Прачытала нядаўна кнігу аднаго амерыканскага аўтара, мільянера. Ён вучыць іншых, як стаць багатымі. Кніга як кніга, з чымсьці можна пагаджацца, з чымсьці — спрачацца. Але адна з думак, выказаная ў ёй, здаецца мне вельмі слушнай: аўтар кажа, што ў школе яго вучылі чаму заўгодна, толькі не таму, як абыходзіцца з грашыма, як весці бізнес, як рабіць выгадныя ўкладанні — і гэта ён лічыць вялікім недахопам школьнай адукацыі. Добра, думаю, што ў Беларусі ў цяперашні час сітуацыя мяняецца: наладжваецца навучанне школьнікаў і дарослых фінансавай дасведчанасці, жадаючыя атрымліваюць практычныя навыкі, такія, як, напрыклад, даюць школьнікам і іншым навучэнцам у вучнёўскіх бізнес-кампаніях.
Сябе паказаць
Больш за ўсё гэтых кампаній у Мінскай вобласці: у 2018/2019 навучальным годзе іх на тэрыторыі рэгіёна дзейнічае 114, у якія ўваходзяць 934 навучэнцы. Вопыт Мінскай вобласці ў гэтым кірунку Міністэрства адукацыі рэкамендавала для ўкаранення па ўсёй краіне.
— З году ў год колькасць вучнёўскіх кампаній у нашых школах і ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі мяняецца, але нязначна, — расказала “Настаўніцкай газеце” начальнік аддзела эканомікі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Мікалаеўна Вецеорац. — На Міншчыне такія кампаніі працуюць з 2011 года, і многія, канечне, ужо добра трымаюцца на нагах. Некаторыя знікаюць, але на іх месца прыходзяць іншыя. Ва ўсялякім выпадку, вучнёўскі бізнес-рух у вобласці настолькі развіўся, што наш інстытут сёлета ўжо чацвёрты раз збіраецца праводзіць абласны фестываль вучнёўскіх бізнес-кампаній. Сёлета Гродзенская вобласць таксама рыхтуе падобнае мерапрыемства.
Калі коратка, то фестываль праходзіць у два этапы. На першым экспертная група ацэньвае бізнес-планы кампаній, якія зарэгістраваліся для ўдзелу ў фестывалі (летась іх было 32: з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — 29 і 3 — з устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі). У другі этап мінулагодняга фестывалю прайшла 21 кампанія з 11 раёнаў вобласці: Барысаўскага, Дзяржынскага, Клецкага, Лагойскага, Любанскага, Мінскага, Маладзечанскага, Пухавіцкага, Смалявіцкага, Салігорскага і Старадарожскага. Пераможцы былі вызначаны ў сямі намінацыях. А прызы для пераможцаў бываюць розныя, напрыклад, даменнае імя для кампаніі. Сёлета арганізатары абяцаюць пэўныя (і цікавыя!) змяненні ў правядзенні мерапрыемства, але пра іх, як і пра чацвёрты фестываль, што пройдзе ў маі, “Настаўніцкая газета” раскажа пазней.
Між іншым падчас фестывалю для педагогаў — кіраўнікоў кампаній быў арганізаваны майстар-клас “Ці патрэбен школе (настаўніку) брэнд?”, які правяла дырэктар Рэпутацыйнага агенцтва “Крокі да поспеху”, трэнер па навучанні асновам прадпрымальніцтва, эксперт Стартап-школы Інстытута бізнесу БДУ Марына Рошчына. А ў 2017 годзе, напрыклад, пра найлепшы выбар лагатыпа і слогана кампаніі расказала М.Н.Найдовіч, дырэктар дырэкцыі інкубатара малога прадпрымальніцтва ЗАТ “МАП ЗАО”, пра тое, як стварыць свой бізнес — І.М.Саявец, дырэктар інкубатара малога прадпрымальніцтва ТАА “З намі будучыня” і г.д.
Вучоба, зразумела, неабходна, бо педагогі, якія кіруюць вучнёўскімі бізнес-кампаніямі — гэта часцей за ўсё настаўнікі-прадметнікі. Так, адной з бізнес-кампаній — “БелАрт” Петкавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Дзяржынскага раёна — кіруе настаўніца матэматыкі Галіна Іванаўна Цэлагуз. А вырабляе кампанія прадукцыю з нацыянальнай сімволікай.
На тых жа фестывалях праводзяцца майстар- класы для вучняў. І, канечне, варта памятаць пра тое, што сістэма эканамічнай адукацыі школьнікаў на Міншчыне ўключае факультатывы па асновах фінансавых ведаў і асновах прадпрымальніцтва, правядзенне алімпіяд па фінансавай дасведчанасці, як і ў іншых рэгіёнах краіны.
Бізнес розны, бізнес творчы
Кампанія ў школе або ліцэі ці каледжы ўзнікае, як правіла, па ініцыятыве кіраўніка ўстановы або настаўніка-энтузіяста. Для сельскіх школ стварэнне такой кампаніі — гэта спосаб не толькі ўдасканаліць эканамічныя веды вучняў і педагогаў, але і добрая магчымасць заняць час мясцовай моладзі карыснай справай, бо гурткоў і секцый у вёсках не так многа.
Што ж ствараюць і якія паслугі аказваюць вучнёўскія бізнес-кампаніі Міншчыны? Выбар тут даволі разнастайны. Так, кампаніі вырабляюць паштоўкі, календары, бланкі для грамат і г.д., як, скажам, кампанія “Гаспадар” з Жыцькаўскай сярэдняй школы Барысаўскага раёна. Ёсць тыя, хто займаецца экскурсійнай дзейнасцю, як “Бізнесград” з Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, або вырошчваннем сельскагаспадарчай прадукцыі, як кампанія “Талака” Княгінінскай сярэдняй школы Мядзельскага раёна. Многія ствараюць сувеніры, сталярную прадукцыю, вырабы з лазы, ёсць тыя, хто арганізоўвае святочныя мерапрыемствы, займаецца чымсьці іншым.
Зразумела, што найлепшыя вытворчыя плошчы маюць прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі, ім, так бы мовіць, і карты ў рукі. Так, кампанія “Проф-Альянс” са Слуцкага дзяржаўнага каледжа займаецца пашывам і рамонтам швейных вырабаў, “Фатон” з Жодзінскага прафесійнага ліцэя — металаапрацоўкай.
“Канечне, што тычыцца атрымання даходу, то ў розных вучнёўскіх кампаніях ён розны: дзесьці даволі прыкметны, дзесьці зусім невялікі, — тлумачыць Ірына Мікалаеўна. — Але гэта і не так важна, бо галоўная функцыя кампаній — вучэбная. Дзеці вучацца складаць бізнес-планы, арганізоўваць вытворчасць, аказваць паслугі, прасоўваць свой прадукт”.
Але ў любым выпадку слова “бізнес” тут невыпадковае: дзеці ствараюць рэальны выраб і атрымліваюць за яго рэальную ўзнагароду хоць бы ў выглядзе бясплатных прадуктаў для школьнага харчавання, вырашчанага з расады, частку якой не ўдалося прадаць, або дораць свае вырабы гасцям школы. Чым не вынік? Вынік, канечне. У некаторых установах прафесійнай адукацыі, дзе вучацца старэйшыя падлеткі, з членамі бізнес-кампаній заключаюцца дагаворы падраду, як і ў любой арганізацыі, і навучэнцы атрымліваюць аплату сваёй працы згодна з імі, выплачваючы ўзносы сацыяльнага страхавання і г.д. Са школьнікамі таксама заключаюцца дагаворы, на што даюць сваю згоду бацькі. Кампаніі дзейнічаюць як структурныя падраздзяленні школ, а за частку заробленых грошай навучальная ўстанова можа, напрыклад, арганізаваць экскурсію для навучэнцаў.
Справа наша такая
Як жа на практыцы рэалізоўваецца ідэя бізнес-кампаніі ў канкрэтнай навучальнай установе? Возьмем для прыкладу бізнес-кампанію з Ракаўскай сярэдняй школы Валожынскага раёна “Ракаў-trip”. Кампанія з тых, якія ўжо даўно працуюць, заваявала пэўную рэпутацыю і пры гэтым даволі перспектыўная. Кірунак яе работы — турызм і экскурсійная дзейнасць. Гэта і зразумела, бо аграгарадок Ракаў — месца з багатым гістарычным мінулым, немалой колькасцю культурна-гістарычных і прыродных славутасцей, таму нядзіўна, што першым кіраўніком кампаніі, створанай па ініцыятыве дырэктара школы Святланы Казіміраўны Адамовіч, стала настаўніца гісторыі Алена Валер’еўна Грыбоўская. А штуршком для пачатку работы стаў рэспубліканскі конкурс “100 ідэй для Беларусі”.
Цяпер кіраўніком “Ракаў-trip” з’яўляецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Чаславаўна Багарэвіч, што таксама невыпадкова: удзельнікі кампаніі праводзяць свае экскурсіі на беларускай мове, ды і школа беларускамоўная. Замацаванне ведаў па беларускай мове, культуры і гісторыі — гэта мэта кампаніі, магчыма, не менш важная, чым практычнае навучанне школьнікаў асновам прадпрымальніцкай дзейнасці.
Зараз у бізнес-кампаніі сельскай школы шасцёра старшакласнікаў (адзінаццацікласніца і дзевяцікласнікі, а наогул членам кампаніі можна стаць з 14 гадоў) плюс кіраўнік. У кожнага са школьнікаў свая адказная пасада: кіраўнікі фінансавага, маркетынгавага аддзелаў, аддзела па рабоце з персаналам і спецыялісты. У кампаніі распрацавана праграма “Ракава сівыя камяні”, у маршрут уключаны касцёл, Праабражэнская царква, старажытнае гарадзішча, капліцы, вядомая вуліца 17 верасня, на якой жыў польскі пісьменнік беларускага паходжання Сяргей Пясецкі, аўтар рамана “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” і іншых твораў, і г.д.
За час дзейнасці дружнай ракаўскай бізнес-каманды на яе экскурсіях паспелі пабываць многія: мясцовыя жыхары, навучэнцы ўстаноў адукацыі Валожынскага раёна, слухачы Мінскага абласнога ІРА, члены прафсаюзных арганізацый Міншчыны і г.д. А два апошнія гады школьнікі праводзяць экскурсіі для ўдзельнікаў Ракаўскага фэсту, які збірае прадстаўнікоў розных культур, прычым у дзень праходзіць па 5—6 экскурсій. Пра магчымасць заказаць такую экскурсію жадаючыя даведваюцца на сайце школы, праз сацсеткі, сарафаннае радыё, члены бізнес-кампаніі пакідаюць свае буклеты і візіткі ва ўсіх установах, куды прыязджаюць, выдалі каляндарыкі з відамі Ракава, набылі маленькія сувеніры для гасцей — расходаў у кампаніі няшмат.
А каштуе экскурсія зусім нядорага — 1 рубель 15 капеек на аднаго чалавека за гадзіну. Грошы выкарыстоўваюцца таксама для патрэб школы і на невялікае ўзнагароджанне для юных экскурсаводаў. Галоўны іх інтарэс не грошы, а, паўтаруся, магчымасць атрымаць практычныя навыкі вядзення бізнесу: як напрацаваць кліенцкую базу, зрабіць эфектыўную рэкламу, падлічыць выдаткі і г.д., кантактаваць з рознымі людзьмі, развіваць камунікатыўныя навыкі.
Тэарэтычныя ж веды ракаўскія школьнікі набываюць на факультатыве па фінансавай дасведчанасці і асновах прадпрымальніцкай дзейнасці, класных гадзінах і іншых мерапрыемствах па гэтай тэматыцы. А іх куратар В.Ч.Багарэвіч праходзіць свае эканамічныя “ўніверсітэты”. Напрыклад, зараз — з 31 студзеня да канца красавіка — займаецца на дыстанцыйных курсах у МАІРА: вывучае распрацоўку бізнес-планаў, маркетынг, фінансавы бок арганізацыі і дзейнасці вучнёўскай бізнес-кампаніі.
— Ідэя па стварэнні такой кампаніі ў нашай школе аказалася вельмі ўдалай, — лічыць Вольга Чаславаўна. — Перспектывы ў нас добрыя, я ў гэтым упэўнена.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі
і Ракаўскай сярэдняй школы.