Сусветны дзень некурэння адзначаецца ў лістападзе. Кожнаму чалавеку даўно трэба зразумець, што курэнне — тая прывычка, якая прыносіць толькі шкоду, а за часовае задавальненне ад яго часцей за ўсё прыходзіцца дорага плаціць: і ў прамым сэнсе — грашыма, і ў пераносным — сваім здароўем і здароўем навакольных. Афіцыйная статыстыка сведчыць: штогод тытунь забівае каля 7 млн чалавек, з якіх 6 млн — спажыўцы і больш за 890 тысяч тых, хто не курыць, але на каго ўздзейнічае дым ад цыгарэт і электронных сістэм дастаўкі нікаціну.
— Старыя і новыя віды тытунёвай прадукцыі, новая нікацінаўтрымліваючая прадукцыя аказваюць шкоднае ўздзеянне на здароўе, — адзначае загадчык аддзела грамадскага здароўя і сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Настасся Косава. — Паталагічныя змяненні ідуць і з боку сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, эндакрыннай сістэм. Курэнне або ўжыванне нікацінаўтрымліваючай прадукцыі — тытунёвай або нетытунёвай — прамая рызыка анкалагічнай паталогіі. Каля 18 відаў анкалагічных захворванняў з’яўляюцца наступствам ужывання такой прадукцыі.
Да рамачнай канвенцыі па барацьбе супраць тытуню Сусветнай арганізацыі аховы здароўя далучыліся 182 краіны, яны праводзяць шырокамаштабныя акцыі па прафілактыцы ўжывання тытунёвай і нікацінаўтрымліваючай прадукцыі. У Беларусі сёлета праходзіць Рэспубліканская інфармацыйна-адукацыйная акцыя “Час адмовіцца ад тытуню! Наступствы ўжывання тытунёвых вырабаў і прафілактыка анкалагічных захворванняў”. Даследаванні, прынамсі, паказваюць, што з кожным годам у нашай краіне колькасць людзей, якія не пачынаюць курыць або адмаўляюцца ад курэння, расце. Зараз кураць 28% насельніцтва Беларусі ва ўзросце ад 16 гадоў.
Але рызыка ў тым, што на рынку з’яўляюцца новыя сістэмы дастаўкі нікаціну, напрыклад, электронныя цыгарэты, сістэмы з награвальнымі элементамі. Прадаўцы рэкламуюць такую прадукцыю з пазіцыі зніжэння рызык, што нярэдка прываблівае людзей, асабліва моладзь, якая часта гатова паспрабаваць штосьці новае. Эксперты аналізавалі новую прадукцыю і высветлілі, што ў такіх навінках ёсць не толькі тыя рэчывы, што і ў традыцыйных цыгарэтах, але і тыя, што выдзяляюцца з саміх сістэм падачы нікаціну.
Што робіцца ў Беларусі для таго, каб абмежаваць насельніцтва, перш за ўсё дзяцей і моладзь, ад выкарыстання такой прадукцыі? Закон аб рэкламе, напрыклад, забараняе яе рэкламаванне. Прыняты і працуюць патрабаванні аб закрытай выкладцы цыгарэт у гандлёвых кропках, па тэхнічным рэгламенце Еўразійскага эканамічнага саюза на 50% пачка цыгарэт размяшчаецца карцінка і інфармацыя аб шкодным уздзеянні прадукцыі і г.д.
— Калі прыйшла эпідэмія каранавіруса, з’явілася інфармацыя пра тое, што курыльшчыкі не хварэюць на COVID, — гаворыць Н.С.Косава. — Зараз з улікам глабальных справаздач, якія прэзентавала Сусветная арганізацыя аховы здароўя, мы бачым, што нічога падобнага не здараецца: курыльшчыкі хварэюць часцей, бо іх дыхальная сістэма і так падвяргаецца ўздзеянню шкодных рэчываў. Сярод тых, хто ўжывае нікацінаўтрымліваючую прадукцыю, часцей здараліся ўскладненні, выпадкі, калі патрабавалася штучная вентыляцыя лёгкіх. І колькасць смярцей сярод іх вышэйшая, чым сярод тых, хто не курыць.
Канечне, залежнасць ад курэння пераадолець не проста, медыкі гэта прызнаюць. І ўсё ж галоўная ўмова для адмаўлення ад шкоднай звычкі — жаданне яе кінуць. А дапамагчы рэалізаваць гэтае жаданне могуць прафесіяналы. Зараз у 40 медыцынскіх установах Беларусі функцыянуюць кабінеты па дапамозе асобам з тытунёвай залежнасцю.
Матэрыялы Марыны ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.