэтага, навучэнцы маюць слабыя ўяўленні аб тым, што краіна мае вострую патрэбу ў моладзі, якая валодае прадпрымальніцкімі кампетэнцыямі, прадпрымальніцкім мысленнем, дзелавой актыўнасцю. Безумоўна, гэта ўсё неабходна, каб развіваць і падтрымліваць вытворчасць і сельскую гаспадарку ў краіне. Сацыяльна-эканамічныя змены, якія адбываюцца сёння, узнімаюць важную педагагічную праблему — выхаваць эканамічна адукаванага маладога чалавека, які будзе здольны да ажыццяўлення эфектыўнай эканамічнай дзейнасці і зможа ацэньваць яе не толькі з пазіцыі эканамічнай мэтазгоднасці, але і з пазіцыі маральнай каштоўнасці”.
Дырэктар установы звярнуў увагу, што сітуацыя на тэрыторыі аграгарадка Кемелішкі характарызуецца нізкім узроўнем актыўнасці насельніцтва. У моладзі адсутнічае наглядны прыклад поспеху ў тым відзе прадпрымальніцтва, якое можна было б развіваць у аграгарадку. На жаль, для большасці вёсак характэрна, што многія выпускнікі школ пасля атрымання вышэйшай адукацыі назад дадому не вяртаюцца. І праблема якраз у эканамічным становішчы, зарплаце, якая прапаноўваецца маладым спецыялістам у раённых арганізацыях. Тым не менш Аляксандр Леанідавіч упэўнены, што вёска, а ў нашым выпадку — аграгарадок, таксама мае права на паўнавартаснае жыццё. Першым крокам да эканамічнага развіцця стала распрацоўка бізнес-праектаў, а фарміраванне прадпрымальніцкіх кампетэнцый навучэнцаў — асноўнай мэтай інавацыйнай дзейнасці школы. “На наш погляд, адным з важных спосабаў фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый з’яўляецца выкарыстанне магчымасцей сацыяльнага асяроддзя, а менавіта інтэграцыя сіл соцыуму, развіццё дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, рэалізацыя школьных праектаў, — працягвае расказваць пра стварэнне школьных бізнес-кампаній дырэктар кемелішкаўскай школы. — Арганізаваць сацыяльна арыентаваную сістэму навучання і выхавання, развіваць пэўныя кампетэнцыі, безумоўна, дапамагае сацыяльнае партнёрства, а таксама супрацоўніцтва з бацькамі навучэнцаў, жыхарамі аграгарадка. У межах рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый у навучэнцаў сельскай школы ва ўмовах сацыяльнага партнёрства” з мэтай атрымання дзецьмі практычных навыкаў па асновах прадпрымальніцтва і кіравання, якія спрыялі б развіццю эканамічнай адукацыі і маладзёжнага бізнесу, былі распрацаваны такія праекты, як “Дары прыроды і агарода”, “Школьны агарод”, “Петунія — малы школьны бізнес”, “Міжнародны турызм”, “Тэатральнае майстэрства”, “ВА-БАНК”, а таксама “Арганізацыя краязнаўчых экскурсій па мясцовасці”.
Эканоміка па ролях
Рэалізацыя школьнай бізнес-кампаніі ў Кемелішках уяўляе сабой вучэбны практыкум па эканоміцы, які праводзіцца ў форме ролевай гульні. Падчас яе ўдзельнікі атрымліваюць новыя веды і ўменні ў галіне прадпрымальніцтва і прымяняюць іх на прыкладах кіравання тыповай версіяй малога бізнесу.
“Вучні даволі многа часу заняты хоць і напружанай, але цікавай працай, — працягвае Аляксандр Леанідавіч. — Такім з’яўляецца і бізнес — цяжкім і захапляльным. І работа ў школьнай кампаніі не выключэнне. Адпаведны вопыт дае магчымасць у форме ролевай гульні зразумець, што значыць арганізаваць уласную справу, як выбраць кірунак дзейнасці і вызначыць для яго стартавы капітал. Школьная кампанія прадугледжвае вывучэнне базавых асноў прадпрымальніцкай дзейнасці на прыкладзе тыповай версіі малога прадпрыемства, бо значная колькасць прадпрымальнікаў ва ўсім свеце знаходзіць сябе менавіта ў сферы малога бізнесу. Наша школьная кампанія з’яўляецца правобразам малога прадпрыемства”.
Для эфектыўнай дзейнасці школьнай кампаніі, рэалізацыі бізнес-плана Кемелішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа мае неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу.
“У нас ёсць добрая майстэрня са шматлікімі станкамі, сякеры, аборкі, секатары, садовыя нажы, месца для сушкі і захоўвання вырабаў. Акрамя гэтага, ёсць і рынак збыту тавару — венікаў і мётлаў. Рыдлёўкі, граблі, апырсквальнік, сельскагаспадарчы інвентар, які неабходны для апрацоўкі бульбы, а таксама тэхніка, пры дапамозе якой апрацоўваецца зямля, — усё гэта ў наяўнасці дзякуючы нашым сацыяльным партнёрам, — падсумаваў Аляксандр Іванцэвіч. — Яшчэ хачу адзначыць адну акалічнасць. Вядома, што праца выконвае важную ролю ў жыцці дзіцяці. Дзіця, не прывучанае працаваць, будзе ўвесь час сутыкацца з цяжкасцямі. Працавітасць як якасць асобы развіваецца з дзяцінства, а месцам для яе развіцця з’яўляецца школа. Менавіта па гэтай прычыне ў нашай установе распрацавалі такія праекты, як “Школьны агарод”, а таксама “Дары прыроды і агарода”. Школьнікі не толькі набываюць працоўныя ўменні і навыкі, але і вучацца гаспадарыць, праяўляць прадпрымальнасць. Зразумела, што многае залежыць ад ініцыятывы, актыўнасці і клопату педагагічнага калектыву, ад яго жадання зрабіць працу дзейсным сродкам навучання і выхавання вучняў. Настаўнік, які працуе ў сельскай школе, закліканы прывіваць дзецям любоў да роднай зямлі, павагу да працы людзей. Школа — гэта, вобразна кажучы, заўтрашні дзень вёскі. А абавязак настаўнікаў — выхаваць дастойную змену руплівых, працавітых гаспадароў краіны”.
Аналізаваць, каб не памыліцца
Праз рэалізацыю праекта “Школьны агарод”, акрамя жадання працаваць і павагі да працы, у дзяцей фарміруецца экалагічная культура, а таксама выхоўваецца беражлівае і адказнае стаўленне да навакольнага асяроддзя. Дзякуючы гаспадарчым праектам, вучні далучаюцца і да здаровага ладу жыцця.
“У нашым аграгарадку людзі жывуць у асноўным у прыватных дамах, дзе маюць свае прысядзібныя ўчасткі. Тыя, хто жыве ў кватэрах, як правіла, маюць дачныя ўчасткі на тэрыторыі раёна. Часта зямельныя ўчасткі перад дамамі ўпрыгожаны шматгадовымі кветкава-дэкаратыўнымі раслінамі. Зразумела, мы ўбачылі ў жыхарах вёскі сваіх патэнцыяльных пакупнікоў. Вырашылі распрацаваць і апрабаваць рэалізацыю праекта “Петунія — малы школьны бізнес”, да эстэтычнай ролі школьнага кветніка дадаць эканамічна значную, — тлумачыць ідэю дырэктар. — Акрамя гэтага, з дапамогай раслін са школьнага кветніка можна акультурыць не толькі прыватныя дамы і дачы, але і тэрыторыю іншых сельскіх аб’ектаў, такіх як сельскі Савет, бальніца, Дом культуры, бібліятэка. Такім чынам, продаж кветкава-дэкаратыўных раслін з адкрытага грунту не толькі прадугледжвае атрыманне прыбытку, але і мае сацыяльную накіраванасць — азеляненне і эстэтычнае афармленне тэрыторыі вёскі і раёна ў цэлым”
Дарэчы, праекты, звязаныя з вырошчваннем сельскагаспадарчых культур, таксама даволі прыбытковыя. І справа нават не ў тым, што агародніну, якая вырошчваецца на ўчастку, можна прадаць і атрымаць за гэта грошы. Уласны агарод — цудоўная магчымасць зрабіць харчаванне навучэнцаў больш танным. Сэканомленыя грошы школа накіроўвае на рамонт і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Важным і неабходным у плане эканамічнага выхавання школьнікаў з’яўляецца праект “ВА-БАНК”, дзякуючы якому навучэнцы атрымліваюць базавыя ўяўленні аб эканамічнай сітуацыі ў краіне ў цэлым і ў сваім аграгарадку ў прыватнасці. Падчас рэалізацыі ініцыятывы вучні 10 класа праводзяць падрыхтоўчыя курсы для навучэнцаў і настаўнікаў па арганізацыі работы з камп’ютарам па фінансавай дасведчанасці, асновах эканомікі і прадпрымальніцтва.
Дзякуючы ўменню аналізаваць рынак запатрабаванасці паслуг, у Кемелішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе знайшлі яшчэ 2 прыбытковыя кірункі дзейнасці. “Арганізацыя краязнаўчых экскурсій па мясцовасці” — тая ініцыятыва, якая зацікавіла не толькі школу, але і ўвесь аграгарадок. Дырэктар навучальнай установы з гордасцю адзначае, што Кемелішкі — унікальнае месца. Вёска знаходзіцца за 5 кіламетраў ад літоўскай граніцы, а значыць, можна паспрабаваць развіваць і экскурсійны турыстычны бізнес. Для дзяцей з раённых школ, навучальных устаноў Астраўца вучні 10 класа школы арганізоўваюць экскурсіі на пагранічны пост “Кемелішкі”, расказваюць пра ўнікальнасць і гістарычную спадчыну сваёй малой радзімы.
Яшчэ адным цікавым і не менш папулярным сярод навучэнцаў праектам з’яўляецца школьны тэатр. Касцюмы і дэкарацыі навучэнцы і педагогі ствараюць самастойна. Зразумела, што і грошы, якія выдаткоўваюцца на развіццё тэатральнай дзейнасці, таксама вучацца лічыць і эканоміць самастойна. Пасля паказу спектакляў юныя акцёры і ў той жа час эканамісты падлічваюць суму, выручаную за продаж білетаў, агульную выручку за спектаклі і тым самым вызначаюць выгаднасць праекта.
“Тэатральная дзейнасць дапамагае змагацца з комплексамі, залішняй сарамлівасцю, дапамагае разняволіцца і знайсці сябе, — канстатуе Аляксандр Іванцэвіч. — Пры гэтым фарміруецца кампетэнцыя асобаснага самаўдасканалення, адбываецца духоўнае і інтэлектуальнае самаразвіццё. А падчас стварэння дэкарацый і касцюмаў персанажаў развіваецца агульнакультурная кампетэнцыя, а таксама эканамічная. Увогуле, школьны тэатр — гэта тое месца, дзе вучань авалодвае мінімальна неабходнымі для жыцця ў сучасным грамадстве навыкамі сацыяльнай актыўнасці. Згадзіцеся, калі дзеці сацыяльна актыўныя, ім лягчэй знайсці сябе ў жыцці, вызначыцца з будучай прафесіяй і рабіць упэўненыя крокі да яе атрымання”.
Наталля САХНО.