У цуды вераць усе!

У перадсвяточныя навагоднія дні ўсе — і дзеці, і дарослыя — жывуць у чаканні цудаў і падарункаў. Акцыя “Нашы дзеці” дазваляе кожнаму далучыцца да гэтых чаканняў, дайсці да кожнага дзіцяці, зрабіць яго крышачку больш шчаслівым.

Асабліва такой увагі патрабуюць дзеці, якія апынуліся ў цяжкім жыццёвым становішчы. Менавіта дзевяць такіх дзетак знаходзяцца зараз у Гродзенскім дзяржаўным гарадскім сацыяльна-педагагічным цэнтры. У адзін са снежаньскіх дзён да выхаванцаў цэнтра прыйшлі казачныя персанажы, Дзед Мароз са Снягурачкай і паважаныя госці — першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Старавойтава, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык. Былі тут і валанцёры — студэнты Гродзенскага медыцынскага і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэтаў.


Дзеткі старанна рыхтаваліся да свята — вывучылі песні і танцы. Самыя маленькія расказалі Дзеду Марозу і Снягурачцы вершы і атрымалі цукеркі і пажаданні расці здаровымі і паслухмянымі. Разам з казачным персанажам Ямелем загадвалі жаданні і запальвалі агеньчыкі на ёлцы.

— Акцыя “Нашы дзеці”— яшчэ адна магчымасць аказаць дапамогу хлопчыкам і дзяўчынкам, пабыць з дзецьмі, пагутарыць з імі, даведацца аб іх марах і жаданнях. Важна, каб малыя адчувалі, што мы побач з імі і будзем рабіць усё, каб яны выраслі годнымі грамадзянамі нашай краіны, — сказала Ірына Старавойтава.

А потым дзеці і дарослыя вадзілі карагод каля ёлкі. Не заставілі сябе чакаць і падарункі — цацкі, салодкія пачастункі. А на пытанне самага маленькага выхаванца, ці сапраўдны Дзядуля Мароз, дарослыя ўпэўнена адказвалі: “Канечне, сапраўдны. А як жа інакш?” У цуды на Новы год вераць усе!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.